Вы тут

Кніжны агляд. Святло месяца, полымя праўды


Васіль Быкаў. Народная бібліятэка. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021

Новы выпуск серыі «Народная бібліятэка» прысвечаны Васілю Быкаву. Нагадаю, што незвычайны праект выдавецтва «Мастацкая літаратура» — выданні класікаў складаюцца паводле чытацкага выбару. Звесткі пра густы чытачоў збіраюцца з дапамогай бібліятэк. Улюбёных твораў Быкава назбіралася ажно на два тамы. Што ж трапіла ў «топ»? Аповесці «Знак бяды», «Абеліск», «Жураўліны крык», «Альпійская балада», «Дажыць да світання», «Сотнікаў». Па тры аповесці на том. Любая з іх — шэдэўр, узор экзістэнцыяльнай прозы сусветнага ўзроўню. Як Васіль Быкаў казаў пра аповесць «Сотнікаў», «Перш за ўсё і галоўным чынам мяне цікавілі два маральныя моманты, якія, спрасціўшы, можна сфармуляваць так: «Што такое чалавек перад знішчальнай сілай бесчалавечых абставін? На што ён здольны, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаны ім да канца і прадухіліць смерць немагчыма?» Тыя ж пытанні вырашаюцца ва ўсіх творах прадстаўніка «лейтэнанцкай прозы», пакалення франтавікоў, якія сказалі праўду пра вайну. Праўду, якая не ўсім, прывычным да афіцыёзу, падабалася. Таму вакол кожнага са згаданых твораў разгараліся дыскусіі. Напрыклад, Пятрусь Броўка патрабаваў змяніць наступнае: «Вельмі прыкра, калі Рыбак вядзе Сотнікава на смерць. Можа, адзінкавы такі выпадак і быў, але гэта неўласціва нашаму партызанскаму руху. Можа, варта было б пазбегнуць гэтага, а калі не, дык было б добра, каб Рыбака (нягледзячы на яго пераход у паліцаі) усё роўна павесілі. А то выходзіць, што здрадніцтва, шкурніцтва перамагае». Больш глыбока прачытаў паказанае Алесь Адамовіч: «Жудасная справа — «ліквідацыя» Сотнікава і іншых, з кім расправіліся фашысты ў маленькім беларускім гарадку. Але тое, што фашысты зрабілі з Рыбаком, — таксама «ліквідацыя»: яго пазбавілі чалавечага права ўжо не на жыццё, а нават на больш-менш прыстойную смерць».

Тамы стыльна аформленыя, іх зручна чытаць — добрая папера, закладкі, трывалы пераплёт. Ну а ў Год гістарычнай памяці абавязкова варта звярнуцца да кніг, дзякуючы якім гэтая памяць захоўваецца.


Аляксей Лосеў. Дыялектыка міфа. Выдавецтва «Азбука», Масква, 2021

«Усё на свеце ёсць міф», «Міф не ёсць выдумка ці фікцыя, не ёсць фантастычны вымысел».

Нічога сабе заява для 1930 года, у краіне, дзе абвешчаны адзінай прымальнай філасофіяй марксізм?

Але філосаф, знаўца антычнай культуры і перакладчык Аляксей Лосеў пісаў трактат «Дыялектыка міфа» без аглядкі на цэнзуру...

Не, там пачыталі, адрэдагавалі... Але аўтар пасля ўнёс дапаўненні, якія палічыў патрэбным. І яшчэ ў час падрыхтоўкі быў арыштаваны — занадта шмат шкодных думак...

Трактат, вядома, патрабуе пэўнай падрыхтоўкі ад чытача, але захапляльны, і так і падбівае на рэфлексіі і дыскусіі. Неверагодная эрудыцыя, цікавыя прыклады і параўнанні, яркі, вобразны, трохі велягурысты стыль і палемічны запал.

«Калі грэк не ў эпоху скептыцызму і ўпадку рэлігіі, а ў эпоху росквіту рэлігіі і міфа гаварыў аб сваіх шматлікіх Зеўсах ці Апалонах; калі некаторыя плямёны маюць звычай надзяваць на сябе каралі з зубоў кракадзіла, каб пазбегнуць небяспекі патануць, пераплываючы вялікія рэкі; калі рэлігійны фанатызм даходзіць да самакатавання і нават да самаспалення; — дык вельмі па-невуцку было б сцвярджаць, што міфічныя ўзбуджальнікі , якія тут дзейнічаюць, ёсць не больш як толькі выдумка, чысты вымысел для дадзеных міфічных суб'ектаў. Трэба быць да апошняй ступені блізарукім у навуцы, нават проста сляпым, каб не заўважыць, што міф ёсць (для міфічнай свядомасці, вядома) найвышэйшая па сваёй канкрэтнасці, максімальна інтэнсіўная і ў вышэйшай меры напружаная рэальнасць».

Міф для Лосева ў самой свядомасці («многія, напрыклад, любяць крыўдзіцца»), у навуцы (паводле Ньютана свет аднародны і бясконцы, а гэта «чорная дзірка, нават не магіла і нават не лазня з павукамі»). Лосеў разважае пра вучэнне Гётэ пра колеры («Што датычыцца, напрыклад, мяне, то я ніколі не бачу проста жоўты колер... Жоўты колер утварае цёплае ўражанне і выклікае дабрадушны настрой»). А развагі пра святло месяца — гэта ўвогуле паэзія... «Выйдзіце на луг, калі над вамі бязвоблачнае летняе неба і калі месяц адзін лунае ў вышыні, так што ні вецер, ні хмары, ні дождж, ні які-небудзь асаблівы стан атмасферы не адцягвае вашае ўвагі і вы можаце засяродзіцца толькі на месяцы. Гэтае месяцовае святло ў самай сутнасці ёсць нешта халоднае, сталёвае, металічнае...»

Аўтар піша нават пра галасы ў сваёй галаве — напрыклад, падчас якой-небудзь лекцыі чуе, як густы бас цягне на адной ноце «Н-а-а-а-а-а-до-о-о-о-о-о-е-е-е-е-е-е-е-лооооооо... Нааааааадоооооееееелоооо...»

Трактат быў упершыню выдадзены толькі ў 1990-х. Аляксей Лосеў памёр раней, хоць пражыў надзвычай доўгае і плённае жыццё. Як выказаўся адзін крытык, «Дыялектыка міфа» пакідае дзіўнае ўражанне, але ўтрымлівае надзвычай цікавыя разважанні.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.