Вы тут

Як у Беларусі ствараюць фальклорна-этналінгвістычны атлас


У нашай краіне вядзецца работа па стварэнні Беларускага фальклорна-этналінгвістычнага атласа. Гэтае ўнікальнае выданне дазволіць больш даведацца пра культуру і традыцыі, светаўспрыманне нашага народа, убачыць, на якіх тэрыторыях пашыраныя пэўныя ўяўленні. Акрамя таго, калі новыя карты суадносіць з раней створанымі археалагічнымі, гістарычнымі, моўнымі крыніцамі, можна атрымаць новыя даныя пра рассяленне плямёнаў, пра кантакты паміж жыхарамі пэўных тэрыторый і пра тое, як маглі ўзнікаць, распаўсюджвацца і змяняцца творы фальклору, пэўныя абрады, сюжэты, міфы.


За доўгія гады экспедыцый у архіве Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі назбіралася багата фальклорных запісаў з розных куткоў краіны. Экспедыцыі працягваюцца і сёння, і свежыя адкрыцці таксама ўлічваюцца пры распрацоўцы картаў. Атлас дазволіць сістэматызаваць назапашаны матэрыял па традыцыйнай духоўнай культуры і стане своеасаблівым дапаможнікам для даследчыкаў і людзей, якія цікавяцца культурнай спадчынай нашага народа.

Днямі прайшоў круглы стол, прысвечаны работы над згаданым выданнем. Даследчыкі раскрылі асобныя сакрэты нашых продкаў, закладзеныя ў атлас. Напрыклад, ён падкажа, як нашы продкі адказвалі на пытанне «адкуль бяруцца дзеці». Сабрана больш за 800 запісаў, якія прапаноўваюць розныя варыянты. Так, беларусы маглі сказаць, што немаўля знайшлі не толькі ў капусце, але і ў бульбе, хлебным полі, у лесе. Малога мог прынесці сваяк ці чужы чалавек, цыган, ведзьма, звяры ці нават рыба, альбо малое ўзялі з вады, рэчкі, у калодзежы. Натуральна, нашым продкам дзіця таксама маглі прыносіць бусел або варона. Часам у вёсках казалі, што птушкі раскопвалі дзіця... у гноі. На тэрыторыі цэнтральнага і заходняга Палесся маглі «пахваліцца», што малое выдзеўблі з пня, калоды. А яшчэ быццам дзяцей «куплялі».

Млечны Шлях у традыцыйных уяўленнях часцей за ўсё асацыіраваўся з дарогай, па якой розныя пералётныя птушкі выпраўляюцца ў вырай, альбо шляхам сакральных персанажаў (Бога, праведных святых, вучняў Хрыста) ці «кірункам» да Кіева, Іерусаліма, святога горада. На поўдні краіны вяскоўцы маглі сказаць, што гэта «чумацкі» шлях (па якім вазілі соль).

Фантазіяй продкаў можна толькі захапляцца. Так, у Евангеллі ад Матфея ўцёкам Святой сям'і ў Егіпет прысвечаны толькі два радкі. А ў вуснай традыцыі гэтая гісторыя абрасла цікавымі дэталямі. Жывёліны і расліны, якія аказвалі дапамогу ці адмаўляліся рабіць яе, набывалі пэўныя ўласцівасці. Напрыклад, асіна дрыжыць, бо аказалася баязлівай і не ратавала, а вось елку, калі яна ўпрыгожаная, нельга выкідваць (можна толькі спаліць), бо яна хавала Святую сям'ю. Уласна, таму яе галінкі цяпер нахіленыя ўніз, а раней быццам раслі ўверх, і яна магла скідваць лісце, як іншыя дрэвы...

Карты змесцяць багата іншых фальклорных асаблівасцяў і могуць стаць карыснымі крыніцамі звестак для гісторыкаў, лінгвістаў, краязнаўцаў, экскурсаводаў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.