Вы тут

Уладзімір Макей: Мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве з тымі краінамі, якія для нас адчыняюць дзверы


Міністр замежных спраў Уладзімір Макей правёў учора сустрэчу з журналістамі, дзе расказаў, каму выгадна нагнятанне сітуацыі вакол ваенных вучэнняў Расіі і Беларусі, ці застанецца расійская ваенная тэхніка ў Беларусі, што робіцца для зняцця санкцый з авіякампаніі «Белавія» і як замяніць прыбалтыйскі напрамак у перапраўцы калійных угнаенняў.


Фота: БелТА

«Беларусь не адыходзіла ад сяброўскай лініі ў адносінах з Украінай»

Міністр пачаў з жарту, згадаўшы інфармацыю розных заходніх СМІ аб тым, што менавіта 16 лютага з тэрыторыі Беларусі нібыта павінна была пачацца агрэсія ў дачыненні да адной суседняй краіны.

— Мы запрасілі вас за два тыдні, паколькі ведалі ўсё загадзя. І будзем цяпер гэта абмяркоўваць, — пажартаваў міністр.

Тэма адносін з Украінай, у тым ліку і ў кантэксце ваенных вучэнняў, якія Расія і Беларусі праводзяць цяпер, разглядалася падчас сустрэчы неаднойчы.

Уладзімір Макей падкрэсліў, што Беларусь ніколі не адыходзіла ад дружалюбнай лініі ў адносінах з Украінай і разглядае яе як важнага гандлёва-эканамічнага партнёра, а яе грамадзян — як брацкі народ.
— Не мы былі ініцыятарамі пагаршэння адносін з нашай паўднёвай суседкай. Ініцыятарам быў другі бок. Пры гэтым для нас было дзіўна, калі гэты другі бок бег наперадзе планеты ўсёй і ініцыіраваў шэраг крокаў, звязаных з прыняццем нейкіх дэструктыўных мер у дачыненні да Беларусі, нават хутчэй, чым Еўрапейскі саюз, — адзначыў міністр.

Ён падкрэсліў, што ні санкцыйная, ні гарачая вайна нікому не выгадныя.

— Я не думаю, што камусьці выгадныя любыя дзеянні, што прывядуць да гарачай фазы вайны. Перакананы, ні Маскве, ні Мінску, ні Кіеву гэта нявыгадна. Магчыма, гэта выгадна тым, хто знаходзіцца страшна далёка адсюль, — заўважыў Уладзімір Макей. — Кіраўніцтва Беларусі, асабіста Прэзідэнт Лукашэнка, катэгарычна выступала супраць якіх-небудзь дзеянняў, што маглі б прывесці да напружаных адносін як паміж нашай краінай і суседнімі дзяржавамі, так і іншымі дзяржавамі.

Расійскай баявой тэхнікі ў Беларусі не застанецца

Пасля вучэнняў у Беларусі не застанецца ніводнага расійскага ваеннаслужачага і ніводнай адзінкі баявой тэхнікі Расіі.

Міністр звярнуў увагу, што Беларусь і Расія абгрунтавана праводзяць сумесныя вучэнні, бо на Захадзе сваю актыўнасць праяўляюць падраздзяленні НАТА, у тым ліку ў суседніх з Беларуссю краінах. Як паабяцаў Уладзімір Макей, ніводнага ваеннаслужачага, ні адной адзінкі баявой тэхнікі не застанецца пасля гэтых вучэнняў. Ён адзначыў, што адпаведныя заявы ўжо зрабілі і абаронныя ведамствы абедзвюх краін. Кіраўнік МЗС таксама заўважыў, што Беларусь і Расія, праводзячы сумесныя вучэнні, не парушылі ніводнага міжнароднага пагаднення або дакумента.

Прыярытэты пераасэнсаваны

Звяртаючыся да вынікаў мінулага года, Уладзімір Макей адзначыў, што Беларусь канцэптуальна пераасэнсавала знешнепалітычныя і знешнеэканамічныя прыярытэты.

— Дэстабілізацыя сферы міжнароднай бяспекі, сур’ёзнае абвастрэнне ваенна-палітычнай абстаноўкі ў рэгіёне, ініцыятыўнае і неабгрунтаванае нарошчванне кантынгентаў замежных войскаў і ўзбраенняў у непасрэднай блізкасці ад нашых граніц вымусілі нас у мінулым годзе сумесна з Расіяй і іншымі партнёрамі па АДКБ удзяліць самую пільную ўвагу ўмацаванню абараназдольнасці краіны. Менавіта на фоне згаданых выклікаў і пагроз, па сутнасці, адбылося канцэптуальнае пераасэнсаванне нашых знешнепалітычных і знешнеэканамічных прыярытэтаў.

Паводле яго слоў, зніжэнне ўзроўню і інтэнсіўнасці адносін з асобнымі краінамі і рэгіёнамі Беларусь кампенсуе нарошчваннем узаемадзеяння з тымі дзяржавамі і аб’яднаннямі, якія гатовы супрацоўнічаць на аснове ўзаемнай павагі і раўнапраўя. Так, летась удалося істотна актывізаваць супрацоўніцтва ў Саюзнай дзяржаве, па лініі ЕАЭС і СНД. Працягнута нарошчванне ўзаемадзеяння па шырокім коле пытанняў з Кітаем, актывізавана работа з іншымі дзяржавамі далёкай дугі.

У той жа час у адказ на недружалюбныя дзеянні Еўрасаюза Беларусь была вымушана прыняць меры: прыпынены ўдзел у ініцыятыве «Усходняе партнёрства», абмежаваны імпарт прадукцыі з некаторых краін, зроблены сіметрычныя крокі ў візавай сферы.

Абмежаванні ў адносінах «Белавія» беспадстаўныя

Абмежаванні адносна авіякампаніі «Белавія» абсалютна беспадстаўныя і неразумныя, лічыць Уладзімір Макей. Канфлікт, нагадаем, узнік пасля інцыдэнту з самалётам Rуаnаіr у маі 2021 года. Пасля гэтага шэраг краін забараніў палёты беларускіх самалётаў над сваёй тэрыторыяй.

— Мы бачым спробы заходніх краін аказаць уплыў на ІСАО для таго, каб ІСАО падрыхтавала адпаведнае выгаднае для іх заключэнне. Мы катэгарычна не прымаем гэта, працуем з членамі ІСАО, нашымі партнёрамі.

Натуральна, будзем адсочваць сітуацыю і рабіць захады па зняцці неабгрунтаваных абмежаванняў супраць нашай авіякампаніі. Абсалютна беспадстаўныя, неабгрунтаваныя, дурныя рашэнні, — сказаў кіраўнік МЗС. — Калі ІСАО не адменіць гэтае рашэнне, то для нас гэта будзе сур’ёзны паказчык, прычым не толькі для нас — для ўсіх, што палітызацыя пытання адбываецца ўжо ў адносінах да тых палажэнняў, якіх гэта не тычыцца. Я маю на ўвазе палажэнне аб авіяцыйнай бяспецы. Там палітыка не павінна прысутнічаць. Бо гэта звязана з жыццём людзей, пасажыраў.

Кіраўнік МЗС нагадаў: беларускі бок першапачаткова заяўляў аб тым, што санкцыі адносна «Белавіі» абсалютна неапраўданыя і супярэчаць усім міжнародным пагадненням і дакументам.

— Нас ужо тады ўразіла тая паспешнасць, з якой літаральна на працягу сутак былі ўведзены санкцыі супраць нашай авіякампаніі, хаця сітуацыя адбылася ў нядзелю, звычайна ў нядзелю кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў маўчаць. Але з гэтай нагоды, як па ўзмаху чароўнай палачкі, літаральна на працягу 40 хвілін з’явілася рэакцыя заходніх краін на гэты інцыдэнт, які да «Белавіі» ніякага дачынення не мае, — сказаў міністр.

Беларусь катэгарычна супраць пашырэння НАТА

Міністр адзначыў, што стаўленне да пашырэння НАТА агульнавядомае. Яно аб’яўлялася яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў.

— Мы заўсёды выступалі катэгарычна супраць пашырэння НАТА. Лічым, што тыя абяцанні, якія ў свой час былі дадзены Гарбачову, заходнімі партнёрамі парушаны. У выніку мы маем сітуацыю, якую маем, калі ніхто нікому не давярае, калі ўсе падзелены на «нашых» і «нянашых» і калі такія пляцоўкі, як Пастаянны савет АБСЕ, Савет Бяспекі ААН, ператварыліся толькі ў поле бітвы, — адзначыў Уладзімір Макей.

Ён падкрэсліў, што небяспечна губляць «дух Сан-Францыска, калі стваралася Арганізацыя Аб’яднаных Нацый».

— Калі, нягледзячы на ??вялізныя палітычныя рознагалоссі, супярэчнасці, якія існавалі ў той час, кіраўнікі дзяржаў, якія знаходзяцца па розныя бакі барыкад, тым не менш, прынялі рашэнне аб стварэнні гэтай арганізацыі. Сёння гэты дух Сан-Францыска страчаны. І, больш за тое, з-за таго, што мы назіраем інфантылізм у палітыцы шэрагу заходніх кіраўнікоў, не можам знайсці нават нейкія мінімальныя кропкі для судакранання, дыялогу. Сёння гэта вельмі важна і неабходна, — перакананы Уладзімір Макей.

У Еўрасаюзе больш не праяўляюць цікавасці да мігрантаў

Паводле даных Уладзіміра Макея, на тэрыторыі транспартна-лагістычнага цэнтра «Брузгі» на гэты момант знаходзіцца крыху больш за 700 мігрантаў, з іх 270 дзяцей.

— Гэта людзі, якія не хочуць з’язджаць на радзіму і не хочуць заставацца ў Беларусі. Мы казалі аб гэтым першапачаткова нашым партнёрам: давайце вырашаць пытанне сумесна. Значная частка мігрантаў мела намер з’ехаць у заходнія краіны, таму што там знаходзяцца іх сем’і. Яны хацелі ўз’яднацца з імі.
Еўрапейскі саюз на пэўным этапе пагадзіўся абмяркоўваць гэтыя пытанні.

— Даслалі сюды тэхнічную групу. Гэтая група адмовілася нават сустрэцца з мігрантамі. Прыехалі толькі для таго, каб пераканацца, што мы сапраўды вельмі шчыльна працуем з адпаведнымі міжнароднымі арганізацыямі — Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі, ААН, Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа. Для гэтага не варта было і прыязджаць сюды, — заўважыў Уладзімір Макей. — Стварылі мітусню вызначаную пасля гэтага візіту і маіх размоў са спадаром Барэлем і майго намесніка са сваімі калегамі. Пасля гэтага зноў усё заціхла. І ніхто зараз ніякай цікавасці да лёсу пакінутых мігрантаў не праяўляе. Для нас гэта паказчык таго, якія стандарты існуюць у адносінах да Беларусі і суседніх краін, — сказаў міністр.

Уладзімір Макей канстатаваў, што ЕС і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі проста заплюшчваюць вочы, калі ім расказваюць аб загінулых бежанцах на тэрыторыі Польшчы і Літвы, збітых людзях, якія выштурхваліся з тэрыторыі Літвы і Польшчы. Не дачакаўся беларускі бок і абяцанай фінансавай падтрымкі:

— Было абяцана выдзяленне каля 1 мільёна на тое, каб аказаць садзейнічанне ў вырашэнні гэтай праблемы. Але грошай да гэтага часу не ўбачылі.

Кіраўнік МЗС таксама чарговы раз адхіліў абвінавачанні, што Беларусь арганізавала міграцыйны крызіс.

Еўрасаюзу яшчэ ў красавіку мінулага года прапаноўвалася пасля прыпынення фінансавання шэрагу праграм у гэтай сферы абмеркаваць пытанні міграцыі. Аднак ніводнага адказу, паводле слоў міністра, на гэтыя прапановы не было.

Беларусь будзе выкарыстоўваць расійскія порты

Пасля адмовы прыбалтыйскіх суседзяў ад перавалкі беларускіх грузаў у іх партах Беларусь задзейнічае расійскую інфраструктуру.

— Вядзецца канкрэтная работа, каб актыўна задзейнічаць расійскія порты для перавалкі беларускіх грузаў. Гэта і падстрахоўка на будучыню. Хаця я перакананы, што рана ці позна сітуацыя і на заходнім напрамку нармалізуецца. Але калі нашы партнёры не хочуць гэтага, то мы павінны рабіць адпаведныя захады, каб нейтралізаваць негатыўныя наступствы для нас, — сказаў Уладзімір Макей.

Паводле яго слоў, з расійскім бокам ужо дасягнуты дамоўленасці, работа працягваецца.

— Зразумела, што гэта не аднадзённы працэс. Выхад на максімальна эфектыўныя вынікі запатрабуе вызначанага часу, высілкаў і фінансавых сродкаў. Цяпер нашы спецыялісты займаюцца гэтымі пытаннямі, — адзначыў міністр.

Беларусь і Кітай: далейшаму супрацоўніцтву быць

— Мы цяпер працуем над арганізацыяй прамых кантактаў нашых кіраўнікоў. Думаю, што ў ходзе маючых адбыцца кантактаў нашы кіраўнікі абмяркуюць шэраг важных пытанняў, якія прывядуць да далейшага паглыблення і ўмацавання нашага супрацоўніцтва, — сказаў Уладзімір Макей. — Мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве з тымі краінамі, якія для нас адчыняюць дзверы. Цяпер абмяркоўваецца шэраг канкрэтных праектаў, звязаных з далейшым адкрыццём кітайскага рынку для нашых тавараў. Гэта сельскагаспадарчая і прамысловая прадукцыя.

Алена КРАВЕЦ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».