Вы тут

Новыя падыходы ДАІ Гомельшчыны да арганізацыі дарожнага руху ў рэгіёне


Плануецца, што, у прыватнасці, у абласным цэнтры значныя змяненні закрануць адну з галоўных артэрый горада — вуліцу Савецкую. Транспартны паток на гэтым напрамку злучае гістарычны цэнтр і «паўночныя вароты» Гомеля. Трафік тут заўсёды інтэнсіўны, а па колькасці рэзанансных ДТЗ з трагічнымі наступствамі, на жаль, вуліца ў ліку гарадскіх антырэкардсменаў. Усё гэта не можа не выклікаць заклапочанасць у супрацоўнікаў дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі.


Аб прыярытэтных кірунках арганізацыі дарожнага руху ў абласным цэнтры і вобласці ў цэлым журналісты пацікавіліся ў начальніка ўпраўлення ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Андрэя Гаркушы. Па словах кіраўніка ведамства, сёння там чакаюць узгаднення новага плана арганізацыі дарожнага руху і паляпшэння дарожнай абстаноўкі. Згодна з ім для Гомеля супрацоўнікі Дзяржаўтаіспекцыі разглядаюць пытанне ўладкавання прыпынкаў грамадскага транспарту ў асобных кішэнях на вуліцы Савецкай — на ўчастку ад плошчы Паўстання да плошчы Леніна. Ёсць прапанова аб'яднаць некаторыя прыпынкі, дзе прыпыначныя пункты размешчаны дастаткова блізка адзін да аднаго. Таксама абласной Дзяржаўтаінспекцыяй унесены прапановы па арганізацыі палос для павароту налева. Такая змена разглядаецца для арганізацыі праезду на перакрыжаванні вуліцы Савецкай з вуліцамі 50 гадоў БССР, Кожара і Галавацкага. Цяпер адпаведныя службы пралічваюць кошт, варыянты і магчымасці для правядзення гэтых работ.

Адна з апошніх ініцыятыў Дзяржаўтаіспекцыі Гомельшчыны — распрацоўка рэкамендацыі па больш дакладным і строгім рэгламентаванні такога сегмента пасажырскіх перавозак як таксі. Значны рост колькасці ДТЗ з удзелам таксістаў — нагода для клопату, дадзеная праблема ўвогуле актуальная для ўсёй краіны. Адной з галоўных прычын такіх ДТЗ, упэўненыя ў ДАІ рэгіёна, надзвычай спрошчаны і часта некантралюемы працэс аказання паслугі ў сучасным фармаце: таксістам фактычна можа стаць кожны, хто мае пасведчанне кіроўцы.

Як адзначыў начальнік упраўлення ДАІ УУС аблвыканкама Андрэй Гаркуша, на Гомельшчыне адзначаецца рост колькасць аварый з удзелам аўтамабіляў таксі. Летась у рэгіёне з удзелам таксі было зафіксавана 78 (на 18 больш, чым у 2020 годзе) ДТЗ, у якіх загінулі 2 чалавекі і яшчэ 64 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.

— На маю думку, работа транспарту таксі павінна быць больш арганізаванай. Павінны быць таксапаркі, якія будуць адсочваць і вадзіцельскі састаў, і стаж іх работы, і тое, у якім стане кіроўцы прыходзяць на работу, у якім стане транспарт, дзе будуць праводзіць перадрэйсавы кантроль. Пакуль гэты кірунак бескантрольны, — адзначыў Андрэй Гаркуша. — Праблема ёсць, пакуль яна не вырашана. Унесены пэўныя прапановы, працягваецца прапрацоўка гэтага пытання, — дадаў начальнік упраўлення.

Паводле яго слоў, не рэдкасць, калі інспектары ДПС выяўляюць кіроўцаў таксі ў стане ап'янення. Часта выяўляюцца факты, калі за перавозку пасажыраў бяруцца таксісты, якія не маюць дастатковага досведу ваджэння.

Новы план арганізацыі дарожнага руху і паляпшэння дарожнай абстаноўкі ў рэгіёне таксама разлічаны на працяг укаранення комплексу мер па прафілактыцы парушэнняў сярод усіх удзельнікаў дарожнага рух, сумесную работу са СМІ па папулярызацыі захавання правілаў дарожнага руху і недапушчэнні гібелі і траўматызму на дарогах. Значная ўвага будзе аддадзена і прымяненню новых формаў арганізацыі дарожнага руху.

Як звяртае ўвагу начальнік упраўлення ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама, па выніках мінулага года ў рэгіёне ёсць пэўнае зніжэнне колькасці ДТЗ. Так, летась зарэгістравана 445 дарожных аварый. Яны забралі жыцці 73 чалавек, 489 — пацярпелі.

— У бягучым годзе у вобласці, на жаль, назіраецца рост ДТЗ з цяжкімі наступствамі, што выклікае асаблівую заклапочанасць супрацоўнікаў ДАІ, — звярнуў увагу Андрэй Гаркуша.

З пачатку года на тэрыторыі рэгіёна адбылося 67 ДТЗ, у якіх 20 чалавек загінулі і 66 — атрымалі траўмы.

Кіраўнік ведамства адзначыў фактары, якія ўплываюць на трагічную статыстыку. Сярод аўтамабілістаў, як звычайна, найбольшую небяспеку нясуць кіроўцы, якія селі за руль нецвярозымі. Пры гэтым некаторыя з іх не баяцца страціць пасведчанне, бо ўжо пазбавіліся яго раней.

— Летась па віне п'яных вадзіцеляў было ўчынена 51 уліковае ДТЗ, у якіх 17 чалавек загінулі, 66 атрымалі раненні. Дробныя ДТЗ з удзелам нецвярозых кіроўцаў па-ранейшаму фіксуюцца амаль штодзень. Хоць варта адзначыць, што ў абсалютных лічбах такіх парушэнняў цяпер выяўляецца менш. На агульную карціну паўплывала ўзмацненне адказнасці, унесенае ў КаАП, — адзначыў начальнік упраўлення ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама.

ДТЗ на вуліцы Савецкай у Гомелі, на шчасце, абышлося без ахвяр.

Калі аналізаваць сумную статыстыку ДТЗ мінулага года, 33 аварыі зафіксавана з удзелам бяспраўнікаў. Гэтыя здарэнні абарвалі жыцці 10 чалавек, 39 чалавек былі траўміраваны.

— Па выяўленні на дарогах кіроўцаў у стане ап'янення, якія пазбаўлены правоў і былі неаднаразова прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, працуем комплексна, не толькі Дзяржаўтаінспекцыя, але і ўся міліцыя грамадскай бяспекі. І гэта прыносіць свой плён. Як вынік, летась адзначалі зніжэнне такіх ДТЗ, — звярнуў увагу Андрэй Гаркуша.

Сёння значныя намаганні супрацоўнікаў ведамства накіраваныя на прадухіленне ДТЗ з удзелам пешаходаў. Летась на тэрыторыі вобласці адбылося 141 такое здарэнне. Ахвярамі сталі 22 чалавекі і 124 — атрымалі траўмы. Як паказвае аналіз, канстатуе Андрэй Гаркуша, у большасці выпадкаў адзначаныя ДТЗ былі справакаваны грубымі парушэннямі правілаў дарожнага руху самімі жа пешаходамі. Гэта і перасячэнне праезнай часткі ў неўстаноўленых месцах, знаходжанне на дарозе ў стане алкагольнага ап'янення, грэбаванне патрабаваннямі выкарыстання ў цёмны час сутак святлоадбівальных элементаў і іншыя прычыны.

Нягледзячы на тое, што з кожным годам назіраецца пэўнае зніжэнне колькасці аварый з удзелам пешаходаў, праблема такіх здарэнняў вельмі непакоіць супрацоўнікаў Дзяржаўтаіспекцыі Гомельшчыны, падкрэсліў начальнік ўпраўлення:

— Мы ў дэталях вывучаем усе ДТЗ з удзелам пешаходаў, накіроўваем прапановы, у тым ліку і ў органы ўлады, для ўнясення змяненняў у арганізацыю дарожнага руху, па асвятленні, укараненні іншых тэхнічных умоў на ўчастках вулічна-дарожнай сеткі. Асаблівая ўвага таксама аддаецца пастаяннай прафілактычнай рабоце з усімі ўдзельнікамі дарожнага руху. Гэта вялізная работа, але яна дае пазітыўныя вынікі, і мы будзем яе працягваць.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».