Вы тут

Хто прадставіць Беларусь на Паралімпійскіх гульнях у Пекіне


Падзеі Алімпійскіх гульняў у Пекіне свет будзе аналізаваць і ўспамінаць яшчэ доўга. Аднак спартыўныя жарсці ў кітайскай сталіцы не заканчваюцца. Эстафету галоўных стартаў чатырохгоддзя пераймаюць ХІІІ зімовыя Паралімпійскія гульні, якія пачнуцца 4 сакавіка. У праграму Гульняў уключана шэсць відаў спорту: лыжныя гонкі, біятлон, горныя лыжы, сноўборд, хакей на санях і кёрлінг на калясках. За медалі будуць змагацца спартсмены з 39 краін свету. Беларусы традыцыйна выступаюць у лыжных гонках і біятлоне. Дарэчы, менавіта ў гэтых відах спорту заяўлена найбольшая колькасць спартсменаў.


На мінулых Паралімпійскіх гульнях у Пхёнчхане беларускія спартсмены заваявалі 12 медалёў. Сёлета на галоўныя старты едзе 12 спартсменаў. Можна, канешне, шукаць у гэтым пэўную магію лічбаў. Але куды лепш пазнаёміцца з беларускай камандай і шчыра яе падтрымліваць. Генеральны сакратар Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Беларусі Мікалай Шудзейка расказаў, як каманда рыхтуецца да галоўнага старту.

«У нас зноў у камандзе — сплаў маладосці і вопыту. За апошні цыкл падрасла добрая моладзь. Мы разлічваем, што яшчэ праз адзін параліміпійскі цыкл яны памужнеюць у прамым і пераносным сэнсах, падужэюць, набяруцца спаборніцкага вопыту. У камандзе ёсць спартсмены, якім па 17 гадоў, і ім зараз трэба набрацца практыкі. А калі яны ўдасканаляць сваё спартыўнае майстэрства, то змогуць скласці моцную канкурэнцыю вядучым спартсменам. Аснову нашай каманды на Гульні ў Пекіне склалі спартсмены, якія выступалі на папярэдніх паралімпіядах, вопытныя і моцныя спартсмены», — адзначае Мікалай Мікалаевіч.

Пацвердзіць майстэрства

У 2018 годзе ў Пхёнчхане Лідзія Графеева заваявала два бронзавыя медалі ў біятлонных гонках на 12,5 і 6 кіламетраў. А Дзмітрый Лобан стаў сярэбраным прызёрам Паралімпіяды ў біятлоне і ў лыжных гонках. За чатыры гады адбылося многае. Лідзія Графеева змяніла прозвішча на Лобан, разам з Дзмітрыем яны сталі бацькамі. Нязменным засталося адно — спартыўнае жыццё гэтай сям'і.

Дзмітрый і Лідзія страцілі ногі ў аварыях: Лідзія — у аўтамабільнай, Дзмітрый — у чыгуначнай. Пазнаёміліся ў пратэзна-артапедычным аднаўленчым цэнтры, дзе спартсмены з нацыянальнай каманды якраз праводзілі збор. Дзмітрый на той час ужо быў бронзавым прызёрам Паралімпійскіх гульняў у Ванкуверы. А Лідзія толькі пачынала сваё знаёмства са спортам. А цяпер яны разам імкнуцца да спартыўных вяршынь.

Дзмітрый Лобан і Лідзія Графеева.

«Дзіма з Лідай будуць удзельнічаць у трох біятлонных і адной лыжнай гонках. Яны малайцы, трэніруюцца, дзіця выхоўваюць — усё паспяваюць. Дай бог, каб на галоўным старце ўсё атрымалася. Дзякуючы вопыту і навыкам яны павінны выступіць нядрэнна», — падкрэслівае генеральны сакратар Паралімпійскага камітэта.

Мікалай Шудзейка адзначае, што за апошнія некалькі стартаў добры прагрэс паказала Валянціна Шыц. На чэмпіянаце свету па зімовых відах спорту сярод інвалідаў яна заваявала два сярэбраныя і два бронзавыя медалі. І гэта ў дадатак да ўзнагарод з папярэдніх міжнародных стартаў. Дарэчы, са сваім трэнерам Юрыем Буранавым спартсменка працуе з дзяцінства. За плячыма ў яе ўдзел у Паралімпійскіх гульнях 2014 і 2018 гадоў. Прыйшоў час пакараць кітайскія Гульні.

У Пекіне выступіць легенда паралімпійскага біятлона Васіль Шапцябой. Гэта цяжка ўявіць, але Паралімпійскія гульні ў Пекіне стануць дзявятымі ў кар'еры Васіля. Прычым выступаў ён як на зімовых, так і на летніх Гульнях. Яго медальны шлях пачаўся ў 2000 годзе на Паралімпіядзе ў Сіднеі, дзе ён стаў бронзавым прызёрам у лёгкай атлетыцы, выступаючы ў эстафеце 4х400. Затым былі летнія Гульні ў Афінах, дзе Васіль стаў двухразовым параалімпійскім чэмпіёнам у веласіпедным спорце. Ён удзельнік паралімпійскіх спаборніцтваў па веласпорце і ў 2012 годзе ў Лондане, але тады застаўся без медалёў.

Першае выступленне Васіля Шапцябоя на зімовай Паралімпіядзе адбылося ў 2006 годзе ў Турыне, адкуль ён прывёз «бронзу» і «серабро» ў лыжных гонках. На наступных Гульнях у 2010 годзе ў Ванкуверы ён стаў двухразовым бронзавым прызёрам у лыжных гонках і біятлоне. Паралімпіяда 2014 ў Сочы прынесла спартсмену два бронзавыя медалі ў біятлоне. На жаль, за два дні да першай гонкі ў Пхёнчхане Васіль Шапцябой прастудзіўся, што негатыўна паўплывала на яго выступленне.

Святлана Саханенка.

«Вопыту ў Васі хапае. І ён разлічвае, што пры добрай стральбе, без штрафных кругоў і дадатковых хвілін атрымаецца вартае выступленне. І мы разлічваем на яго вопыт і ўменне збріцца ў самы адказны момант. Ён ведае, што такое галоўныя старты, і ўмее на іх выступаць», — рэзюмуе Мікалай Шудзейка.

Да галоўных стартаў рыхтуюцца знакамітыя спартсмены Святлана Саханенка і Юрый Голуб. Святлана Саханенка — трохразовая чэмпіёнка Паралімпійскіх гульняў у Пхёнчхане. Яна не пакінула ніякіх шанцаў саперніцам у спаборніцтвах па лыжных гонках. І як бонус заваявала «бронзу» ў біятлоне. Спортам Святлана займаецца ўсё жыццё, вялікія надзеі падавала ў юніёрскім узросце. Але зрок, які стаў імкліва падаць, зачыніў перад ёй дзверы ў алімпійскі спорт і адкрыў у паралімпійскі. Цікавы факт: у паралімпійскую зборную Святлану ўключылі за год да Паралімпіяды. А да Гульняў яна рыхтавалася ўсяго 11 месяцаў. І паказала такі вынік! Што ж можа быць у Пекіне пасля чатырох гадоў падрыхтоўкі!?

Юрый Голуб.

Юрый Голуб на нядаўнім чэмпіянаце свету заваяваў два залатыя медалі і адзін бронзавы. На Паралімпійскіх гульнях у Пхёнчхане ў спаборніцтвах па біятлоне ён заваяваў два медалі — «золата» ў забегу на 12,5 км і «серабро» на 7,5 км. А ў лыжных гонках стаў сярэбраным і бронзавым прызёрам. Выдатнае дасягненне, асабліва калі прыняць да ўвагі, што сур'ёзна паралімпійскім спортам Юрый стаў займацца толькі ў 2015 годзе. Цяпер вопыту і сілы больш, а значыць, і мацнейшая вера ў поспех.

На чэмпіянаце свету беларуская каманда ў складзе Аркадзя Шыкуця, Святланы Саханенкі, Валянціны Шыц і Мікіты Ладзесава стала бронзавым прызёрам у змешанай лыжнай эстафеце. Напярэдадні Паралімпійскіх гульняў Аркадзь Шыкуць засяродзіўся на біятлонных спаборніцтвах. У асабістых гонках прагрэсіруе і Мікіта Ладзесаў. Яго Мікалай Шудзейка называе незаменным чалавекам і ў эстафеце.

Пачаць спартыўны шлях

Прыклад спартсменаў старэйшага пакалення абавязкова стане добрай матывацыяй для маладых атлетаў. На свае першыя Гульні едзе 17-гадовы Раман Свірыдзенка. «У Ромы спецыфічная катэгорыя інваліднасці. І па прычыне фізіялагічных асаблівасцяў ён можа бегчы на лыжах толькі класічным стылем. Ён добрая дапамога для эстафетнай каманды. У Ромы празмернае жаданне даказаць, што ён здольны на многае. І гэта ідзе яму на карысць. На чэмпіянаце свету ён вельмі добра выглядаў на фоне двухразовага паралімпійскага чэмпіёна француза Бенджаміна Даўе», — расказвае Мікалай Шудзейка.

Яшчэ адзін прадстаўнік маладога пакалення беларускіх паралімпійцаў — Уладзіслаў Кандратаў са Шклова. Хлопцу 18 гадоў, у 14 ён трапіў пад поезд, страціў абедзве нагі. Але не здаўся і стаў займацца спортам. Мікалай Мікалаевіч адзначае, што ў Пекіне для Уладзіслава галоўнае — адчуць атмасферу, спаборніцкі дух і набрацца спартыўнага вопыту.

У сезоне вельмі добра сябе праявіла Кацярына Шасіна. «Мне падабаецца, што ў Каці ёсць спартыўная злосць і жаданне працаваць. А калі не з-пад палкі трэніруешся, то і навык з'яўляецца, і першыя поспехі. Думаю, яе імкненне паказаць сябе з найлепшага боку прывядзе да поспеху. Праўда, пакуль ёй трэба навучыцца кантраляваць эмоцыі, але гэта прыходзіць з вопытам. Кацярына можа вырасці ў моцную спартсменку. Яна скончыла іняз, добра валодае мовай. І на спаборніцтвах дапамагае нам у нейкіх адміністрацыйных пытаннях. Вельмі надзейны чалавек», — расказвае Мікалай Шудзейка.

Сур'ёзна займаецца біятлонам Дар'я Фядзьковіч. На чэмпіянаце свету яна стала пятай у біятлоннай гонцы. Цікава, што спачатку з трэнерам адпрацоўвала толькі класічны лыжны стыль. Пакуль аднойчы не паспрабавала каньковы, які адразу добра атрымаўся. Зразумела, што валоданне двума лыжнымі стылямі робіць спартсменку мацнейшай. Таму, па словах Мікалая Шудзейкі, у наступным годзе варта чакаць ад Дар'і вялікага прагрэсу: «На Дашу мы разлічваем у будучыні. Я думаю, удзел у Паралімпіядзе будзе для яе добрым стымулам. Яна ўбачыць, што можа быць канкурэнтаздольнай на высокім узроўні».

Галоўнае — падтрымка

Асобна Мікалай Шудзейка адзначае ролю лідараў для спартсменаў з парушэннямі зроку. Гэта спартсмены, якія накіроўваюць паралімпійца на дыстанцыю, папярэджваюць аб спуску, павароце ці пад'ёме. І хоць выніковы час фіксуецца па тым, калі паралімпіец перасячэ фінішную рысу, вынік выступлення ў многім залежыць ад лідара. Часта лідарамі становяцца біятланісты-алімпійцы. Напрыклад, разам з Юрыем Голубам выступае Уладзімір Чапелін, прызёр этапаў Кубка свету і шматлікіх міжнародных турніраў па біятлоне.

«Паміж лідарам і паралімпійцам павінна быць добрая псіхалагічная сумяшчальнасць. Яны абодва павінны быць зацікаўленыя ў выніку. Часта лідары з'яўляюцца і трэнерамі спартсменаў. І мы разлічваем, што нашы спартсмены поўнасцю раскрыюць свае здольнасці», — адзначае Мікалай Шудзейка.

Галоўнай перавагай беларускай каманды генеральны сакратар Паралімпійскага камітэта называе камандны дух і ўзаемападтрымку. Ён спадзяецца, што гэта дапаможа спартсменам паказаць сябе найлепшым чынам. «У камандзе добрая атмасфера і мы заўсёды будзем гэтаму садзейнічаць. Мы дапамагаем адзін аднаму. Трэба несці вінтоўкі — нясу, і няважна, што я — шэф місіі. Не буду ж глядзець, як спартсмены пакутуюць, як ім цяжка. І мы ганарымся, што змаглі сабраць баяздольны калектыў, гатовы дапамагчы адзін аднаму і падтрымаць кожнага, каму патрэбна дапамога», — падкрэслівае Мікалай Шудзейка.

Алімпійскія гульні паказалі, наколькі надвор'е можа ўплываць на вынік біятлонных спаборніцтваў. Спартсмены скардзіліся на непрадказальны вецер і нізкую тэмпературу ў кластары Чжанцзякоў, дзе размешчаны біятлонны цэнтр. Складанасці дадало і тое, што паралімпійцы не ўдзельнічалі ў тэставых спаборніцтвах на гэтых аб'ектах. Але, як адзначае Мікалай Шудзейка, магчыма, паралімпійцам будзе крыху прасцей, зыходзячы з вопыту алімпійцаў: «Ніхто не ведае, як будзе паводзіць сябе арганізм у такіх умовах. Усё суб'ектыўна. Спадзяёмся, нашы спартсмены будуць улічваць вопыт Алімпійскіх гульняў і зробяць адпаведныя вывады. У іх будзе некалькі дзён прывыкнуць да вышыні і ўмоў надвор'я. Яны правялі збор у гарах, каб хоць крыху прывыкнуць да вышыні». Эпідэміялагічныя меры для ўдзельнікаў Паралімпійскіх гульняў у Пекіне, вядома, застаюцца такімі ж, якія былі і на Алімпійскіх гульнях.

У цэлым сезон для паралімпійцаў-зімнікаў атрымаўся добры. Як падкрэслівае генеральны сакратар Нацыянальнага паралімпійскага камітэта, спартсмены выступалі дастойна, паказалі свае здольнасці ў спаборніцтвах з наймацнейшымі сапернікамі. І на Гульнях павінны паказаць узровень. Але аб патэнцыяльнай колькасці медалёў Мікалай Шудзейка казаць не спяшаецца: «Рабіць прагнозы — справа няўдзячная. Такія старты, як Паралімпійскія гульні, — падзея вельмі непрадказальная, таму не варта загадваць».

Фота: Нацыянальны паралімпійскі камітэт

Выбар рэдакцыі

Культура

Любоў Чаркашына: Мой стыль жыцця — не факусіравацца на дрэнным!

Любоў Чаркашына: Мой стыль жыцця — не факусіравацца на дрэнным!

Аб спорце, сакрэтах замужжа, выхаванні дзяцей, прыгажосці і здаровых звычках ў інтэрв’ю. 

Культура

Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў: чалавек, паранены прыгажосцю

Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў: чалавек, паранены прыгажосцю

Народны мастак можа быць прыкладам у тым, як ствараць свой лёс.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​