Вы тут

Такія розныя...


Чаму мужчынам і жанчынам часам бывае так цяжка знайсці гармонію і згоду? Што прадстаўнікі моцнай і цудоўнай палоў чалавецтва не разумеюць у паводзінах адно аднаго? Вечныя пытанні абмяркоўваем з псіхолагам Таццянай Шарандай.


Чаго не разумеюць мужчыны

— Некаторыя жаночыя асаблівасці выклікаюць здзіўленне ў большасці мужчын, — кажа Таццяна Шаранда. — Напрыклад, іх здольнасць гаварыць аб усім, шмат і адразу, адначасова групаваць шмат заданняў, а таксама іх дзіўны «талент» жыць у свеце ўласных фантазій. Дзяўчаты часта чакаюць ад партнёраў, каб яны адпавядалі героям без страху і папроку, пра якіх яны чытаюць у кнігах і глядзяць фільмы, і... горка расчароўваюцца, выяўляючы, што абраннікі вельмі далёкія ад «ідэалу». Мужчыны часта нават не падазраюць, якія высокія патрабаванні прад'яўляюць да іх у думках сяброўкі.

Прадстаўнікоў моцнага полу часта ставіць у тупік здольнасць прыгожай паловы «дабудоўваць» у сваіх галовах тую ці іншую інфармацыю, якую яны вербальна і невербальна атрымліваюць. Накшталт «ён уздыхнуў — гэта значыць, я дрэнная і дурная». Часам проста неверагодна, як жанчыны могуць «з мухі зрабіць слана». Для мужчын, як правіла, недаступная «жалезная жаночая логіка». Затрымаў погляд на формах прыяцелькі ці калегі, міла размаўляў з ёй, залішне галантны — «усё ясна, значыць, здраджвае з ёй». І вось ужо скандал, абвінавачванні ў тым, што ён гатовы бегаць за кожнай спадніцай.

Чаго не разумеюць жанчыны

— Традыцыйная і найбольш распаўсюджаная жаночая прэтэнзія да партнёраў — эмацыянальны голад, недахоп цяпла, праяў любові, увагі, клопату, — дзеліцца сваімі назіраннямі Таццяна Шаранда. — Па прычыне асаблівасцяў сваёй псіхікі і напрацаваных сацыяльных стэрэатыпаў прадстаўніцы прыгожай паловы заўсёды маюць патрэбу ў пацвярджэнні пачуццяў з боку мужчыны, ім складана зразумець іх стрыманасць. Жанчыне пастаянна неабходна чуць і бачыць, што мужчына яе кахае. «Пагавары са мной, абдымі мяне, не едзь да сяброў на пікнік!» — вельмі тыповыя просьбы да спадарожнікаў жыцця.

З гадамі жанчыны ўсё больш паглыбляюцца ва ўнутраны свет сям'і, абрастаючы бытам, а мужчыны ўсё больш накіроўваюцца ў свет знешні. Жонкі інтуітыўна адчуваюць, як іх спадарожнікі паступова аддаляюцца ад іх, ад удзелу ў праблемах сям'і. Часам гэта прыводзіць да таго, што плячо дочкам падстаўляюць бацькі, якія нярэдка становяцца трыгерам развалу шлюбу.

Жанчыны па прыродзе сваей манагамныя, ім цалкам хапае для шчасця аднаго мужчыны. Гэтага ж яны, як правіла, чакаюць і ад сваіх абраннікаў. Ім складана бывае зразумець і прыняць, што эвалюцыйны механізм працягу роду (які па жаданні змяніць немагчыма) падштурхоўвае моцную палову максімальна «паклапаціцца» пра вялікую колькасць нашчадкаў. Веданне асаблівасцяў мужчынскай псіхікі дапамагае самым мудрым жонкам не хвалявацца з-за праяўленай партнёрам цікавасці да іншых «спадніц».

Родам з розных планет?

— Таццяна Міхайлаўна, ці апраўдана перакананне многіх жанчын у тым, што мужчыны не ўмеюць слухаць?

— Не. Мужчыны часта слухаюць лепш, чым жанчыны. Проста яны інакш рэагуюць. Напрыклад, жанчыне хочацца падзяліцца з мужам праблемамі на працы, яна разлічвае на тое, што ён суцешыць яе, падтрымае.
А мужчына замест таго, каб выслухваць падрабязнасці, адразу прапануе канструктыўныя рашэнні, варыянты выхаду з сітуацыі. Праўда, часам яны гучаць досыць катэгарычна: «звальняйся», «сядзі дома». Жанчына, натуральна, крыўдзіцца: яна чакала не такіх парад, ёй патрэбна была перш за ўсё падтрымка і эмацыянальны ўдзел.

— Але самі мужчыны не любяць, калі іх павучаюць і нешта ім раяць...

— Мужчыны часта расцэньваюць гэта як недавер да ўласных здольнасцяў. Для іх важна дасягаць усяго самастойна і заставацца заўсёды на вышыні ў вачах жанчын, адчуваць сваю значнасць і атрымліваць ад гэтага задавальненне.

— Ці згодныя вы са сцвярджэннем: для мужчыны важна, ШТО кажуць, а для жанчын — ЯК? Ці праўда, што мужчыны разумеюць усё літаральна, а для жанчын велізарнае значэнне мае інтанацыя і невербальныя інфармацыя?

— Вельмі важнае пытанне. На гэтай глебе нараджаецца вялікая колькасць сямейных канфліктаў. Гэта міф, быццам мужчынам усё роўна, як падаецца інфармацыя. Але для іх сапраўды важнейшы змест, бо ён падахвочвае да пэўных дзеянняў, да рухальнай актыўнасці, якая для прадстаўнікоў моцнага полу — біялагічная норма. Менавіта таму мужчынам трэба казаць, з аднаго боку, карэктна, а з другога — канкрэтна. Жанчыны ўмеюць «чытаць паміж радкоў», у іх лепш, чым у мужчын, развітая інтуіцыя. Гэта, безумоўна, плюс пры ўмове псіхічнай ураўнаважанасці. У адваротным выпадку такая здольнасць можа вельмі дрэнна адбіцца на ўзаемаадносінах.

— Вельмі частая скарга жанчын: муж пастаянна забывае, што і куды паклаў, не бачыць таго, што ў яго перад самым носам, не заўважае новую сукенку і прычоску. Тройчы паўтараеш яму, што купіць у краме, і усё адно забудзе ці пераблытае. Чым гэта тлумачыцца?

— Кватэра — гэта прэрагатыва жанчын, таму там мужчына арыентуецца горш.
А вось у гаражы, дзе ён гаспадар, нават пры поўным беспарадку лёгка знойдзе патрэбную прыладу. Муж у краме са спісам прадуктаў, які склала жонка, — поўны правал для менеджара па продажах: ён выконвае пастаўленую задачу, абсалютна не паддаючыся рэкламным прапановам.

На вашу прычоску ці сукенку ён і праўда можа не звярнуць увагі, затое вельмі хутка заўважыць адсутнасць грошай на картцы, бо гэта вобласць яго адказнасці — ён павінен яе папаўняць. Муж не чуе, не бачыць, блытае звычайна ў межах сям'і: не ведае, як сабраць дзіця ў школу, як рабіць з ім урокі і гэтак далей. Але калі здарылася праблема з машынай ці паўсталі складанасці на працы, то нагадваць пра гэта яму не трэба: ён не забудзе і самастойна вырашыць іх.

— Чаму жанчыны добра памятаюць даты важных падзей — дзень вяселля, дні нараджэнняў блізкіх, а большасць мужчын — не?

— Такія даты эмацыянальна афарбаваныя і таму маюць значэнне перш за ўсё для жанчын. Для мужчын яны носяць чыста намінальны характар. Але калі прадстаўнік моцнай паловы шануе сваіх спадарожніц, то лёгка ўключаецца ў гэтую гульню, каб зрабіць ёй прыемнае.

— Мужчыны могуць доўга размаўляць з людзьмі і нічога пра іх не ведаць, з жанчынамі такое бывае рэдка. Чаму?

— Я сказала б інакш. Мужчына можа не ведаць пра колькасць дзяцей, пра ўнутрысямейныя праблемы сваіх знаёмых, таму што яму гэта нецікава, ён не надае значэння такой інфармацыі. Для прадстаўнікоў моцнага полу людзі — перш за ўсё аб'екты дзейнасці, і яны разглядаюць усіх менавіта з гэтага пункту гледжання. Жанчыны ставяцца да людзей эмацыянальна, таму хочуць ведаць пра свет іх перажыванняў і пачуццяў.

— Ці згодны вы са сцвярджэннем: жанчыны хочуць шмат чаго ад аднаго мужчыны, а мужчыны хочуць аднаго, але ад шматлікіх жанчын?

— Для жанчыны важна, каб мужчына ўвесь свой час, клопат і ўвагу аддаваў ёй. Яна не гатовая дзяліць яго з іншымі, і на гэта ёсць жалезная падстава — адказнасць за жыццё і дабрабыт дзяцей. Для мужчын жа, каб забяспечыць выжывальнасць роду, заўсёды вялікае значэнне мела іх здольнасць да шматлікіх кантактаў, узнаўлення нашчадкаў. Цяпер такой неабходнасці ў палігаміі няма, але найстаражытнейшы закон не адменіш. Для моцнай паловы спакушэнне жанчын, павышэнне ўласнай значнасці ў іх вачах заўсёды застаюцца актуальнымі. Да таго ж гармон тэстастэрон стымулюе спаборніцтва мужчын у барацьбе за колькасць заваяваных жаночых сэрцаў. Змагацца з гэтым няма сэнсу.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».