Вы тут

Алімпійскі дзённік. Цуда не адбылося


У Пекіне скончыліся алімпійскія спаборніцтвы па біятлоне. Сёння мужчыны і жанчыны выступалі ў гонках з масавым стартам. На жаль, алімпійская Фартуна так і не ўсміхнулася беларусам. Адзіным медалём беларускага біятлону на гэтых гульнях застаецца серабро Антона Смольскага ў індывідуальнай гонцы.


Дзінара Алімбекава.

Ганна Сола заняла 10-е месца ў мас-старце, уступіўшы пераможцы 1 хв. 39,2 сек. Беларуска восем разоў прамахнулася на чатырох агнявых рубяжах. Дзінара Алімбекава да фінішу дыстанцыі ў 12,5 кіламетра прыехала 12-й. Яна таксама не закрыла восем мішэняў. 

Алімпійскай чэмпіёнкай стала французская біятланістка Жусцін Брэзаз-Бушэ з вынікам 40 хв. 18,0 сек. пры чатырох недакладных стрэлах. Серабро выйграла нарвежка Цірыль Экхаф (+15,3 сек.; 4 промахі), бронзавы медаль заваявала яе суайчынніца Мартэ Ройселан (+34,9 сек.; 4 промахі).

«Я такая спартсменка, якая можа падстроіцца пад любыя ўмовы надвор’я. Аднак, калі вецер здрадліва дзьме ў спіну, зрабіць гэта складана. Прызнаюся сумленна: цэлілася ў адну мішэнь — трапіла ў іншую. Не ведаю, як гэта тут адбываецца. Можа, не бачыла, сонца перашкаджала .Калі сыходзіла пасля першага рубяжа, не магла ўспомніць, колькі ў мяне промахаў. Мас-старт наогул пачаўся павольна, з першых метраў ніхто не бег. Многім замінаў сустрэчны вецер, таму пачатак гонкі атрымаўся сумбурным. Думаю, усе ўжо проста стаміліся. Хоць мае фізічныя кандыцыі сёння былі лепш, чым у папярэдніх гонках», — падзялілася Дзінара Алімбекава ў інтэрв’ю прэс-службе НАК Беларусі. 

Негатыўны ўплыў ветру на стральбу адзначыла і Ганна Сола. Па яе словах, вецер дзьмуў то ў спіну, то ў твар. Складана страляць у такіх умовах надвор’я. «На здзіўленне, па дыстанцыі сёння беглася значна лягчэй, чым у эстафеце. Функцыянальна я была гатова добра, магла прабегчы яшчэ некалькі колаў. Пасля першых гонак хвалявалася: увесь час нешта не атрымлівалася, а зараз імкнуся аналізаваць, быць у добрым настроі. Зразумела, усім хацелася дабіцца высокага выніку, і цяпер мне прыкра, што на Алімпіядзе атрымалася не ўсё, да чаго я была гатова», — адзначыла біятланістка. 

Старэйшы трэнер жаночай каманды па біятлоне Алег Рыжанкоў падвёў вынік выступлення сваіх падапечных на Алімпійскіх гульнях. «Складана абвінаваціць кагосьці са спартсменак у недапрацоўцы. У іх былі экстрэмальныя ўмовы надвор’я. У такой сітуацыі складана спрагназаваць, на якую ўстаноўку прыйдзеш і пры якім ветры будзеш страляць. Вядома, надвор’е для ўсіх аднолькавае, але хтосьці можа быць больш устойлівы да ветру, умее больш стрымана працаваць і больш жорстка стаяць. Такія экстрэмальныя ўмовы, як на гэтай Алімпіядзе, у маёй кар’еры першы раз. Ніколі не было такога марозу, вятры, вышыні. Гэтыя складанасці пераследавалі не толькі нашу каманду, але і ўсе астатнія зборныя. Вядома, мы, трэнеры, гледачы і самі спартсмены, чакалі, што выступленні будуць больш паспяховымі, чакалі медалёў. Нават пры такіх складаных умовах надвор’я мы маглі разлічваць на пэўныя ўзнагароды, — сказаў Алег Рыжанкоў.

Антон Смольскі ў гонцы з масавым стартам заняў 17-е месца. На двух агнявых рубяжах са становішча лежачы ён не закрыў ні адной мішэні, зарабіў два штрафныя кругі і саступіў пераможцу 3 хв. 07,9 сек. 

Чэмпіёнам Алімпіяды сёння стаў нарвежац Ёханэс Бе, які пераадолеў 15 км за 38 хв. 14,4 сек. пры чатырох промахах. Гэта яго чацвёртае золата пекінскіх Гульняў. Другім фінішаваў шведскі біятланіст Марцін Пансілуома (+40,3 сек.; 2), бронзавы медаль заваяваў нарвежац Ветле Крысціянсен (+1 мін. 12,5 сек.; 3).

«Першы круг у нас атрымаўся вельмі хуткім, таму далей усе пачалі зніжаць хуткасці. Толькі нарвежац (Ёханэс Бё), не ведаю, адкуль у яго сілы бяруцца, дадаваў да фінішу. Надвор’е было неспрыяльнае, калоціць ўсяго да гэтага часу, хоць гонка ўжо завершана. Вецер адыграў не апошнюю ролю: на апошнім агнявым рубяжы прамазалі ўсе лідары. Чжанцзякоў — спецыфічнае і няпростае месца. Вядома, у індывідуальнай гонцы для мяне ўсё склалася ўдала, але праводзіць тут такія буйныя спаборніцтвы без сур’ёзнага апрабавання складана. З гэтым, упэўнены, пагодзяцца многія ўдзельнікі Гульняў», — пракаментаваў сваё выступленне Антон Смольскі ў інтэрв’ю прэс-службе НАК Беларусі. 

Канькабежны спорт. Лепей чым у біятланістаў пятніца склалася для Ігната Галавацюка. Але доўгачаканага медаля таксама не прынесла. На дыстанцыі 1000 метраў ён заняў шостае месца. Ігнат Галавацюк пераадолеў дыстанцыю за 1 хв. 08,63 сек. Алімпійскім чэмпіёнам стаў Томас Крол з Нідэрландаў, залаты медаль якому прынёс вынік 1 мін 07,92 сек. Другі вынік паказаў Ларан Дзюбрэй з Канады. Бронзу заваяваў Ховар Лорэнтсан з Нарвегіі. Ад бронзавага медаля Ігната Галавацюка аддзялілі ўсяго 0,15 сек.

«Разлічваў на вынік менавіта ў гэтым дыяпазоне — 1 хв. 08,63 сек. Другі круг мяне падвёў, таму яшчэ ёсць над чым працаваць. Але гэта спорт, канкурэнцыя на вельмі высокім узроўні. У дзясятцы наймацнейшых у нас кожны можа аказацца як у прызёрах , так і заняць 8-9-е месца. Нядрэнны старт, але вось гэтыя 15 сотых секунды, якіх не хапіла да бронзы, мог бы і падцягнуць», — адзначыў канькабежац. 

Заўтра ў Пекіне будуць разыграны апошнія камплекты ўзнагарод у канькабежным спорце: мужчыны і жанчыны паўдзельнічаюць у гонках з масавым стартам.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.