Вы тут

Валожынскі паясок “на назе”


У Ракаўскім цэнтры народнай творчасці аднаўляюць традыцыю ткацтва паясоў, характэрную для Валожынскага раёна. Элемент традыцыі занесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі.


Хрысціна Лямбовіч з вучаніцай Дар'яй Дробыш паказваюць,  як нацягваюцца ніткі пры ткацтве

Аднаўляе традыцыю Хрысціна Лямбовіч, у мінулым дырэктарка цэнтра. Яна перадае ўменне дзецям, якія ­наведваюць яе гурток “Ткачыкі”. Выхаванцы Хрысціны Станіславаўны здольныя паказаць сваё ўменне турыстам: ­цэнтр уключаны ў турмаршруты Валожыншчыны. Беларусы замежжа – удзельнікі нядаўняй творчай стажыроўкі ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур – таксама былі ў Ракаве, знаёміліся з адметным спосабам ткацтва.

Чаму менавіта валожынская традыцыя ткацтва паясоў трапіла ў згаданы Дзяржаўны спіс? Хрысціна Лямбовіч ­патлумачыла: “Па-першае, таму, што мы перанялі яе непасрэдна ад носьбіткі, уражэнкі Валожыншчыны Марыі Мікалаеўны Стасяловіч, якая апошнім часам жыла ў вёсцы Сакаўшчыне. (Дарэчы, у той вёсцы ёсць музей-пакой валожынскіх тканых паясоў). Па-другое, мы захавалі старадаўнюю тэхналогію ткацтва: як Марыя Мікалаеўна нас навучыла, так мы і тчом, не аблегчваючы сам працэс. Некаторыя майстрыхі яго спрашчаюць, а гэта парушэнне традыцыі. Да ўсяго, мы захавалі каларыстыку нітак і геаметрычны арнамент. І яшчэ мы зберагаем пераемнасць традыцыі, навучаем майстэрству ткацтва дзяцей”.

Маленькія ткачыхі нацягваюць ніткі з калена левай нагі на ступню правай нагі. “Дзеці садзяцца так, як тое было даўней, падкруціўшы адну нагу і выцягнуўшы другую. У такой нязручнай позе ткуць пояс. Ткацтва пояса “на назе” даўней было пашыранае, бо гэта ж магчымасць ствараць паясы нават у полі, на пашы – там, дзе побач аніводнага прадмета. Падобны пояс можна саткаць і на бярдзечцы, тады ніткі менш скочваюцца, але ж “на назе” ткаць больш незвычайна”, – гаворыць Хрысціна Станіславаўна.

Шырыня валожынскіх паясоў усяго каля 3 сантыметраў, іх канцы аздобленыя кароткімі ці доўгімі махрамі. Ніткі ў паясах рознакаляровыя: белыя, шэрыя, барвовыя, чорныя, зялёныя, жоўтыя, фіялетавыя ды іншыя. Раней былі ніткі з ільна й воўны, фарбавалі іх з дапамогай прыродных сродкаў. “Сёння выкарыстоўваем пакупныя ніткі. Выбіраем не зусім гладкія, крыху шарахаватыя, каб яны максімальна адпавядалі аўтэнтычным”, – дзеліцца нюансамі ткацтва майстрыха.

Хрысціна Станіславаўна расказвае гасцям, што беларусы ў мінулым насілі паясы штодзённа. Лічылася, што яны не толькі ўпрыгожваюць і падтрымліваюць адзенне, але і аберагаюць гаспадара ад злых духаў і нядобрых вачэй. Не падперазаўшыся, мужчына і хату не мог перайсці: гэта было непрыстойна. Казалі: “Ну што ты расперазаўся”, што азначала – паводзіш сябе непатрэбным чынам. Жанчыны звычайна насілі паясы пад сподам. Як толькі дзіцятка нараджалася, спавівалі яго пры дапамозе тых жа шырокіх паясоў-спавівачоў з ваўняных нітак, і неўмаўляці было цёпла. З паясамі спраўлялі розныя абрады, часта выкарыстоўвалі ў вясельным. У куфры нявесты павінна было ляжаць шмат паясоў: на заручыны, на адведзіны, на само вяселле... Калі дзяўчына давала згоду пайсці замуж, маці выносіла сватам бутэльку з зернем, абвязаную поясам. Нявеста дарыла паясы ўсім сватам і дружкам. Калі пасля вяселля прыходзіла яна жыць у хату мужа, то пакідала паясочкі ўсюды, каб новая хата і рэчы, што яе напаўняюць, прынялі новую жыхарку. За што б ні бралася – усюды клала пояс: ішла ў студню ваду браць – на студню, ішла печ паліць – на яе паясок, і падмятаючы хату абвязвала паяском венік. Паясамі акружала сябе паўсюль. Іх выкарыстоўвалі і ў жніўным абрадзе, і ў іншых. Паясок служыў чалавеку ад пачатку жыцця да канца: нябожчыка везлі хаваць таксама на поясе. Паколькі паясы прымяняліся ў шматлікіх абрадах, яны зніклі з ужытку даволі позна. Калі беларускія традыцыйныя касцюмы хутка замяніла моднае сучаснае ­адзенне, то паясамі прадаўжалі карыстацца аж да 60-х гадоў мінулага стагоддзя.

У цэнтры спачатку зацікавіліся валожынскім традыцыйным касцюмам, а ўжо потым паясамі. Спевакі, танцоры цэнтра выходзяць на сцэну ў строях, большасць з якіх пашыта рукамі Хрысціны Лямбовіч. Майстрыха ж умее і шыць: спачатку атрымала прафесію швачкі, а пасля заканчэння Універсітэта культуры і мастацтваў стала рэжысёрам. “Нашы творчыя калектывы павінны былі выглядаць адпаведна, бо іх артысты спяваюць шмат традыцыйных валожынскіх песень, – расказала Хрысціна Станіславаўна. – Нам перайшлі ад бабуль андарак, кашуля, вышываны фартух, але ж сабраць поўнасцю валожынскі традыцыйны строй было цяжка. Дапамаглі тое зрабіць фотаздымкі беларускіх сялян, зробленыя графам Бенедыктам Генрыхам Тышкевічам. Яны экспанаваліся ў Беларусі ўжо ў нашыя дні, а вярнуліся “дадому” з Францыі, куды граф з’ехаў пасля рэвалюцыі. Сялян  ён фатаграфаваў непадалёк ад Івянца, ва ўрочышчы Вялае, дзе ў 1890-х меў сядзібу. А як быў створаны мясцовы традыцыйны строй, мы заняліся аднаўленнем валожынскага пояса”.

Вучаніцы Хрысціны Лямбовіч – Юлія Літвінковіч і Дар’я Дробыш – летась удзельнічалі ў VIII свяце-конкурсе па ткацтве “Матчыны кросны” ў Старых Дарогах на Міншчыне, дзе паказвалі, як ткаць пояс “на назе”. Юлія Літвінковіч атрымала Гран-пры, а Дар’я Дробыш ушанавана дыпломам: як наймалодшая з удзельніц конкурса. Хрысціна Станіславаўна прызнаецца, што дзяцей не прымушае да ткацтва, ды і прымус тут не спрацуе: “Наадварот вучу: каб не спяшаліся, рабілі пакрышачку, бо скруціўшы ножку нялёгка ­сядзець. Акрамя гуртка па ткацтве, ёсць у цэнтры творчыя гурты: фальклорныя “Гасцінец” і “Чыжыкі”, дзіцячы “Вянок”, тэатральны гурток “Жаронцы” (якім я таксама кірую). А нашы выхаванцы і там, і там могуць быць занятыя. Таму дзеці самі зацікаўленыя ў тым, каб ­саткаць паясок для свайго сцэнічнага касцюма, і прымус тут не патрэбен. Далёка не кожны дарослы можа так ­ткаць і мае такія цярпенне ды ўседлівасць, як мае выхаванцы”. На думку майстрыхі, менавіта фальклорная, цёплая і душэўная атмасфера, якая пануе ў цэнтры, і выхоўвае добрых ткачых.

Ганна Лагун

Фота з асабістага архіва Хрысціны Лямбовіч

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Валожынскі паясок “на назе”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».