Вы тут

Мокры снег з дажджом і ветрана, а ў чацвер прыгрэе да 10 цяпла


Люты ў гэтым сезоне не песціць нас сур’ёзнымі маразамі, а нават наадварот. Удзень прыгравае сонца так, як у сакавіку. Адзінае, што не прыносіць нам камфорту —моцны і парывісты вецер. Да канца тыдня на тэрыторыі краіны будзе ўтрымлівацца не па сезоне цёплае надвор’е, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Як адзначаюць эксперты, у аўторак будзе падтрымлівацца малавоблачнае без ападкаў надвор’е. На асобных участках дарог краіны галалёдзіца. Вецер паўднёвы ўмераны, месцамі парывісты. Максімальная тэмпература паветра 14 лютага будзе вагацца ад плюс 1 да 7 цяпла.

У сераду ўмовы надвор’я пачнуць мяняцца. У гэты дзень з Заходняй Еўропы на тэрыторыю нашай краіны прарвуцца атмасферныя франты ад паўночнаатлантычных цыклонаў, якія да канца тыдня будуць прыносіць нам усё новыя і новыя порцыі ападкаў у асноўным у выглядзе мокрага снегу з дажджом. Далей, з чацвярга пачне ўзмацняцца вецер, парывы якога месцамі будуць дасягаць 15–20 м/с.

Дарэчы, у сераду ўначы яшчэ будзе дастаткова марозна. У гэты дзень чакаецца воблачна з праясненнямі. Уначы месцамі па краіне, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі будуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы і раніцай магчыма слабыя туман, галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёвы, паўднёва-заходні парывісты. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе ад мінус 5 градусаў да плюс 2, па ўсходзе да 7 марозу. У дзённыя гадзіны будзе 1–8 градусаў вышэй за нуль.

Цёплыя ночы прыйдуць да нас у чацвер, калі прагназуецца воблачнае надвор’е. На большай частцы тэрыторыі краіны магчымы ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы і раніцай чакаюцца слабыя туман, галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Раніцай і ўдзень месцамі магчыма ўзмацненне ветру парывамі да 15–20 м/с. Тэмпература паветра ўначы будзе мінус 1 градус — плюс 5 градусаў, удзень — 2–8 цяпла, па паўднёвым захадзе краіны паветра прагрэецца да плюс 10 градусаў.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пятніцу на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы і раніцай месцамі магчымы слабы галалёд, на асобных участках дарог — галалёдзіца. Месцамі прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15–20 м/с. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад мінус 2 градусаў да плюс 3 цяпла, удзень — ад нуля да плюс 6 градусаў.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Маргарыты ПАЛЮХОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?