Вы тут

Аб чым трэба паклапаціцца дзецям, каб з пажылымі бацькамі не здарылася бяды


Пакідаючы састарэлых бацькоў у вёсцы (і ў гарадскіх кватэрах таксама), як правіла, дзеці думаюць аб тым, каб у іх былі патрэбныя лекі, прадукты. Напярэдадні ацяпляльнага сезона назапашваюць дровы, брыкет, каб з наступленнем халадоў старым было яшчэ і цёпла. Аднак, як паказвае практыка, мала хто з нашчадкаў клапоціцца аб самым галоўным — бяспецы сваіх ужо немаладых бацькоў. Падрамантаваць, калі ёсць такая неабходнасць, печ, абнавіць праводку, устанавіць у выпадку адсутнасці аўтаномны пажарны апавяшчальнік — насамрэч, не так шмат і трэба, каб быць упэўненым у тым, што ў бацькоўскім доме не здарыцца бяды.


І гэта не проста словы. Ратавальнікі не перастаюць біць трывогу: амаль кожны дзень у краіне на пажарах гінуць людзі. Сярод ахвяр агню нямала і пажылых людзей, у хатах ці кватэрах якіх не было створана ўмоў для бяспечнага пражывання. Дык, можа, гэта адзінокія старыя, якім папросту не было каму дапамагчы, выкажаце здагадку вы. Не зусім. Падрыхтаваць да зімы печ, а таксама ўстанавіць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі пажылым людзям, якіх няма каму даглядаць, дапамагаюць сельскія Саветы. Амаль ва ўсіх тых, хто апошнім часам гіне на пажарах, ёсць дзеці, родныя людзі...

Ахвяры агню

Ноччу 8 студзеня ратавальнікам паступіла паведамленне аб пажары ў кватэры шматкватэрнага жылога дома ў пасёлку Альба, што ў Нясвіжскім раёне. Супрацоўнікі МНС, калі прыбылі на месца здарэння, выявілі шчыльнае задымленне ў кватэры на трэцім паверсе.

— Калегі правялі разведку: па знешніх прыкметах агню не было відаць, — расказаў старшы памочнік начальніка цэнтра аператыўнага кіравання Нясвіжскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Абцешка. — Стварыўшы звяно газадымаабаронцаў, камандзір аддзялення старшына ўнутранай службы Максім Бандарэнка і кіроўца старшына ўнутранай службы Віктар Цвірко падняліся на трэці паверх, дзе размяшчалася кватэра, у якой было шчыльнае ўзгаранне. У калідоры кватэры ратавальнікі знайшлі гаспадыню-пенсіянерку. Па папярэдняй інфармацыі, жанчына, адчуўшы моцны пах дыму, выявіла ўзгаранне мэблі, якое, хутчэй за ўсё, узнікла ад пакінутай свечкі.

Як высветлілася пазней, гаспадыня паспрабавала справіцца з узгараннем самастойна, але спробы былі беспаспяховыя — пенсіянерка накіравалася да выхаду, паслізнулася і ўпала. Самастойна пакінуць кватэру яна ўжо не змагла. Ратавальнікі вынеслі жанчыну на вуліцу. Узгаранне было ліквідавана.

22 чалавекі былі эвакуіраваны падчас пажару ў Салігорску 5 лютага. Жыхароў вымусілі ноччу выйсці на холад з-за таго, што ў адной з кватэр шматпавярховіка адбылося ўзгаранне. Гаспадыняй той злашчаснай жылой плошчы з'яўлялася пажылая жанчына.

— Калі мы двума аддзяленнямі пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 1 пад'язджалі да месца выкліку, з боку праезнай часткі агню не было відаць, — раскрыў дэталі здарэння начальнік варты Салігорскага гарадскога раённага аддзялення надзвычайных сітуацый Аляксей Галееў. — Каля пад'езда нас сустрэў сусед. Мы ў складзе звяна газадымаабаронцаў падняліся на другі паверх, з-пад дзвярэй ішоў дым. На стук ніхто не адчыніў. Суседзі сцвярджалі, што ўнутры знаходзіцца жанчына. Выкарыстоўваючы бензарэз, мы трапілі ў кватэру: унутры было моцнае задымленне. Недалёка ад увахода мы выявілі гаспадыню, яна была без прытомнасці.

Ратавальнікі вынеслі жанчыну на вуліцу і перадалі медыкам. Іншыя супрацоўнікі МНС прыступілі да ліквідацыі ўзгарання: у жылым памяшканні адкрытым полымем гарэў ложак. Суседзяў з паверхаў, якія размяшчаюцца ніжэй і вышэй кватэры, у якой адбыўся пажар, эвакуіравалі. Ніхто з іх, у тым ліку дзеці, не пацярпеў. Гаспадыня кватэры, у якой адбылося ўзгаранне, была шпіталізавана ва ўстанову аховы здароўя з тэрмічнымі апёкамі 15 % цела. Праз некалькі дзён пенсіянерка памерла ў бальніцы.

10 лютага не стала пажылой жанчыны з Буда-Кашалёўскага раёна, якая атруцілася прадуктамі гарэння на пажары ў канцы студзеня, што адбыўся ў яе хаце. Яшчэ адна пенсіянерка загінула разам са сваім сынам на пажары ў аграгарадку Стаі, што на Лепельшчыне. У мінулую нядзелю ратавальнікі выцягнулі з агню пенсіянера ў аграгарадку Рупейкі Ваўкавыскага раёна. Медыкі, якія прыбылі на месца, канстатавалі, што яны бяссільныя: мужчына 1960 года нараджэння загінуў.

І гэта толькі некалькі фактаў з аператыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях за апошнія паўтара месяца. Смерці на пажарах фіксуюцца амаль кожны дзень. Людзі пажылога ўзросту — найбольш частыя ахвяры агню.

І калі б у іх своечасова праверылі спраўнасць пячнога абсталявання або хоць бы ўстанавілі аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, некаторых трагедый можна было б пазбегнуць.

У адказе за родных

Трэба сказаць, што адзінокія пажылыя людзі не толькі на кантролі мясцовай улады. Ім, а таксама шматдзетным сем'ям і асобам, якія злоўжываюць алкаголем, рэгулярна ўдзяляюць увагу і ратавальнікі. На дадзены момант у краіне праходзіць маштабная інфармацыйная кампанія «Бяспечная старасць», накіраваная на прыцягненне ўвагі дарослых дзяцей на тое, што ад іх залежыць бяспека пажылых бацькоў. Аб гэтым у гарадах і сельскіх населеных пунктах нагадваюць яркія тэматычныя банеры: «Мы не зможам пачаставаць вас сырадоем замест вашай бабулі!», «Мы не зможам спячы піражкі замест вашай бабулі!», «Мы не зможам звязаць шкарпэткі замест вашай бабулі!».

Як паведамляюць у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, асноўнымі прычынамі пажараў у домаўладаннях пажылых грамадзян з'яўляюцца парушэнне правілаў эксплуатацыі і ўстройства пячнога ацяплення, электраправодкі і электраабсталявання, неасцярожнае абыходжанне з агнём пры спальванні смецця на прысядзібнай тэрыторыі.

— Кожны можа знізіць рызыку ўзнікнення пажару ў сваім доме, а значыць, паклапаціцца аб сваёй жа бяспецы, бяспецы родных, — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — І сёння пры сустрэчах у працоўных калектывах, пры зносінах з гаспадарамі хат мы звяртаем увагу на ўстаноўку ў кожным жылым памяшканні аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Менавіта гэты прыбор можа выявіць пажар на ранняй стадыі, што дазволіць пазбегнуць гібелі людзей і вялікай матэрыяльнай шкоды. Прыбор рэагуе на задымленне і падае гучны гукавы сігнал, які разбудзіць нават таго, хто спіць. Вядомыя выпадкі, калі гук прыбора чуюць нават суседзі.

Адна з апошніх трагедый — пажар у Стаўбцоўскім раёне, у якім загінулі два чалавекі. Ахвяр магло быць больш: дзякуючы аўтаномнаму пажарнаму апавяшчальніку, які спрацаваў у кватэры, дзе адбылося ўзгаранне, суседзі даведаліся аб небяспецы, выклікалі ратавальнікаў і аператыўна пакінулі свае кватэры.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».