Вы тут

Электрадамы мы будзем узводзіць комплексна


Пра гэта заявіў намеснік старшыні Дзяржстандарта — дырэктар дэпартамента па энергаэфектыўнасці Віталь Крэцкі, адказваючы на пытанні журналістаў перад выніковай калегіяй ведамства.


Яшчэ больш ашчадна

Наша краіна разлічвае да канца пяцігодкі паменшыць энергаёмістасць дзесьці на 7 %. Цікава, ці рэальна цяпер будаваць такія планы, улічваючы, што нафта і газ па-ранейшаму адыгрываюць вялікую ролю, а акрамя таго, супраць нашай краіны ўведзены досыць жорсткія санкцыі? Віталь Крэцкі лічыць, што пастаўленая задача цалкам выканальная.

Дзяржпраграмай устаноўлены паказчык па зніжэнні энергаёмістасці ўнутранага валавога прадукту (ВУП) летась у памеры плюс 6,8 % да ўзроўню 2020 года пры тэмпах росту ВУП 101,8 %. Паводле папярэдніх звестак Белстата, за студзень—снежань мінулага года паказчык па зніжэнні энергаёмістасці склаў плюс 6,4 % да ўзроўню 2020 года пры тэмпах росту ВУП 102,3 %.

Акрамя таго, эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР) за мінулы год склала 685,8 тысячы тон умоўнага паліва пры плане 550 тысяч тон. Найбольшую эканомію рэсурсаў — 265,5 тысячы тон умоўнага паліва — удалося забяспечыць дзякуючы ўкараненню ў вытворчасць сучасных энергаэфектыўных тэхналогій, працэсаў, абсталявання і матэрыялаў. У планах на бягучы год — забеспячэнне аб'ёму эканоміі гэтых рэсурсаў не менш як 0,6 мільёна тон умоўнага паліва.

А санкцый мы не баімся. Яны былі ўведзеныя не ўчора, і — нічога. Як паказалі вынікі мінулых гадоў, санкцыі на энергаэфектыўнасць не ўплываюць ніяк. Нават назіраецца адваротны эфект, калі кіраўнікі рэальнага сектара эканомікі ў цяжкіх эканамічных умовах больш актыўна ўкараняюць энергаэфектыўныя мерапрыемствы, таму што гэта прыводзіць да зніжэння сабекошту прадукцыі.

«Павышэнне эфектыўнасці выкарыстання энергарэсурсаў на асобным прадпрыемстве адбіваецца перш за ўсё на зніжэнні энергаёмістасці выпускаемай прадукцыі і, як вынік, павышэнні яе канкурэнтаздольнасці як на ўнутраным, так і знешнім рынках», — падкрэсліў дырэктар дэпартамента па энергаэфектыўнасці. Як ён адзначыў, мэтавыя паказчыкі энергазберажэння на 2021 год, устаноўленыя дзяржпраграмай, выкананы большасцю органаў дзяржаўнага кіравання і рэгіёнаў.

Перадавікі сярод лідараў

Цікава, а якія пазіцыі нашай краіны ў дадзенай галіне ў параўнанні з моцнымі гульцамі? Як аказалася, эфектыўнасць работы ў Беларусі па зніжэнні энергаёмістасці айчыннага ВУП пацвярджаецца данымі Міжнароднага энергетычнага агенцтва. Паводле іх інфармацыі, у 2019 годзе энергаёмістасць ВУП нашай краіны знізілася ў 2,1 раза да ўзроўню 2000 года. Гэта нашмат больш інтэнсіўна, чым зніжэнне энергаёмістасці такой эканамічна развітой краіны, як Швецыя, і ў 2 разы больш інтэнсіўна, чым у Канадзе — краіне з падобнымі кліматычнымі ўмовамі.

Фактычны паказчык энергаёмістасці ВУП Беларусі склаў 0,146 тоны нафтавага эквіваленту на 1 тысячу долараў ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці ў цэнах 2015 года. «У параўнанні з прамыслова развітымі краінамі — членамі ЕАЭС Беларусь займае лідзіруючае становішча», — заўважыў спікер.

Рост мясцовых рэсурсаў

Дырэктар дэпартамента адзначыў, што найважнейшым напрамкам зніжэння залежнасці краіны ад вуглевадародаў з'яўляецца павелічэнне выкарыстання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў, у тым ліку аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ). Доля мясцовых рэсурсаў у валавым спажыванні ПЭР летась склала 16,1 %. А прырост спажывання мясцовых паліўных рэсурсаў летась да 2020 года склаў каля 290 тысяч тон умоўнага паліва. Па выніках работы большасцю органаў дзяржкіравання, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам забяспечана выкананне ўстаноўленых мэтавых паказчыкаў па долі мясцовага паліва ў кацельна-пячных рэсурсах.

Што датычыцца фінансавання энергазберагальных мерапрыемстваў, то па выніках года асвоена 944 мільёны рублёў. Асноўнымі крыніцамі фінансавання былі ўласныя сродкі арганізацый і сродкі мясцовых бюджэтаў, доля якіх склала каля 80 % у агульным аб'ёме інвестыцый.

Знізілі спажыванне газу

Паводле інфармацыі Віталя Крэцкага, сёлета будуць уведзены ў эксплуатацыю 22 энергакрыніцы на мясцовых відах паліва сумарнай цеплавой магутнасцю 94,3 МВт. Гэта дазволіць замясціць выкарыстанне імпартаванага паліва на 24,2 мільёна кубічных метраў. З іх 10 энергакрыніц магутнасцю 25,3 МВт будуць рэалізаваны за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў, мясцовага і рэспубліканскага бюджэтаў, 12 энергакрыніц магутнасцю 69 МВт — за кошт крэдытных сродкаў міжнародных фінансавых арганізацый.

Паводле яго слоў, летась былі ўведзены ў эксплуатацыю 14 энергакрыніц на мясцовых ПЭР сумарнай цеплавой магутнасцю 108,9 МВт, што дазволіла замясціць выкарыстанне імпартаванага паліва на 28 тысяч тон умоўнага паліва і знізіць спажыванне імпартаванага прыроднага газу на 27,4 мільёна кубічных метраў штогод.

У якасці прыкладу кіраўнік дэпартамента прывёў будаўніцтва летась камбінаванай кацельні на мясцовых рэсурсах і прыродным газе ў Шчучыне (Гродзенская вобласць) сумарнай цеплавой магутнасцю 12 МВт. У кацельні ўстаноўлены два сучасныя аўтаматызаваныя вадагрэйныя цвёрдапаліўныя катлы айчыннай вытворчасці цеплапрадукцыйнасцю 6 МВт кожны.

«Будаўніцтва новай кацельні дазволіла знізіць эксплуатацыйныя выдаткі на цеплазабеспячэнне горада за кошт замяшчэння імпартаванага прыроднага газу мясцовымі відамі паліва і вываду з эксплуатацыі неэфектыўнага абсталявання. Рэалізацыя праекта дазволіла замясціць выкарыстанне імпартаванага віду паліва на 300 тысяч долараў, знізіць сабекошт 1 Гкал адпускаемай цеплавой энергіі з 105,6 рубля да 75,2 рубля», — распавёў Віталь Крэцкі.

Новае драўнянае паліва

Што датычыцца міжнароднага супрацоўніцтва, сёлета дэпартамент працягне падрыхтоўку і рэалізацыю сумесных з міжнароднымі арганізацыямі праектаў па павышэнні энергаэфектыўнасці і развіцці выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі.

У прыватнасці, у планах завяршыць інвестыцыйны праект «Выкарыстанне драўнянай біямасы для цэнтралізаванага цеплазабеспячэння». Ён прадугледжвае будаўніцтва і рэканструкцыю кацельняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі з выкарыстаннем там драўнянага паліва. Таксама ведамства працягне работу па прыцягненні фінансавання для праекта па павышэнні энергаэфектыўнасці аб'ектаў сацыяльнай сферы.

Электрамашыны, электрадамы і вадароднае паліва

Апошнім часам досыць актыўна вядзецца абмеркаванне магчымасці будаўніцтва другой атамнай станцыі ў Беларусі. Нам на самай справе так неабходная дадатковая электраэнергія? Зразумела, што дадзенае пытанне не зусім у кампетэнцыі названага дэпартамента, таму адказ на яго быў вельмі акуратным.

Віталь Крэцкі адзначыў, што калі такое рашэнне будзе прынята, то спецыялісты дэпартамента прымуць максімум намаганняў для таго, каб з эканамічна апраўданымі выдаткамі дадзеную станцыю ўвесці ў беларускую энергасістэму. За кошт якіх мерапрыемстваў? У першую чаргу, за кошт развіцця электратранспарту.

У нас сёння тэма нумар адзін — легкавы і грузавы транспарт, які сілкуецца ад электрычнасці. І далей будзе папулярызавацца гэты кірунак. Другой тэмай павінна стаць стварэнне сучасных электрычных цеплавых помпаў і акумулятараў.

«Сёння існуе адзін з перспектыўных напрамкаў — стварэнне вадароду для энергетычных мэт. Гэтая тэма новая, ёй цяпер актыўна займаюцца ў Германіі. Мы з ёй знаёмыя ўжо больш за два гады. Пад уздзеяннем электрычнасці са звычайнай вады атрымліваюць чысты вадарод і іншыя элементы. Мерапрыемства даволі складанае, але перспектыўнае».

Цяпер жа ў нашай краіне развіваецца ўжо не новы напрамак, які прадугледжвае будаўніцтва электрадамоў. Гэта жылы аб'ект, да якога ўмоўна падключаецца ўсяго толькі адзін кабель і адна труба, і інфраструктура для жыццезабеспячэння шматкватэрнага дома створана.
У такіх новых дамах эксплуатацыйныя выдаткі будуць значна меншыя, чым у традыцыйных.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».