Вы тут

Жыццё ў аб'ектыве беларускага фотамайстра Міхаіла Ананьіна


Разглядваю старонкі календара новага 2022 года і зважаю на пазначаныя там юбілейныя даты — нямала іх у нашай гісторыі. У думках міжвольна далучаю да гэтых пазначаных дзён некаторыя іншыя, звязаныя з маімі ўласнымі ўспамінамі. Напэўна, кожны трымае ў памяці такі «ўласны» каляндар успамінаў з імёнамі родных, сяброў, знаёмых — усіх, хто калісьці пакінуў свой след у нашым жыцці.

Сто гадоў таму нарадзіўся Міхаіл Ананьін, добра знаёмы мне майстар фотарэпартажу, заслужаны работнік культуры Беларусі, адзін з тых, хто ствараў каштоўны летапіс жыцця краіны на розных этапах яе гісторыі. Пра яго сёлетні юбілей нагадае кожны, хто мае выдатна ілюстраваныя ім кнігі і альбомы. Я ж да гэтага хачу яшчэ згадаць сустрэчы з ім, размовы, сумесную працу ў час выканання рэдакцыйных заданняў.


Міхаіл Ананьін у апошнія гады жыцця (здымак вядомага беларускага фотамайстра Юрыя Іванова).

Міхась — ваенны фотакарэспандэнт, падпольшчык, партызан

— Я, сябры мае, пабачыў наша перадваеннае жыццё на прасторах ад Уральскіх гор да Балтыйскага мора, — заўважаў Міхаіл Пятровіч, калі размова заходзіла пра яго ранейшыя рэпарцёрскія маршруты. Такое аўтарытэтнае сведчанне ён звычайна падмацоўваў цікавымі ўспамінамі пра свае першыя публікацыі на старонках газет «Уральский рабочий», «Правда», «Комсомольская правда». У пачатку 30-х гадоў сын уральскага вясковага каваля прыехаў у Свярдлоўск вучыцца на краўца. Але праз нейкі час юнак захапіўся папулярнай тады фотасправай, стаў наведваць курсы пры мясцовым фотаатэлье. Усё часцей яго бачылі ў рэдакцыях газет з папкай новых здымкаў. Здольнасці маладога аўтара заўважылі і неўзабаве запрасілі працаваць у «Комсомольскую правду».

Камандзіроўка ў Рыгу у чэрвені 1941 года змяніла жыццё фотакарэспандэнта-газетчыка. Адтуль Ананьін прабіваўся разам з чырвонаармейцамі і праз тыдзень дабраўся да рэдакцыі. Адразу ж папрасіў накіраваць яго ў дзеючую армію. Свайго дабіўся. Але ўжо праз чатыры месяцы малады ваенкар быў цяжка паранены і кантужаны ў баі пад Вязьмай, трапіў у палон.

У кастрычніку 1941 года ў рэдакцыі «Комсомольской правды» даведаліся: лейтэнант Ананьін загінуў у час варожага мінамётнага налёту. Паведамленне было памылковым. На самай справе лёс яго складваўся па-іншаму. Двойчы давялося яму ўцякаць з фашысцкага палону. На прыпынку эшалона з ваеннапалоннымі ў Мінску ён здолеў падмануць ахову і схавацца ў пасёлку Малая Серабранка. На ўсё жыццё захаваў Міхаіл Пятровіч удзячнасць да сям'і Любезных, якая тады дала яму прытулак, магчымасць падлячыць раны. Неўзабаве, прыгледзеўшыся да людзей, ён стварыў падпольную групу, уступіў у барацьбу супраць акупантаў.

У пачатку 1943 года разам з сябрамі-падпольшчыкамі ён прыбыў у партызанскі атрад імя Варашылава. Сярод заданняў, якія яму даручалі, было адно, разлічанае персанальна на яго: Ананьін рэдагаваў партызанскую газету «Ворошиловец», баявыя лісткі, удзельнічаў у стварэнні рукапіснага часопіса.

І зноў варожая куля знайшла маладога партызана: у баі за пераправу праз раку Пціч каля вёскі Зарэчча яго цяжка параніла.

Адразу ж пасля вызвалення Беларусі ад захопнікаў Міхаіл Пятровіч вярнуўся ў Маскву і атрымаў новае рэдакцыйнае пасведчанне. Так ён стаў фотакарэспандэнтам часопіса «Советский Союз».

Каб фатаграфаваць жыццё, трэба яго ведаць і любіць

— Такое неаднойчы чулі мы ад ветэрана, які меў усе правы на гэтую ўласную выснову. Памятаю, як у 70-х гадах, падчас работы над фотавыставамі ў журы Саюза журналістаў, Міхаіл Пятровіч ахвотна падтрымліваў, падштурхоўваў наперад маладых аўтараў. Маўляў, нічога, што рэпарцёр яшчэ не натрапіў на сенсацыйны сюжэт, але ж і гэты самы просценькі здолеў адлюстраваць з любоўю...

Сам Міхаіл Пятровіч працаваў у журы з найвялікшай адказнасцю. Нават у будзённыя дні з'яўляўся на пасяджэнні пры гальштуку, абавязкова з ордэнскай планкай на піджаку. Яго ўласныя фотаздымкі, прапанаваныя для экспазіцыі, заўжды былі ўзорам аўтарскага крэда «ведаць і любіць».

Дзе б у пасляваенныя гады ні пралягалі рэпарцёрскія дарогі, Ананьін заўжды помніў пра Беларусь, пра сяброў-партызан. Таму ў свой час прыняў ён рашэнне пераехаць жыць у Мінск. Так, з пачатку 50-х гадоў старонкі фоталетапісу БССР сталі папаўняцца яго цудоўнымі, рэдкімі для таго часу каляровымі фотаздымкамі, Міхаіл Пятровіч стаў прызнаным беларускім майстрам № 1.

Дваццаць пяць гадоў прысвяціў ён працы ў выдавецтве «Беларусь», перадаючы чытачам са старонак разнастайных выданняў свае думкі мастака, грамадскія пачуцці, погляд на складаныя з'явы жыцця. Адны за адным выдаваліся яго выдатныя фотаальбомы, буклеты, праспекты. Пазнаўшы ўсе цяжкасці ваеннага ліхалецця, Ананьін ствараў найлепшыя калекцыі здымкаў пра былых франтавікоў і партызан, пра Курган Славы, Хатынь, Брэсцкую крэпасць.

У адным з пакояў рэдакцыі «Звязды» захоўваецца гэты вялікі фотаздымак, зроблены ў 70-х гадах мінулага стагоддзя на сустрэчы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Міхаіл Ананьін (на фота першы злева) падчас выканання рэдакцыйнага задання. У цэнтры — героі Савецкага Саюза першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў і былая падпольшчыца Марыя Осіпава.

Дарэчы, менавіта на зямлі гераічнай крэпасці над Бугам зрабіў ён здымак, які адразу ж надрукавалі многія газеты і часопісы на ўсіх кантынентах. У час сустрэчы былых абаронцаў крэпасці фотажурналіст-ветэран нібы сэрцам адчуў, дзе шукаць галоўны сюжэт. Міхаіл Пятровіч знайшоў надзвычайна скупы, але максімальна эмацыянальны выразны сюжэт: пасівелы інвалід на мыліцах схіліўся ў роздуме над руінамі крэпасці. Гэты здымак быў адзначаны залатым медалём Усесаюзнай фотавыстаўкі, бронзавым медалём міжнароднай выстаўкі «Інтэрпрэсфота», узнагародамі іншых фотафорумаў. Цікава дазнацца і пра таго героя фотаздымка: ім быў былы абаронца крэпасці Уладзімір Фурсаў, на той час — прафесар-біёлаг з Алма-Аты.

Здымкі Ананьіна знаходзяцца ў залатым фондзе фоталетапісу мінулага стагоддзя — гэта ён зафатаграфаваў гістарычны момант, калі савецкія салдаты-пераможцы на парадзе Перамогі ў 1945 годзе кідалі пад ногі сцягі і штандары гітлераўскіх захопнікаў. Пры жыцці ён трымаў свой ваенны фотаархіў заўжды напагатове: да яго вельмі часта звярталіся з рэдакцый газет і часопісаў, прапануючы падрыхтаваць для друку чарговыя падборкі ўнікальных фотадакументаў пра гераічную барацьбу за незалежнасць Беларусі. Друкаваліся такія фота і ў «Звяздзе». Добра памятаю, як ён прывозіў у нашу рэдакцыю вялікі канверт са здымкамі, расказваў пра іх і абавязкова на завяршэнне дадаваў: «Толькі ж вы абавязкова перадайце чытычам «Звязды» маё ветэранскае прывітанне!»

Што вы мне пра «Nіkon» гаворыце, я і валенкам сфатаграфую!

Гэту фразу ад Ананьіна чулі многія калегі. Чулася яна ў час гарачых дыскусій фотамайстроў пра якасць айчынных і замежных фотаапаратаў. У тыя гады мала хто з нас быў знаёмы з прафесійнымі замежнымі камерамі, а іх шчаслівых уладальнікаў сярод мінчан можна было пералічыць па пальцах. Адпаведна, і легенды пра суперякасць замежнай апаратуры існавалі самыя неверагодныя. Міхаіл Пятровіч аўтарытэтна абвяргаў такое і прыводзіў у прыклад вядомы школьны вопыт, калі фотаздымак робяць з дапамогай звычайнай кардоннай скрыначкі, якую пракалолі такім жа звычайным цвічком. Пры гэтым ён хітравата ўсміхаўся і працягваў расказваць прыціхлым калегам, што найлепшыя свае каляровыя фота ён зрабіў айчыннымі, нязграбнымі на выгляд фотаапаратамі «Масква» ці «Іскра». Зразумела, была ў яго арсенале і заходняя «Лейка», але, я перакананы, гэты фотаапарат меў у Ананьіна асаблівы статус. Нездарма ж пра такіх франтавых карэспандэнтаў спявалі, што праз полымя вайны ішлі яны «З «Лейкай» і блакнотам, а то і з кулямётам...»

Фотаальбом «У аб'ектыве — жыццё», выдадзены ў Мінску ў 1984 годзе.

І ўсё ж такі гэты майстар ужо ў сталых гадах быў не супраць спасцігаць новае. Чаго вартыя былі, напрыклад, яго запісныя кніжкі. У іх ён дэталёва заносіў усе тэхнічныя даныя кожнага адзнятага каляровага кадра (гэта сёння мы маем магчымасць якасна здымаць, не задумваючыся, адным націскам кнопкі). У тыя гады сакрэты каляровай стужкі былі яшчэ мала вядомымі, а доўгі пералік хімічных рэактываў для яе праяўкі ўвогуле выглядаў як старонка з энцыклапедыі. Міхаіл Пятровіч занатоўваў і аналізаваў, спрабаваў і знаходзіў — гэта было рысай яго творчага характару.

Дарэчы, яго выдатныя фотаальбомы пра прыроду Беларусі атрымліваліся дзякуючы ўпартай працы не толькі фотамайстра, але і знаўцы, даследчыка айчыннай флоры і фаўны. Такія выданні выходзілі ў Беларусі вялікім накладам і разыходзіліся сярод чытачоў на розных шыротах. Шкадую, што ў той час не занатаваў расповеды аўтара пра здымкі ў нетрах Белавежскай пушчы, дзе перад ім яшчэ не бывалі іншыя фотамайстры.

Да апошніх гадоў жыцця не пакідаў майстар сваёй аднойчы і назаўжды абранай справы. Варта было б захаваць для нашчадкаў здымкі яго маленькай кватэры ў цэнтры Мінска — там у кухні або ў цёмным ванным пакойчыку ён праяўляў стужкі, складаў па ўласных рэцэптах хімічныя растворы, друкаваў фотаздымкі, якія станавіліся шэдэўрамі айчыннай фотакласікі.

Сярод кніг, якія я захоўваю з найбольшай беражлівасцю, — выданні з аўтографамі аўтараў. На пачэсным месцы тут падораны мне фотаальбом выбраных здымкаў, зробленых Міхаілам Пятровічам на працягу пяцідзесяці гадоў яго творчай дзейнасці. Цвёрда выведзеныя літары аўтографа нібы перадаюць рысы характару майстра: адкрытасць, прамата, дасціпнасць. Назва альбома «У аб'ектыве — жыццё» раскрывае, што натхняла маэстра ва ўсе гады і дзеля чаго прайшоў ён пакручастыя дарогі, дадзеныя лёсам.

Яўген ПЯСЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».