Вы тут

Жыццё Уладзіміра Урбановіча, Ціхана Барана і бульба «Скарб»


Нястомныя шукальнікі скарбаў

Гэты здымак (а на ім — злева направа — Ян Скрыган, Уладзімір Урбановіч, Васіль Бондар, Міхась Петрыкевіч і Фёдар Янкоўскі) быў зроблены ў пачатку 1960-х, на беразе Свіцязі, якая заўсёды вабіла шчырых сяброў-аднадумцаў, пісьменнікаў, гісторыкаў, мастакоў, краязнаўцаў...


Якраз такім быў Уладзімір Урбановіч — настаўнік, аўтар некалькіх кніг і добрай сотні артыкулаў, адзін з заснавальнікаў народнага музея ў Валеўскай сярэдняй школе... Ён шчыра сябраваў з многімі пісьменнікамі. У яго доме, у вёсцы не раз бывалі Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Максім Танк, Барыс Сачанка, Аляксей Карпюк, Анатоль Вярцінскі, Пятрусь Макаль, Генадзь Каханоўскі ды многія іншыя слынныя людзі Беларусі. Аднак часцей за ўсіх гасцілі пісьменнікі, выдатныя літаратура- і мовазнаўцы Ян Скрыган і Фёдар Янкоўскі.

З Фёдарам Міхайлавічам, як расказваў мне Валерый Петрыкевіч, які цяпер жыве ў Дзятлаве, сустрэч было асабліва шмат.

— Мы, валеўскія дзеці, вельмі любілі лавіць рыбу — часам рукамі, з-пад камянёў. «Узбройваліся» кашамі ці таптухамі, — успамінаў спадар Валерый, — і «прафільтроўвалі» ўсе рачныя ямкі аж да суседняй вёскі Мондзіна (цяпер Чаромушкі)... А неяк прыходзім і вачам не верым: на паверхні вады — ледзь жывыя стронгі, ды не маленькія, а з добры селядзец... Мы подбегам па цячэнні... Глядзіш — поўны кош налавілі, схавалі ў крапіве пад кустом. Потым паздымалі з сябе кашулі, пазавязвалі рукавы, рыбай напоўнілі майкі...

Каб данесці здабычу дамоў, спатрэбілася два рэйсы. Улову хапіла і сабе, і суседзям на некалькі дзён. Потым высветлілася, што адзін з трактарыстаў вымыў у рэчцы вялікую бочку, у якой вазіў нейкае вадкае ўгнаенне...

Дык вось, у хуткім часе пасля гэтай «рыбалкі», прыехаўшы ў Валеўку, Фёдар Міхайлавіч адразу ж папрасіў, каб звадзілі яго на месца злачынства. І распытваў там, і ахаў, і любаваўся маляўнічай Неўдай... Праз дзень-другі раніцай і сам ужо выставіў донныя вудачкі... Амаль на кожнай з іх вечарам былі стронгі грамаў па 300—400... Адна мяне здзівіла — даўжынёй з паўметра. Але ж найбольш здзівіў сам рыбак: акуратна зняўшы здабычу з кручкоў ды палюбаваўшыся, ён адпускаў рыбу назад у ваду. З сабой узяў толькі дзве моцна параненыя стронгі, каб (яго словы) «Серафіму, жонку маю, парадаваць».

Па дарозе дамоў Фёдар Міхайлавіч меркаваў, што рэчка некалі была паўнаводнай і нашы папярэднікі, напэўна, здабывалі ў ёй не толькі стронгу, але і ласосяў, і харыусаў... А сёння, казаў, трэба біць у званы, каб хімія не трапляла больш у рэкі ды рачулкі. І рыбакам, калі трапіцца на вуду нейкі рэдкі «экзэмпляр», варта адпусціць яго назад у ваду, каб было патомства. Такім вось рыбаком і дабрадушным чалавекам быў прафесар Фёдар Янкоўскі...

Бацька майго суразмоўніка — Міхась Петрыкевіч — заслужаны настаўнік Беларусі ў Валеўцы працаваў намеснікам дырэктара сярэдняй школы, дапамагаў Уладзіміру Урбановічу ствараць краязнаўчы музей, які з часам стаў вядомы на ўсю Беларусь.

Не дзіва, што пра стваральнікаў даведаліся ў суседнім Дзятлаве, што Міхася Фёдаравіча, як той казаў, прыехалі сватаць. Не адразу, але ён пагадзіўся — з сям'ёй перабраўся ў суседні райцэнтр, дзе адразу ж распачаў пошук матэрыялаў для будучага раённага музея.

Пятро Чырко (светлай памяці!) быў у той час дырэктарам раённага Дома культуры і расказваў, як аднойчы ў абед да яго забег усхваляваны Міхаіл Фёдаравіч, як аб'явіў, што на адным з хутароў апытаў жорны, што трэба туды паехаць і тэрмінова забраць... Яно б добра, але на вуліцы — снег, завіруха. Кажу: «Давай пачакаем». Ён — ні ў якую!.. На той хутар мы ледзьве прабіліся, але жорны забралі! Міхась Фёдаравіч быў такі шчаслівы, нібы скарб знайшоў.

Дзякуючы яму, гэтаму нястомнаму шукальніку і збіральніку скарбаў, 5 мая 1968 года быў адкрыты Дзятлаўскі музей народнай славы. Пра яго экспанаты Міхась Фёдаравіч мог расказваць суткамі, і для слухачоў гэта былі самыя займальныя падарожжы ў сваё мінулае.

...Вось такая гісторыя з фатаграфіяй. Застаецца дадаць, што на здымку, сярод знакамітых асоб, настаўнік Васіль Бондар, які потым больш за 20 гадоў (да 1981-га) быў дырэктарам Валеўскай сярэдняй школы.

Сяргей ЧЫГРЫН

г. Слонім

Фота з архіва аўтара


У спісках значыцца. І гэта ўжо назаўсёды

Сёлета, чацвёртага сакавіка, Ціхану Максімавічу Барану споўнілася б 90. За плячыма магло б аказацца доўгае і цікавае жыццё: вучоба, выбар прафесіі, работа, стварэнне сям'і... Усё, напэўна, было б, калі б не вайна.

Ціхан Баран — наш беларускі Сусанін, нарадзіўся на Пружаншчыне ў вёсцы Байкі ў шматдзетнай сялянскай сям'і, змалку дапамагаў бацькам па гаспадарцы, добра вучыўся ў школе, захапляўся гісторыяй.

З пачаткам вайны два яго старэйшыя браты пайшлі на фронт, сярэдні апынуўся ў партызанах. Дапамагаў ім і бацька: збіраў звесткі пра немцаў, арганізоўваў забеспячэнне прадуктамі ды іншымі неабходнымі рэчамі. Побач з хатай, дзе жыла сям'я Бараноў, дзейнічаў штаб, працавала падпольная друкарня...

У падпольшчыкаў Ціхан забіраў і распаўсюджваў лістоўкі, збіраў інфармацыю аб колькасці варожых салдат і афіцэраў, іх узбраенні і баявой тэхніцы, перадаваў звесткі ў партызанскі атрад.

Не дзіва, што ўрэшце хлопчыка разам з мамай і сястрычкамі схапілі немцы, больш за месяц трымалі пад вартай, дапытвалі і нават катавалі, пасля чаго маці трапіла ў канцлагер, а знясіленыя дзеці нейкім цудам засталіся на волі, у роднай вёсцы. Дзвюх змучаных і хворых сястрычак прытулілі ў сябе суседзі, Ціхан жа праз нейкі час зноў апынуўся ў партызанскім атрадзе імя Кірава.

Каб расквітацца з народнымі мсціўцамі, фашысты вырашылі знішчыць, сцерці з зямлі вёску Байкі. У ноч з 21 на 22 студзеня (Ціхан якраз выконваў заданне ў роднай вёсцы) яны распачалі карную аперацыю. Амаль тысячу жыхароў (958 чалавек) выгналі на мароз, прымусілі капаць брацкую магілу, падпалілі вёску і пачалі страляць. На вачах у хлопчыка гінулі яго землякі, сваякі, суседзі, яго родныя сястрычкі...

Калі расстрэл скончыўся, гестапавец звярнуўся да Ціхана: ты, маўляў, ведаеш, дзе партызаны, — значыць, завядзеш да іх... І тады вялікая Германія даруе табе жыццё. Мы адправім цябе ў Берлін, ты станеш чалавекам...

Дванаццацігадовы Ціхан паабяцаў паказаць дарогу і сапраўды павёў немцаў — у лес, у гушчар, у непраходнае балота. Праваднік ведаў, што гэтага яму не даруюць, што ён загіне, але разам з ім пакутніцкую смерць прымуць і дзве сотні ворагаў... Такой была помста за маці, за сястрычак, за ўсіх аднавяскоўцаў.

...У Пружанах імя партызана Ціхана Барана носіць адна з вуліц, у адроджанай вёсцы Байкі ўстаноўлены помнік загінулым жыхарам. У спісе значыцца прозвішча піянера Ціхана.

Мікалай ШАЎЧЭНКА

г. Мінск


«Рабі, што трэба,  і хай будзе, што будзе»

Люблю чытаць «Звязду», найбольш — нумары па пятніцах, дзе «...Народ на провадзе!», «Неасабісты суб'ектыў»... Многае тады ўспамінаецца.

Апошнім часам зачапілі, як той казаў, назіранні за работай гандлю — прадаўцоў, касіраў. З імі мы сутыкаемся ледзь не штодня, і таму хацелася б верыць, што людзі гэта пераважна сумленныя, а памылкі калі і здараюцца, то з-за наплыву пакупнікоў, кожнаму з якіх трэба ўсміхнуцца, прапанаваць пакет, прабіць тавары, нешта ўзважыць, палічыць і пры гэтым нічога не пераблытаць... А яно ж здараецца — па сабе ведаю.

...Розныя далікатэсы, у тым ліку сыравэнджаную каўбасу, я сабе не купляю: дорага. Але ж яе вельмі любіць унучка, і парадаваць малую хочацца.

Неяк выбрала невялікую палачку. Да яе ў свой кошык паклала заўсёдныя смятану, хлеб, малако, масла, адстаяла чаргу да касы. Маладая дзяўчына ўсе мае пакупкі прабіла, назвала суму, якую трэба заплаціць. Я дастала з кашалька досыць буйную купюру, каб разлічыцца, а касір ужо працягвае мне... рэшту. «Што вы робіце?» — пытаю ў дзяўчыны. Яна толькі вачыма лыпае: хацела б нешта сказаць, але разгубілася — нічога не разумее.

Давялося патлумачыць, потым разлічыцца за пакупкі ды пайсці дамоў, прычым у добрым настроі, бо па дарозе ўспаміналася мама. Яна заўжды нам казала, што, зрабіўшы для некага хай малое, але дабро, узамен атрымаеш большае.

У праўдзівасці гэтых слоў я пераканалася ў той жа вечар, калі перад сном (у мяне завядзёнка такая) выйшла на прагулку. Звычайна я наразаю тры кругі вакол школьнага стадыёнчыка. У той раз толькі павярнула на трэці і ўбачыла на сцежцы... грошы. Першая думка была: «Адкуль, калі нідзе і нікога? Можа, нехта жартуе?» Пастаяла, паглядзела навокал. Як быццам не? Нахілілася, падняла — вырашыла, што муж (ён працаваў у школе) заўтра зробіць аб'яву, і на яе нехта адгукнецца, аднак...

Хто згубіў тыя грошы, засталося загадкай, як і тое, чаму я знайшла іх у той самы дзень, прычым у суме ў два разы большай, чым — не маючы сумлення — магла ўзяць у касіра.

Значыць, мама праўду казала: за малое дабро атрымаеш вялікае. Хаця справа, вядома ж, зусім не ў ім, не ў знаходцы... І не ў словах удзячнасці, пачутых ад той маладзенькай дзяўчыны. Мне прыемна было кіравацца сваім сумленнем. Як там у класікаў? «Рабі, што трэба, і хай будзе, што будзе».

А. ВАСІЛЬЕВА

г . Гомель


Якое семя, такое і племя?

Не першы год мы вырошчваем бульбу «Скарб», не першы год успамінаем бабулю. Яна, бедная, адправіўшы мужа на фронт, працавала ад цямна да цямна, каб хоць неяк пракарміцца, зберагчы малых. Найчасцей на стале ў іх была бульбачка з кіслым агурком.

Неяк напрадвесні ўсю яе бабуля вынесла з варыўні ў двор, драбнейшую стала адбіраць на насенне.

— Мама, а што ж мы есці будзем? — з трывогай спыталі дзеці.

Сэрца маці зайшлося ад болю: абрэзаўшы з бульбы трохі таўсцейшую лупіну з «вочкамі», яна стала абсыпаць яе попелам, каб потым садзіць, а саму тую абрэзаную бульбу — варыць ды есці.

За вочы людзі смяяліся з яе, казалі: нічога ў іх не вырасце! Але...

Прыгрэла сонейка, прайшлі дажджы — і на градцы з'явіліся першыя парасткі...

І потым... Бульба, якую садзілі з такой надзеяй і даглядалі з такой любоўю, не магла не ўрадзіць! Капалі яе, як сапраўдны скарб.

...Не ведаю, хто назваў так адзін з айчынных сартоў. Можа, нехта з дзяцей вайны?

Г. СЦЯПАНАВА

Мінскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».