Вы тут

Паспяховае правядзенне рэферэндуму стане залогам далейшага мірнага развіцця Беларусі


Аб гэтым падчас сустрэчы са старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, якая адбылася таксама ўчора, заявіў кіраўнік місіі назіральнікаў ад СНД, намеснік старшыні Выканаўчага камітэта — выканаўчага сакратара СНД Ільхом НЕМАТАЎ.


Па яго словах, у склад місіі ўвайшлі вопытныя дыпламаты, прадстаўнікі Цэнтрвыбаркама, дэпутаты, якія неаднаразова прымалі ўдзел на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах краін СНД. «Асноўная задача нашай місіі — аказанне садзейнічання ў правядзенні дадзенай палітычнай кампаніі на высокім арганізацыйным узроўні, з выкананнем законаў Рэспублікі Беларусь, — паведаміў Ільхом Нематаў. — Наша работа будуецца выключна на прынцыпах нейтральнасці, адкрытасці, галоснасці, празрыстасці і, самае галоўнае, неўмяшальніцтва ў падрыхтоўку і правядзенне рэферэндуму, ва ўнутраныя справы з выкананнем прынцыпаў дэмакратыі і свабоды».

Доўгатэрміновыя назіральнікі, як расказаў кіраўнік місіі ад СНД, працуюць у Беларусі ўжо з 1 лютага. Яны пабывалі ва ўсіх рэгіёнах краіны, абмеркавалі пытанне гатоўнасці да рэферэндуму са старшынямі ўчастковых камісій і адзначылі, што Цэнтральная выбарчая камісія за кароткі перыяд правяла вельмі вялікую работу па падрыхтоўцы да гэтага мерапрыемства. Паводле іх слоў, пакуль сур'ёзных заўваг не выяўлена.

— Падрыхтоўка рэферэндуму ідзе арганізавана, вельмі актыўна, — акцэнтаваў увагу Ільхом Нематаў, які плануе наведаць шэраг участкаў як у Мінску, так і ў рэгіёнах. — Сёння ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для правядзення рэферэндуму на высокім арганізацыйным узроўні і з выкананнем законаў Беларусі, створаны ўмовы для свабоднага волевыяўлення насельніцтва краіны. Назіральнікі адзначаюць вялікую цікавасць жыхароў Беларусі да рэферэндуму, да змяненняў і дапаўненняў, якія ўносяцца ў Асноўны Закон. Многія лічаць, што гэта дасць магчымасць распрацаваць новыя законы, накіраваныя на працяг палітычных і эканамічных рэформаў у краіне. Натуральна, гэта будзе садзейнічаць мірнаму і стабільнаму развіццю самой Беларусі.

Як заўважыў старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар КАРПЕНКА, Цэнтральная камісія і ўся сістэма камісій — ад тэрытарыяльных да ўчастковых — адкрытыя да ўзаемадзеяння з міжнароднымі назіральнікамі. «Сёння іх у краіне 194: у асноўным гэта прадстаўнікі ад СНД, ёсць прадстаўніцтва ад АДКБ, ШАС, — паведаміў кіраўнік Цэнтрвыбаркама. — Разам з тым ужо ёсць 22 назіральнікі, якія прадстаўляюць нацыянальных экспертаў, у тым ліку з краін Еўрасаюза. Акрамя таго, працуе звыш 44 тысяч нацыянальных назіральнікаў. Мы пакуль не атрымлівалі ў камісіі сур'ёзных заўваг або пасылаў, якія патрабуюць ад нас прыняцця тэрміновых мер або выпраўлення сітуацыі. Рэферэндум ідзе па тым плане, які мы зацвердзілі на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі».

— Мы вельмі доўга працавалі над праектам Канстытуцыі, — адзначыў падчас сустрэчы з місіяй назіральнікаў ад СНД намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Валерый МІЦКЕВІЧ. — Упэўнены, што народ падтрымае змяненні. Канстытуцыя, па якой мы сёння жывём, была прынята адносна нядаўна, аднак гэта быў перыяд зараджэння і станаўлення нашай незалежнай дзяржавы. Гэта Канстытуцыя сваю ролю сыграла. Наша дзяржава адбылася, яна падужэла. Наперадзе — новы этап развіцця. І з гэтым звязана стварэнне новай Канстытуцыі. Мы прапаноўваем многія главы, раздзелы памяняць для таго, каб краіна смела глядзела ў будучыню і развівалася.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: БелТА

Загаловак у газеце: Па прынцыпах галоснасці і празрыстасці

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.