Вы тут

На выставе ў Віцебску паказалі ўнікальныя здымкі вяртання воінаў-афганцаў


Галоўным акцэнтам выставы «Дадому!», прысвечанай 33-годдзю вываду Абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў з Афганістана, якая працуе зараз у Віцебску, стала вяртанне воінаў-інтэрнацыяналістаў з Афганскай вайны, паведаміла БелТА галоўны хавальнік Віцебскага музея воінаў-інтэрнацыяналістаў Вікторыя Харкевіч.


Урыўкі пісем, якія звязвалі служачых у далёкай азіяцкай краіне з роднымі, блізкімі, домам, на адкрыцці выставы гучалі на розныя галасы. Аб чым тады думалі хлопцы, якія адправіліся выконваць міжнародны абавязак? Адзін абяцаў служыць з гонарам і доблесна выконваць баявыя задачы. Другі чакаў, што вось-вось прыедзе назад на радзіму, і прасіў блізкіх крыху пачакаць. А трэці хацеў хутчэй зведаць смак бабулінага малінавага варэння і маладой бульбачкі, водар квітнеючых лугоў, прайсціся па любым сэрцу лесе, каб забыць абрыдлыя горы і пыл...

Старшы навуковы супрацоўнік музея воінаў-інтэрнацыяналістаў Алена Скугарэўская расказала аб графічных работах мастака Леаніда Шакінкі, прадстаўленых у цэлай серыі пад назвай «Афганістан — боль мой». «Леанід Шакінка пачаў ствараць гэту серыю, калі яшчэ ішла вайна ў Афганістане, першыя работы ствараліся ў 1988 годзе. Галоўны вобраз карцін — савецкі салдат. Аўтар сам перажыў Вялікую Айчынную вайну і ведаў, што адчувае ваеннаслужачы ў час узброенага канфлікту. Мастак паказаў таксама адваротны бок вайны — боль не толькі савецкай, але і афганскай маці, што для такіх твораў стала наватарствам», — расказала яна.

Прадстаўленую на выставе фотахроніку па часцінках сабралі супрацоўнікі музея воінаў-інтэрнацыяналістаў і музея сучаснага мастацтва. Чорна-белыя і каляровыя здымкі суправаджаюцца тэкстамі — тлумачэннямі аб жыцці, побыце і баявых задачах салдат у Афганістане. Як ішлі ў разведку, праводзілі размініраванне, калі і дзе ішлі асабліва бязлітасныя баі, за што маджахеды атрымлівалі знакі ўзнагароды і самыя вялікія ўзнагароджанні, якія ўчасткі былі самымі небяспечнымі для ваенных калон... На гэтыя і іншыя факты сучасны глядач глядзіць зусім іншымі вачыма, а воіны-афганцы адчуваюць хваляванне ад кожнага слова, успамінаючы бясконцую стральбу і загінулых таварышаў.

Адзін з важных аб'ектаў выставы — падборка ўнікальных фотаздымкаў у дзень вяртання віцебскіх дэсантнікаў у родны горад 11 сакавіка 1989 года. На сустрэчу воінаў-інтэрнацыяналістаў 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі выйшаў вялізны натоўп жыхароў. Радасць ад вяртання дадому і надзея на новае мірнае жыццё чытаецца на тварах ваеннаслужачых.

«Віцебск як ніякі іншы горад нашай вобласці закранула тэма Афганскай вайны. Адсюль дэсантнікі адпраўляліся на вайну, разумеючы, што могуць не вярнуцца. Боль і страты віцябчан, якія не дачакаліся сваіх мужоў, сыноў, братоў, лепшых сяброў, не сціхае дагэтуль. Для іх было важна, каб усе воіны вярнуліся дадому цэлымі і здаровымі. На жаль, вобласць страціла 160 сваіх сыноў на той вайне. Сёння наш абавязак — помніць пра іх, не аддаваць забыццю і не скажаць праўду пра іх подзвігі», — падкрэсліў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валяр'ян Мацкевіч.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.