Вы тут

Ушанавалі пісьменніка-франтавіка


І ў Беларусі, і ў Расіі, дакладней — у Кабардзіна-Балкарыі, добра ведаюць пра бабруйскую бібліятэку N 7 імя Алі Шогенцукава, класіка кабардзінскай нацыянальнай літаратуры... Імя гэтай асветніцкай установе нададзена ў гонар пісьменніка, які загінуў у лістападзе 1941 года ў фашысцкім канцлагеры ў Бабруйску. 


У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца некалькі дакументаў, звязаных з прысваеннем бібліятэцы імя кабардзінскага літаратара. Звернемся да гэтых памятак часу... 30 чэрвеня 1975 года Старшыня Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Максім Танк піша ліст Кандыдату ў члены Палітбюро ЦК КПСС, Першаму сакратару ЦК КПБ Пятру Міронавічу Машэраву: «Глыбокапаважаны Пётр Міронавіч! 

У Вялікую Айчынную вайну, 29. XI. 1941 года, у фашысцкім канцлагеры, які знаходзіўся ў Бабруйску, загінуў асновапаложнік кабардзінскай савецкай літаратуры Алі Асхадавіч Шогенцукаў. Член Камуністычнай партыі з 1940 года Алі Шогенцукаў нарадзіўся ў 1900 годзе ў сялянскай сям’і, што жыла ў с. Кучмазукіна ( цяпер с. Старая Крэпасць) Баксанскага раёна Кабардзіна-Балкарскай АССР.

Друкавацца Алі Шогенцукаў пачаў у 1917 годзе. У той час ён жыў у Турцыі. У яго творах прагучаў пратэст супраць атурэчвання адыгаў, якія жылі ў Турцыі. У 1919 годзе Шогенцукаў прыехаў на радзіму, уключыўся ў будаўніцтва савецкага грамадства, аддаючы талент і сілы педагагічнай дзейнасці...» 

У Турцыю Алі патрапіў не выпадкова. У 1914 годзе зусім падлетак пасля заканчэння сельскай школы паступіў у Баксанскую духоўную семінарыю (медрэсе), у якой праз некаторы час адміністрацыя зволіла Нуры Цагава. За выкладанне прадметаў на кабардзінскай мове. Алі арганізоўваў пратэсты з нагоды звальнення выкладчыка. Як вынік — з семінарыі выключылі і самога Шогенцукава. Алі паступае на курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў. У 1916 годзе за выдатныя поспехі ў вучобе яго накіроўваюць у Бахчысарай (Крым) у педагагічнае вучылішча І. Гаспрынскага, вядомага заснавальніка джадзізма і панцюркізма. У снежні 1917 у сувязі з рэвалюцыйнымі падзеямі вучылішча было зачынена. Алі Шогенцукаў прадаўжае вучобу ў Асманскай імперыі ў Канстанцінопальскім педагагічным вучылішчы. У Турцыі малады чалавек напісаў свой першы верш — «Нанэ» («Бабуля»). 

Вярнуўшыся на радзіму, Алі Шогенцукаў працуе настаўнікам кабардзінскай мовы, дырэктарам школы, інспектарам раённага і абласнога аддзелаў адукацыі. Піша артыкулы ў газеты. Многія з іх прысвечаны кабардзінскай мове, арганізацыі нацыянальнай адукацыі. Актыўна займаецца прапагандай народнай творчасці сваіх суродзічаў. З 1934 года працуе ў Саюзе пісьменнікаў рэспублікі, па сумяшчальніцтву — навуковым супрацоўнікам Інстытута нацыянальнай культуры Кабардзінска-Балкарскай АССР. Удзельнічае ў экспедыцыях па збору і апрацоўцы фальклорных матэрыялаў. Працуе літаратурным кансультантам Кабардзінскага хора. 

З пісьма Максіма Танка Пятру Машэраву: «Літаратурная спадчына Алі Шогенцукава — мастацкі летапіс жыцця кабардзінскага народа ў дарэвалюцыйную эпоху і пры Савецкай уладзе. Гэта, перш за ўсё, паэмы „Мадзіна“, „Учарашнія дні Тэмбота“, раман „Камбот і Леца“, апавяданні „Пуд мукі“, „Пад старой грушай“, якія паклалі пачатак кабардзінскай савецкай прозе. 

Алі Шогенцукаў перакладаў на мову свайго народа творы А. С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава, Т. Р. Шаўчэнкі, Максіма Горкага, Коста Хетагурава. 

Сёлета ў Кабардзіна-Балкарыі адзначаюць 75-годдзе з дня нараджэння гэтага выдатнага пісьменніка, заслужанага дзеяча мастацтваў аўтаномнай рэспублікі, камуніста, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны». І далей — пра канкрэтную просьбу, канкрэтную прычыну звароту да кіраўніка рэспубліканскай партыйнай арганізацыі, кіраўніка рэспублікі: «К нам, у СП, звярнуўся старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Кабардзіна-Балкарскай АССР з просьбай, каб у гэтым годзе былі зроблены захады аб увекавечванні памяці Алі Шогенцукава ў Беларусі, у прыватнасці, у Бабруйску, дзе загінуў паэт...» Саюз пісьменнікаў Кабардзіна-Балкарскай АССР на той час узначальваў паэт і празаік Алім Кешокаў. Пісьменнік-франтавік, зімой 1941 — 1942 гг. — камандзір узвода ў 115-й Кабардзіна-Балкарскай кавалерыйскай дывізіі, а пазней — супрацоўнік рэдакцыі газеты 51-й арміі, ён ведаў кошт вайне... Ён шмат што пабачыў, быў сведкам і ўдзельнікам многіх вогненна-драматчыных падзей. І яшчэ ў 1944 годзе напісаў такі верш — «Очаг» (на рускую мову яго пераклаў Сямён Ліпкін):

Пожитки люди притащили:

Захватчик изгнан из села.

Домой вернуться поспешили,

Но сожжены дома дотла. 

 

Блуждает дым по пепелищу,

Лишь очагов не виден дым...

Когда-то здесь варили пищу

И пахло здесь теплом живым.

 

У старика сгорела хата,

Загреб золу, потом в очаг

Горячий уголь, как когда-то,

Он положил и молвил так:

 

— Да, все сгорело, отпылало,

Нет крыши в этот горький час,

Но, чтобы жизнь начать сначала, 

Есть пламя в очаге у нас. 

...З ліста Максіма Танка: «...Таму мы, глыбокапаважаны Пётр Міронавіч, і ўваходзім да Вас з пісьмом: было б вельмі карысна дзеля дружбы паміж народамі і справядліва дезля памяці пісьменніка-франтавіка, камуніста, каб адна з вуліц у горадзе Бабруйску, альбо адна з бабруйскіх бібліятэк насіла імя Алі Шогенцукава...»

Пётр Міронавіч накладвае зусім кароткую і ясную рэзалюцыю: «Згодзен». І дае даручэнне сваім партыйным паплечнікам — Аляксандру Кузьміну і Станіславу Марцэлеву: «Прашу вырашыць гэта пытанне». 22 ліпеня намеснік загадчыка аддзела культуры ЦК КПБ Я. Парватаў падпісвае дакладную запіску, адрасаваную Пятру Міронавічу Машэраву. Пацвярджае ў дакладной факт звароту да беларускіх сяброў па літаратуры Саюза пісьменнікаў Кабардзіна-Балкарскай АССР.. І завяршаецца дакладная запіска такімі двума сказамі: «Бабруйскі гаркам КПБ і Міністэрства культуры БССР лічаць мэтазгодным прысвоіць імя пісьменніка бібліятэцы N 7 г. Бабруйска. 

Аддзел культуры ЦК КПБ падтрымлівае гэту прапанову і лічыць магчымым даручыць Савету Міністраў БССР вырашыць пытанне аб прысваенні імя Алі Шогенцукава бібліятэцы N 7 г. Бабруйска». 

8 жніўня 1975 года беларускі ўрад, які ў той час узначальваў Ціхан Якаўлевіч Кісялёў, прымае пастанову за N 235 «Аб прысваенні імя А. А. Шогенцукава бібліятэцы N 7 імя А. А. Шогенцукава». 

У Нальчыку Кабардзіна-Балкарскі драматычны тэатр носіць імя Алі Шогенцукава. Перад тэатрам усталяваны помнік кабардзінскаму пісьменніку, які загінуў у Беларусі. Творы пачынальніка сучаснай кабардзінскай літаратуры перавыдаюцца і праз дзесяцігоддзі пасля яго смерці. Адна з апошніх грунтоўных кніг яго літаратурнай спадчыны пабачыла свет у 2000-м годзе ў сталіцы Кабардзіна-Балкарыі —Нальчыку. У Маскве выходзілі кнігі на рускай мове — у 1950 і 1957 гадах... 

Дарэчы, у час Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі загінулі і пісьменнікі іншых народаў Савецкага Саюза, народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Сярод іх — грузін Мірзо Гелавані (пахаваны на Віцебшчыне — ў брацкай магіле ў вёсцы Саннікі Бешанковіцкага раёна), узбек Султан Джура (загінуў у 1943 годзе; у вёсцы Казярогі Лоеўскага раёна яго імем названа вуліца), удмурт Піліп Кедраў (камандзір стралковай роты П. Кедраў загінуў 13 лютага 1944 года пад Віцебскам)... Чаму б іх імёнамі таксама не назваць бібліятэкі нашай краіны? Хіба гэта не стала б праявай высокай ступені інтэрнацыяналізму народа Беларусі?!. І добра было б зрабіць гэта менавіта ў Год гістарычнай памяці!.. А на адкрыццё ганаровымі гасцямі запрасіць творчых асоб, іх землякоў — пісьменнікаў з Грузіі, Узбекістана, з Расіі, Удмурціі... 

Мікола БЕРЛЕЖ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.