Вы тут

Валодаў мовай бездакорна


Біблія па-беларуску і знакамітая філасофская драма Іагана Вольфганга Гётэ “Фаўст” над гэтымі ды іншымі вядомымі ў свеце кнігамі натхнёна працаваў перакладчык Васіль Сёмуха


З сынам і ўнучкай

Рупліваю працай Васіль Сёмуха (1936 – 2019) у чарговы раз даказаў, засведчыў, што беларускаю моваю можна выкласці найскладаныя тэксты з духоўнай спадчыны чалавецтва. Уся справа толькі ў тым, наколькі глыбока і дасканала мы самі ведаем родную мову, яе нюансы, багатую лексіку. Бо нам іншым разам не хапае ці то слоў, ці то густу, ці то часу, каб з моваю роднай – глыбей, бліжэй парадніцца.

Адсвяткаваўшы ў чарговы раз светлае Раство Хрыстова, згадаем з удзячнасцю: Васіль Сёмуха 14 гадоў працаваў над беларускамоўным перакладам Бібліі. Цяпер тыя тэксты, хоць і не кананічныя, выкарыстоўваюцца ў набажэнствах розных беларускіх хрысціянскіх цэркваў. І перакладчыкам быў ён, як кажуць, ад Бога: перакладаў з нямецкай, польскай, латышскай, лацінскай, іспанскай, нарвежскай, армянскай, украінскай ды іншых моваў. Нарадзіўся ж Васіль узімку, 18 студзеня 1936 года, на хутары Ясянец: гэта на тэрыторыі Пружанскага раёна Брэстчыны. А таму, каб ён з часам стаў майстрам-перакладчыкам, паспрыяла выдатная вучоба ў Маскве: на рамана-германскім аддзяленні філфака Маскоўскага ­дзяржуніверсітэта імя М. В. Ламаносава. І нядзіўна, што больш за ўсё зрабіў ён цудоўных перакладаў з нямецкай мовы.

Няма патрэбы казаць, што пераклады на беларускую мову мог рабіць чалавек, які роднай мовай валодаў бездакорна. Лексічнае багацце яго проста ўражвае. Дзесяць гадоў таму пабачыў свет першы ў беларускай лексікаграфіі арфаграфічна-граматычны слоўнік – яго складальнік Фёдар Піскуноў. Першым этапам у працы па складанні “Вялікага слоўніка беларускай мовы” было “анатамаванне” складальнікам перакладаў Васіля Сёмухі. Сабралася там без малога пяць тысяч слоў.

У перакладах Сёмуха стаў найпладавітым сярод айчынных калег па цэху, працаваў на такой ніве шэсць ­дзесяцігоддзяў – да апошняга дня, хоць за некалькі гадоў да смерці страціў зрок. Каго ён толькі ні перакладаў! Дзякуючы яму па-беларуску загаварылі з чытачамі Іаган Вольфганг Гётэ, Фрыдрых Шылер, ­Бертольд Брэхт, Томас Ман, Герман Гесэ, Ганс Грымэльсгаўзэн, Вітольд Гамбровіч, Густаў Майрынк, Штэфан Гайм, Райнэр Марыя Рыльке, Юльян Тувім, Яніс Райніс, Візма Бэлшавіца, Аляксандр Чакс, Георг Тракль, Франц Вэрфель. Перакладаліся раманы, аповесці, апавяданні, п’есы, эсэ, паэмы, вершы, тэксты класічных песень, лібрэта опер... Дзякуючы тым перакладам беларускія чытачы адкрылі для сябе шэраг новых імёнаў. Першая кніга, якую пераклаў 23-гадовы малады чалавек з Ясянца, была “Ад Эбра да Волгі” Вілі Брэдэля (выданне пераклада: 1959). А ў 2019-м выйшаў пераклад кнігі Вільгельма Мюлера “Выбраная лірыка”. І Брэдэль, і Мюлер – з нямецкай літаратуры. Пераклад кнігі Мюлера Васіль Сёмуха зрабіў разам з ­Уладзімірам Папковічам. (Вядомы ў Беларусі паэт, перакладчык. Памёр летась: 10 красавіка. Уладзімір Антонавіч быў родам з вёскі Дварэц (1935, цяпер Вілейскі раён Міншчыны), закончыў (1958) факультэт нямецкай мовы Мінскага дзяржпедінстытута замежных моў (цяпер Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт). З 1982-га працаваў старшым выкладчыкам, пазней загадчыкам кафедры нямецкай мовы ў дзяржпедінстытуце ў Віцебску (цяпер гэта: Віцебскі ­дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава). Уладзімір Папковіч выдаў шэраг зборнікаў вершаў, быў сябрам Саюза пісьменнікаў з 1981 года. – Рэд.) Усяго ж выдадзена больш за 30 кніг, якія пераклаў Васіль Сёмуха.

Перакладчык Васіль Сёмуха

Яшчэ ў савецкім часе знайшлі сцэнічнае ўвасабленне п’есы, ім перакладзеныя: драма Фрыдрыха Шылера “Марыя Сцюарт”, п’еса Юджына О’Ніла “Каханне пад вязамі”, п’еса Ніла Саймана “Гэты палкі каханак”. У постсавецкі перыяд паставілі п’есу Бертольда Брэхта “Узлёт Артура Ўі, які можна было спыніць”, да таго ж Васіль Сёмуха пераклаў лібрэта Гётэ да оперы (гэта сучасная інтэрпрэтацыя назвы твора: у 1830-я ў Берліне, калі была прэм’ера, пісалі пра музыку да спектакля. – Рэд.) князя Антонія Генрыка ­Радзівіла “Фаўст”.

Галоўная ж праца Васіля Сёмухі ў савецкім часе – пераклад усяго твора Гётэ “Фаўст”. На тое пайшло 15 гадоў, і яшчэ 10 – на тое, каб яго выдаць. Спачатку ўсё складвалася ўдала: пераклад у рукапісе пачыталі аўтарытэтныя людзі, далі высокія ацэнкі. Напрыклад, Уладзімір Караткевіч казаў, што “пераклад “Фаўста” … высокамастацкі, выключна-дакладны, паэтычны. Гэта сам Гётэ і, у той жа час, Гётэ, які, нібыта, напісаў сваю вялікую паэму па-беларуску. Я ведаю некаторыя пераклады паэмы і смела лічу, што пераклад В. Сёмухі па мастацкай дакладнасці вышэйшы за рускі пераклад Пастарнака і роўны з лепшым, дагэтуль, латышскім перакладам Я. Райніса (дарэчы, Сёмуха ў працэсе працы вывучыў гэты пераклад, як і шматлікія іншыя, дзеля таго, каб ведаць вопыт перакладчыкаў і пазбегнуць іхніх памылак)”.

На жаль, тэрміны выдання пераносіліся, і тое моцна непакоіла Васіля Сяргеевіча, ён шукаў выйсце… У галаве ўзнік план, які з аднаго боку быў нечаканым для айчынных літаратараў, а з другога – упісваўся ў прававое поле СССР, ФРГ, без усялякіх “не” і “калі”, адпавядаў нормам і прынцыпам міжнароднага права. Паколькі германская акупацыя Беларусі ў 1941-44 гады прынесла малому Васілю шмат гора, то, натуральна, палічыў перакладчык, што мае маральныя і прававыя падставы для таго, каб патрабаваць за тое кампенсацыю з боку вышэйшага органа выканаўчай і распарадчай улады ў ФРГ. Напрамую даслаць ліст федэральнаму канцлеру Курту-Георгу Кізінгеру было немагчыма, і Васіль Сёмуха вырашыў звярнуцца да кіраўніка дыппрадстаўніцтва ФРГ у Маскве, з тым, каб пасол праінфармаваў свой урад пра зварот грамадзяніна СССР. Васіль Сёмуха быў перакананы, што міністр замежных спраў БССР Анатоль Гурыновіч дапаможа, каб ліст дайшоў да адрасата. Ды ўсё склалася не так. А. Е. Гурыновіч аказаўся перастрахоўшчыкам і даволі аператыўна пераслаў ліст загадчыку аддзела культуры ЦК КПБ Станіславу Марцэлеву. А ўрэшце рэшт ліст трапіў да Максіма Танка, старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Праз некаторы час перакладчыка выключылі са складу членаў саюза. І гэта, відаць, было адно з ганебных рашэнняў тагачаснага прэзідыума СП БССР.

Што ж такое крамольнае было ў лісце? Вось найбольш значны фрагмент яго: “Прашу Вас, пан пасол, растлумачыць мне наступнае: у сувязі з тым, што германскія акупацыйныя ўлады ў 1942 годзе знішчылі ўсю маёмасць маёй сям’і, а таксама расстралялі маіх бацькоў, я б хацеў ведаць, ці магу я прэтэндаваць на атрыманне ад ураду ФРГ адпаведнай кампенсацыі за нанесеныя страты, якой дастаткова для

а) будаўніцтва новай кватэры;

б) выдання “Фаўста” Гётэ, перакладзенага мною на беларускую мову і не выдадзенага ў сувязі з нерэнтабельнасцю яго публікацыі на беларускай мове”.

На пасяджэнні прэзідыума СП не было сфармулявана ніводнага сур’ёзнага аргумента на карысць адмоўнага рашэння па персанальнай справе В. С. Сёмухі. Іх і не магло быць! Аднак толькі два чалавекі не ­падтрымалі выключэнне пісьменніка з творчага саюза. Васіль Быкаў устрымаўся, Васіль Вітка галасаваў ­супраць, астатнія – за. Між тым за год да таго пасяджэння паспяховае завяршэнне працы над перакладам “Фаўста” ў многім дапамагло перакладчыку ўвайсці ў саюз. Цікава, што гісторыя пэўным чынам паўтарылася, калі ў рэшце рэшт узгаданы пераклад прайшоў выдавецкі працэс. Гэта быў трыумф ­перакладчыка. Канешне, пераклады “Фаўста” на славянскія мовы пачаліся задоўга да Сёмухі. Усе яны дэталёва вывучаліся германскімі спецыялістамі. Апошнія сышліся ў тым, што сярод іх на першае месца трэба паставіць якасную працу Васіля Сёмухі. На календары быў 1976 год. Той водгук дайшоў да кіраўніцтва СП БССР, і яно ўжо не перашкаджала, калі ў 1977-м Васіль Сяргеевіч другі раз уступаў у члены саюза. Ягоны пераклад “Фаўста” ўжо не раз перавыдаваўся.

Другім маштабным праектам літаратара стаў пераклад Бібліі, кніг Святого Пісання: Старога і Новага Запавету. Над ім Сёмуха працаваў з 1988 па 2002 год. Яму пры тым прыйшлося ­сутыкнуцца з мноствам “падводных камянёў”. Неяк успамінаў: “Хоць перакладаў я з царкоўнаславянскай мовы, але на кожным кроку кансультаваўся з іншымі перакладамі, каментарыямі, крытычнай літаратурай і працамі багасловаў. Перакладаў было шмат: сінадальны пераклад на рускую мову, пераклады на ўкраінскую, польскую, нямецкую, балгарскую і чэшскую мовы. Адзіны нецаркоўны пераклад, якім я карыстаўся, – гэта пераклад Францыска Скарыны. Скарына быў свецкім чалавекам і зрабіў працу, якую цэрквы дасюль не прызналі — на мой вялікі жаль і да сораму ўсіх цэркваў. Аднак больш за ўсё мяне цікавіла, як тое ці іншае месца трактуюць праваслаўе і каталіцызм. Былі і пратэстанцкія пераклады. Вельмі мне дапамог пераклад Марціна Лютара, зроблены ў ХVI стагоддзі, ён здаўся мне больш пераканаўчым і зразумелым, чым рускі сінадальны і пазнейшыя нямецкія…” Далей Васіль Сяргеевіч канстатаваў, што дапамагла выдаць Біблію ў ягоным перакладзе беларуская дыспара і беларускія прадпрымальнікі. Ды і сам перакладчык, ягоныя сын, дачка фінансавалі праект. А ўрэшце гэтак, добрай беларускай талакою, адужалі першае выданне “сёмухаўскага” перакладу Бібліі ў Беларусі, накладам 10 тысяч асобнікаў.

За сваю падзвіжніцкую працу Васіль Сёмуха атрымаў латвійскі “Ордэн Трох Зорак”, ордэны “За заслугі перад Фэдэратыўнай Рэспублікай Германіяй” і “За заслугі перад Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай”, знак лаўрэата Дзяржпрэміі Беларусі імя Якуба Коласа, меў таксама прэміі, медалі шэрагу грамадскіх арганізацый. Сёння Васіля Сяргеевіча лічаць сваім настаўнікам вядомыя беларускія перакладчыкі літаратурных твораў.

Васіль Сёмуха пакінуў гэты свет узімку, як і прыйшоў у яго: 3 лютага 2019 года. Давялося перажыць былому хлопцу-хутараніну з Ясянца і вайну, і асіраць у дзяцінстве, і добра папрацаваць на славу нашай Бацькаўшчыны, умацаванне яе дружалюбных кантактаў з рознымі краінамі. Плён яго падзвіжніцкай працы відавочны. Мы памятаем вас, паважаны Васіль Сяргеевіч!

Міхаіл Стралец, доктар гістарычных навук, г. Брэст

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Валодаў мовай бездакорна

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.