Вы тут

Халады з задавальненнем: як адчуць і захаваць атмасферу зімовых забаў


Сёлетняя зіма працягвае радаваць нас снегам, і арганізатары спартыўна-масавых спаборніцтваў раяць скарыстацца надвор'ем, каб разнастаіць свой вольны час зімовымі забавамі. Варыянты самыя розныя — ад ціхай сямейнай хадзьбы на лыжах у суседнім з домам паркам да паездкі на гарналыжныя комплексы. Ёсць і больш экзатычныя, скажам, забег з голым торсам з наступным абліваннем халоднай вадой.


Горныя лыжы, сноўборды і забегі з голым торсам

У Беларусі, паводле інфармацыі начальніка аддзела фізічнай культуры галоўнага ўпраўлення планавання і арганізацыйнай работы Міністэрства спорту і турызму Пятра ВОРАНА, працуе больш за 200 каткоў для масавага катання і хакейных каробак, пракладзены і лыжныя трасы. Спартыўна-масавыя мерапрыемствы, падрыхтаваныя Міністэрствам спорту і турызму, абласнымі і гарадскімі ўладамі, на гэты перыяд самыя разнастайныя. Традыцыйна люты — час зімовых спартакіяд міністэрстваў і ведамстваў. Проста цяпер у Раўбічах (з 7 да 13 лютага) праходзяць дзіцячыя спаборніцтвы па біятлоне «Снежны снайпер». Дарэчы, з выкананнем усіх эпідэмічных патрабаванняў і ПЛР-тэстамі.

Запрашаюць наведвальнікаў і беларускія гарналыжныя курорты — Сілічы, Лагойск, «Сонечная даліна», Раўбічы. Праўда, па выхадных тут збіраецца шмат аматараў лыжаў, і па некаторыя паслугі, магчыма, прыйдзецца пастаяць у чарзе. Тут працуюць пункты грамадскага харчавання, пракат, лазня, а для тых, хто прыехаў на некалькі дзён, маюцца гасцініцы. Для пенсіянераў, школьнікаў, студэнтаў прапануецца шэраг зніжак.

А вось аматараў бегу запрашаюць стаць удзельнікамі рэгулярных спаборніцтваў «Гарт-фэст» (зарэгістравацца можна на сайце 42195.by). Спаборніцтвы праводзяцца кожныя два тыдні непадалёк ад сталічнага спартыўнага комплексу па вуліцы Даўмана, у парку Перамогі. Мужчыны пераадольваюць дыстанцыі на 2,5, 5 і 15 км, прычым адна з умоў — голы торс. А на фінішы дыстанцыі на 15 км трэба абліць сябе трыма вёдрамі вады. Калі вы адносіцеся да такіх смельчакоў — арганізатары чакаюць вас для рэгістрацыі, удзел для ўсіх бясплатны. На 8 сакавіка запланаваны жаночы «Гарт-фэст», праўда, без адмысловых умоў адносна адзення і аблівання.

Мінск — адзін з лідараў па спартыўнай зімовай інфраструктуры. Тут пракладзена 14 лыжных трас агульнай працягласцю больш за 14 км, працуюць 32 лядовыя каткі і 32 хакейныя каробкі. Абсталявана больш за 40 месцаў для катання на цюбінгах, пры гэтым асаблівая ўвага аддаецца стварэнню бяспечных умоў. Дарэчы, важнымі патрабаваннямі да горак для катання на цюбінгах з'яўляюцца адсутнасць пешаходных дарожак і дарог агульнага карыстання ўнізе схілу, а таксама снежных перашкод на самой горцы. Пакатацца на лыжах можна на лыжаролерных трасах у Чыжоўцы, Вяснянцы і Дражні, а таксама ў шматлікіх парках.

Бяспека важнейшая за ўсё

На жаль, распаўсюджанае апошнім часам катанне на горных лыжах ці сноўбордзе і нават цюбінгу часам прыводзіць да бальнічнага ложка.

— Кожны дзень у прыёмнае аддзяленне звяртаецца пэўная колькасць дарослых і дзяцей у выніку траўмаў, атрыманых ад заняткаў спортам (у меншай ступені) і катання на цюбінгах, на лыжах са стыхійных горак, асабліва калі гэта не кантралюецца дарослымі, — кажа траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй ЯРАШЭВІЧ. — У мінулыя гады мы мелі вялікую колькасць цюбінгавых траўмаў. Цюбінг — некантралюемы снарад, які цяжка затармазіць, з яго можна толькі выпасці. І з падзеннем звязаны шэраг траўмаў — у прыватнасці, галавы, пашкоджанне канечнасцяў. На жаль, мы працягваем з гэтым сустракацца. Некаторыя людзі, не ўсведамляючы ўсю небяспеку катання на горных лыжах, дазваляюць сабе гэта пад уздзеяннем алкаголю, падвяргаюць небяспецы сябе і навакольных. Вельмі сур'ёзныя траўмы як пры сутыкненні лыжнікаў на хуткасці, так і пры падзенні. Увогуле, трэць траўмаў атрыманая ў нецвярозым стане.

— Вялікая праблема — бескантрольны выхад людзей на лёд, — працягвае тэму бяспекі начальнік вадалазна-выратавальнай службы Мінскай гарадской арганізацыі Таварыства ратавання на водах Дзмітрый ХРАПКОЎ. — Ёсць агароджаныя каткі, але людзі бяруць канькі і выходзяць на адкрыты вадаём. Прычым дарослыя бяруць з сабой дзяцей. Паводле правілаў выходзіць можна, калі таўшчыня лёду ад сямі сантыметраў. Аднак калі ідзе снег, адбываюцца перапады тэмпературы, лёд робіцца неаднародным, яго шчыльнасць становіцца меншай. На Сляпянскай воднай сістэме, Свіслачы ёсць цячэнне, а значыць, і прамывіны, і не заўсёды можна на яго выйсці.

Ёсць паблізу вадаёмаў і шмат несанкцыянаваных горак, з выездам проста на лёд. Катацца на іх нельга. На адной з такіх горак 29 снежня ў Полацку адбыўся трагічны выпадак. Два хлопчыкі 10 і 12 гадоў патанулі ў Заходняй Дзвіне, катаючыся на цюбінгу.

— Адзін з іх выпаў з цюбінга і пачаў тануць, другі паспяшаўся на дапамогу, метраў 500 іх працягнула па праталіне, далей яна скончылася, дзяцей зацягнула пад лёд. Толькі праз месяц іх целы ўдалося знайсці... Дзеці не ведаюць адчування страху і небяспекі, выходзяць на лёд і спрабуюць яго на трываласць. Таму бацькі, акрамя таго што мусяць растлумачыць правілы бяспекі, яшчэ павінны сачыць, дзе знаходзяцца іх дзеці.

Як самастойна дапамагчы таму, хто тоне?

Калі вы сталі сведкам таго, што нехта праваліўся пад лёд, неадкладна патэлефануйце ў службу ратавання па тэлефонах 101 ці 112 і падрабязна раскажыце, у якім месцы знаходзіцеся. Званок перадаецца на выратавальную станцыю, і спецыялісты адправяцца на дапамогу. Калі вырашылі самі аказаць яе, памятайце пэўныя правілы: не падбягайце да пацярпелага, а дабірайцеся паўзком. Не падпаўзайце да прамывіны, а працягніце чалавеку ў вадзе галіну, шалік, лыжную палку. Папрасіце чалавека супакоіцца і спрабуйце корпусам яго выцягваць.

Ёсць яшчэ адзін добры спосаб: папрасіце чалавека павярнуцца спінай да краю праталіны і, адапхнуўшыся нагой ад супрацьлеглага беражка лёду, выштурхнуць усё цела на лёд. Паколькі зімой на людзях звычайна шмат адзення, пакуль яно намакае, запас часу — хвіліна-дзве. З намаканнем вага чалавека павялічваецца, і яго зацягвае пад лёд. Калі ўдалося выбрацца, нельга станавіцца на ногі, неабходна паўзком дабірацца да берага. Выратаваць іншага пад сілу кожнаму, галоўнае — быць псіхалагічна на гэта настроенымі і ведаць, што рабіць. Прыклад таму — нядаўні выпадак у сталіцы на Свіслачы, калі дзяўчына-студэнтка выратавала дарослага мужчыну, выцягнуўшы яго з вады.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».