Вы тут

Мы вучым дзяцей сябраваць


Міжнароднаму праекту “Школы-пабрацімы”, які рэалізуецца паміж навучальнымі ўстановамі Эстоніі ды Беларусі, споўнілася 15 гадоў. Юбілею прысвячаліся цікавыя дзіцячыя конкурсы.


Уладальніца Гран­пры конкурсу малюнкаў Анастасія Каляда і кіраўніца работы Алена Максімаўна Лахманкова

Ад рэдакцыі. Па нашай падказцы адладжваюцца дзелавыя сувязі паміж Нінай Пээрнай і педагогамі згаданай Жарабковіцкай школы Ляхавіцкага раёна, дзе дырэктарам ініцыятыўная, энергічная энтузіястка Вольга Іванаўна Бурак. Вельмі рады, што трое вучняў адтуль праявілі сябе ў творчым конкурсе. Акрамя вучаніцы 7 класа Анастасіі Каляды, у якой Гран-пры, дыпломам адзначана праца Захара Жука (7 клас), а Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў Ягор Ксёнджык (9 клас). Кіраўнікамі работ былі настаўніцы Аксана Леанідаўна Каляда і Алена Максімаўна Лахманкова. Інфармацыя пра паспяховы ўдзел у конкурсе, фотаздымкі юных мастакоў з іх настаўніцамі змешчаны на сайце школы http://zherebkovichi.lyahovichi.edu.by/main.aspx?guid=51903 .

Так трымаць, землякі! Спадзяемся на прадаўжэнне беларуска-эстонскага сяброўства ў фармаце творчасці, жадаем у Новым годзе і жывых кантактаў і сустрэч.

Хачу прыгадаць, як пачынаўся праект, які ўсе гады курыруе Беларускі цэнтр вучобы й развіцця EVA-Studiorum (Эстонія). Наведваючы родную Беларусь, я, вядома ж, сустракалася і з калегамі-педагогамі. А восенню 2005-га ў Мінску пазнаёмілася з дырэктарам Мінскай педагагічнай гімназіі №3 (цяпер Гімназія №3) Вольгай Канановіч: там вучылася мая пляменніца. У часе размовы ўзнікла ідэя: зрабіць нешта разам. Я ў той час працавала ў Табасалускай гімназіі настаўніцай, кіравала метадычным аб’яднаннем выкладчыкаў замежных моў. Дырэктар гімназіі ў Эстоніі з энтузіязмам падтрымаў ідэю, і ў лютым 2006-га па запрашэнні калег у Мінск прыехала група педагогаў з Эстоніі. У часе сустрэч з дырэкцыяй гімназіі, педагогамі вымалёўваўся праект “Школы-пабрацімы”, планы сумесных спраў, змест дагавора аб супрацы. Афіцыйнае падпісанне яго, старт праекта “Школы-пабрацімы” – гэта ўжо Эстонія, кастрычнік 2006-га. Тады наша гімназія прымала педагогаў і вучняў з Мінска.

Жыццё з часам прыўнесла карэктывы, кіраўнікі праекту змянілі месцы працы. Але повязі мы збераглі: у новыя навучальныя ўстановы перайшоў праект. Апошнія пяць гадоў (з 2016-га) удзельнічаюць у ім 48-я мінская сярэдняя школа і Лаўласмаская школа Хар’юскага павета ў Эстоніі. З часам да нас далучыліся іншыя школы, цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, цэнтры па інтарэсах з беларускага боку і з эстонскага.

Магчыма, многія ведаюць, што васілёк – нацыянальная кветка як у нас, беларусаў, так і ў эстонцаў. Таму ў юбілейны год мы звярнуліся да тэмы васілька. У гонар 15-годдзя праекту “Школы-пабрацімы” Беларускі цэнтр вучобы й развіцця EVA-Studiorum пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Эстоніі правёў Міжнародны конкурс дзіцячага малюнка "Сіні васілёк – кветка надзеі і мары”, а таксама конкурс відэафільмаў для школьнікаў "Нас паядноўвае васілёк: Беларусь – Эстонія”. У верасні-кастрычніку дзеці малявалі, здымалі відэа і дасылалі свае “васільковыя” працы на конкурсы. Усяго ж у конкурсе малюнкаў паўдзельнічаў 131 юны мастак (133 малюнкі) з 4 краін: Эстонія, Беларусь, Расія, Італія. Ад Эстоніі паўдзельнічала 8 навучальна-адукацыйных устаноў, ад Беларусі – 6, ад Расіі – 2, ад Італіі – 1.

Журы вызначыла пераможцаў у шасці катэгорыях (іх 29), многія работы ўдастоены звання лепшых у намінацыях. А работа “Мы розныя, але мы разам” Анастасіі Каляды ўдастоена Гран-пры за арыгінальнае адлюстраванне тэмы “Дружаць дзеці на планеце”.

На конкурс відэафільмаў прыйшло 6 работ з Эстоніі ды Беларусі, кожны – адметны. Пра тое кажуць і назвы: “Валошкі – вочы Радзімы”, “Спорт – гэта сяброўства і мір”, “Цвяток радзімы васілька”, “Мая Айчына – мой дом”, “Мая Беларусь”, “Спадчыну мы зберажом”.

Каб пашыралася міжнародная супраца, падобныя конкурсы абавязкова трэба праводзіць. Бо шмат у свеце размежаванняў па розных “сілавых лініях”, а гэта стварае з часам і напружанні, канфлікты, выліваецца ў непрымірымасць і агрэсіўнасць у кантактах між людзьмі, краінамі, народамі. А вось адным са сродкаў народнай дыпламатыі застаецца дзіцячая творчасць. У сценах адчужэння, непаразумення дзеці адкрываюць “гуманітарныя хады”, становяцца  праваднікамі міралюбнасці, спрыяюць наладжванню сувязяў між краінамі. А мы пры дапамозе такіх конкурсаў вучым дзяцей сябраваць.

Яшчэ дата супала з юбілеем праекта “Школы-пабрацімы”: 5-годдзе нашай Беларускай нядзельнай школы “Буслікi”. Яе з-за ковідных абмежаванняў мы не змаглі належным чынам адзначыць. Але было вельмі прыемна ў часе правядзення конкурсаў прымаць віншаванні, сувеніры і беларускую літаратуру для школы, у якой займаюцца таксама ўкраінцы ды эстонцы.

Ніна Пээрна, старшыня праўлення Беларускага цэнтра вучобы й развіцця EVA-Studiorum, г. Талін

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Мы вучым дзяцей сябраваць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.