Вы тут

Пісьменнік-партызан Адамовіч звяртаецца да высокага кіраўніка-партызана


Велічыня таленту празаіка, публіцыста, літаратуразнаўца, кінасцэнарыста Алеся Адамовіча, несумненна, яшчэ будзе ацэнена наступнымі пакаленнямі чытачоў. І тады многія факты, магчыма, прыхаваныя ў архівах і ў цянётах памяці, адкрыюцца наноў, прагучаць з новай сілай... 


У 1967 годзе рэжысёр Віктар Тураў паставіў на кінастудыі «Беларусьфільм» чорна-белы мастацкі фільм «Вайна пад стрэхамі» («Война по крышами»). Сцэнарый напісаў Алесь Адамовіч, які да гэтага надрукаваў раман на рускай мове. Першая публікацыя — у часопісе «Дружба народов». У гэтага твора, прысвечанага мужнай жанчыне-беларусцы, якая спярша дапамагала партызанам як падпольшчыца, а пасля разам з сынамі заняла месца ў шэрагах народных мсціўцаў, — вялікая сіла, вялікая гуманістычная моц... Алесь Адамовіч перажыў, выпакутаваў напісанае... 

У фільме здымаліся вядомыя савецкія акцёры. Болей — акцёры з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі. Маці, Ганну Міхайлаўну Корзун, іграла Ніна Ургант. А яшчэ ў фільме здымаліся Лізавета Уварава, Любоў Маліноўская, Кацярына Васільева, Дзмітрый Капка, Аляксандр Дзям’яненка, Юрый Гарабец... Мастак-пастаноўшчык — Яўген Ганкін. Кампазітар — Андрэй Валконскі. У фільм увайшлі дзве песні Уладзіміра Высоцкага — «Буслы» («Аисты») і «Песня пра новы час» («Песня о новом времени»). Была ў першапачатковым варыянце фільма і яшчэ адна песня Уладзіміра Высоцкага «У нас вчера с позавчера...» 

На экраны фільм выйшаў напрыканцы 1971 года... Лёс, адным словам, у фільма атрымаўся няпросты. Нейкім чынам падзеі прасвятляе знойдзены нядаўна ў Нацыянальным архіве Беларусі Беларусі ліст Алеся Адамовіча, адрасаваны Першаму сакратару ЦК Кампартыі Беларусі Пятру Міронавічу Машэраву. Ад 4 чэрвеня 1968 года. 

«Глыбокапаважаны Пётр Міронавіч!

Прабачце, калі ласка, за турботы. 

Вашы заўвагі па фільму „Вайна пад стрэхамі“ займелі зусім пабочнае дзйства — вось чаму я рашыўся пісаць Вам,» — прама, без усялякага лішняга ўступу пачынае свой зварот да кіраўніка Беларусі пісьменнік і кінасцэнарыст, удзельнік партызанскіх дзеянняў...

У чэрвені 1968 года Аляксандру Міхайлавічу было ўсяго сорак гадоў. За плячыма — напружаная праца як літаратуразнаўца і празаіка. У 1958 годзе пабачыла свет яго кніга «Шлях да майстэрства: Станаўленне мастацкага стылю Кузьмы Чорнага». Праз год — зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Культура творчасці». А ў 1960 і 1961 гадах у Мінску і Маскве — раман «Война под крышами». Рэцэнзіі на твор з’явіліся як у беларускіх перыядычных выданнях, так і ў маскоўскіх — у часопісах «Знамя», «Новый мир», у газетах «Красная звезда», «Литературная газета». У 1961-м пабачыла свет кніга «Беларускі раман: Станаўленне рамана». А ў 1963 годзе пад адной назвай «Партизаны» выходзяць два раманы — «Война под крышами» і «Сыновья уходят в бой». І пакуль справа дайшла да пастаноўкі фільма, раманы выходзяць яшчэ тройчы — у 1963, 1964, 1965 гадах. У 1963 годзе раман «Вайна пад стрэхамі» выходзіць у перакладзе на балгарскую мову. І ў гэтым жа годзе — па-літоўску...

З ліста Алеся Адамовіча Машэраву: «... У Маскве, у выдавецтве „Художественная литература“ спужаліся раптам самой кнігі „Вайна пад стрэхамі“, пры гэтым спаслаліся на аўтарытэтнае пярэчанне. Спярша я зразумеў так, што пярэчанні сыходзяць не з Беларусі. Але, атрымліваецца, хваля пайшла ад абмеркавання фільма. 

Раман вытрымаў ужо 4 выданні (два ў Маскве), перакладзены ў сацыялістычных краінах і ўвогуле, да майго ўласнага здзіўлення, атрымаў вельмі высокую адзнаку ў саюзнай прэсе і крытыцы. Пішу пра гэта толькі дзеля таго, каб зразумелым было маё здзіўленне перад такім нечаканым паваротам у лёсе рамана. 

Праўда, наколькі мне вядома, у ЦК КПБ прыходзілі скаргі ад некаторых маіх жа знаёмых і сяброў па партызаншчыне, якія не аднойчы і вусна папікалі за тое, што я не паказаў, ці не так паказаў таго ці іншага таварыша. І ўсялякі раз мне даводзілася патлумачваць, што гэта не дакументальная кніга, не ўспаміны, а звычайны раман, і яго варта так і разглядаць. 

Не было, пэўна, выпадку, каб кнігі пра партызан не выклікалі падобных непаразуменняў. І Брыль, і Навуменка, і Кулакоўскі прайшлі праз гэта. Цяпер, здаецца, мая чарга...» 

І гэта пры тым, што тагачасная літаратурна-мастацкая крытыка вельмі высока ацаніла зробленае Алесем Адамовічам. Чытаем у кнізе Нічыпара Пашкевіча «На шырокіх шляхах жыцця» (Мінск, 1965 год): «Віктар Каваленка, аўтар цікавага артыкула „Партызаны — людзі звычайныя“, прысвечанага дылогіі А. Адамовіча, правільна ўбачыў адзін з важнейшых ідэйных момантаў канфлікту паміж Мохарам і партызанскім калектывам як сутыкненне „надзвычай спрошчанага раскладу людскіх паводзін“, жорсткасці і бяздушнасці, прыкрытых высакароднай мэтай, з самой прыродай партызанскай вайны, у якую людзі ўступаюць па закліку сумленя, а не пад прымусам бюракратычна зразуметай дысцыпліны. І, дададзім мы, выглядае гэты канфлікт тым больш праўдзівым, жыццёва пераканальным, што пісьменнік з вялікай сілай паказаў маральна-псіхалагічныя крыніцы ініцыятывы, праяўленай народам у барацьбе з фашызмам». І далей: «Складана і супярэчліва, як сама рэчаіснасць, развіваецца мастацкая думка „Партызан“. Чытаючы гэту інтэлігентную кнігу, трэба ўмець „сцішыцца“ і быць гатовым не толькі слухаць, а і ўслухоўвацца, не толькі глядзець, а і ўважліва назіраць, не толькі адгукацца радасцю, болем ці гневам на тую альбо іншую з’яву, а і ўдумвацца, аналізаваць — разам з аўтарам дабірацца праз зменлівую плынь знешніх уражанняў да філасофскай сутнасці грамадскага жыцця і патаемных глыбінь людскіх характараў. Але заўсёды ясна і выразна мы адчуваем па-грамадзянску актыўную ідэйную пазіцыю пісьменніка, вытокі якой — у ідэалагічнай атмасферы сённяшняга дня. Імкненне стварыць аб’ектыўную карціну гістарычных падзей спалучаецца ў дылогіі з палымянай абаронай гуманізму і прыгажосці, з усхваляваным роздумам над праблемамі ўзаемаадносін людзей у грамадстве. Гэта забяспечвае дылогіі Адамовіча баявое месца ў страі лепшых кніг сучаснай савецкай літаратуры ўвогуле». 

З ліста Алеся Адамовіча: «Не ведаю, наколькі паўплывалі і паўплываюць гэтыя скаргі на лёс фільма. Вельмі шкадуем з рэжысёрам, што нам так і не ўдалося выслухаць Вашы заўвагі і пажаданні (хаця мы гэтага дабівавліся праз Камітэт). Фільм ўсё ж такі глядзелі вельмі многія ( у тым ліку нашы пісьменнікі), дзяліліся з намі меркаваннем, большай часткаю вельмі добрым, і нам, натуральна, хацелася б другога лёсу яму. Тым болей гэта датычыцца самога рамана, які раптам аказаўся адказчыкам за фільм. 

Я пішу Вам як Першаму сакратару ЦК, але і як партызану. Усё ж такі мы, беларусы, вельмі мала зрабілі, каб мір даведаўся лепей, якая яна была Беларусь-партызанка. З усёй складанасцю абставін і псіхалогіі людзей. Не ведаю, якія ў мяне магчымасці, але стараюся я ў гэтым удзельнічаць ад усяе душы. 

З шчырай павагай!..» 

Пётр Міронавіч наклаў рэзалюцыю і адрасаваў яе Пілатовічу С. А. На той час Станіслаў Антонавіч Пілатовіч (1922 — 1986) — сакратар ЦК КПБ. У Вялікую Айчынную вайну — баец партызанскай брыгады «Полымя», сакратар Пухавіцкага, а затым Чэрвеньскага падпольных райкамаў ЛКСМБ. Былы партызан і сакратар ЦК партыі па ідэалогіі, ён, пэўна ж, ужо на той час і дылогію «Партызаны» прачытаў, і сам фільм прагледзеў... Цытуем рэзалюцыю Машэрава: «Я пакуль не выказваў заўваг па фільму. Мною ставілася для высвятлення такое пытанне, чаму вырашылі экранізаваць гэты раман (з выпускам двух серый), у той час, калі, па-першае, на яго аснове ўжо быў створаны спектакль, па-другое, раману ўласцівы вядомыя недахопы, якія нельга ігнараваць. Асабліва, калі ўлічваць што размова ідзе пра стварэнне на яго аснове згаданых твораў мастацтва...» 

На тым самым лісце ёсць пазнака, што размова з Адамовічам адбылася. Партызан Станіслаў Пілатовіч (партызанскі камсамольскі работнік!) дакладвае партызану Пятру Машэраву (партызанскаму камсамольскаму работніку) пра тое, што «...пасля дапрацоўкі сцэнарыя ўзновіцца праца над фільмам...» Партызан Алесь Адамовіч гэта пачуў і зразумеў. Ці пачулі былыя партызаны з высокімі пасадамі на партыйным алімпе, што хацеў сказаць сваім раманам Алесь Адамовіч — гэта ўжо іншае... 

Пісьменнік-гуманіст, аўтар «Карнікаў», «Хатынскай аповесці», сааўтар і генератар такіх твораў, як «Блакадная кніга», «Я — з вогненнай вёскі», член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Алесь Адамовіч надзіва шмат паспеў зрабіць у беларускай літаратуры, у мастацкай літаратуры ўвогуле. І свае мастацкія, грамадзянскія, проста жыццёвыя перакананні здолеў выкласці сумленна і годна. Таму і зараз з цікавасцю глядзяцца фільмы па яго сцэнарыях. Таму і зараз перавыдаюцца яго кнігіі шырока разыходзяцца сярод чытачоў розных краін. І нам, у Беларусі, варта помніць, як і з якімі высновамі ён пісаў пра драматычныя падзеі Вялікай Айчыннай... 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.