Вы тут

Насенне і садовы рыштунак: што пачым у новым дачным сезоне


Цяжка паверыць, але вясна ўжо не за гарамі. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова наведаць крамы для агароднікаў-садаводаў: там ужо ў разгары бойкі гандаль. Мы вырашылі пабываць у адным з найбуйнейшых сталічных гандлёвых цэнтраў, дзе прадаюцца насенне і садовы інвентар, і даведацца, колькі сёлета давядзецца ўкласці ў соткі, каб атрымаць ураджай.


Харчовая бяспека

Якасць насення — адзін з ключавых фактараў, якія вызначаюць ураджай любой культуры. Менавіта ад пасяўнога матэрыялу шмат у чым залежыць радасць або расчараванне агародніка, калі прыйдзе час збору ўраджаю. Частка кампаній займаецца толькі фасоўкай і рэалізацыяй насення айчынных, расійскіх і замежных фірмаў (у гэтым выпадку магчыма трапіць і на выдатны пасяўны матэрыял, і на перасорціцу, кажуць вопытныя агароднікі), прадстаўлена і насенне непасрэдна ад селекцыянераў. Словам, выбар вялікі, як і цэны. На шчасце, існуюць агульныя правілы, якія дазваляюць пазбегнуць расчараванняў. Да таго ж у кожнага дачніка са стажам у пытанні выбару фірмы па вытворчасці насення ёсць свае перавагі.

— Перш за ўсё варта звярнуць увагу на ўраджайнасць, — раіць Аксана Клімковіч, прадавец адной з буйных сталічных гандлёвых пляцовак, дзе прадаецца насенне. — Але не заўсёды варта выбіраць высокаўраджайнае насенне. Трэба цвяроза ацэньваць свае сілы. Высокаўраджайнае насенне пры вырошчванні на прысядзібным участку можа і не даць сапраўды высокі ўраджай. Чым больш высокаўраджайны сорт, тым больш ён патрабавальны да складу глебы, умоў вырошчвання, догляду, агратэхнікі. Калі вы не ўпэўнены, што зможаце такія ўмовы яму даць у сябе на дачы ці на ўчастку ў вёсцы, лепш выбраць менш «пераборлівае» насенне. На самай справе, часам непатрабавальныя сарты дадуць большы ўраджай ва ўмовах вашых сотак, чым высокаўраджайныя, якія падыходзяць прафесіяналам.

А вось устойлівасць сорту (да пагодных умоў, хвароб, шкоднікаў) — той крытэрый, які ў нашым капрызным клімаце выходзіць на першае месца.

— У красавіку — спякота, у чэрвені — засуха, у ліпені — раптам холадна і дажджы, у жніўні — зноў +30! Тут і ў людзей дрэнна са здароўем — што ж казаць пра расліны! — наракае Алена Сцяпанаўна, адна з пакупніц.

Яна распавядае, што падрыхтоўку да кожнага дачнага сезона пачынае яшчэ ў снежні —студзені: вырашае, што пасадзіць (каб былі і ранні ўраджай, і позні — восенню) і куды: што — у цяпліцу, што — у адкрыты грунт. Потым прыдзірліва выбірае сарты, вывучаючы інфармацыю, і нават малюе план пасадак (для гэтага ў яе ёсць спецыяльны сшытак). І пастаянна раіцца на форуме агароднікаў.

— Калі прыйсці купляць насенне без дакладнага плана, вочы разбягаюцца, і можна накупляць занадта шмат, а месца на пасадкі не хопіць. У мяне так некалькі разоў было, цяпер я ўжо дасведчаны дачнік, — усміхаецца суразмоўца. — Да пенсіі працавала бухгалтарам, так што лічыць мне не ў навінку. А купляць лішняе занадта дорага: можна тут усю пенсію пакінуць і не заўважыць. Кошт пакуначкаў з насеннем, здаецца, не такі вялікі, але вы ўлічыце, што ў пакуначку ўсяго 5-7-10 семак. А хочацца ж узяць розныя віды. Я, напрыклад, вырошчваю 8 відаў памідораў (у нас у сям'і іх любяць), 4 сарты агуркоў, 3 віды перцу салодкага і адзін горкі, баклажаны двух сартоў. Яшчэ цыбуля-часнок, зеляніна, кабачкі — гэта толькі гародніна. Вось і лічыце.

Суразмоўніца пераканана, што добры ўраджай на дачных сотках — гэта перш за ўсё дакладнае планаванне.

— На расаду ж таксама не ўсё адначасова трэба высейваць. Спачатку баклажаны і перац, потым — памідоры, іх можна сеяць у сярэдзіне сакавіка, і ў красавіку — агуркі. Я вырошчваю і агуркі праз расаду — не ўсе, а трошачкі, на ранні ўраджай. Самы пачатак чэрвеня — а ўнукі ўжо храбусцяць агурочкамі ўласнага свежага ўраджаю!

Яшчэ адзін важны крытэрый пры выбары насення — лёжкасць ураджаю (гэта ўжо датычыцца позніх сартоў).

— Гародніна цяпер дарагая, так што лепш есці і закатваць сваё, — дзеліцца яшчэ адзін пакупнік «Садовага свету». — Без пестыцыдаў, без усялякай хіміі. Вядома, даводзіцца ўкладваць працу, сілы.

Для пажылых людзей набыццё насення — прыемны і надзвычай цікавы занятак, і калі форумы агароднікаў-садаводаў — гэта свайго роду «клуб», то штогадовая купля насення перад пачаткам дачнага сезона, мабыць, — «выхад у свет». Нягледзячы нават на ковід, пенсіянеркі (а жанчын у аддзеле насення — большасць) не могуць прапусціць гэты момант.

— Мне дзеці прапаноўвалі купіць насенне па інтэрнэце, але я хачу купляць сама. Наогул, не разумею гэтых пакупак праз інтэрнэт. Як гэта не паглядзець, не памацаць, не пагаварыць? — разважае Таццяна Андрэеўна, з якой мы разгаварыліся каля стэлажоў з насеннем памідораў. — Тут і параіцца можна з кімсьці з іншых агароднікаў, хто ўжо купляў сорт, які я яшчэ не спрабавала. Вось пазалетась мне тут параіла жанчына сорт памідораў «Джэк-пот», мне спадабаліся: вельмі раннія і шмат памідораў з адной расліны. «Малінавы цуд» наша сям'я яшчэ любіць. А вось чорныя памідоры — на аматара, мне асабіста яны здаюцца занадта салодкімі.

— «Мангольскі карлік» не бралі? — адцягвае ўвагу маёй суразмоўніцы іншая пакупніца.

— Сястра брала, спадабаліся. Саломку падсцілаць трэба, яны кладуцца. Вырошчваюцца без пасынкавання. Там напісана на пакуначку, прачытайце.

Аргумент «у інтэрнэце насенне таннейшае» суразмоўніца адмяла — кажа, не таннейшае. Каштуе сёння пакецік насення ад 60—68—99 капеек (айчынная і расійская вытворчасць) да 5—7 рублёў (Расія, Польшча, Італія, Галандыя). У сярэднім трэба разлічваць: адзін пакецік — 1-2 рублі. У асартыменце, напэўна, усё, што ў прынцыпе магчыма вырасціць у нашых шыротах (нават такія вынаходствы, як насенне мікразеляніны — капусты розных відаў і рукалы). На дарагіх пакеціках часта можна знайсці пазнаку F1 (гібрыды). Стаўленне да іх у агароднікаў неадназначнае. Многія бяруць, іншыя кажуць, што выдатны ўраджай магчымы, але «калі пашанцуе».

Пад насенне кветак адведзены асобныя стэлажы, і тут не так шматлюдна, як у «агародных» шэрагах. Кветкі ўжо высейваюць на расаду: і петуніі, і лабеліі, і лаванду, і пеларгоніі.

— Раней у мяне на ўчастку былі толькі клумбы і газонная траўка, — распавядае Галіна Пятроўна. — Але ў апошнія гады разбіла градкі — так бы мовіць, для харчовай бяспекі сям'і. Захавала вялікі кветнік каля дома, гэтым летам хачу пасадзіць там што-небудзь новенькае — вось прыехала ў вялікі магазін, тут большы выбар.

У дапамогу агародніку

Аддзел ручнога садовага інструменту пакуль ажыятажным попытам не карыстаецца. Тут шматлюдна стане пазней, калі пачне прыграваць сонейка, тлумачаць прадаўцы.

Звычайны набор дачніка — штыкавая рыдлёўка з заточаным краем (для перакопвання, абрэзкі беражкоў, перасадкі раслін), садовыя вілы, матыка (у народзе «цяпка») і граблі. І, вядома, тачка, сімвал «савецкага дачніка».

Купіць рыдлёўку, аказваецца, задача не з простых. Напрыклад, важна, каб таўшчыня ляза (заточанай часткі) складала не менш за 1,5 мм. Тронак цяпер робяць часцей з пластыку: лёгкі, сучасны матэрыял, не баіцца волкасці і з яго лёгка выдаліць забруджванні. Ёсць рыдлёўкі з металічнай ручкай — надзейныя, але дастаткова цяжкія і даражэйшыя. Каштуе рыдлёўка ў дыяпазоне ад 15 да 53—72 рублёў. Можна купіць асобна ўласна рыдлёўку і драўляную ручку прыдатнай даўжыні — самы бюджэтны варыянт. Рыдлёўкі за паўсотні ёсць расійскай, ёсць нямецкай вытворчасці, цалкам металічныя і, напэўна, вечныя — можна перадаваць у спадчыну.

— Але я заўсёды купляю рыдлёўкі з драўляным тронкам, — тлумачыць дачнік са стажам Сяргей Леанідавіч. — Яно і звыкла нашаму пакаленню, і экалагічна, як цяпер кажуць. Лепш за ўсё, калі тронак будзе з асіны — яна трывалая і добра ўбірае вільгаць. Глебы ў нас досыць цяжкія, — працягвае «экскурсію» суразмоўца. — А вілы з многіх сучасных матэрыялаў нетрывалыя і часам не вытрымліваюць. Так што вілы лепш за ўсё купляць са сталі.

Каштуюць вілы ад 13 рублёў (расійская вытворчасць) да 27.90 (айчынныя, з рамантычнай назвай «Маладосць мая»). Прыкладна столькі ж прыйдзецца дачніку выкласці за граблі двух відаў (садовыя, для працы з зямлёй, і веерныя — для зграбання лісця і скошанай травы).

— І матыка, і граблі павінны быць суцэльнаметалічнымі. Кляпаныя не вельмі надзейныя, — кажа суразмоўца.

Гэта аснова, але кожны садавод-агароднік падбірае таксама для сябе і набор спецыяльных інструментаў, зыходзячы з любімых культур. Аэратар, пласкарэзы, культыватары, рыхліцелі...

— Вельмі важна выбраць садовы інструмент, які будзе «па руцэ» менавіта вам, — тлумачыць кансультант гандлёвай залы. — Перад купляй патрымайце выбраную мадэль у руках. Перш за ўсё звярніце ўвагу, ці зручна вашай руцэ, калі вы трымаеце інструмент. Калі не, лепш паспрабаваць яшчэ які-небудзь варыянт: выбар, вы самі бачыце, вялікі. Важная і вага інструмента, асабліва калі гаворка ідзе пра рыдлёўку, вілы, граблі. У нас садоўнікі-агароднікі — часта пажылыя жанчыны, так што вага інструмента не павінна быць вялікай, каб менш стамляцца падчас працы. Акрамя таго, у тых жа рыдлёвак бываюць ручкі рознай даўжыні — пад розны рост чалавека. Гэты момант таксама трэба ўлічваць.

— Яшчэ трэба паглядзець, як ручка прымацаваная да працоўнай часткі, — кажа Сяргей Леанідавіч. — Я дачнік ужо, дай бог, хутка 20 гадоў, і магу сказаць, што гэта — месца частай паломкі садовага інструмента. Таму гляджу, каб ручка сядзела вельмі шчыльна, не было ніякага зазору.

А што з цаной: выбіраць даражэй або пашкадаваць грошы? З аднаго боку, садовы рыштунак наўрад ці варта купляць утрая даражэй, з другога — цана часам вызначае якасць. А паколькі купляюць яго надоўга, магчыма, варта разгледзець не самыя танныя варыянты.

Дзіяна РОНІНА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Дачнікі рыхтуюцца да пасяўной

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?