Вы тут

Заснавальнік беларускай стылістыкі. Да 100-годдзя Міхася Цікоцкага


Па волі лёсу ці Бога на роднай зямлі часам з’яўляюцца такія сем’і, якія становяцца арыенцірамі ў жыцці і дзейнасці для іншых, вызначаюць вектар развіцця пэўных галін мастацтва і навукі. На беларускім творчым небасхіле ХХ стагоддзя нязгаснымі зоркамі ззяюць дзве постаці Цікоцкіх — Яўгена Карлавіча (1893–1970) і Міхася Яўгенавіча (1922–2012). Бацька, адзін з заснавальнікаў беларускай прафесійнай класічнай музыкі (аўтар опер «Міхась Падгорны», «Алеся», «Ганна Громава», шасці сімфоній і іншых твораў), і сын, заснавальнік беларускай стылістыкі.


Міхась Цікоцкі.

Менавіта творчая атмасфера ў сям’і, знаёмства з многімі дзеячамі беларускага мастацтва спрыялі выхаванню ў сына Міхася, які нарадзіўся 20 лютага 1922 года ў Бабруйску, мастацкага густу, паважлівага стаўлення да слова. Пераехаўшы ў Мінск, сям’я Цікоцкіх жыла на Цнянскай вуліцы, але на пачатку Вялікай Айчыннай вайны аказалася разлучанай: Яўген Карлавіч на той час быў за межамі Беларусі. Толькі ў 1943 годзе сям’ю здолелі пераправіць у партызанскі атрад, а адтуль — на вялікую зямлю.

Маладога 21-гадовага Міхася Цікоцкага прызвалі ў рады Чырвонай арміі, і ён трапіў на фронт, змагаўся за свабоду роднай зямлі. У 1944 годзе быў паранены, выйшаў са шпіталя і працягваў ваяваць з ворагам, прычым здзяйсняючы гераічныя ўчынкі, за якія ўганараваны двума медалямі «За адвагу». Ва ўзнагародным лісце, які захоўваецца ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі (ф. 33, воп. 686196, адз. зах. 6506), пазначана, што другі медаль уручаны гвардыі яфрэйтару Цікоцкаму «за адвагу і мужнасць, праяўленыя пры дзеяннях у разведцы праціўніка ў раёне Калон, Жэхава-Гаць і Краснасельц з 14 па 18 студзеня 1945 года, дзе ім знішчана тры салдаты праціўніка» (гэта Мазавецкае ваяводства Польшчы). Лёс (ці Бог) пакінуў маладога хлопца для далейшага слугавання на карысць Бацькаўшчыне, яе паступоваму развіццю і працвітанню.

У пасляваенны час творчая сцяжына прывяла Міхася Цікоцкага на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які ён скончыў у 1950 годзе. Сувязь з роднай зямлёй і родным словам арганічна працягнулася падчас працы ў газетах «Савецкі селянін» і «Калгасная праўда» (1950–1952), у часопісе «Вожык», дзе журналіст Цікоцкі нібы збіраў разам з хлебаробамі буйныя зярняты з хлебадайнай нівы і размаітыя пярліны роднага слова для сваіх матэрыялаў. Злабадзённыя, напісаныя з веданнем сялянскага клопату і шматстайных магчымасцей беларускай мовы, журналісцкія творы Міхася Цікоцкага былі не толькі запатрабаваныя чытачамі, але і заўважаныя ўніверсітэцкай супольнасцю: яго ў 1953 годзе запрашаюць выкладаць ва ўніверсітэт, якому аддаў не адзін дзясятак гадоў.

Міхась Цікоцкі з плеяды тых нястомных працаўнікоў, якія кіруюцца штодзённай прагай да дзейнасці, ведаў, творчасці, таму ён завочна вучыцца ў аспірантуры і ў 1953 абараняе кандыдацкую дысертацыю на тэму «Публіцыстыка Якуба Коласа». Менавіта ў гэтай працы навуковец упершыню засяроджваецца на праблемах пісьменніцкай публіцыстыкі, даказвае яе непарыўную сувязь не толькі з сучасным станам грамадства, але і з мастацкай творчасцю класіка беларускай літаратуры. У 1950–1960-я гады Міхась Яўгенавіч займаецца даследаваннем гісторыі беларускай журналістыкі, друкуе артыкулы ў часопісах «Полымя» і «Беларусь» («Публіцыстыка П. М. Шпілеўскага», «„Колокол“ Герцэна аб жыцці і барацьбе беларускага народа», «Нявыдадзены часопіс (пра барацьбу выдання народнага часопіса ў Беларусі ў 60-я гады ХІХ стагоддзя)», «Карэспандэнты з Беларусі ў сатырычным часопісе „Искра“ В. Курачкіна і М. Сцяпанава» і інш.), першы з даследчыкаў звяртаецца да разгляду ідэйна-тэматычных асаблівасцей прыватнай грамадскапалітычнай і літаратурнай газеты «Минский листок» (той, дзе ўпершыню апублікавана паэма «Тарас на Парнасе»).

Але ўсё больш Міхась Цікоцкі засяроджваецца на ролі слова ў публіцыстычным тэксце, на яго багатых эстэтычных магчымасцях, якія дазваляюць перадаць разам з фактычнай (падзейнай) інфармацыяй і разнастайную гаму пачуццяў і перажыванняў. Доктарская дысертацыя навукоўца на тэму «Праблемы мовы і стылю публіцыстычных твораў», абароненая ў 1972 годзе, стала першым у Савецкім Саюзе даследаваннем падобнага кшталту, а выдадзеная на год раней кніга «Стылістыка публіцыстычных жанраў» была запатрабаваная на факультэтах журналістыкі іншых універсітэтаў краіны. Менавіта зварот да публіцыстыкі прадвызначыў цікавасць да кнігі, бо практычна ўсе тагачасныя «ўсесаюзныя» навукоўцы разглядалі стылістыку на падставе твораў мастацкай літаратуры.

Намаганнямі і дбаннем Міхася Цікоцкага ў 1969 годзе на факультэце журналістыкі створана адзіная на Беларусі кафедра стылістыкі і літаратурнага рэдагавання (сёння — кафедра медыялінгвістыкі і рэдагавання). Плён працы навукоўца выкрышталізаваўся ў вучэбны дапаможнік «Стылістыка беларускай мовы» (1976, 2-е выданне — 1995), а потым у адметную сваім зместам і даследчым падыходам кнігу «Сугучнасць слоў жывых...» (1982). Аўтар слушна даказвае, што «жывое слова» ў тэксце нельга адасоблена разглядаць лінгвістычным або літаратуразнаўчым метадам, што патрэбен комплексны падыход да ўспрымання і разумення яго непадробнай эстэтыкі. «У сістэме закончанага мастацкага твора словы ўступаюць у своеасаблівыя адносіны і дзякуючы двайной суадноснасці, двухпланавасці атрымліваюць спецыфічную мастацкую якасць, — перакананы навуковец. — Галоўным клопатам сапраўднага мастака слова з’яўляецца імкненне выказаць думку так, каб больш ніводнага слова да выказанага нельга было б ні дабавіць, ні ўбавіць, ні змяніць».

Але руплівы даследчык не спыніўся ў пошуках: новыя напрамкі стылістыкі падштурхнулі да напісання і новага дапаможніка «Стылістыка тэксту» (2002), у якім аналізуюцца мастацкія і публіцыстычныя творы з гледжання пазіцыі вытворцы маўлення, уплыву вобраза аўтара і вобраза апавядальніка на структуру тэксту, функцый чужога маўлення і яго ролі ў выказванні аўтарскай пазіцыі. Разважаючы пра мастацкую прозу другой паловы ХХ стагоддзя, Міхась Цікоцкі адзначае, што «ў ёй актыўна і паслядоўна развіваюцца дзве прама процілеглыя тэндэнцыі. З аднаго боку, імкненне да непасрэднага выражэння асобы пісьменніка, якое выклікала актыўны зварот не толькі да такіх традыцыйных жанраў, як мемуары, нарысы, эсэ, дзённікі, падарожныя нататкі, але і пошукі сінтэзу розных жанраў і форм апавядання, аб’яднаных агульнай назвай — дакументальная або лірычная проза. З другога боку, максімальнае набліжэнне да пазіцыі персанажа, імкненне весці апавяданне ад яго імя. Прычым гэта, другая тэндэнцыя, на наш погляд, найбольш пашыраная і ўсеагульная».

І яшчэ адна важная адметнасць навуковага набытку Міхася Цікоцкага — уменне бачыць сапраўдныя пярліны ў творчасці як класікаў беларускай літаратуры, так і маладзейшых літаратараў. Прыводзячы цытату з верша Максіма Багдановіча «Ах, колькі ёсць красы цудоўнай поруч з намі, // Калі глядзець вакол дзіцячымі вачамі», Міхась Цікоцкі пераконвае: сапраўдны мастак слова нават у сталым узросце захоўвае здольнасць здзіўляцца, «прымушае чытача бачыць прыгажосць у самых звычайных, будзённых, простых прадметах і з’явах. Гэта не азначае бачыць усё спрошчана, наіўна, па-дзіцячаму. Наадварот, гэта значыць бачыць усё наваколле ў нейкім новым святле, у свежым ракурсе, з новага боку». Менавіта такі падыход — погляд з новага боку — характэрны для навукоўца, калі ён разглядае творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Брыля і іншых пісьменнікаў.

Акварэль Міхася Цікоцкага.

Творчая сям’я... Зразумела, што Міхась Цікоцкі не абыходзіўся без музыкі — нядрэнна іграў на піяніна. Але калі зазірнуць у медыятэку факультэта журналістыкі, якая носіць імя заслужанага работніка адукацыі, доктара філалагічных навук, прафесара Міхася Цікоцкага, то можна пазнаёміцца з яго акварэлямі (на іх увасоблены ціхія і ўтульныя беларускія мясціны, некаторыя мінскія куточкі, выгляд якіх сёння, на жаль, ужо зусім не той). На гэтым тыдні прайшла ўжо V Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Стылістыка: мова, маўленне і тэкст», прысвечаная слыннаму навукоўцу. Такім чынам паплечнікі і вучні выказваюць падзяку свайму Настаўніку за адданасць роднай мове, за сугучча беларускіх слоў, якое ўспрымалася ім эстэтычна непераўзыдзенай спадчыннай музыкай народа.

Пятро ЖАЎНЯРОВІЧ

Фота з прыватнага архіва Міхася Цікоцкага

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».