Вы тут

Чаявыя


Фота: pixabay.com


— Вам паслаць разам? — спытала я на ўсялякі выпадак.

— Не, — адказала Лора.

— Так, — пагадзіўся Юра.

Я паслала ім у розных пакоях:

— Разберацеся, не маленькія. Мне трэба ісці на працу.

Вярнуўшыся, я заспела скандал і хутка рэціравалася на кухню, каб не ўмешвацца. Маладыя сварацца — толькі цешацца, хоць... Лора і Юра — пенсіянеры. Не паспела я распакаваць сумку, як на кухню ўляцела Лора.

— Вось дзе сядзіць! Дастаў! Вось дзе ён у мяне! — яна правяла рукой па горле.

— Што не падзялілі?

— Ідыёт! Не разумее слоў! У нас нічога няма і быць не можа!

— На яго месцы я спадзявалася б — ты ж з ім паехала адпачываць!

— Ну і што? Мы сябры, не больш!

Лора злавалася. Яна з Юрам сустракаліся каля трох гадоў. Сяброўства паміж мужчынам і жанчынай — справа сумніўная. Юра за час іх дружбы двойчы зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца. Яна не адмовіла і не пагадзілася.

А пазнаёміліся яны ў санаторыі. Абодва былі на рэабілітацыі, яна — пасля аперацыі на сэрцы, а ён — пасля інфаркту.

Лора прыехала ў санаторый з маленькім тэлевізарам, але не ўзяла антэну. У пошуках чаго-небудзь, што можна часова выкарыстоўваць як антэну, яна абследавала месцы агульнага карыстання і выявіла накручаны на трубу ацяплення дрот. Каб яго зняць, патрэбна была дапамога. За справу ўзяўся мужчына з суседняга пакоя. Гэта і быў Юра. Зрабіць з дроту антэну для яго не складала вялікай праблемы.

Гаварыў ён няшмат, паводзіў сябе сціпла. Лора працавала ў дзіцячым доме і звярталася да Юры, калі ў групе ламалася тумбачка або выключальнік. Ён рамантаваў. Супрацоўніцы дзіцячага дома так і завіхаліся каля Юры: то гарбатай частавалі, то пірожнымі.

Калі Лора мінулы раз сабралася ў санаторый, Юра напрасіўся ў кампаньёны. Адмовіцца не выпадала — чалавек жа стараўся ва ўсім дапамагчы. Паехалі разам. Сустракаліся за сняданкам, а расставаліся пасля танцаў. Але ўсё было ціха-мірна... А апошнім разам у санаторыі Юра як з ланцуга сарваўся.

— Так атрымалася, што ён аплаціў пуцёўкі — сам прапанаваў, я не напрошвалася. Потым пытаецца: «Чым расплачвацца будзеш?». Я ад гэтых слоў выпала ў асадак. Добрыя жартачкі!

У Юры адназначна былі на Лору віды. Ды і Лора, раз ездзіць з ім адпачываць, таксама мае нейкі намер. Мужчына сур'ёзны, разважлівы. А раптам усё складзецца?

— Не гарачыся, — параіла я, — мужчына спакойны, станоўчы. Падумай над яго прапановай.

Юра пяты год быў у разводзе з першай жонкай. Жыў у адной кватэры з дарослай дачкой. На Лорыны жарты «Жаніцца не збіраешся?» адказваў: «Толькі на табе». Але Лора не хацела мяняць свой жыццёвы ўклад і адказвала, што яе задавальняе сяброўства.

Яны пражылі ў мяне тыдзень і кожны дзень сварыліся... З'язджалі раніцай, якраз у дзень майго нараджэння. Мы прыселі на дарожку, і я зноў падумала, што нядрэнна было б іх пажаніць.

— Вы добра гледзіцеся разам, — сказала я. — Можа, яшчэ на пару дзён застаняцеся?

— Не, на жаль, білеты набылі месяц таму, — адказала Лора і працягнула мне скрыначку з духамі. — З днём нараджэння! Гэта асабіста ад мяне.

Пад'ехала таксі. Я пацалавала Лору і падала руку Юру:

— Не сварыцеся!

Юра нахіліўся да майго вуха:

— Я пакінуў свой падарунак і плату за пражыванне ў кухні на стале.

— Што вы? — збянтэжылася я. — Не варта было турбавацца! А за пражыванне з сяброў грошы не бяруць.

— Пярэчанні не прымаюцца! — адказаў Юра і з гонарам паглядзеў на нас з Лорай.

Гэтая фраза была адрасавана і ёй.

Яны з'ехалі, а я вярнулася дадому, крыху збянтэжаная. На стале ляжаў «падарунак» Юры: сабраная з усіх кішэняў дробязь, прыкладна роўная суме, якую пакідаюць афіцыянту «на чай».

І тут я зразумела Лору...

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».