Вы тут

Лукашэнка: Няўжо пройдзены вопыт так нічому людзей і не навучыў?


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды і сцяг пракуратуры. Ва ўрачыстай абстаноўцы кіраўнік дзяржавы ўручыў ордэны, медалі і падзякі Прэзідэнта пракурорскім работнікам. У прыватнасці, ордэна «За службу Радзіме» ІІІ ступені ўдастоены генеральны пракурор Андрэй Швед, ордэна Пашаны — пракурор Гродна Уладзімір Клішын.


Прэзідэнт падкрэсліў, што невыпадкова для правядзення ўрачыстай цырымоніі была выбрана Зала Перамогі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — сімвала беларускай дзяржаўнасці. «Тут усё нагадвае аб тым, якой цаной мы захавалі сябе як народ, сваё права жыць на гэтай зямлі і адбудоўваць нашу дзяржаву, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Знаходзячыся ў гэтым храме смутку па мільёнах ахвяр і гордасці за пакаленне пераможцаў, я задаюся толькі адным пытаннем: няўжо пройдзены вопыт так нічому людзей і не навучыў?»

«Здавался б, памяць аб тых страшных, параўнальна нядаўніх падзеях зусім свежая. Бо сведкі зверстваў фашыстаў яшчэ сярод нас. І яна, гэта ўсенародная памяць, павінна была б астудзіць запал асобных палітыкаў і дзеячаў. Але што мы бачым? Колькасць і маштабы выклікаў і пагроз не змяншаюцца. У выніку міжнацыянальных і ўнутрынацыянальных войнаў працягваюць гінуць людзі, прытым масава», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён канстатаваў, што сучасныя рэваншысты правакуюць новыя канфлікты. «І каб апраўдаць сябе, з усіх сіл спрабуюць перапісаць гісторыю і забраць Перамогу савецкага народа, а нашчадкаў народа-пераможцы, гэта значыць нас з вамі, назваць агрэсарамі», — дадаў ён.

«Гэтага дапусціць мы не можам», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён запэўніў, што пачатае Генеральнай пракуратурай расследаванне фактаў генацыду і ўстанаўленне канкрэтных асоб, якім удалося пазбегнуць пакарання за забойства мірнага насельніцтва, будзе даведзена да канца. «Гэта пытанне гістарычнай справядлівасці і нашага абавязку перад памяццю больш як тры мільёны чалавек, якія сталі ахвярамі нацызму», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Са шкадаваннем Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля праведзенага расследавання Генеральнай пракуратуры колькасць загінулых, закатаваных у час вайны людзей павялічыцца. Бо толькі ў 2021 годзе ў Беларусі ўстанавілі каля 300 месцаў пахаванняў. «Усе вынікі праведзенай работы прадставім сусветнай супольнасці (зразумела, калі да гэтага часу сусветная супольнасць будзе існаваць і захоча даведацца і пачуць факты). Яны стануць напамінам аб тым, што так узмоцнена спрабуюць забыць сучасныя паслядоўнікі фашызму», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, беларусы павінны помніць, што не адно дзесяцігоддзе спатрэбілася для аднаўлення даваеннай колькасці насельніцтва краіны. «Дзякуючы неймаверным намаганням і працы беларускага народа наша краіна здабыла сваё непаўторнае сучаснае аблічча», — сказаў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сваёй настойлівасцю і прынцыповасцю пры абароне правоў грамадзян, грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў, сумленнасцю і патрыятызмам яны заваявалі немалы аўтарытэт. «У гэтым годзе пракуратура Беларусі адзначыць векавы юбілей. І няхай сцяг як асаблівая рэліквія нагадвае нам аб свяшчэнным абавязку кожнага грамадзяніна — служыць сваёй Айчыне», — заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў прысутных з уручэннем дзяржаўных узнагарод і сцяга пракуратуры, пажадаўшы ім здароўя і дабрабыту, прафесійных поспехаў на карысць роднай краіны і, самае галоўнае, мірнага неба над галавой: «Нам трэба зрабіць усё, каб наша краіна, якая зведала такое гора зусім нядаўна, заставалася мірнай, незалежнай краінай і каб на нашай зямлі жылі толькі мірныя людзі».

У сваю чаргу Генеральны пракурор Андрэй Швед выказаў Прэзідэнту вялікую ўдзячнасць за высокі гонар, які кіраўнік дзяржавы аказаў, уручыўшы сцяг пракуратуры: «Мы абавязуемся шанаваць і берагчы перададзеную нам святыню як сімвал даверу дзяржавы пракурорскай дзейнасці. Запэўніваю вас, што пракурорскія работнікі і ў далейшым будуць на самым высокім узроўні выконваць пастаўленыя задачы». З нагоды памятнай падзеі Андрэй Швед уручыў Аляксандру Лукашэнку нагрудны знак узнагароды «За заслугі» і памятны сувенір — эмблему органаў пракуратуры.

Паводле БелТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?