Вы тут

Сышоў з жыцця драматург Васіль Ткачоў


«Мне заўсёды, скажу шчыра, шанцавала на добрых людзей. Калі нешта ў мяне і не складвалася, нікога ў тым не віню... Акрамя самога сябе!»


Словы, якія мог сказаць толькі разумны, добры і мудры чалавек… А прамовіў іх у нашай з ім гутарцы вядомы пісьменнік, драматург, пастаянны аўтар «Звязды» Васіль Ткачоў... Здаецца, трох месяцаў не прамінула ад тае гутаркі. Спадар Васіль быў, як заўсёды, энергічны і поўны планаў. Але 14 лютага прыйшла сумная вестка з Гомеля: Васіля Ткачова не стала. 1 студзеня яму споўнілася 74 гады.

А нарадзіўся ён у вёсцы Гута Рагачоўскага раёна, з 1980-га жыў у Гомелі. Былі і старонкі біяграфіі, звязаныя з далёкімі прасторамі: калі прызвалі ў армію, служыў на касмадроме Байканур інструктарам палітычнага аддзела па камсамольскай рабоце, потым скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча, быў ваенным карэспандэнтам у Сярэдняй Азіі. Але вярнуўся на Беларусь, і мала хто так прывязаны да сваёй малой радзімы... Усё жыццё прысвечана роднай Гомельшчыне. Тут працаваў у раённых і абласных газетах, на мясцовым тэлебачанні вёў перадачу... І тыпажы для сваіх шматлікіх твораў браў ад землякоў. Нездарма пісьменнік — ганаровы грамадзянін Рагачоўскага раёна. Яшчэ да абвяшчэння Года гістарычнай памяці Ткачоў разумеў, наколькі гэтая тэма важная, браў удзел у праекце «Мы — родам з Гуты»: «Так, я планую ў найбліжэйшы час паставіць на могілках стэлу-помнік, на якой будуць прозвішчы ўсіх землякоў, якія знайшлі сваё апошняе прыстанішча далёка ад бацькоўскага кутка. Калі мы гэта не зробім сёння, то хто зробіць заўтра? Такіх людзей трэба помніць. Дарэчы, Гута ганарыцца сваім ураджэнцам, Героем Савецкага Саюза, гвардыі генерал-маёрам Піліпам Ерафеевічам Жгіровым... Недзе пад Санкт-Пецярбургам пахаваны і мой дзядзька Васіль Данілаў, у гонар якога я і нашу сваё імя. Прадбачу той час, калі і яго прозвішча ўбачу на стэле...»

Цяпер час увекавечваць і імя Васіля Ткачова. Толькі пералік ягоных заслуг, як сцэнарыста і драматурга зойме не адну старонку... З гонарам казаў: «Сёння спектаклі па маіх п'есах ідуць у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Коласа, у Гомельскім дзяржаўным тэатры лялек, у магілёўскіх драматычным і лялечным тэатрах, у Мазырскім драмтэатры імя І. Мележа, у тэатры драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, у Брэсцкім лялечным, у Слонімскім і Палескім драматычных... А таксама ў тэатрах Расіі, Казахстана, Малдовы, ёсць пастаноўкі ва Украіне, у Таджыкістане, Эстоніі, Марыйскім Нацыянальным драматычным тэатрам імя М. Шкетана». За кнігу п'ес «Характары» ў 2017 годзе Васіль Ткачоў стаў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Драматургія». А былі яшчэ прэміі Саюза беларускіх журналістаў і міжнародная прэмія «Дружба» за нарыс «Сонцам хлеб на стале», прэмія Федэрацыі прафсаюзаў у галіне літаратуры за кнігу прозы «Снукер» і прэмія імя Васіля Віткі за творы для дзяцей.

А чытачы «Звязды» шмат гадоў з задавальненнем чыталі напісанае Васілём Ткачовым, ад зацемак да вялікіх артыкулаў, ад апавяданняў да мініяцюр, так званых жыццёвінак... Дзе не толькі пільныя назіранні і ўменне з гумарам глядзець на жыццё, але і шчырае спачуванне героям. Дарэчы, калі я папыталася, чаму Васіль Ткачоў звярнуўся да кароткай прозы, той адказаў словамі Міхаіла Жванецкага:

«С возрастом

я стал ценить короткое.

Длинное — перестал.

Уложите мне в короткое,

пожалуйста.

Я сам додумаю

и удлиню».

І ў гэтым увесь ён — усмешлівы, з іроніяй і, галоўнае, самаіроніяй, якая прыкрашае сапраўды таленавітых.

Калектыў рэдакцыі газеты «Звязда» смуткуе з нагоды смерці светлага чалавека, нашага даўняга аўтара. Але жыццё пісьменніка не заканчваецца з тым, што ў яго біяграфіі па другі бок рыскі, якая падзяляе гады нараджэння і смерці, з'яўляецца яшчэ адна лічба. Мы будзем працягваць чуць голас Васіля Ткачова на сцэнах тэатраў, з экранаў, са старонак кніг.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.