Вы тут

Выбаршчыкі ў Гродне станоўча ацанілі арганізацыю правядзення рэспубліканскага рэферэндума


Школа № 28 горада Гродна, дзе размясцілася адразу некалькі ўчасткаў для галасавання, знаходзіцца ў адным з самых населеных жылых мікрараёнаў. У нядзелю сюды няспынна цягнуўся людскі ланцужок. Многія ішлі парамі, некаторыя — з дзецьмі. На ўваходзе людзі спыняліся, каб паслухаць канцэрт у выкананні вучняў школы. Затым разыходзіліся па сваіх участках.


Тут арганізаваны адразу тры ўчасткі з агульнай колькасцю выбаршчыкаў каля пяці тысяч чалавек. Каб не заблытацца, на ўваходзе дзяўчына падказвала, куды ісці. Але многія і так ведалі, бо кожны напярэдадні атрымаў паведамленне аб нумары ўчастка. Як, напрыклад, жыхарка мікрараёна Людміла, якая адразу накіравалася ў актавы зал. Дарэчы, яна па ходу руху заўважыла, што заўсёды ходзіць на выбары і заўсёды тут парадак і высокая культура. Усе ўчасткі знаходзяцца ў прасторных памяшканнях, для галасавання ўстаноўлена некалькі кабінак, На сталах — таблічкі з нумарамі дамоў і назвай вуліц. Вось і рэспубліканскі рэферэндум па пытанню ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь таксама праходзіць арганізавана, у штатным рэжыме. 

Па словах старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Алёны Аляхновіч, такая сітуацыя захоўвалася і на працягу датэрміновага галасавання. Даволі значны наплыў выбаршчыкаў назіраўся ў пятніцу і суботу. Не менш актыўна людзі ідуць і ў нядзелю — асноўны дзень галасавання. Не мала і тых, хто не мае магчымасці наведаць выбарчы ўчастак, для іх арганізаваны выезд на дом. Не гледзячы на абставіны, людзі не хочуць застацца ўбаку ад выбарчай кампаніі і маюць намер выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. І гэта радуе, адзначыла старшыня камісіі. 

Можна было заўважыць, што многія, хто прыходзіў на ўчастак, віталіся з Алёнай Анатольеўнай. І не дзіва. Яна не толькі старшыня камісіі, але і дырэктар школы, дзе вучыліся многія сённяшнія выбаршчыкі. Нямала і бацькоў цяперашніх вучняў. «Людзі прыходзяць са сваімі дзецьмі, унукамі. Хтосьці паспявае пару слоў расказаць пра сябе, выказваюць падзяку за тое, як арганізаваны працэс галасавання», — зазначае старшыня камісіі. А гэта і канцэрт, які праходзіць у холе школы, і работа буфета. Трэба сказаць, што многія пасля галасавання завіталі сюды. І было дзеля чаго. Асартымент уражваў сваім дыяпазонам — ад салодкага печыва да далікатэсных мясных і рыбных блюдаў. 

Нагатаваць столькі смачнай ежы пастараліся работнікі камбіната школьнага харчавання. Алёна Аляксандраўна, якая абслугоўвала пакупнікоў, паведаміла, што карыстаюцца попытам рулеты, катлеты, дранікі, паўфабрыкаты, шашлыкі, расцягаі, чабурэкі, пірагі, рыбныя вырабы. 
Напрыклад, Вольга, якая прыйшла з дачкой Машай, выбрала сасіску ў цесце і кекс шакаладны. Яны якраз вярталіся з галасавання, дзе Маша апусціла мамін бюлетэнь ў урну. Па словах Вольгі, яна прыйшла на рэферэндум, бо адчувае свой доўг перад дзецьмі, якія, дарэчы, таксама вучацца ў гэтай школе. 

Аб будучыні для сваіх дзяцей і ўнукаў распавяла і пенсіянерка Ганна Уладзіміраўна. Для яе важна, каб у нашай краіне было мірнае неба, спакойнае жыццё, упэўненасць у заўтрашнім дні, магчымасць рэалізаваць усе свае таленты і здольнасці. Новы Закон якраз і гарантуе такую магчымасць, лічыць жанчына.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.