Вы тут

Калінковіч: Грамадства зацікаўленае, каб суд працаваў стабільна


Леташнія змяненні ў Адміністрацыйны і Крымінальны кодэксы краіны зрабілі іх больш гуманнымі. Новаўвядзенні даюць больш магчымасцяў для альтэрнатыўных мер адказнасці, якія не звязаныя з пазбаўленнем волі і ўвогуле з прымяненнем крымінальнага пакарання. А меркаваныя змяненні, датычныя магчымасці звяртацца для перагляду справы ў Канстытуцыйны суд, стануць дадатковым стымулам для судоў агульнай юрысдыкцыі больш дбайна працаваць з заканадаўствам, на падставе якога разглядаюцца справы, лічыць Валерый Калінковіч, першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда. Пра ўдасканаленне парадку абскарджвання судовых рашэнняў, каб кожны мог звярнуцца па абарону сваіх парушаных правоў, ішла гаворка і на нядаўняй нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, дзе ён падкрэсліў, што магчымасць выправіць судовыя памылкі павінна быць безумоўна гарантавана чалавеку, а судаводства мусіць быць максімальна справядлівым. Для гэтага мяркуецца распаўсюдзіць дзеянне інстытута апеляцыі на ўсе судовыя рашэнні, у тым ліку на рашэнні Вярхоўнага суда (цяпер яны не падлягаюць абскарджванню). Дарэчы, у склад апеляцыйнай калегіі, магчыма, змогуць увайсці не толькі суддзі, але і прадстаўнікі грамадскасці.


Дакладны сэнс закона

Чым больш альтэрнатыўных магчымасцяў пакаранню ў правасуддзя, тым менш асуджаных і менш асоб, якія прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за несур'ёзныя правапарушэнні. І хоць у 2020-м колькасць адміністрацыйных спраў значна ўзрасла, у 2021-м назіралася адваротная тэндэнцыя. Што датычыцца павелічэння жорсткасці ў пакараннях, то яны ў законе сталіся кропкавымі, а асноўная маса паправак была скіравана ўсё ж не на лібералізацыю, а на прадастаўленне магчымасці альтэрнатывы, запэўніў Валерый Калінковіч.

Права грамадзян непасрэдна звяртацца ў Канстытуцыйны суд (пры выкананні азначаных у Канстытуцыі ўмоў) прымусіць суды стаць больш дысцыплінаванымі. Прынамсі, выключыць выпадкі прыняцця рашэнняў, калі закон трактуецца не ў адпаведнасці з яго дакладным сэнсам. Існуе такая падстава для перагляду рашэння суда, калі ён у сваім рашэнні сказіў дакладны сэнс закона, канстатаваў Валерый Калінковіч.

— Гэта таксама стане яшчэ адной нагодай паляпшаць работу нашых судоў ва ўсіх формах і напрамках, таму што ўжо цяпер можна спрагназаваць: жадаючых звярнуцца ў Канстытуцыйны суд са скаргай можа быць дастаткова.

Адпаведнасць злачынства пакаранню

Правая культура з часам павышаецца. Адна з нядаўніх навел — прадугледжанае за абразу гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі крымінальнае пакаранне.

— Гонар, годнасць і дзелавая рэпутацыя — аснова паняцця «статус асобы чалавека», які падлягае заканадаўчай абароне ўсімі сродкамі: адміністрацыйна- і крымінальна-прававымі, — падкрэсліў суразмоўнік. — Пад канстытуцыйную гарантыю таго ці іншага права механізм абароны павінен утрымлівацца ў заканадаўстве больш нізкіх узроўняў: кодэксах і законах.

Што датычыцца адпаведнасці пакарання здзейсненаму правапарушэнню ў многіх адміністрацыйных і крымінальных справах 2020—2021 гадоў, то заканадаўчая вілка адказнасці ўстанаўліваецца заканадаўцам зыходзячы з той ацэнкі парушэння закона, якая ім прадугледжана, акрэсліў Валерый Калінковіч:

— Калі гаворка пра крымінальнае злачынства, трэба глядзець, наколькі яно па сваім характары і наступствах небяспечнае як з'ява. Пакаранне за збыт наркотыкаў у нас часта параўноўваюць з адказнасцю за забойства. А што, збыт наркотыкаў, ад якіх можна памерці, — не забойства? Забойства, проста ў растэрміноўку. Сацыяльныя наступствы ад абедзвюх з'яў суравымерныя. Крымінальна-прававая санкцыя ўстанаўліваецца ў залежнасці ад сацыяльных наступстваў і небяспекі самога правапарушэння. А вось гранічныя межы ўнутры санкцыі (умоўна, ад трох да дзесяці гадоў) вызначаюцца пры разглядзе канкрэтнай справы, калі ёсць канкрэтны злачынца, канкрэтныя абставіны здзяйснення. І ўжо справа суда — разабрацца ўнутры гэтай санкцыі і вызначыць меру адказнасці, якая павінна прымяняцца да чалавека ў канкрэтнай справе, прымяніць санкцыю так, каб было справядліва.

Пры пакараннях за антыграмадскі настрой жартаваць не варта, асабліва калі паглядзець на тое, што адбылося ва Украіне і ледзьве не здарылася ў Казахстане. Неабходна займаць жорсткую пазіцыю, адклаўшы ў бок сантыменты, калі гаворка ідзе пра пакаранне за дзеянні падобнага кшталту.

— Антыграмадскія праявы, які могуць нанесці сур'ёзны ўрон, павінны адпаведным чынам перапыняцца. Іншага шляху няма. У нас ёсць розныя меры пакарання, а ўжо якая кара будзе прызначана канкрэтнаму чалавеку, — вызначаецца прысудам суда, у залежнасці ад таго, хто на што «напрацаваў».

Такім чынам здзяйсняецца агульнапапераджальная функцыя крымінальнага закона.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.