Вы тут

Работа з моладдзю — не дзеля «птушачкі»


«Мы жывём у няпросты час і працуем у няпростых умовах, але асноўная задача — навучанне і выхаванне дзяцей і моладзі — павінна абавязкова выконвацца. Для гэтага патрабуюцца ваш прафесіяналізм, адказнае стаўленне да справы, а яшчэ дысцыпліна і парадак. Толькі так можа быць забяспечана паспяховае развіццё вашых устаноў адукацыі, галіны і дзяржавы ў цэлым, — падкрэсліў у сваім выступленні на выніковай калегіі Міністэрства адукацыі намеснік прэм'ер-міністра Ігар ПЕТРЫШЭНКА.


Віцэ-прэм'ер канстатаваў, што ў апошнія паўтара гады асабліва востра акрэсліліся праблемныя і болевыя кропкі ў арганізацыі работы з моладдзю, у першую чаргу гэта пытанні ідэалагічнай работы. «Неабходна выключыць фармалізм пры правядзенні мерапрыемстваў з моладдзю, не трэба рабіць гэта дзеля «птушачкі» ці справаздачы. Неабходна находзіць новыя формы і метады работы, якія адпавядаюць сучасным рэаліям, — падкрэсліў ён. — Асаблівая ўвага — студэнцкай моладзі. Работа з ёй не павінна быць фармалізаваная, важна не прапусціць карысныя ініцыятывы, якія зыходзяць ад маладых, і пачынаць трэба з грамадскіх аб'яднанняў. Наша задача — накіраваць энергію маладых у стваральнае рэчышча, а лакаматывам маладзёжнага руху павінен стаць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. У Год гістарычнай памяці неабходна аганізаваць у студэнцкім асяроддзі правядзенне розных дыскусій і дыспутаў, каб сфарміраваць у маладых людзей пачуццё датычнасці да лёсу сваёй краіны, каб тыя зрабілі неабходныя высновы ў працэсе жывога дыялогу пакаленняў. Яшчэ адзін напрамак — грамадска карысная дзейнасць Хацелася б каб студэнцкая моладзь была больш актыўна задзейнічана ў будаўніцтве інтэрната і іншых аб'ектаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка: гэта могуць быць суботнікі ці працоўныя дэсанты. Магчыма, студэнты прапануюць свае ідэі — творчы патэнцыял моладзі трэба выкарыстоўваць па максімуме».

З 1 верасня бягучага года ўступае ў дзеянне абноўлены Кодэкс аб адукацыі, напружаная работа над якім вялася на працягу некалькіх апошніх гадоў. Ён павінен вывесці на якасна новы ўзровень ўсю галіну. Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што Міністэрства адукацыі разам з зацікаўленымі ведамствамі павінна забяспечыць дакладную і напружаную работу па ўкараненні ўсіх інавацый. У гэтым пытанні важны комплексны падыход, трэба ліквідаваць усе недахопы ў заканадаўстве, што маюцца, і прывесці заканадаўчыя і нарматыўныя акты ў адпаведнасць з новым кодэксам і новымі правіламі прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Не менш важная шырокая тлумачальная работа па навацыях кодэкса з навучэнцамі, іх бацькамі, педагогамі і ўвогуле ў грамадстве. Праводзіць яе трэба так, каб абсалютна кожнаму ўсё было зразумела, каб не засталося ніякіх пытанняў, а для гэтага ў поўнай ступені павінен быць задзейнічаны патэнцыял СМІ, інтэрнэту і сацыяльных месенджараў.

Міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ у сваім выступленні на калегіі запэўніў, што сістэма адукацыі Беларусі будзе спакойна функцыянаваць і развівацца незалежна ад знешніх фактараў.

«На кожным з узроўняў у нас ёсць сёння і поспехі, і ў той жа час пэўныя пытанні і праблемы. Калі казаць пра ўстановы дашкольнай адукацыі, то па краіне гэтых устаноў дастатковая колькасць. Але пытанне іх крокавай даступнасці пакуль што застаецца нявырашаным. З боку міністэрства мы прапануем шэраг падыходаў, якія дазволяць шмат у чым вырашыць гэтую праблему. Калі казаць пра ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, тут мы бачым, што ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў павінен увесь час расці. Увядзенне цэнтралізаванага экзамену з 2023 года дазволіць нам зрабіць поўны і ўсебаковы аб'ектыўны аналіз паспяховасці нашых навучэнцаў па матэматыцы, рускай ці беларускай мове», — сказаў Андрэй Іванец.

Паводле яго слоў, вельмі важна, што Беларусь інтэгравана ў міжнародныя адукацыйныя платформы. «Такую, напрыклад, як PІSA, якая дае магчымасць правесці ацэнку ўзроўню адукаванасці нашых навучэнцаў. Вынікі ўдзелу беларускіх падлеткаў у 2018 годзе ў міжнародным незалежным даследаванні паказваюць, што мы ўваходзім у ТОП вядучых краін свету, — адзначыў міністр. — Вельмі важнае пытанне — падрыхтоўкі кадраў у галіне прафесійна -тэхнічнай адукацыі. Тут мы чакаем, што сумесная работа з заказчыкамі кадраў, арганізацыя дзейнасці рэсурсных цэнтраў дазволіць нам істотным чынам павысіць прывабнасць рабочых прафесій. На ўзроўні вышэйшай адукацыі сур'ёзна стаіць пытанне падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, практыка-арыентаваных спецыялістаў».

Па словах кіраўніка галіны, чырвонай ніткай праз усю сістэму адукацыі праходзяць пытанні выхавання патрыётаў нашай краіны. Асаблівы імпульс выхаванню дзяцей і моладзі павінны надаць мерапрыемствы, прысвечаныя Году гістарычнай памяці. Гэта тэматыка павінна праходзіць чырвонай ніткай праз кожны ўрок, кожную лекцыю або выхаваўчае мерапрыемства ў сістэме адукацыі. І асаблівая роля ў вырашэнні гэтай задачы адводзіцца дысцыплінам сацыяльна-гуманітарнага блока.

Міністр адукацыі паведаміў, што праектам новай Канцэпцыі аптымізацыі зместу, структуры і аб'ёму сацыяльна-гуманітарных дысцыплін ва ўстановах вышэйшай адукацыі прадугледжана вывучэнне ўсімі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі новай інтэграванай навучальнай дысцыпліны «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Яе змест дазволіць праз прызму гістарычнага кантэксту сфарміраваць цэласнае ўспрыманне беларускай дзяржаўнасці ва ўсіх яе праявах.

«Таксама ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта арганізавана распрацоўка новай вучэбнай праграмы для ўсіх узроўняў асноўнай адукацыі па вучэбнай дысцыпліне «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа» і падрыхтоўка падручніка па дадзенай дысцыпліне. Перакананы, што вывучэнне абноўленай дысцыпліны акажа значны ўплыў на фарміраванне ў вучняў грамадска-палітычнай пазіцыі ў адносінах да падзей і вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, фундаментальных каштоўнасцяў грамадства, захавання гістарычнай памяці», — адзначыў Андрэй Іванец.

Яшчэ адзін важны напрамак работы — развіццё вузаўскай гістарычнай навукі. «Хачу адзначыць, што гістарычная тэматыка цяпер набывае выключнае значэнне ў сферы інфармацыйна-псіхалагічнага знешняга ўздзеяння на беларускае грамадства і асабліва на моладзь. Сёння скажэнні гістарычнага мінулага беларускага народа актыўна выкарыстоўваюцца асобнымі асобамі, ангажаванымі СМІ і інтэрнэт-рэсурсамі ў мэтах маніпулявання ацэнкамі мінулага для нагнятання супрацьстаяння ў грамадскай свядомасці. На мой погляд, эфектыўнай прышчэпкай супраць такога роду дэструктыўнай дзейнасці з'яўляецца шырокае ўцягванне студэнцкай моладзі ў правядзенне навукова-даследчых работ па такіх дыскусійных тэматыках. Толькі абапіраючыся на глыбокае самастойнае вывучэнне гістарычнай праблемы, выкарыстоўваючы факталагічны матэрыял, малады чалавек зможа сфарміраваць аб'ектыўнае разуменне ролі гістарычнай падзеі ў працэсе станаўлення беларускай дзяржаўнасці», — падкрэсліў у сваім выступленні міністр.

Закранаючы абітурыенцкую тэму, Андрэй Іванец нагадаў усім прысутным, што, згодна з новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі, цяпер знятыя абмежаванні на месца знаходжання арганізацый — заказчыкаў кадраў. А, згодна з новымі правіламі прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі, з 2023 года павялічваюцца аб'ёмы мэтавай падрыхтоўкі, з'яўляецца магчымасць залічэння па выніках універсітэцкіх алімпіяд і многае іншае. «Нам усім ужо зараз неабходна пачынаць самую актыўную работу з будучымі абітурыентамі, каб мэтавы набор у 2023 годзе быў выкананы на 100 працэнтаў. Часу на прамаруджванне ў нас проста няма», — падкрэсліў міністр.

Паводле яго слоў, яшчэ адна праблема, вырашэнне якой ляжыць на плячах у першую чаргу рэктараў, — гэта ўмацаванне кадравага складу ВНУ. «Цяпер прымаюцца меры па амаладжэнні і павышэнні якасці прафесарска-выкладчыцкага складу. Але відавочна, што гэтых намаганняў недастаткова. У ВНУ ўсё яшчэ назіраюцца пэўныя цяжкасці, звязаныя з прыцягненнем і замацаваннем маладых вучоных, якія так патрэбныя на выкладчыцкай рабоце, — адзначыў кіраўнік галіны.

Але важна, каб гэтая падрыхтоўка мела вынік — абарону дысертацый. Нам патрэбны не проста прапрацаваныя тэмы, а новыя методыкі, новая прадукцыя, прарыўныя тэхналогіі. І, вядома, яшчэ раз паўтару, нам патрэбны таленавітыя выкладчыкі, кандыдаты і дактары навук. Праца з маладымі вучонымі патрабуе сістэмнай перазагрузкі».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.