Вы тут

Чым свету запомняцца Алімпійскія гульні ў Пекіне


Для зімовых відаў спорту з усяго свету здадзены галоўны экзамен. Зімовыя Алімпійскія Гульні афіцыйна скончыліся. Кожны з іх зрабіў для сябе пэўныя ўрокі. А самі Гульні, як ім і належыць, сталі чарговай важнай старонкай сусветнага спорту. Расказваем, чым вызначылася гэтая алімпіяда. 


Першыя сярод роўных

Хакеісты зборнай Фінляндыі ўпершыню ў гісторыі сталі алімпійскімі чэмпіёнамі. У алімпійскім фінале яны абыгралі каманду Расіі з вынікам 2:1. Нагадаем, што алімпійскімі чэмпіёнамі 2018 года сталі менавіта расійскія хакеісты. Дагэтуль лепшым вынікам зборнай Фінляндыі на Алімпійскіх гульнях былі сярэбраныя медалі Калагры-1998 і Турына-2006. У матчы за бронзу, зборная Славакіі перамагла сапернікаў са Швецыі з вынікам 4:0. Сярод бронзавых прызёраў і два прадстаўнікі мінскага «Дынама» — галкіпер Патрык Рыбар і нападаючы Лібор Гудачак. За каманду Швецыі ў Пекіне выступаў абаронца «зуброў» Лукас Бенгтсан. 

Прадстаўнікі Германіі былі лепшымі ў санным спорце, скелетоне і бабслеі. Сумарна ў гэтых відах спорту было разыграна дзевяць камплектаў алімпійскіх узнагарод. Восем з дзевяці залатых медалёў заваявалі менавіта немцы. У некаторых дысцыплінах прадстаўнікі Германіі станавіліся ўладальнікамі ўзнагарод і іншай вартасці. Напрыклад, па выніках спаборніцтваў жаночых двоек у бабслеі Лаура Нольтэ і Дэбара Леві сталі пераможцамі, другое месца занялі Марыяма Яманка і Аляксандра Бургхардт. Гэтыя поспехі значна дапамаглі Германіі заняць другое месца ў неафіцыйным медальным заліку. 

Безумоўнымі лідарамі ў фігурным катанні былі расійскія спартсмены. Сітуацыя ўжо звыклая, але кожны раз выклікае захапленне. У жаночым адзіночным катанні перамагла Ганна Шчарбакова, серабро ў Аляксандры Трусавай. У спартыўных танцах на лёдзе сярэбранымі прызёрамі стаў расійскі дуэт Вікторыі Сініцынай і Мікіты Кацалапава. У спаборніцтвах спартыўных пар Яўгенія Тарасава і Уладзімір Марозаў занялі другое месца, на трэцім месцы — Анастасія Мішына і Аляксандр Галлямаў. Дарэчы, пераможцы ў гэтай дысцыпліне кітайскія фігурысты Суй Вэньцзін і Хань Цун па суме дзвюх праграм устанавілі новы сусветны рэкорд, набраўшы 239,88 бала. Пераможцамі ў камандным турніры сталі таксама расійскія фігурысты. 

Да 2022-га ў Новай Зеландыі не было алімпійскага золата ў зімовых відах спорту. Выправілі гэта снаўбардыстка Зоі Садоўскі-Сінот, якая стала чэмпіёнкай у слоўпстайле. А Ніка

Партэус стаў лепшым у хафпайпе. 

Кітайская снаўбардзістка Гу Айлін на дамашняй алімпіядзе стала двухразовай чэмпіёнкай. Здавалася, нічога дзіўнага. Але спартсменцы толькі 18 гадоў. Алімпійскае золата яна выйграла ў слоўпстайле і біг-эйры. 

Сваю гісторыю ў Пекіне пісалі расійскія лыжнікі. Залаты медаль у мужчынскай эстафеце стаў для Расіі першым з 1980 года. Сенсацыю на лыжні стварылі Аляксандр Бальшуноў, Дзяніс Спіцоў, Аляксандр Чарвоткін і Сяргей Усцюгоў. На гэтым спартсмены не спыніліся. Аляксандр Бальшуноў стаў чэмпіёнам ў скіятлоне і ў марафоне, сярэбраным прызёрам — у гонцы на 15 кіламетраў, бронзавым прызёрам — у камандным спрынце. Дзяніс Спіцоў і Наталля Няпраева заваявалі серабро ў скіятлоне. 

Россып медалёў і калекцыю рэкордаў сабралі галандскія канькабежцы. Томас Крол устанавіў алімпійскі рэкорд (1.43,55) у забегу на 1500 метраў. Але адразу яго пераўзышоў напарнік па камандзе К’елд Нэйс (1.43,21), які і стаў алімпійскім чэмпіёнам на гэтай дыстанцыі. Томас Крол размясціўся на другой пазіцыі. Ірэн Схаўтэн стала трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай і заваявала адзін бронзавы медаль. Спартсменка перапісала два алімпійскіх рэкорды: на дыстанцыях 3000 метраў (3.56,93) і 5000 метраў (6.43,51). Ірэн Вюст стала алімпійскай чэмпіёнкай на дыстанцыі 1500 метраў з алімпійскім рэкордам 1.53,28. Таксама ў яе калекцыі — бронзавы медаль каманднай гонкі пераследу. 

Перамогі над лёсам

Перш чым перамагчы на Алімпійскіх гульнях у Пекіне канадскі снаўбардзіст Макс Паро перамог страшную хваробу — лімфому. У 25 гадоў ён лічыўся лідарам ў біг-эйры і слоўпстайле. Алімпіяда ў Сочы медалёў не прынесла, а ў Пхёнчхане Макс стаў сярэбраным прызёрам. Пасля гэтага здарыўся страшны дыягназ — рак. Сезон ён прапусціў, але не здаўся. Сваю барацьбу з анкалогіяй Макс здымаў на камеру, што перацякло ў дакументальны фільм «Жыццё як залаты медаль». Пасля доўгачаканага аб’яўлення аб рэмісіі спартсмен выступіў на Сусветных экстрэмальных гульнях, да якіх рыхтаваўся ўсяго 42 месяцы. А пасля заваяваў золата ў слоўпстайле і бронзу ў біг-эйры на Алімпійскіх гульнях. 

У жніўні 2021 на Алімпійскіх гульнях у Токіа немка Аляксандра Бургхарт заняла пятае месца ў эстафеце 4×100 у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. У лютым 2022 на Алімпійскіх гульнях у Пекіне ў пары з Марыямай Джаманкай яна заняла другое месца ў бабслеі. Пры гэтым да верасня 2021 года Аляксандра ўвогуле не займалася бабслеем. Але нацыянальная федэрацыя даўно яе запрашала. «Я дастаткова высокая і хуткая, а гэта менавіта тыя якасці, якія патрабуюцца для разганяючай. Але я хацела спачатку рэалізаваць патэнцыял у галоўным для мяне відзе спорту, а не пачынаць новую прыгоду», — расказвала Аляксандра ў інтэрв’ю. 

Жаночая лыжная гонка на 30 кіламетраў была падобная да драматычнага серыялу. Тэрэза Ёхаўг узяла трэцяе асабістае золата ў Пекіне і аб’явіла, што гэтыя гульні — апошнія ў яе кар’еры. Наталля Няпраева сышла пасля першага круга — трэнер сказаў, што адразу пайшло не так. Амерыканка Джэсі Дыгінс з вялікім адрывам стала другой і адразу пасля фінішу ўпала і ляжала на снезе без руху і з цяжкім дыханнем. Напярэдадні старту спартсменка моцна атруцілася. За суткі да старту ёй было вельмі дрэнна. 
Аднак, гэтая лыжная драма скончылася хэпі-эндам. Як і ўсе Алімпійскія гульні. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.