Вы тут

У новай кнізе Міколы Мятліцкага «Абярэг» ёсць і «кітайскія старонкі»


У Выдавецкім доме «Звязда» пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтавана да друку кніга паэзіі нядаўна пайшоўшага з жыцця лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы МЯТЛІЦКАГА «Абярэг». 


Сабраныя разам творы апошніх гадоў таленавітага мастака слова — пра наш час, пра тыя трывогі і перажыванні, якія зараз ахапілі ўсю планету. Мікола Мятліцкі часта звяртаецца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Памяць пра яе і гераічных прашчураў беларусаў літаратар акрэслівае як грамадскія, духоўныя, маральныя арыенціры для нашага сёння, ды і для будучыні таксама. 

Асобныя старонкі шматабсяжнай і шматпланавай паэтычнай кнігі — пра Кітай і народ Кітая, пра культуру Паднябеснай. «Перакладаю на мову родную/ Вас, паэты Кітая./ Самотную, часам гаротную/ Вечную кнігу гартаю./ Пачынаючы з Цюй Юаня,/ Яго знакамітых паэм,/ Бачу, што з часам менш не стане/ Скрушных, трывожных тэм...» («Паэты Кітая»). Мікола Мятліцкі — перастваральнік на беларускую мову творчай спадчыны дзесяткаў легендарных паэтаў Кітая з розных стагоддзяў. У 2012 годзе пры падтрымцы Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (тады гэтую асветніцкую ўстанову ўзначальваў доктар філалагічных навук Аляксандр Гардзей) пабачыла свет аўтарская анталогія М. Мятліцкага «Пад крыламі дракона: Сто паэтаў Кітая». Праца беларускага перакладчыка была адзначана Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва. Праз некаторы час Мікола Мятліцкі ўклаў і пераклаў анталогію вершаў «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Сто паэтаў Кітая XX стагоддзя». І яшчэ адну грунтоўную працу паспеў ажыццявіць таленавіты і руплівы майстра: пераклаў і выдаў кнігу паэзіі класіка кітайскай і сусветнай паэзіі Ай Ціна «Гімн святлу». 

Крочу па прыступках стагоддзяў,

Бяру за страфою страфу — 

З Вечнасці 

стрэцца са мной

выходзяць

Ван Вэй,

Лі Бо, 

Ду Фу. 

І вось блізка-блізка

стагоддзе дваццатае

На даляглядзе гадоў:

Сэрца маё 

рыфмамі кратае

Крывавымі 

Вэнь Ідо. 

(«Паэты Кітая»). 

У кнізе «Абярэг» Кітаю, яго духоўным імператывам прысвечаны і верш «Арсенал». Пайшоўшы з жыцця ў выніку кавіднага захворвання, Мікола Мятліцкі пакінуў чытачам, пакінуў Беларусі і свету паэтычны «Дзённік планетарнай трывогі». І ў гэтай «паэме жыцця» ёсць радкі пра Паднябесную: «Кітай, ты свету паказаў/ І гуманізм, і стойкасць духу — / Усё зрабіў, усё аддаў,/ Каб адхінуць жалобы скруху...» («Кітаю — з Беларусі»). 

Дарэчы, некаторыя творы Міколы Мятліцкага ў апошні час былі перакладзены на кітайскую мову. Будзем спадзявацца, што і надалей голас беларускага мастака слова будзе чуваць не толькі ў роднай старонцы, але і ў Кітаі, у іншых краінах свету. Яго, аўтара кнігі «Абярэг» і многіх другіх паэтычных зборнікаў, светлыя грамадзянскія памкненні — спадзяванне на сцвярджэнне вартасцяў гуманістычных, міралюбівых перакананняў ва ўсіх народаў і ўсіх краінах свету. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.