Вы тут

Што памятае горад на Волзе пра Максіма Багдановіча


Сучаснае навуковае і творчае супрацоўніцтва мае розныя тэхнічныя магчымасці для мабільнай сувязі, аператыўнага абмену інфармацыяй і электроннымі копіямі архіўных дакументаў. Але віртуальны кантакт ніяк не можа замяніць матэрыялізаванае сведчанне ўвагі і падтрымкі з боку замежных калег. Прыемным сюрпрызам стаў нечаканы падарунак, атрыманы па пошце, — шыкоўна выдадзеная кніга «Спатканні з Яраслаўлем».


Аўтар гэтых радкоў упершыню наведаў знакаміты горад на Волзе ў 1999 годзе. Персанальную экскурсію для мяне тады арганізавала Наталля Прохарава, дырэктар Дома-музея М. Багдановіча. Вельмі цікава было наведаць мясціны, звязаныя з аўтарам «Вянка», пагля-дзець на многія будынкі не толькі з фасаднага боку, — прайсціся ўнутранымі дварамі, зазірнуць у пад’езды. Не ўсе пройдзеныя намі маршруты сталі турыстычнымі, распрацаванымі і афіцыйна зацверджанымі, але, як пісаў сам паэт: «Ёсць чары у забытым, старадаўным; // Прыемна нам сталеццяў пыл страхнуць // І жыць мінулым — гэткім мудрым, слаўным, — // Мы любім час далёкі ўспамянуць».

Захаваўся будынак гімназіі, узведзены ў 1898–1899 гадах, дзе вучыўся М. Багдановіч (вул. Савецкая, 14/2). Лесвіца, літыя парэнчы, здаецца, і цяпер памятаюць жвавы тупат навучэнскай моладзі, паважныя крокі выкладчыкаў, а масіўныя сцены сталі часавымі капсуламі для галасоў і гукаў мінулага. Сёння тут знаходзіцца Яраслаўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Паўла Дзямідава.

А паколькі «мы сквапна цягнемся к старым паэтам» не лішне звярнуцца да сівой даўніны. Усім вядома «Слова пра паход Ігаравы». Больш дасведчаныя згадаюць імя графа Аляксея Мусіна-Пушкіна, які адкрыў помнік старажытнарускага пісьменства і апублікаваў яго. І вельмі нямногія скажуць, што захавальнікам старажытнага спіса быў ураджэнец беларускіх зямель архімандрыт Іоіль (Іван Быкоўскі; 1726–1797), выкладчык і духоўны пісьменнік, закладальнік вялікага кнігазбору ў Спаса-Яраслаўскім манастыры.

Магчыма, Максім Багдановіч чуў пра гэты гістарычны эпізод. Так ці інакш, паэт чыстай красы стаў адным з першых перакладчыкаў «Слова...» на сучасную беларускую мову. У «Беларускім календары „Нашай нівы“ на 1911 год» (Вільня, 1911) была апублікавана «Песня пра князя Ізяслава Полацкага (З „Слова о полку Ігореве“)» з пазнакай пад загалоўкам: «„Слова о полку Ігореве“ напісана 900 гадоў таму назад у даўнейшай заходнерускай мове, з якой пайшла наша беларуская мова». Пад тэкстам: «Яраслаўль. Максім Багдановіч». З горада на Волзе перастваральнік перакінуў прасторава-часавыя масты ў родныя землі («Ізяслаў-князь, сын Васількоў, // Даўнымі часамі // Аб літоўскія шаломы // Пазваніў мячамі...»), ажывіў мінуўшчыну трапяткімі эмоцыямі і гукамі:

Ураніў самотна з цела
Ён душу ўдалую
Цераз пацерку на шыі,
Цераз залатую.
Засмуцілася вясёласць,
Песні замаўкаюць,
І жалобна, сумна трубы
У Гародні граюць.

Сам па сабе Яраслаўль — горад-музей пад адкрытым небам. Але ў канцы 1990-х гг. многія імкнуліся наведаць экспазіцыю новага фармату — «Музыка і час», пад якую мэрыяй быў выдзелены асобны невялікі будынак у гістарычным цэнтры. Тут прадстаўлены гадзіннікі і музычныя інструменты розных эпох з прыватнага збору Джона Мастаслаўскага, у мінулым — артыста арыгінальнага жанру, ілюзіяніста. Своеасаблівай разынкай для наведвальнікаў стала магчымасць паіграць на адным з экспанатаў. Сёння «Музыка і час» — ужо музейны комплекс з уласнай гісторыяй і шматлікімі ўзнагародамі, некалькімі экспазіцыямі (далучыліся калекцыі фарфору і самавараў), сваім сайтам і рознымі відамі дадатковых паслуг.

Дом-музей М. Багдановіча ў Яраслаўлі.

Асноўны корпус тэксту кнігі «Спатканні з Яраслаўлем» (Рыбінск, 2019), падрыхтаванай Уладзімірам Жэльвісам і Наталляй Абнорскай, складаюць 12 раздзелаў-«спатканняў». Пачынаецца ўсё ўрачыстым уваходжаннем у Яраслаўль: «Вуліца Свабоды: ад „варот горада“ да старажытных гарадскіх варот», «Ад Знаменскіх варот да Волгі», «На Волгу, за былыя Сямёнаўскія вароты». Далейшы турыстычны маршрут вядзе да гістарычнага цэнтра («Скарбы старажытнага яраслаўскага пасаду», «Па старадаўняй гандлёвай плошчы пасаду»), кружляе вакол цэркваў, крочыць узбярэжжам вялікай рускай ракі. Завяршаецца знаёмства з горадам наведваннем Яраслаўскага дзяржаўнага гісторыка-архітэктурнага і мастацкага музея-запаведніка, што месціцца ў былым Спаса-Праабражэнскім манастыры. Апошні раздзел, ён жа «Спатканне дванаццатае» — «У баку ад турыстычных сцежак...» — распавядае пра асобныя дастапомнасці Яраслаўля, размешчаныя ў розных частках горада, запрашае не толькі ў падарожжа ў прасторы, але і ў часе, бо гаворка ідзе пра цікавыя пабудовы ХVІІ—ХХІ стст.

«Спатканне другое» асабліва насычана інтэлектуальнай прысутнасцю, застылай у помніках, мемарыяльных знаках, гістарычных пабудовах: заснавальнік першага рускага тэатра і першы рускі акцёр Фёдар Волкаў (1729–1763), оперны спявак Леанід Собінаў (1872–1934), паэт Леанід Трэфалеў (1839–1905), заснавальнік навуковай педагогікі ў Расіі Канстанцін Ушынскі (1824–1871), паэт Мікалай Някрасаў (1821–1878) і інш.

Помнік Максіму Багдановічу ў Яраслаўлі.

Асобны абзац гэтага раздзела візуальна падтрыманы скульптурнай выявай аўтара «Вянка»: «У гэтым будынку ў 1908–1910 гадах сярод іншых гімназістаў вучыўся Максім Багдановіч, які стаў адным з заснавальнікаў беларускай літаратурнай мовы і беларускай літаратуры. Помнік паэту Багдановічу — паменшаны паўтор помніка ў Мінску (скульптар Сяргей Міхайлавіч Вакар) — устаноўлены тут у 1994 годзе».

У Яраслаўлі набярэцца не адзін дзясятак багдановічаўскіх адрасоў: месцы вучобы і працы паэта, пражывання сям’і, кватэры сяброў, знаёмых і калег і інш. Так, у доме па сённяшнім адрасе Ушынскага, 2 падчас Першай сусветнай вайны размяшчалася сталоўка для бежанцаў з Беларусі. Максім Багдановіч неаднойчы бываў тут, зацікаўлена гутарыў з землякамі…

На Лявонцьеўскіх могілках побач спачываюць Адам Багдановіч, бацька паэта, і Аляксандра Мякота, малодшая сястра маці. Надмагільны помнік быў устаноўлены ў 1991 годзе стараннямі ўдзячных беларусаў (скульптар Павел Лук).

Старыя паштоўкі, здымкі розных гадоў, прафесійны тэкстэкскурс робяць «Спатканні з Яраслаўлем» не толькі цікавым чытвом, але і захапляльнай вандроўкай у часе і прасторы. У кнізе, дасланай аўтару гэтых радкоў, было шмат «беларускіх» закладак — памятак пра нашу нацыянальную прысутнасць у гісторыі горада, не часта агучаных у тэксце, але вядомых і заўсёды важных для калег-гуманітарыяў.

Мікола ТРУС

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».