Вы тут

Камень на паліцы


Дзімкавы бацькі вырашылі жыць паасобку. Хлопчыка з-за гэтага давялося пераводзіць у іншы дзіцячы садок. Не так даўно я абедала з яго мамай. Пад канец нашай сустрэчы Дзімку з прагулкі прывёў тата і на развітанне сказаў: «Сына, калі цябе ў садку будзе хтосьці крыўдзіць, не бойся, давай здачы! Бі ў адказ, як я цябе вучыў». — «Тата, а словамі можна?» — да глыбіні душы ўзрушыла мяне мудрасць пяцігадовага хлопчыка.


Калі я сустракаю людзей, якія перакананы, што сіла вырашае ўсё, чамусьці ўяўляю іх маленькімі і бездапаможнымі. Накшталт сына святара, пра якога ў 1978 годзе падчас свайго выступлення на тэму гвалту распавядала пісьменніца Астрыд Ліндгрэн.

Жонка святара, веруючая жанчына, як толькі нарадзіла першае дзіцятка, прыняла рашэнне ніколі не падымаць на яго руку. Хоць пакаранне розгамі з мэтай выхавання ў той час было вельмі распаўсюджаным. Але аднойчы, калі хлопчыку было 4 ці 5 гадоў, ён учыніў нейкае свавольства. Жанчына святара не ўтрымалася і ўпершыню ў жыцці вырашыла паступіцца сваімі прынцыпамі. Яна сказала сыну, каб той пайшоў у двор і сам знайшоў для сябе прут. Хлопчыка доўга не было, а калі ён вярнуўся, твар яго быў мокры ад слёз. «Мама, я не знайшоў прута, але знайшоў камень, якім ты можаш у мяне кінуць». У гэты момант жанчына ўбачыла сітуацыю вачыма дзіцяці: «Калі мая мама хоча зрабіць мне балюча, то няма ніякай розніцы, як яна гэта зробіць». Жонка святара пасадзіла сына на калені і яны разам паплакалі. А потым паклалі камень на кухонную паліцу як напамін пра галоўнае.

«Нашы дзеці глядзяць тэлевізар, яны бачаць, як шмат на зямлі агрэсіі, і магчыма, лічаць, што гэта адзіны спосаб вырашыць усе праблемы. Але мы, бацькі, акурат зараз, у сваім доме, можам паказаць ім, што ёсць іншы шлях. І гэта тое, што мы можам зрабіць дзеля міру. Усім нам не перашкодзіць камень на кухоннай паліцы!» — рэзюмавала Астрыд Ліндгрэн.

...Мне ў дзяцінстве часам перападала ад таты. Таму я гэтаксама, як і жонка святара, цвёрда для сябе вырашыла, нягледзячы ні на што, не караць свайго сына фізічна. Дарэчы, што датычыцца выхавання, мне імпануе «тыбецкі погляд». Трапіла на яго яшчэ падчас цяжарнасці і нават замалявала сабе схемку ў нататнік.

Згодна з тыбецкай сістэмай выхавання, да пяці гадоў з дзіцем трэба абыходзіцца «як з царом». Нельга яму штосьці забараняць і тым больш караць. Калі яно робіць штосьці няправільнае ці небяспечнае, трэба зрабіць спужаны выгляд і пераключыць яго ўвагу на штосьці іншае. Калі ж у гэтым узросце залішне аберагаць дзіця і многае яму забараняць, то ў выніку не атрымаецца нічога добрага. Вы проста прыгнецяце яго жыццёвую актыўнасць і навучыце бяздумна падпарадкоўвацца.

З пяці да дзесяці гадоў абыходзьцеся з дзіцем «як з рабом», але, вядома, без жорсткасці. У гэты час важна ставіць перад ім розныя задачы, кантраляваць, як яны выконваюцца, і навучыць сваю крывіначку быць гатовым да наступстваў, якія вынікаюць з-за іх невыканання. Так маленькі чалавек вучыцца несці адказнасць за свае ўчынкі, імкнуцца да станоўчых рэчаў і пазбягаць адмоўных. Калі ж у гэты перыяд працягваць ставіцца да дзіцяці «як да караля», яно вырасце інфантыльным, не навучыцца адказваць за свае ўчынкі і не будзе здольнае да працы.

З дзесяці да пятнаццаці гадоў абыходзьцеся з дзіцем «як з роўным». Райцеся, пытайцеся яго меркаванне, заахвочвайце самастойнасць. Калі вы будзеце ўсё забараняць, то адносіны толькі пагоршацца, і дзіця можа трапіць у небяспечную сітуацыю. А калі празмерна аберагаць, то яно вырасце няўпэўненым у сабе і залежным ад чужога меркавання.

З пятнаццаці гадоў важна ставіцца да свайго дзіця з павагай. Даваць парады, але не выхоўваць. І калі вы да гэтага рабілі ўсё правільна, то пабачыце, што дзіця ператварылася ў самадастатковую, паўнавартасную асобу, якая паважае сябе, сваіх бацькоў і навакольных. І разумее, што яе правы заканчваюцца там, дзе пачынаецца боль іншага чалавека.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.