Вы тут

Урокі кахання


Вечная тэма заўжды прыцягвала пісьменнікаў.


Вераснёвыя ночы. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2020.

У зборнік увайшлі 25 апавяданняў пра каханне. Вечная тэма раскрываецца класікамі беларускай літаратуры і сучаснымі пісьменнікамі ў розных ракурсах. Найчасцей гэта каханне не дужа шчаслівае, часам неўзаемнае альбо вымушанае прайсці праз выпрабаванні.

«Нёманаў дар» Якуба Коласа – пра суперніцтва двух хлопцаў за сэрца прыгажуні Ганны: сацыяльная няроўнасць паскорыла трагічную развязку. Міхась Зарэцкі намаляваў вобраз рэвалюцыянеркі Шумавай, якая не можа пазбыцца любові да сына, якога здала ў дзіцячы дом паводле сваіх поглядаў («Дзіўная»). Паміж каханнем і неабходнасцю пайсці за нялюбага раздзіраецца Агата («Вераснёвыя ночы» Кузьмы Чорнага). «Спатканне за горадам» Івана Мележа варта чытаць дзяўчатам, якія аддаюць сваё першае пачуццё жанатаму. «На сцяжыне жыцця» Васіля Быкава таксама пра каханне да сямейнага мужчыны і нечаканую цяжарнасць, але зусім іншымі фарбамі малюе пісьменнік лёс Фрузы, якая прымае сваё мацярынства як дар.

Рамантычныя жарсці на фоне прыроднай стыхіі – у апавяданні Уладзіміра Караткевіча «Блакіт і золата дня». Таемнай радасцю пасляваеннага дзяцінства для хлопчыка ў Вячаслава Адамчыка становіцца ўзнёслае захапленне настаўніцай («Урок арыфметыкі»). Толькі што скончылася вайна і для героя Івана Навуменкі – і вось расчараванне: дзяўчына, якую ён чамусьці лічыў сваёй, хоць і бачыў толькі раз, не ўзрадавалася яму. Сцяпан Жыхар у Івана Пташнікава сваё каханне захаваць не здолеў, але раптам адчуў бацькоўскую пяшчоту да маленькага Валеркі…

Тым і цікавая падборка (укладальнік Алесь Бадак), што стэрэатыпных хадоў у творах няма, затое багата псіхалагізму, жыццёвай назіральнасці і стылістычнай вытанчанасці. 

Фрэнсіс Скот Фіцджэральд. Ноч пяшчотная. Масква, «Эксмо», 2020.

Юная, але ўжо вядомая акцёрка Розмэры Хойт гатовая забыцца на ўсе ўмоўнасці дзеля абаяльнага Дзіка Дайвера, з якім пазнаёмілася на дарагім французскім курорце. Аднак Дзік, паспяховы доктар-псіхатэрапеўт, шчаслівы муж і бацька, не спяшаецца адказаць на палкія пачуцці дзяўчыны.

Так пачынаецца раман пра руйнаванне ідэалаў і змарнаваны талент, а прычына гэтай драмы, па вызначэнні самога пісьменніка, – жаданне яго героя адпавядаць ладу жыцця багатых буржуа, часткай кола якіх ён робіцца дзякуючы шлюбу са сваёй псіхічнахворай пацыенткай, спадчынніцай амерыканскіх мільянераў. Раман выйшаў у 1934 годзе і нясе відавочны адбітак ідэй псіхааналізу – Ніколь кранулася розумам праз інцэст, а сам Дайвер абагаўляе свайго сучасніка Фрэйда.

Фінал шлюбу добры для пацыенткі, але згубны для доктара: Ніколь цалкам акрыяла і зноў выйшла замуж, а Дзік апынуўся ва ўладзе цяжкага крызісу. Чытач можа самастойна паразважаць над прычынай маральнага падзення добрага і прыстойнага чалавека. А яшчэ – атрымаць асалоду ад тонкіх назіранняў за псіхалогіяй герояў, ад апісання марскіх хваляў на французскай Рыўеры, прасякнуцца адчуваннем элегантнага суму «эпохі джазу» і паспрабаваць уявіць лёгкае (нібы ў бунінскай гімназісткі) дыханне юнай Розмэры, што «ледзь-ледзь аддае шампанскім» – як-ніяк, у рамане прэпаруецца жыццё вышэйшага класа.

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

Дзе б вы ні працавалі і чым бы ні займаліся, уменне мець зносіны і зрабіць добрае ўражанне – адзін з самых галоўных навыкаў.

Культура

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Сёлета адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння класікаў.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.