Вы тут

Развагі пра духоўнае жыццё манаха Іаана


Спантанная вандроўка ў Жыровічы, якая мела мэтай часовы адпачынак і вызваленне ад штодзённай мітусні і беганіны, заўсёдных дробных клопатаў, адбылася ў дзень памяці Уладыкі Філарэта. Год таму ён знайшоў свой апошні прыстанак на тэрыторыі Жыровіцкага манастыра. Манах Іаан, у мінулым знакаміты паэт Зьніч, альбо Алег Бембель, падзяліўся ўспамінамі пра слыннага мітрапаліта і развагамі пра духоўнае жыццё. Гутарка аказалася змястоўнай, паглыбіла разуменне сутнасці з’яў у непрадказальных быційных плынях… Вытрымкі з размовы прапануем да ўвагі чытачоў.


Манах Іаан (у мінулым — паэт Зьніч).

Чалавек, сустрэчы з якім пераварочваюць жыцці

Упершыню пачуў пропаведзь Філарэта ў Мінскім кафедральным саборы ўвосень 1978 года. Тады Беларусь была на мяжы ператварэння ў атэістычную рэспубліку, а я, вальнадумец, заставаўся нехрышчоным. Нягледзячы на тое, што мая цётачка Анастасія, якая ў свае студэнцкія гады пабывала ў ГУЛАГу, настойліва, з малых гадоў, укладала ў мяне думку, што трэба хрысціцца. Хрысціцца не хацеў, бо быў перакананы, што царква абмяжуе маю свабоду, а я жадаў заставацца свабодным. Казаў цётцы: «З мяне дастаткова, што Бог даў мне вас, а праз вас Ён кіруе і мной!» У такім стане я ўпершыню і пачуў казань мітрапаліта і быў неверагодна ўзрушаны! Бо пабачыў сапраўды свабоднага чалавека, які адчувае Сусвет і прамаўляе пра яго так, як хоча і ўспрымае!

А цётачка мая сябравала з мітрапалітам Антоніем, які служыў у Кафедральным саборы, — ён даваў ёй чытаць часопісы Маскоўскай патрыярхіі. Часта бываў у яе ў гасцях і чытаў той часопіс — усё клалася мне на сэрца. Адно што не рашаўся прыняць хрышчэнне.

Тады ж, пачуўшы Філарэта, пачаў рэгулярна слухаць яго пропаведзі... Мінуў час, узнялося магутнае нацыянальнае адраджэнне. Для мяне была істотнай праблема мовы. І аднойчы падалося, што Філарэт ставіцца да мовы не надта спрыяльна. Напісаў я ў сувязі з гэтым дзёрзкі верш. Верш той да яго дайшоў — і ён мяне пасля гэтага заўважыў. Здагадаўся, што менавіта я — аўтар. Падышоў раз па благаславенне — а ён і гаворыць: «Ну што, Алег, вершы пішаш?» Адказваю: «Пішу, уладыка, благаславіце і даруйце, калі што не так!»

Пазней Філарэт стварыў біблейскую камісію па перакладзе Евангелля на сучасную беларускую мову, увёў Дзень беларускіх святых… Маё раскаянне за той дзёрзкі ўчынак у сувязі менавіта з гэтымі падзеямі вылілася ў серыю вершаў. Яны былі надрукаваны ў 1988 годзе ў беластоцкім выданні «Саната ростані», прысвечаным тысячагоддзю хрышчэння Русі…

Часам даводзілася прысутнічаць на абмеркаваннях па перакладзе Бібліі. Запомніўся выпадак: спрачаліся, як правільна пісаць «Іісус» — з адным ці двума «і»? Меркаванні раздзяліліся. Тады Філарэт паглядзеў на мяне ды кажа: «Алег, рассудзі нас!» Я адказваю: «Уладыка, Іісус!» Філарэт усміхнуўся, больш спрэчак не ўзнікала.

Жыровіцкі манастыр.

Такім чынам, асоба яго мяне пераканала, што сапраўдная свабода чалавека — у Хрысце. Пачаў схіляцца да таго, што трэба хрысціцца. І так здарылася, нібы Гасподзь Сам падвёў мяне да маладога святара, айца Георгія Латушкі, тады настаяцеля Петрапаўлаўскага сабора. На той момант настаяцелю было 28 гадоў — высокі, прыгожы, разняволены… Таксама прыклад таго, што сапраўдная свабода — у Хрысце… Ён запытаў, ці хрышчоны я. Адказваю, што не. Папрасіў благаславення… Айцец Георгій тайна, на сваёй кватэры, мяне ахрысціў… Хроснай маці стала Валянціна Дышыневіч, бібліятэкар тагачаснай Ленінкі (як тады называлася Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Хросным бацькам пагадзіўся быць Уладзімір Конан, мой навуковы кіраўнік (я працаваў у Акадэміі навук, пісаў дысертацыю). Гэта быў 1982 год. Калі б нас за гэтай справай застукалі, пакаралі б усіх…

Потым за лонданскую кніжку «Роднае слова і маральна-этычны прагрэс» (цікава, што не за хрысціянскія вершы, а менавіта за кніжку, якую я і тут спрабаваў надрукаваць, ды не атрымалася) мяне выгналі і з партыі (дзе я быў 12 гадоў сябрам атэістычнай арганізацыі), і з акадэміі. Давялося развітацца з бацькоўскай хатай, а здароўе настолькі пагоршылася, што ледзь данеслі да аперацыйнага стала… Гасподзь стварыў такія ўмовы, што ў свеце мне не засталося месца — але праз тое я апынуўся тут, у Божым доме… Калі прыехаў сюды і папрасіўся на послух да старца Мітрафана, мяне адразу і ўзялі! Благаславенне даў Мітрапаліт Філарэт, тады архімандрыт і настаяцель Жыровіцкага манастыра.

Мітрапаліт Філарэт.

Дык вось, мітрапаліт ад першага свайго з’яўлення ў маім жыцці праз сустрэчы, часам эпізадычныя, нібыта выпадковыя, а насамрэч быў у тым Божы промысел, павярнуў маё жыццё: ад свавольнага вальнадумца да паслушніка манастыра… Перакананы, што мітрапаліт Філарэт — той, праз каго Гасподзь стварыў цуд — ператварэнне амаль цалкам абязбожанай прасторы ў хрысціянскую дзяржаву.

Здараліся сустрэчы і тут, у манастыры… У хуткім часе пасля майго прыезду сустрэліся мы ў вузкім манастырскім калідоры. Я і кажу: «Уладыка, благаславіце!» Ён моцна мяне прытуліў… Я і кажу: «Бацька не адрынуў мяне, прыняў у свой дом…» Ён доўга трымаў мяне і благаславіў. Я прыняў гэта як дараванне маёй дзёрзкасці і праяўленне Боскай ласкі… Іншым разам ён ішоў у суправаджэнні іншых асоб, але, пабачыўшы мяне, спыніўся ды кажа: «Алег, пачытай нам верш!» А незадоўга перад тым з’явілася ў мяне страфа, ну і падумаў: «А чаму б не прачытаць?» Чытаю:

Старац і чада

— Старча! У час усясветнага скотства,

Што і сівых спакусіла,

Ці ў наяўнасці подзвіг юродства?

— Чада! Ён нам не па сілах…

Выслухаўшы, усе пакланіліся і без слоў пайшлі далей…

Пачынаць дзень з чыстай старонкі

Айцец Мітрафан, побач з магілкай якога і пахавалі мітрапаліта Філарэта, і натхніў мяне на радкі «Старац і чада». Гісторыя была такая. Прыйшоў да яго на паслушэнства, а ён пачаў даваць мне для чытання літаратуру пра юродзівых. А ў мяне да юродзівых было надзвычай прыхільнае стаўленне, бо яны, па сутнасці, пачуваліся вольнымі людзьмі… Настолькі, што дазвалялі сабе свабодна трымацца з усёй грамадой, якая і смяялася з іх, і здзекавалася, і біла камянямі. Гэтая іх свабода мяне ўражвала, але адчуваў, што сам такога дазволіць сабе не магу. Бо за тое, што дазваляў сабе ў мінімальнай ступені, атрымліваў сур’ёзныя «пстрычкі»…

Старац Мітрафан.

А тут старац Мітрафан адну за адной дае мне гэтыя кніжкі… Я ў яго і пытаю: «А ці магчымы падобныя подзвігі ў наш час?..» Ён паглядзеў хітравата і адказвае: «Нам гэта не па сілах!» Хаця сам дэманстраваў прыклады… Так, была слабасць, якую інакш як мілай не называю цяпер: яго душа не выносіла, калі ён назіраў, як нядбайна мы карыстаем Божыя дары. Напрыклад, калі хтосьці ўключаў ваду ў кране на поўную моц, каб проста спаласнуць рукі, калі гарэла святло без патрэбы… Сам ён мыў рукі пад тоненькім струменьчыкам. Паўсюль выключаў непатрэбныя лямпачкі… І мяне, келейніка, бывала, ноччу разбудзіць ды кажа: «Ідзі, правер, ці не гарыць дзе лямпачка!» І раніцай будзіў: «Ідзі, правер!» Усе з яго пасмейваліся…

Але ж не проста так тое было. Генерал дэ Голь, калі яго б другі раз выбралі прэзідэнтам, першае, што зрабіў, увайшоўшы ўвечары ў Елісейскі палац, — пачаў абыходзіць усе залы і выключаць святло. У атачэнні падумалі, што праз сталыя гады генерал з глузду з’ехаў… А, як аказалася, у гэты час быў агульнанацыянальны эксперымент. Дыктар па тэлебачанні аб’явіў: «Мадам і месье! Выключыце, калі ласка, усе непатрэбныя лямпачкі і прыборы ў дамах і на прадпрыемствах!» У выніку знізіліся расходы электраэнергіі на адну трэць…

Дык вось, аднойчы пасля вячэрняга богаслужэння старац выключыў святло. А па калідоры ішоў мітрапаліт Філарэт і ледзь утрымаўся на нагах на прыступках, пра якія забыў… І тут  убачыў Мітрафана дый кажа: «Святлаборац! Каб такога больш не было!..» Старац плюхнуўся на калені са словамі: «Ваша высокапраасвяшчэнства! Благаславіце прыступіць да выпраўлення!..» Мітрапаліт махнуў рукой ды пайшоў… Толькі апынуўся за вуглом, старац падымаецца з калень ды выключае тую лямпачку, а пасля — і астатнія… Гэта ён пры мне, келейніку, паказаў прыклад класічнага юродства: з аднаго боку, павага да мітрапаліта, а з іншага — немагчымасць адысці ад сваіх перакананняў. Я ўспрыняў гэта як далікатнае благаславенне дзейнічаць па яго прыкладзе, фармальнае благаславенне на ўмеранае юродства.

Быў яшчэ выпадак. Неяк я забавіўся і забыў прынесці старцу вячэру. Прыходжу, а ён, галодны, ужо спіць. Будучы хворым на паралюш, пластом ляжаў ужо некалькі месяцаў. Раніцай прачынаемся, я і кажу: «Айцец Мітрафан, даруйце, забыў пра вячэру ўчора, вершы пісаў». Ён адказвае: «Усё забылі, усё даравалі, пачынаем дзень з чыстага аркуша…» Пазней з’явіўся верш:

Каб ангелы радасна нас віталі,

Усе крыўды з сэрца выкінем вонкі.

Усё забылі, усё даравалі,

І пачынаем дзень з чыстай старонкі!

Гэта было асноўным матывам старца: пачынаць дзень з чыстай старонкі… Не па сілах браць на сябе не трэба, але форма юродства дзеля Хрыста, якая па сілах, — абавязковая для штодзённага выканання!

На прыкладзе Мітрафана Гасподзь паказаў цуд. Упершыню ў старца здарыўся інсульт у маі 1997 года, на 82 годзе жыцця — той застаўся паралізаваны. Дактары разводзілі рукамі: маўляў, а што вы хочаце, узрост жа... Усе ў манастыры маліліся за яго жыццё. Я даглядаў яго з мая да верасня — у верасні старац устаў на ногі! Дый так хадзіў, што маладыя семінарысты за ім не паспявалі! Больш чым праз год надарыўся другі інсульт. Ізноў маліліся за яго і паднялі на ногі малітвамі! Толькі на 91 годзе, у 2006-м, Гасподзь забраў старца Мітрафана пасля 4-га інсульта…

Цяжкае жыццё пражыў старац Мітрафан. У чэрвені 1941 года скончыў аўтадарожны інстытут у Маскве, па размеркаванні апынуўся на Беларусі, а тут вайна, і ён — у акупацыі… Прыбіўся да партызан і стаў камандзірам падрыўной групы — а гэта фактычна смяротнікі. Мікалай Ільін, як тады яго звалі, не быў веруючым. Аднойчы яго групе недалёка ад Жыровічаў давялося ўцякаць ад немцаў і сабак. Камандзір схаваўся ў яме, прыкрыўся галінкамі і ўзмаліўся ў думках: «Госпадзі, калі захаваеш мяне жывым, буду служыць Табе ўсё астатняе жыццё…» Сабачы брэх, які быў зусім блізка, спачатку сціх, а пасля пачаў аддаляцца…

Пасля вайны Мікалай Ільін прыйшоў да манастыра і болей ад паўстагоддзя заставаўся тут спачатку як паслушнік, інак, потым — келейнік… Вось і мне пашчасціла быць келейнікам у старца Мітрафана і штосьці ад яго пераняць, а ўжо як я гэта зрабіў — Гасподзь ацэніць…

Запісала Яна БУДОВІЧ

Фота аўтара і з сайта zhirovichi-monastery.by

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».