Вы тут

Ствараем модны вобраз з дапамогай шаліка


У халоднае надвор’е наша элегантнае адзенне схавана пад паліто, курткай або пухавіком. Але дзякуючы такому неад’емнаму зімоваму аксесуару, як шалік, жанчына можа заставацца прывабнай нават у мароз.


Сапраўды, шалік патрэбен не толькі для абароны горла ад холаду і ветру – ён стварае новыя акцэнты і здольны стаць складнікам моднага вобраза. З густам падабраны шалік можа надаць шык нават самаму немудрагелістаму зімоваму гардэробу.

Як правільна выбраць шалік?

Якасць і колер

Выбіраючы шалік, мы, як правіла, звяртаем увагу на яго якасць. Лепш за ўсё справіцца са сваімі функцыямі па абароне ад неспрыяльных умоў надвор’я выраб з натуральных матэрыялаў – воўны, кашміру, бавоўны. Па-сапраўднаму цёплым будзе шалік, які на 100% складаецца з воўны. Палатно можа быць звязана з грубай пражы або тонкай – падбірайце на свой густ.

Важны таксама колер шаліка, бо аксесуар павінен падыходзіць да верхняга адзення і адпавядаць вашаму стылю. Перавагу можна аддаць моднай у гэтым сезоне клетцы ці аднатонным вырабам. Калі колер вашай верхняй адзежы вытрыманы ў спакойнай каляровай гаме, лепш абраць яркі шалік.

Памер і мадэль

На рынку зараз вялікая разнастайнасць мадэляў – усё залежыць ад вашых індывідуальных пажаданняў.

На піку папулярнасці працягвае заставацца снуд – круглы шалік, канцы якога злучаны паміж сабой, такі шалік апранаецца цераз галаву.

Бактус – шалік трохкутнай формы, нагадвае хустку або шаль.

Стыльнымі і багатымі аксесуарамі з’яўляюцца модныя ў гэтым сезоне паланцін – прастакутны шалік-накідка і плед – аб’ёмны шалік, падобны на плед па сваіх памерах і фактуры.

Традыцыйныя шалікі – вузкія і шырокія, з пэндзлямі і махрамі або без іх таксама ніхто не адмяняў.

Мала набыць стыльны шалік. Каб атрымаўся цікавы вобраз, аксесуар трэба ўмець насіць.

Як насіць шалік з верхнім адзеннем?

  • Класічны доўгі шалік можна абгарнуць вакол шыі адзін ці два разы, схаваўшы яго канцы пад вопратку ці пакінуўшы іх звонку. Для надання шыку вобразу закіньце адзін з канцоў на плячо.
  • Кароткі шалік-хустка завязваецца на шыі ззаду, пры гэтым маланку на пухавіку або куртцы можна злёгку расшпіліць. Такі шалік добра абараняе горла і грудзі.
  • Калі на пухавіку ці куртцы ёсць капюшон, гэта не перашкода. Шалік можна завязаць пад яго ці схаваць унутр – у апошнім выпадку з-пад каўняра будзе выглядваць толькі частка аксесуара.
  • На паліто ці модны пухавік шалік накіньце зверху, каб яго канцы свабодна ляжалі на плячах. Для гэтага выдатна падыдзе шалік-плед.
  • Модны нюанс – насіць шалік пад пояс. Аксесуар накідваецца на плечы, а пояс доўгага паліто завязваецца зверху яго.
  • Шырокія шалікі могуць адначасова паслужыць галаўным уборам – іх добра выкарыстоўваць замест шапкі, а доўгімі канцамі прыкрываць горла і плечы.
  • Калі вы носіце ў халады кароткую куртку, купіце цёплы і аб’ёмны шалік. Ім можна пакрыць плечы і спіну, і вы не змерзнеце нават у мароз.

Варыянтаў завязвання шаліка насамрэч існуе мноства. Вынаходзьце свае спосабы выглядаць цікавай з дапамогай гэтага сапраўды ўніверсальнага аксесуара.

Агата СЛАВІНА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».