Вы тут

Насенне з гісторыяй


Ледзь толькі з нашага агародзіка сышоў снег і ў паветры запахла вясной, я адразу ж пачала разбіраць свае запасы насення. А іх, як аказалася, з камарыны нос. Пакуначкі з выявай кавуна і салатнай сумессю «Фітнес» ад сябра з Масквы. Семечкі дэкаратыўных сланечнікаў ад суседкі Святланы. Лекавы рамонак ад хрэсніцы і добрая жменя кропу, клапатліва сабраная мамай. З такімі запасамі далёка не даедзеш, таму я сур'ёзна задумалася аб тым, дзе і якім насеннем разжыцца.


Якраз у гэты час пісала матэрыял пра гаспадыню аграсядзібы з Палесся. Як аказалася, Настасся Цяслюк ужо не першы год рассылае па пошце ўсім ахвотным чысцюткае (не апрацоўвалася хімікатамі і пестыцыдамі) насенне гародніны, кветак, прыпраў, лекавых раслін. Збіраюць яго летам і ўвосень бабулькі вёскі Хваенск і іх сваячкі, жанчыны якія жывуць у Давыд-Гарадку. Робяць яны гэта так даўно, колькі сябе памятаюць. Іх мамы так рабілі. І бабулі. Мяне так натхніла думка, што сёлета на маім агародзіку з'явіцца кавалачак Палесся, што, не раздумваючы, заказала сабе наборчык насення з сямейнымі гісторыямі.

Што ж я сёлета буду садзіць на градках і чаму? Вырашыла не распыляцца і спыніцца на трох кітах. Першы кіт: ЗЕЛЯНІНА. Мы яе любім ды шмат ужываем, таму вельмі зручна, каб яна заўсёды была пад рукой. Сярод маіх фаварытаў: рукала, шпінат, кроп, цыбуля, лісце салаты, базілік, радыс і спаржавая фасоля (я гэта таксама да зеляніны адношу). Прычым сею зеляніну за сезон часта: пакуль адну партыю ядзім, другая расце. Другі кіт: БУЛЬБА. Я — бульбаш як ні круці. Праўда, сёлета пасадзім усяго траціну кошыка. Гэтага нам хопіць, каб паесці свежанькай бульбачкі, бо, пакуль не пабудавалі склеп, няма дзе захоўваць вялікі ўраджай.

А яшчэ вельмі хачу пасадзіць сапраўдную беларускую бульбу — тапінамбур. Кажуць, калі зрабіць гэта на мяжы ўчастку, то ён не дасць сеяцца сумніку, з якім мы змагаемся не першы год. Трэці кіт: ГАРБУЗЫ. Мне падабаецца, што яны доўга захоўваюцца нават у хаце з цёплай падлогай. Прынамсі, мы свае гарбузы ядзім ажно да канца вясны. Сёлета вырашыла пасадзіць новыя гатункі: мускатны, мядовы і грушападобны. Знаёмая абяцала падзяліцца яшчэ і голенькім насеннем гарбуза — аказваецца, такое бывае.

Сёлета мы дакладна не будзем садзіць памідоры. А яшчэ так шмат кабачкоў. Карацей, век жыві — век вучыся. А негатыўны досвед — таксама досвед. Памідоры на нашым участку, пераканаліся, можна вырошчваць толькі ў цяпліцы. Бо зусім побач канал з вадой, адкрытая мясцовасць — адным словам, напрыканцы лета і ўвосень тут туманны Альбіён. А дзе туман, там фітафтора. Апрацоўка медным купарвасам мяне не натхняе. А абцяжарваць сябе цяпліцай мы не хочам. Прынамсі, пакуль. Тым больш нам пашчасціла: у суседняй вёсцы жыве фермер, які вырошчвае смачныя памідоры, прадае іх зусім нядорага. Чаму б і не падтрымаць добрага чалавека?!

А з кабачкамі наогул атрымалася трагікамічная сітуацыя. Пазалетась я закупіла насенне ажно шасці розных гатункаў, бо вочы ў краме разбягаліся. І ўсё пасеяла (не б пакінуць частку на наступны год!). Кабачкоў нарасло мора. Ажно есці не паспявалі. Каму ні прапаноўвалі з аднавяскоўцаў ды гасцей, усе адмаўляліся. Маўляў, свае няма куды дзяваць. Урэшце, давялося выкінуць вядры тры тых перарослых кабачкоў. Галоўны ўрок, які вынесла, — трэба ведаць меру. Таму летась пасадзіла кабачкоў ужо разы ў тры менш. Але яны аказаліся настолькі пладавітымі, што сваімі сіламі мы таксама з імі не спраўляліся. Праўда, на гэты раз ні адзін кабачок не прапаў. Едучы ў Мінск, кідалі ў інтэрнэце аб'яву, і штораз знаходзіліся людзі, якія з радасцю забіралі гародніну.

І яшчэ я ўжо думала больш не сеяць моркву, бо замест сакавітых караняплодаў у мяне чамусьці вырасталі мышыныя хвосцікі. І вось нядаўна бабуля вычытала: прычына ў тым, што мы жывём побач з лесам. Караняплоды пашкоджвае маркоўная муха. Яна жыве на соснах у лесе і прылятае на мае градкі на пах морквы. Спецыялісты раяць садзіць побач з морквай кроп. І не выполваць яго, пакінуць на градцы хоць бы некалькі квітнеючых раслін. Яны будуць не толькі адпужваць маркоўную муху і іншых шкоднікаў, але і прыцягваць карысных насякомых. Ну што ж, паспрабую…

За тры гады вясковага жыцця я зразумела, што расада — не мой канёк. Тым не менш яна мяне ўсё адно пераследуе. Суседка Таццяна летась прынесла нейкі цуд. Прынамсі, я ўпершыню бачыла, каб расаду вырошчвалі ў шкарлупіне курынага яйка. Што ж, прыйшлося бегаць зачыняць за сваімі хлопцамі дзверы, каб, не дай Бог, скразняк не пашкодзіў будучую пекінскую капусту, дыні ды кавуны. У выніку з той расады мяне парадавалі толькі апошнія. Прычым кавуны з жоўтай мякаццю былі настолькі салодкія і сакавітыя, што словамі не перадаць.

Напрыканцы лютага прыйшла сумная навіна: не стала нашай суседкі. Таццяна жыла ва Уздзе. Але, як толькі сыходзіў снег, перабіралася на лецішча ў Малую Вусу і займалася агародам. Градкі ў яе былі ўзорныя, ні травінкі. І ўсё радзіла і расло як на дражджах. Прычым вырошчвала Таццяна больш, чым ёй трэба было. І заўсёды з радасцю дзялілася лішкамі гародніны з суседзямі.

Бліжэй да вясны я думала патэлефанаваць Таццяне, запытацца, дзе яна брала насенне жоўтага кавуна. І не паспела... Але вырашыла, чаго б мне гэта н каштавала, знайду тое насенне і сама вырашчу расаду Таццяніным спосабам — у шкарлупіне яйка. У памяць пра добрага чалавека.

...Днямі трохгадовы сын, пабачыўшы, як я распакоўваю пасылку з насеннем з Палесся, папрасіў, каб яму выдзелілі асобную градку. Сказаў, што сам пасадзіць там усяго патроху і будзе даглядаць. Памятаю, летась ён штодзень разам з татам рабіў абход нашага ўчастка. Гладзіў грэцкі арэх, яблынькі, грушы. Са словамі: «Яна ўсё адчувае» цалаваў чарамшу, якая зацвіла. Вучым Сымона, што ўсё вакол жывое і што з усім навокал можна размаўляць.

А вы што вырошчваеце цікавенькага? Пішыце. Можа, я спакушуся на штосьці яшчэ?..

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».