Вы тут

Пакуты Старога Свету. Чаму Еўропу накрыў найцяжэйшы «дэпрэсняк»?


Рэзкі скачок цэн на энергарэсурсы — цяжкі ўдар па эканоміцы еўразоны і, адпаведна, па кашальках еўрапейцаў. Разам з заўважным ростам імпарту з Кітая гэтыя фактары прывялі 19 еўрапейскіх краін з адзінай валютай у снежні мінулага года да самага вялікага за 13 гадоў дэфіцыту гандлёвага балансу. Такія несуцяшальныя даныя на мінулым тыдні агучыў Eurostat. «Імпарт узляцеў да нябёсаў», — патлумачыў Fіnancіal Tіmes горкія вынікі Клаус Вістэсен з Pantheon Macroeconomіcs. Гэты паказчык у еўразоне ў апошнім месяцы мінулага года павялічыўся ў параўнанні са снежнем 2020-га на нябачаныя 36,7 %. У Eurostat лічаць, што адной з прычын росту з'яўляецца энергетычны крызіс, які бушуе ў Старым Свеце з восені і справакаваў рэзкі рост цэн на газ, нафту і электраэнергію. Еўропа ў цэлым і еўразона ў прыватнасці моцна залежаць ад паставак газу і нафты звонку. У выніку дэфіцыт гандлёвага балансу зоны адзінай валюты павялічыўся ў снежні да 9,7 мільярда еўра (1,8 млрд еўра ў лістападзе). Глабальны фінансавы расклад напрамую ўплывае на дабрабыт жыхароў Старога Свету — адбываецца шквальны рост цэн па ўсіх напрамках, вядома, без адпаведнага павышэння заробкаў. Узнікае зразумелая сацыяльная напружанасць. Чаму Еўропу накрыў найцяжэйшы «дэпрэсняк»?


Фота: pexels.com

Расчаравальныя вынікі

Звесткі па ўсім Еўрасаюзе па выніках снежня мінулага года яшчэ больш расчаравальныя: агульны гандлёвы дэфіцыт склаў 17,2 мільярда еўра. Летась ЕС крыху павялічыў прафіцыт у гандлі з ЗША і Вялікабрытаніяй, але гэтая прыбаўка аказалася занадта маленькай для таго, каб кампенсаваць рэзкі рост дэфіцыту балансу гандлю з Кітаем, які склаў амаль чвэрць трыльёна еўра, паведаміў еxpert.ru.

У гандлі паміж Еўрасаюзам і Вялікабрытаніяй па-ранейшаму заўважныя сляды разрываў ланцужкоў, выкліканыя пераходным перыядам пасля брэксіту, які скончыўся напрыканцы 2020-га. Канчатковы выхад краіны з Еўрасаюза прывёў да з'яўлення тарыфаў на вялікую колькасць тавараў. Экспарт тавараў ЕС у Вялікабрытанію ў мінулым годзе павялічыўся на 1,9 %. Гэта істотна ніжэй, чым рост экспарту ў іншыя буйныя гандлёвыя партнёры аб'яднанай Еўропы. Праўда, імпарт брытанскіх тавараў упаў у 2021 г. на 13,6 %, хоць пастаўкі з іншых краін у Еўропу ўзраслі.

Дарэчы, бюджэтны дэфіцыт — старая праблема Злучанага Каралеўства. Брытанцы змаглі знізіць яго ў 2018/19 бюджэтным годзе (традыцыйна завяршаецца ў сакавіку) да €24,7 млрд. Па звестках ONS, гэта быў мінімум за 17 гадоў, але ў 2020/21 ён узляцеў да €214,9 млрд. Сёлета наўрад ці ўдасца вырашыць праблему. У лютым мэр Лондана Садзік Хан з-за пагрозы дэфіцыту ў €1,5 млрд заявіў аб намерах закрыць метро, некалькі дарог, мастоў і тунэляў на некалькі дзён, каб кампенсаваць страты. Многія крытыкі кабінета Борыса Джонсана мяркуюць, што стан брытанскіх фінансаў занадта дрэнны і накіроўваць атрыманыя сродкі варта толькі на ўнутрыдзяржаўныя праблемы, а не на знешнепалітычныя гульні, якія так упадабаў цяперашні прэм'ер.

Высокая залежнасць Еўропы ад Расіі, якая пастаўляе на кантынент амаль 40 % спажыванага еўрапейцамі газу і трэць нафты, на думку FT, выявілася апошнім часам. Газ цяпер, напрыклад, каштуе значна даражэй, чым у лютым мінулага года. Рост імпарту ЕС з Расіі летась вырас на дзве траціны, а дэфіцыт гандлёвага балансу павялічыўся да 69,2 мільярда еўра. Найбольш ад перабояў з пастаўкамі газу пацерпяць Аўстрыя, Грэцыя і Італія. Што ж датычыцца галін прамысловасці, то найбольш пацярпелымі будуць здабывальная, папяровая і хімічная сферы.

Сітуацыя з таварамі на Захадзе ўсё ж так і не перарасла ў паўтарэнне савецкага дэфіцыту, заўважыў у сваім артыкуле для tass.ru вядомы расійскі эканаміст, дырэктар Інстытута новага грамадства Васіль Калташоў. Тым не менш эксперты адзначаюць, што мае месца схаванае, нелінейнае і паўзучае абясцэньванне грашовых знакаў у таварным выражэнні. Гандлёвыя і вытворчыя фірмы ЗША, Вялікабрытаніі і ЕС выкарыстоўвалі сітуацыі дэфіцыту для павышэння цэн.

Галоўны дэфіцыт Захаду складаўся зусім не ў часовых і частковых перабоях паставак тавараў, а ў дэфіцытнасці знешняга гандлю ці недахопу грошай у бюджэтах урадаў і вялікіх дзяржаўных даўгах. Нягледзячы на тое, што па выніках мінулага года ЕС меў прафіцыт у €128,4 млрд, гэты паказчык скараціўся амаль на €100 млрд з 2020-га.

Крызіс на крызісе

Яшчэ ў пачатку пандэміі каранавіруса многія прагназавалі: пасля таго, як медыцынскі аспект адыдзе на другі план, пандэмічны крызіс пераўтворыцца ў эканамічны і скалыне свет. Ён будзе згубны, літаральна смертаносны для простага народа, працоўнага класа, а вось кіруючай эліце турбавацца няма чаго. Як і чакалася, пандэмія дапамагла яшчэ больш разбагацець найбагацейшым: ??яны больш чым удвая прымножылі свае мільярды. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле харвацкага выдання Advance.

Маштабны экзістэнцыяльны крызіс ідзе рука аб руку з ростам цэн на энерганосьбіты. «Ці вінаватая ў гэтым пандэмія? Неабавязкова. Як і ва ўсіх выпадках, напрыклад, калі гаворка ідзе пра інфляцыю, дэфіцыт, перабоі ў лагістычных пастаўках, пандэмія — адна з прычын, але не адзіная. Возьмем у якасці прыкладу інфляцыю, якая зараз рэзка расце ў Злучаных Штатах, што, дарэчы, вельмі негатыўна адаб'ецца на жыцці ў Еўропе, як і ўсе астатнія амерыканскія крызісы. Асноўная прычына — няспыннае друкаванне амерыканскіх долараў. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў у гэтым «не бачылі праблемы» (хоць яна ёсць), а дакладней з таго часу, як амерыканскі долар, рэзервовая сусветная валюта, перастаў быць чымсьці забяспечаны (раней ён быў забяспечаны золатам), акрамя як верай у тое, што ЗША застануцца вядучай дзяржавай свету», — адзначаецца ў артыкуле Advance. Пандэмія і праблемы, з ёй звязаныя, у тым ліку, напрыклад, цяперашні востры недахоп работнікаў амаль ва ўсіх сектарах з-за хваробы або ізаляцыі з прычыны хуткага распаўсюджвання «амікрону», — гэта толькі каталізатары для тых праблем, якія назапасіліся раней. Рана ці позна яны б праявіліся ва ўсім свеце, але зараз удар будзе куды мацнейшы, паколькі часу для адаптацыі не застаецца, лічаць эксперты.

У апошнія дні часта пішуць пра непазбежнае сур'ёзнае падаражэнне шэрагу паслуг і груп тавараў, пачынаючы з цырульняў і аўтасэрвісаў і заканчваючы мясам і дровамі. Рост цэн у некаторых сегментах ужо прыкметны, але падобнае анансаванне «сур'ёзнага падаражэння» зараз ператворыцца ў свайго роду прароцтва. «Ці плануюць дзяржавы нейкім чынам выратаваць уласны народ, замарозіўшы цэны на асноўныя прадукты і распачаўшы аналагічныя крокі? Можа, яны зоймуцца гэтым толькі тады, калі адчуюць, што ўжо рукой падаць да рэвалюцыі ці паўстання, а ў адваротным выпадку наўрад ці. Насамрэч зараз мы назіраем за тым, як Еўропа сама звязвае сябе па руках і нагах і кідаецца ў бездань. Якасць жыцця цесна звязана з адным з асноўных рэсурсаў — энергіяй, а Еўропа адпрэчвае сваю энергетычную бяспеку дзеля нейкіх мэт і інтарэсаў, якія нават яе ўласнымі і не з'яўляюцца», — адзначыла Advance.

Новая рэчаіснасць

Склалася сітуацыя, у якой Еўропа вымушана закупляць выключна дарагі амерыканскі звадкаваны прыродны газ, які дастаўляецца праз Атлантыку, і ўсё толькі дзеля рэалізацыі плана па ізаляцыі Расіі. Такім чынам Стары Свет здзяйсняе два амерыканскія жаданні: адварочваецца ад Расіі і напаўняе амерыканскія кішэні, плацячы за амерыканскі газ. Выконваюцца два амерыканскія жаданні, але еўрапейскага — ніводнага, заўважыла Advance.

«У Харватыі пры ўсіх гэтых крызісах, якія наслойваюцца адзін на другі, склалася вельмі спецыфічная сітуацыя. З 1 студзеня 2023 года Харватыя пяройдзе на еўра, і ўжо з верасня бягучага года ўсе цэннікі на тавары будуць у еўра і кунах. Усе краіны, якія перайшлі на еўра, перажылі значны скачок цэн на тавары, у тым ліку тавары першай неабходнасці і прадукты харчавання. Гэта значыць, мы бачым, як нас псіхалагічна рыхтуюць да новай, больш цяжкай рэчаіснасці, якая разгорнецца ў і без таго цяжкі перыяд», — паведамляе Advance.

Сітуацыя цяжкая не толькі праз вірус. Яе пагаршаюць, прычым наўмысна, памылковымі рашэннямі. З іншага боку, наіўна было б чакаць нечага іншага. Пандэмія толькі пагоршыла ўнутраныя супярэчнасці і хісткасць капіталістычнай сістэмы. «Сам факт таго, што падчас глабальнай катастрофы капіталы багатых так растуць, — відавочны паказчык таго, што гэтая класавая сістэма выгадная толькі аднаму класу, а эксплуатаваных яна кідае на волю лёсу і ўсё глыбейшых крызісаў. Несумненна, пачнецца змаганне з сістэмай масавай эксплуатацыі, але вялікае пытанне — хто яе будзе весці і з якімі мэтамі? Вядома, маштабныя крызісы — гэта яшчэ і вялікія магчымасці, але сапраўды гэтак жа яны ўяўляюць і вялікую небяспеку. Маштабныя крызісы могуць стаць трамплінам для вельмі небяспечных палітыкаў, якім натоўпы роспачных выбаршчыкаў лёгка дадуць шанц», — лічыць Advance.

Трывожныя высновы

Не ўздымаюць агульны песімістычны настрой еўрапейцаў і несуцяшальныя навіны па той бок акіяна. Ад Амерыкі адварочваецца яе будучыня: большасць амерыканскай моладзі лічыць, што дэмакратыя ў ЗША ў небяспецы ці ўвогуле правалілася. Амерыканская трагедыя — страта Злучанымі Штатамі каштоўнасці ў вачах новага пакалення амерыканцаў — гэта трагедыя і дзясяткаў краін-сатэлітаў Амерыкі, у тым ліку еўрапейскіх, для якіх ЗША застаюцца пуцяводнай зоркай. Гэтыя краіны імкнуцца да ідэалу, якога для ўсё большай колькасці саміх амерыканцаў не існуе, заўважыў аналітычны партал RuBaltіc.

«Большасць (52 працэнты) маладых амерыканцаў лічаць, што дэмакратыя ў краіне альбо «ў бядзе», альбо «правалілася». Толькі 7 % маладых амерыканцаў лічаць Злучаныя Штаты «здаровай дэмакратыяй»; 27 % ахарактарызавалі амерыканскую нацыю як «дэмакратыя, якая функцыянуе часткова», 39 % — як «дэмакратыю ў бядзе», а 13 % зайшлі так далёка, што абвясцілі нацыю «няўдалай дэмакратыяй», — адзначаецца ў даследаванні Школы кіравання імя Джона Кенэдзі ў Гарвардскім універсітэце (Harvard Kennedy School).

Прэстыжная ўстанова больш за 20 гадоў праводзіць маніторынг палітычных поглядаў амерыканскай моладзі і прызнае, што ніколі яшчэ яе высновы не былі такімі трывожнымі. «Пасля рэкорднай колькасці пратэсных выступаў у 2020 годзе маладыя амерыканцы б'юць трывогу. Калі яны глядзяць на Амерыку, якую хутка атрымаюць у спадчыну, то бачаць, што дэмакратыя і клімат у небяспецы, а Вашынгтон больш зацікаўлены ў канфрантацыі, чым у кампрамісе», — кажа дырэктар Інстытута грамадскай думкі гарвардскай школы кіравання (ІOP), які праводзіў даследаванне, Джон Дэла Вольпе.

На думку сацыёлага, маладыя грамадзяне Амерыкі «здаецца, поўныя рашучасці змагацца за перамены, да якіх імкнуцца». Гэта значыць, пасля афраамерыканскіх беспарадкаў Black Lіves Matters і штурму ўльтраправымі Капітолія навукоўцы прагназуюць у Злучаных Штатах масавы пратэст незадаволенай моладзі супраць сістэмы ўлады ў Вашынгтоне, якую гэтая моладзь не лічыць паспяховай дэмакратыяй.

Большасць маладых амерыканцаў сутыкаюцца з праблемамі псіхічнага здароўя: больш за палову маладых людзей паведамлялі апытальнікам, што апошнім часам адчувалі прыгнечанасць і безнадзейнасць. Падобныя працэсы ў амерыканскім грамадстве разгортваюцца на фоне спроб адміністрацыі Джозэфа Байдэна выбудаваць новую ідэалогію знешняй палітыкі ЗША вакол спрэчнай выявы дэмакратыі. Белы дом дзеліць знешні свет на дэмакратыі і аўтакратыі, арганізоўвае саміты дэмакратый супраць аўтакратый.

«Пакуль вашынгтонская адміністрацыя вешае на Расію цэтлік «аўтарытарны рэжым Уладзіміра Пуціна», самі амерыканцы называюць сваю эліту прагнілым і карумпаваным «вашынгтонскім балотам». У самой Амерыцы ў моду ў большасці ўвайшло пагардліва-прыніжальнае стаўленне да сваёй краіны. Называць яе бананавай рэспублікай, недаразвітой колішняй брытанскай калоніяй, якая і сапраўды нічым не лепшая за Гандурас, — сёння ў амерыканскай публічнай прасторы добры тон», — піша RuBaltіc. У якой-небудзь Літве палітыкі кіруючай партыі на тэлебачанні заяўляюць, што без ЗША зараз не было б гэтай краіны, а ў ЗША тым часам «прагрэсіўны» натоўп каляровых феміністаў і ЛГБТ-актывістаў валіць помнік чарговаму вялікаму амерыканцу і крычыць, што Амерыка — гэта зло і яна ніколі не была вялікай. Як адзначае RuBaltіc, за гэтым натоўпам будучыня, таму што ён малады і пасіянарны.

Так што дэпрэсіўнай Еўропе ёсць на каго раўняцца.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».