Вы тут

Індыкатар даверу. Якія пытанні хвалююць работнікаў адукацыйнай галіны?


У 2021 годзе ў арганізацыйныя структуры Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі паступіла больш за 2,5 тысячы зваротаў. На асабістым прыёме былі прынятыя 5,2 тысячы чалавек. Яшчэ 9 тысяч чалавек атрымалі кансультацыі па пытаннях, якія іх цікавілі. Па выніках разгляду зваротаў былі адменены загады аб накладанні на работніка Каладзішчанскай школы дысцыплінарных спагнанняў, адноўлены на працы пасля разгляду працоўнай спрэчкі ў судзе два настаўнікі з Пінкавіцкай сярэдняй школы. Маладым спецыялістам з гімназіі горада Чэрвеня былі выдзелены месцы ў інтэрнатах. Па просьбе членаў прафсаюза было падрыхтавана 20 працэсуальных дакументаў. 5 іскавых заяў, складзеных з удзелам прафсаюза, разгледжаны на карысць работнікаў, і 23 працоўныя спрэчкі вырашыліся без звароту ў суд. Пра гэтыя і іншыя факты паведаміла на ІV пленуме Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі яго старшыня Таццяна Якубовіч.


Фінансавы дабрабыт

На думку старшыні, звароты работнікаў галіны ў прафсаюзныя структуры сведчаць, у першую чаргу, аб высокім да іх даверы, упэўненасці ў тым, што там табе дапамогуць. Людзей цікавяць пытанні заключэння, падаўжэння і скасавання кантрактаў, калектыўна-дагаворнай работы, дысцыплінарных спагнанняў, узгаднення з прафсаюзам лакальных прававых актаў, кадравай работы і іншыя. Толькі за мінулы год прававыя інспектары выявілі амаль 10 тысяч парушэнняў.

Сярод галіновых прафсаюзаў Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі — першая па колькасці арганізацыя, якая аб'ядноўвае ў сваіх шэрагах прадстаўнікоў як дзяржаўных, так і прыватных устаноў адукацыі, навучэнскую моладзь, аспірантаў, дактарантаў, работнікаў Нацыянальнай акадэміі навук. Іх праблемы, занятасць і заробак — штодзённы клопат прафсаюзнай арганізацыі.

— Важным паказчыкам якасці жыцця работнікаў нашай галіны з'яўляецца ўзровень іх заработнай платы, — падкрэсліла ў сваім выступленні на пленуме Таццяна Якубовіч. — У супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі і органамі дзяржаўнага кіравання асаблівую ўвагу мы ўдзяляем пытанням яе павышэння і своечасовасці выплаты. Людзі павінны быць упэўнены ў стабільнасці, у тым, што заработная плата будзе выплачана своечасова. Як сведчыць маніторынг, на працягу мінулага года ва ўстановах адукацыі не было запазычанасці па выплаце заработнай платы. Летняя адпускная кампанія таксама прайшла з захаваннем тэрмінаў выплат сярэдняга заробку за час працоўнага водпуску.

Па статыстычных звестках, сярэднямесячная заработная плата работнікаў галіны за студзень — лістапад 2021 года склала 952,2 рубля. Гэта 67,4 працэнта ад узроўню сярэдняй заработнай платы ў краіне: у тым ліку ў педагагічных работнікаў — 77,4 працэнта, настаўнікаў — 81 працэнт, выхавальнікаў дашкольнай адукацыі — 62,9 працэнта.

У 2021 годзе ўрадам прымаліся меры па павышэнні заработнай платы як асобных работнікаў бюджэтных арганізацый, так і ў цэлым работнікаў сістэмы адукацыі. Двойчы пераглядаўся памер базавай стаўкі, які прымяняецца для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. З 1 студзеня бягучага года ён таксама павялічыўся і складае 207 рублёў.

З ліпеня 2021 года памер сродкаў, што накіроўваюцца на прэміраванне работнікаў бюджэтных арганізацый, павялічыўся з 5 да 20 працэнтаў ад сумы акладаў работнікаў, а з пачатку бягучага года ў два разы павялічыўся памер аднаразовай выплаты на аздараўленне, як правіла, пры сыходзе ў працоўны водпуск.

Таксама з 1 студзеня бягучага года настаўнікам, якія выконваюць функцыі класнага кіраўніка, і выкладчыкам — куратарам вучэбнай групы ўстаноўлена надбаўка за класнае кіраўніцтва (куратарства) у памеры 100 працэнтаў базавай стаўкі (207 рублёў). Усё гэта садзейнічае паэтапнаму павышэнню заработнай платы работнікаў галіны і недапушчэнню зніжэння яе ўзроўню.

У прыярытэце — здароўе

— Пандэмія прымусіла прафсаюз шукаць дадатковыя спосабы, каб падтрымаць сваіх членаў. Цяпер у многіх калектыўных дагаворах ёсць нормы аб аказанні матэрыяльнай дапамогі ў сувязі з захворваннем на COVІD-19, — падкрэсліла Таццяна Якубовіч. — За два гады матэрыяльную дапамогу атрымала больш як 70,5 тысячы чалавек, у тым ліку і па хваробе. Мы разам з нашымі арганізацыямі, Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі аб'ядналі намаганні для кампенсацыі кошту пуцёўкі членам прафсаюза ў санаторыях Белпрафсаюзкурорт, якая ў сукупнасці складае ад 40 да 60 працэнтаў.

Па ініцыятыве ФПБ у санаторыях былі распрацаваны праграмы ў мэтах аднаўлення здароўя для тых, хто перахварэў на COVІD-19. Як вынік — амаль 4 тысячы членаў нашага прафсаюза звярнуліся ў ЦК прафсаюза па кампенсацыю на аздараўленне ў санаторыях ФПБ.

Мы разам з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі актыўна ўключыліся ў інфармацыйную працу — тлумачылі неабходнасць вакцынацыі як сярод работнікаў, так і сярод навучэнцаў. Тыя, хто зрабіў прышчэпкі, матэрыяльна стымулююцца, ім даюцца вольныя дні пасля праходжання кожнага этапу вакцынацыі...

Падкрэслю, што пытанням аховы здароўя дзяржава ўдзяляе адмысловую ўвагу. У праекце Закона РБ «Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносін» прапаноўваецца дапоўніць Працоўны кодэкс новым артыкулам, які ўстанаўлівае гарантыі для работнікаў пры праходжанні дыспансерызацыі: магчымасць вызвалення работнікаў ад працы для праходжання дыспансерызацыі на адзін дзень адзін раз на тры гады з захаваннем сярэдняга заробку па месцы працы. Пры гэтым работнікі, якія дасягнулі 40-гадовага ўзросту, будуць вызваляцца на адзін дзень адзін раз на год. Работнікі пенсійнага ўзросту, а таксама работнікі на працягу пяці гадоў да дасягнення імі пенсійнага ўзросту — на два дні адзін раз на год з захаваннем сярэдняга заробку.

Дадатковыя сацыяльныя гарантыі

«Тэрмін «сацыяльнае партнёрства», якім сёння прынята называць узаемадзеянне ўлады і прафесійных саюзаў, — не проста гучнае азначэнне, а добра адпрацаваная практыка сумеснага вырашэння многіх актуальных пытанняў», — заўважыла Таццяна Якубовіч.

Адзін з наглядных паказчыкаў работы прафсаюзных арганізацый з сацыяльнымі партнёрамі — уключэнне ў калектыўныя дагаворы норм, якія павышаюць абарону працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў работнікаў у параўнанні з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і пагадненнямі больш высокага ўзроўню.

Напрыклад, Пагадненне паміж галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкай абласной арганізацыяй прафсаюза на 2020—2022 гады прадугледжвае пры заключэнні (падаўжэнні) з работнікам кантракта ўстанаўленне надбаўкі ў памеры не менш як 10 працэнтаў ад аклада і атрыманне дадатковага заахвочвальнага водпуску працягласцю не менш як два каляндарныя дні.

Выпускнікам, накіраваным на работу ва ўстановы адукацыі Брэстчыны, даецца дадатковы заахвочвальны водпуск за работу па кантракце ў колькасці не менш як тры каляндарныя дні. Па сумесным хадайніцтве ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкай арганізацыі прафсаюза на працягу шэрагу гадоў выпускнікам (маладым спецыялістам, маладым рабочым (служачым) штомесяц кампенсуюцца выдаткі за наём жылых памяшканняў у памеры да трох базавых велічынь у Брэсце, Пінску і Баранавічах, а ў іншых населеных пунктах вобласці — да дзвюх базавых велічынь.

Калектыўны дагавор дзяржаўнага прадпрыемства «Акадэмфарм» (НАН Беларусі) прадугледжвае частковую аплату пуцёвак для санаторна-курортнага лячэння і адпачынку работнікаў і іх дзяцей за кошт сродкаў наймальніка і сродкаў прафсаюза; аказанне матэрыяльнай дапамогі на падрыхтоўку дзяцей-першакласнікаў да школы, а таксама атрыманне свабоднага дня з захаваннем заработнай платы для падрыхтоўкі дзіцяці да школы (1—4 класы); аднаразовую выплату да юбілейнай даты нараджэння, пачынаючы з 50 гадоў і кожныя 5 гадоў, а таксама атрыманне аднаго свабоднага дня з захаваннем заработнай платы, пачынаючы з 35-гадовага ўзросту; аднаразовую выплату на добраўпарадкаванне для маладых спецыялістаў, якія прыйшлі на работу па размеркаванні.

Акрамя таго, «Акадэмфарм» заключыла дагаворы з прадпрыемствам «Белдзяржстрах» аб добраахвотным страхаванні медыцынскіх выдаткаў работнікаў на бясплатнае абслугоўванне ў прыватных і дзяржаўных медыцынскіх цэнтрах і шпіталізацыю ў клініках і аб страхаванні жыцця і дадатковай пенсіі для работнікаў (страхаванне праводзіцца за кошт сродкаў наймальніка).

Насустрач рэферэндуму

На працягу двух гадоў Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі паспяхова ўзаемадзейнічае з Міністэрствам адукацыі ў рамках разгляду праектаў нарматыўных прававых дакументаў і ўнясення ў іх дапаўненняў і змен. У 2021 годзе для ўзгаднення было накіравана 13 праектаў. Шэраг прапаноў, што былі накіраваны ў Міністэрства адукацыі, датычыліся ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Інструкцыю аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі.

Дарэчы, у сотую гадавіну прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі распачаўся рэспубліканскі сацыяльна значны праект «Педагагічныя дынастыі нашай краіны». Лідар галіновага прафсаюза паведаміла, што зараз ідзе вёрстка кнігі «Педагагічныя дынастыі Беларусі», якая ахоплівае прадстаўнікоў 112 дынастый.

Рэалізавана сумеснае рашэнне галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама і Гомельскай абласной арганізацыі прафсаюза па размяшчэнні ў кожным раёне вобласці банераў з выявамі педагогаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікоў педагагічных дынастый, заслужаных настаўнікаў Рэспублікі Беларусь, ветэранаў педагагічнай працы, выдатнікаў адукацыі і іншых катэгорый...

На пленуме ішла размова і аб рэферэндуме. Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праінфармавала, што за кароткі перыяд дыялогавыя пляцоўкі для абмеркавання новага праекта Канстытуцыі былі арганізаваны ў 1660 установах адукацыі, а ўдзел у іх прыняла больш як 60 тысяч чалавек. У рамках акцыі «Мы разам за Беларусь» сустрэчы прадстаўнікоў прафсаюза у калектывах працягваюцца.

— Падтрымка пенсіянераў, шматдзетных сем'яў, сацыяльна ўразлівых слаёў насельніцтва — гэта своеасаблівая візітка Беларусі, — падкрэсліла лідар прафсаюза. — І на маючым адбыцца рэферэндуме мы павінны паказаць такое ж адзінства, якое праявілі пры ўвядзенні заходніх санкцый супраць нашай краіны. Мы поўнасцю падзяляем меркаванне прадстаўнікоў працоўных калектываў аб тым, што толькі грамадзяне нашай краіны, якія працуюць на карысць сваіх сем'яў і сваёй дзяржавы, павінны вызначаць, як і па якіх законах мы будзем жыць заўтра.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.