Вы тут

Лукашэнка: Гэта Канстытуцыя прапісаная ў духу народа, жаданняў, якія ёсць у народа


Прэзідэнт Беларусі па традыцыі прагаласаваў на выбарчым участку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры па праспекце Пераможцаў. Пасля зноў жа па звычайным парадку такіх мерапрыемстваў адказаў на пытанні журналістаў, якія асвятлялі падзею.


Пачаў Аляксандр Лукашэнка з каментарыя наконт звароту Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага да беларускага народа: «Зусім нядаўна „малы напалеончык“ (прабачце, што я так пра яго гавару) звярнуўся да беларускага народа наконт рэферэндуму. Як быццам ва Украіне больш няма чым займацца, як з бункера вяшчаць беларускаму народу і раіць, што ім зрабіць. Так і хочацца сказаць, што прапануюць паўтарыць нам лёс Украіны. І нават не ў цяперашні момант, а ў час, які папярэднічаў гэтым падзеям. Вось ім хочацца, каб такая была Беларусь» .

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што беларускія ўлады «па-чалавечы заўсёды ставіліся да ўкраінцаў і шмат для іх рабілі».

«Дызельнае паліва (каля 30 працэнтаў) пастаўлялі, апошні час больш. Бензін — увесь мазырскі завод працаваў на Украіну. Трэба было ўгнаенне — давалі. Сеяць дапамагалі. Што мы атрымалі? І ён сёння выходзіць у гэтай кашулі або ў майцы і пачынае звяртацца да беларускага народа. Да беларускага народа ёсць каму звяртацца. Ён няхай звяртаецца да ўкраінскага народа і адказвае за тое, што адбываецца сёння ва Украіне», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, небяспечнасць канфлікту ва Украіне ў тым, што ён можа перарасці ў «мясарубку». «Таму сёння трэба спыніць вайну. Я б нават зараз гэта не назваў „вайна“. Гэта канфлікт. Дзень-два — будзе вайна. А праз тры дні — мясарубка», — заявіў Прэзідэнт.

Ён запэўніў, што на тэрыторыі Украіны няма ніводнага беларускага салдата, і Расія мае дастатковыя здольнасці для самастойных спецаперацый.

«Ні тое што ніводнага салдата (я ўчора Макрону пра гэта сказаў, яны адзін у адзін паўтараюць) або баявой машыны, там не тое, што няма кулямётаў, гранатамётаў, пісталетаў — там няма ніводнага патрона беларускага, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта Расіі не трэба. У іх і боепрыпасаў, і патронаў, і аўтаматаў, і людзей хопіць для таго, каб вырашыць тыя праблемы, якія Расія хоча вырашыць».

Прэзідэнт упэўнены, што ва Украіне сёння палююць на рускіх і беларусаў, збіваюць і рабуюць іх. «Ён што, штурхае мяне на правядзенне спецаперацыі, каб я вызваляў сваіх людзей там? Яны не ведаюць нашы спецпадраздзяленні. Вар’яты! Не чапайце людзей», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што з тэрыторыі Беларусі прыкладна з чарнобыльскіх раёнаў, дзе на вучэннях былі расійскія войскі, запускаліся ракеты па пазіцыях ва Украіне. На ўкраінскім баку за 10-15 км ад граніцы з Беларуссю знойдзены беспілотнікамі некалькі разгорнутых ракетных дывізіёнаў. Яны, па словах Прэзідэнта, рыхтаваліся на працягу бліжэйшых хвілін нанесці ўдар па тэрыторыі Беларусі, дзе пасля вучэнняў засталася частка расійскай групоўкі.

«Я не даваў ім каманды пускаць ракеты. Я сказаў: „Так, хлопцы, мы гэта бачым“. І вось тады расіяне па гэтых пазіцыях выпусцілі дзве ці тры ракеты. Пасля гэтага пазіцый не стала. Але хто ў гэтым вінаваты? Вы навошта развязалі гэтую вайну?» — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ніякай вайны з тэрыторыі Беларусі супраць Украіны не ідзе, але дапамагаем расіянам у лячэнні параненых. Садзейнічанне гатовы аказаць і ўкраінцам.

«Ці дапамагаем мы расіянам? Вядома, дапамагаем. Параненыя, загінулыя людзі... Калі да нас звяртаюцца з цяжкімі раненнямі, мы іх лечым. І што ў гэтым дрэннага? І будзем лячыць, будзем падтрымліваць. Трэба будзе сялянам, працоўным, людзям з Украіны дапамагчы пасеяць — дапаможам», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аб перамовах Расіі і Украіны

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што напярэдадні Прэзідэнт Расіі паведаміў яму аб гатоўнасці правесці перагаворы. Украінцы адмовіліся. Прэзідэнт Беларусі заявіў, што на яго выйшлі прадстаўнікі эліты Украіны з просьбай звязацца з Зяленскім. «Учора, позна вечарам, на мяне пачалі выходзіць украінцы з эліты. Сутнасць: «Станьце паміж намі». Гэта цытата. Я гавару: «Ды я стаю з першага дня», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, украінскія эліты настойвалі на сваёй просьбе з Прэзідэнтам Украіны. І Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, хоць і сумняваўся, што зможа паўплываць на ўкраінскага лідара.

Дарэчы, у другой палове дня з’явілася інфармацыя аб тэлефоннай гутарцы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага

Паступілі прапановы правесці расійка-ўкраінскія перамовы ў Гомелі. За ноч паспелі падрыхтаваць пляцоўку, сустрэлі расійскую дэлегацыю. «За ноч яго, Зяленскага, спрабавалі знайсці, знайшлі да раніцы. Адказ: «Магчыма. Перагаворым». І так даверліва (я ўжо магу гэта агучыць), цытата: «Чалавек не ў адэкваце. Ён не разумее, што адбываецца», — дадаў Прэзідэнт.

Самая небяспечнае ў канфлікце, заяўляе ён, калі расійскія ваенныя пачнуць біць прамой наводкай. Гэта прывядзе да бамбардзіровак, як у Югаславіі. «Гэта сёння трэба папярэдзіць. Калі ў іх ёсць крыху адказнасці за свой народ, і яны не хочуць страціць дзяржаўнасці, знішчыць народ, неабходна сесці за стол перамоў і вырашыць пытанні, якія сёння вылучае Расія», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт тых умоў, якія ставіць расійскі бок для завяршэння правядзення спецаперацыі ва Украіне. У прыватнасці, наконт дэнацыфікацыі.

«Дэнацыфікацыя — што гэта такое? Разабрацца з гэтымі, як яны іх называюць, „нацыкамі“ і „бандэраўцамі“. Добра, будуць разбірацца з гэтымі „нацыкамі“. А ў іх што, на лбе напісанае, хто яны?», — выказаў свой пункт гледжання Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ўкраінскаму боку трэба пагадзіцца на дэнацыфікацыю. «Не будзе „нацыкаў“, будуць нармальныя нацыянальна свядомыя людзі, не бандэраўцы. Чаго вы ўпарціцеся? Заўтра будзе позна, заўтра вы наогул і „нацыкаў“, і нармальных украінцаў страціце», — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што сёння прапануе Расія да перагавораў, гэта ўжо ўсё ёсць. «І на гэта трэба ісці і аднаўляць Украіну, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Вы думаеце, Захад будзе дапамагаць Украіне аднавіцца? Афганістану дапамаглі? Іраку дапамаглі? Дык там — нафта, у зямлі ўсё, што трэба амерыканцам, аднак яны гэта не аднаўляюць. І не будуць яны Украіну аднаўляць. З парадку дня сыдзе Украіна, і пра яе забудуцца».

На думку Прэзідэнта, амерыканцы, уцягнуўшы Украіну ў вайну супраць Расіі, хочуць заадно вырашыць і беларускае пытанне. «Не атрымаецца. Мы не настолькі дурныя. І ў гэтай аперацыі наша роля ў тым (я пра гэта сказаў на другі дзень канфлікту), каб у спіну рускім не ўдарылі з поўначы і захаду, і мы гэта зрабіць не дазволім», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Навіна, што ўкраінцы адмовіліся ехаць на перамовы з расіянамі ў Гомель, з’явілася ўжо падчас адказаў беларускага лідара на пытанні прадстаўнікоў СМІ.

«Бедны Пуцін. То прапануюць, то назад адступаюць. Мне яго, шчыра кажучы, шкада. Учора я яго так пераконваў, кажу: „Слухай, трэба паехаць“. „Ды не паедуць яны“. Кажу: „Ну, не паедуць — гэта іх будзе выбар“. Так і атрымалася. Ну як з імі размаўляць? Учора паабяцалі, што прыедуць. Ён самалёт пасылае з дэлегацыяй, мы вязём іх у Гомель. Яны адмаўляюцца», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што Уладзімір Зяленскі залежны ад знешніх сіл: «Вы думаеце, гэта Валодзя Зяленскі прыняў рашэнне? Ды не, ён агучыў яго. Ці нехта агучыў. Не дадуць яму, не дадуць! Калі ён дзесьці тузанецца, выкінуць з бункера і будзе стаяць каля РСЗА на праспекце Пераможцаў у Кіеве. Вось усё. Вось іх палітыка. Гэта іх выбар. Дарэмна, вельмі дарма!»

Пра медыявойны

Адказваючы на пытанні наконт інфармацыйнай вайны і забароны расійскіх і беларускіх каналаў на Захадзе, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў медыяпрасторы цяпер шмат выліваецца бруду. У тым ліку і на расійскіх ваенных, якія выконваюць задачы ва Украіне.

«Разбярыцеся ў Расіі са сваімі каналамі і сродкамі масавай інфармацыі. Калі ў Расіі кажуць, што ідзе вайна, дык, калі ласка, зрабіце так, як амерыканцы і іншыя краіны паступаюць. Паглядзіце, колькі бруду ў вас выліваецца на тых хлопцаў, якія сёння пад кулямі, пад бамбёжкай, загінулыя, параненыя, скалечаныя ў гэтай Украіне змагаюцца, як Пуцін сказаў, супраць „бандэраўцаў“. Вось што трэба вырашыць», — перакананы Прэзідэнт.

Ён не сумняваецца, што і надалей замежныя СМІ працягнуць ствараць і ўкідваць у інфармацыйную прастору розныя фэйкі. У прыклад Прэзідэнт прывёў выпадак, калі для інсцэніроўкі знішчэння расійскага самалёта выкарыстоўваліся эпізоды камп’ютарнай гульні. Разам з тым ён мяркуе, што аўдыторыя ўжо навучылася адрозніваць хлуслівую і праўдзівую інфармацыю.

Таксама, упэўнены Прэзідэнт, не павядуцца беларусы на заклікі збеглых аб правядзенні якіх-небудзь несанкцыянаваных акцый у дзень рэферэндуму. «Гэта не 2020 год, гэта вельмі дрэнна абернецца, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Мы зрабілі вывады з 2020 года, таму не трэба клікаць людзей. І нашы людзі ўжо разумеюць: ім трэба грошы, трэба фінансаванне, у іх ужо мільёны на рахунках. Свае грошы не хочуць марнаваць, хочуць, каб ім заплацілі. А амерыканцы і палякі кажуць: „Заплацім, але вынік павінен быць, „вайнушка“ павінна быць у Беларусі“. Хто з нашых, нават іншадумцаў, дазволіць сабе прыйсці і ваяваць тут супраць Лукашэнкі і рэспубліканскага рэферэндуму? Каму гэта тут трэба, у Беларусі? Не, усё роўна штурхаюць», — сказаў беларускі Прэзідэнт.

Пракаментаваў ён і забарону ў некаторых краінах беларускага тэлеканала «Беларусь 24». «Гэта кажа, што ім гэты пункт гледжання не трэба. Ім не патрэбны альтэрнатыўны пункт гледжання», — сказаў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне прадстаўнікоў Літвы, Аляксандр Лукашэнка выказаўся за народную дыпламатыю. «Народную дыпламатыю не закрыеш. Ад аднаго, дзесяці чалавек вал пойдзе, і яго ніхто не спыніць. Я гэта са сваёй практыкі ведаю. Таму, калі ласка, у Беларусь, давайце аднаўляць нармальныя адносіны», — выказаўся Прэзідэнт.

Санкцыі і жалезная заслона

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што санкцыямі апаненты падштурхоўваюць Расію да трэцяй сусветнай вайны.

«У гэтай сітуацыі вы павінны разумець адно: бываюць такія санкцыі. Вось зараз шмат гавораць там супраць банкаўскага сектара. Газ, нафта, SWIFT. Гэта ж горш за вайну. Гэта падштурхоўваюць Расію да трэцяй сусветнай вайны. Таму вось тут нам трэба стрыманымі быць, каб не ўляпацца. Таму што ядзерная вайна — гэта ўсё», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што новая жалезная заслона з Захадам даўно апускаецца.

«Таму ім патрэбна гэтая заслона, яны яе і выбудоўваюць. Нам яна не патрэбная. Мы не будзем выбудоўваць яе. Мы паводзім сябе вельмі карэктна і акуратна. Нават у гэты востры перыяд мы не вывелі з месцаў пастаяннай дыслакацыі нашы войскі. Яны як знаходзіліся ў казармах, так і знаходзяцца. Але гатовы на працягу трох гадзін выйсці па камандзе. Я такую каманду не аддаваў, і няма ў гэтым такой неабходнасці», — сказаў Прэзідэнт.

Па яго словах, планы абароны Беларусі распрацаваны, і ў бліжэйшы час з Расіі перакінуць дадатковае ўзбраенне, якое можа нанесці непрымальную шкоду праціўнікам.

Ядзерная зброя і Канстытуцыя

Прэзідэнт расказаў пры якіх умовах у Беларусі будзе размешчаная ядзерная зброя.

Па яго словах, у размове з Эмануэлем Макронам прагучала думка, што абноўленая Канстытуцыя неабходна для легітымнага размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі.

«Ён адкуль узяў, што я хачу тут не тое стварыць, не тое размясціць ядзерную зброю. Я ж сказаў, пры якой умове і яму паўтараю. Калі Амерыка ці Францыя ядзерную зброю перакіне ў Літву ці Польшчу, да нашых межаў, то я звярнуся да Пуціна, каб мне вярнулі зброю, якую я калісьці ім аддаў», — паведаміў Прэзідэнт.

Да тэмы ён дадаў, што шмат у нашай абноўленай Канстытуцыі ўзятае з міжнародных актаў усяго свету.

«Гэта Канстытуцыя прапісаная ў духу народа, жаданняў, якія ёсць у народа, — сказаў кіраўнік краіны. — І народ будзе патрабаваць ад нас не паартыкульнае выкананне Канстытуцыі, а той дух, які вы і я прыўнеслі ў наш народ», — мяркуе кіраўнік краіны.

Ён упэўнены, што для руху наперад неабходна дэцэнтралізацыі і расканцэнтрацыя ўлады, каб падняць да вяршынь больш патрыятычных і перспектыўных людзей.

«Не беглыя нас да гэтага падштурхнулі. Да 2020 года ў мяне дзве Канстытуцыі ляжалі на стале. Я іх адмовіў, бо яны амаль нічым не адрозніваліся ад дзеючай. Я быў вымушана стварыць Канстытуцыйную камісію і сам узяцца за напісанне. Але радыкальна мы нічога не рабілі. Мы вельмі акуратна робім некалькі крокаў ад таго, дзе знаходзімся», — расказаў свае думкі кіраўнік краіны.

Моўнае пытанне і рэферэндумы

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе рэферэндумы сучаснай Беларусі былі значнымі для краіны. Так, напрыклад, пасля распаду Савецкага саюза рэферэндум дапамог вырашыць моўнае пытанне. Менавіта гэта праблема была, па яго словах, адной з прычын канфлікту на Украіне.

«Размаўляйце на той мове, на якой хочаце. Навошта было ламаць праз калена людзей, ведаючы, што на ўсходзе Украіны ды і на Захадзе размаўлялі ў асноўным у побыце на рускай мове. Навошта было ламаць праз калена?» — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што такія перамены будуць катэгарычна ўспрыняты і беларусамі.

«Можа, ты размаўляеш на сакавiтай беларуская мове. Калi ласка. А Наташа Брэус, выдатна ведаючы беларускую мову, задае мне на рускай мове пытанні. Ну і што? — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да журналіста „Звязды“. — Руская мова — там душа беларускага народа. Гэта не расійская мова — гэта руская мова, да якой мы маем непасрэднае дачыненне. А веданне беларускай мовы робіць нас народам асаблівым, адрозным ад расіян».

Прэзідэнт заўважыў, людзі самі могуць вызначыцца, на якой мове ім размаўляць і прымушаць іх да пэўнай мовы нельга. Але, ён дадае, што беларускую мову неабходна ведаць усім беларусам.

Ён адзначыў, што пытанні кшталту мовы, смяротнага пакарання вырашалі самі беларусы на папярэдніх рэферэндумах.

"Таму для мяне тыя рэферэндумы былі важныя і гэты важны. Трэба прымаць гэта рашэнне. Пакрысе, у спакойным рэжыме адбудуем палітычную і сацыяльна-эканамічную сістэму нашай дзяржавы. Што ў нас з’явіцца народнае веча, якое ў любы момант здольнае спыніць кіраўніка краіны і любы орган улады, гэта нядрэнна. Але нам, беларусам, неабходна навучыцца жыць па законе",— падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».