Вы тут

Па пакупкі — з дэпутацкім спісам


У рэгіёнах Гомельшчыны дэпутаты працягваюць маніторынг цэн на харчовую групу тавараў і лекаў айчыннай вытворчасці. У Ельску такую ініцыятыву раённы Савет дэпутатаў ажыццяўляе пры падтрымцы прафсаюзаў, мясцовых Саветаў і члена Савета Рэспублікі. Галоўная мэта — прааналізаваць наяўнасць спажывецкіх тавараў і аптэчны асартымент, каб спрацаваць на прафілактыку ажыятажу і дэфіцыту сацыяльна значнай прадукцыі.


З гэтай нагоды старшыні раённага Савета дэпутатаў Аксана Захарчанка і раённага аб'яднання прафсаюзаў Алена Захаранка сумесна з галоўным спецыялістам аддзела эканомікі райвыканкама Валянцінай Кітун наведалі адну з самых папулярных крам сеткавага рытэйлера ў Ельску. Яны правялі маніторынг цэн на сацыяльна значныя тавары. У пераліку 89 акрэсленых пазіцый: пладова-агароднінная прадукцыя, хлеб, крупы, макаронныя вырабы, раслінны алей, кансервы агароднінныя і рыбныя, рыба, сухафрукты, цукар, соль, чай, сокі, нектары і іншае. Таксама ў пералік для маніторынгу ўвайшлі такія новыя пазіцыі як кашы, сумесі і фруктовыя пюрэ для дзіцячага харчавання, падгузкі, мыла, туалетная папера і запалкі.

— Маніторынг цанавой сітуацыі на спажывецкім рынку праводзіцца ў сувязі з пастановай урада «Аб часовых мерах па стабілізацыі цэн на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці», — нагадвае кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Аксана Захарчанка. — Такія маніторынгі на тэрыторыі Ельску праводзяцца штомесяц у дзвюх самых папулярных крамах горада. Гэта дае магчымасць сачыць за змяненнямі ўзроўню цэн на сацыяльна значныя тавары для насельніцтва, аналізаваць пакупніцкую здольнасць нашых людзей, рэагаваць на сацыяльны запыт на тыя ці іншыя тавары

Падчас сумеснага маніторынгу гандлёвых аб'ектаў фіксуюцца мінімальныя цэны па ўказаных пазіцыях.

— Пасля даныя заносяцца ў спецыяльную праграму, дзе робім аналіз, а звесткі адсылаем ужо ў нашу вышэйшую арганізацыю, — адзначае суразмоўніца.

Так, цэны фіксуюцца на пэўную дату, а затым параўноўваюцца з тымі, якія былі раней. Параўнальны аналіз цэн праводзіцца па кожнай пазіцыі групы тавараў. На асаблівым кантролі — выяўленне асобных або сістэмных праблемных сітуацый.

Дарэчы, падчас рэвізій крамных прылаўкаў, заўважаюць удзельнікі маніторынгу, фіксуюцца не толькі цэны на тавары, але і правяраецца наяўнасць сацыяльна значных пазіцый, ці ёсць ажыятаж і дэфіцыт на асобныя з іх, цікавяцца пакупніцкім попытам у прадаўцоў і меркаваннямі аб асартыменце крам пакупнікоў.

— Хлебабулачныя вырабы, малочная і мясная прадукцыя — тое, што традыцыйна самае папулярнае ў спажывецкай карзіне. Мы назіраем, што неабгрунтаванага рэзкага росту на гэтыя пазіцыі не адзначаецца, — падзялілася Аксана Захарчанка. — Вынікі маніторынгу паказалі, што прадукты першай неабходнасці з'яўляюцца даступнымі для ўсіх спажыўцоў раёна. Перавышэння ўстаноўленага ўзроўню цэн у крамах не зафіксавана. Варта адзначыць, што такі грамадскі кантроль за цэнамі прывучае і пастаўшчыкоў, і ўласнікаў рэгуляваць цанавую палітыку ў інтарэсах спажыўцоў.

Асобная ўвага аддаецца наяўнасці найбольш запатрабаваных лекаў у аптэках. У спісе адзначаных лекавых сродкаў — 50 пазіцый.

— Мы глядзім на тую лінейку медыцынскіх прэпаратаў, якая сёння найбольш запатрабаваная, — падкрэсліваюць удзельнік маніторынгу. — Гэта ў першую чаргу супрацьвірусныя лекі, а таксама тыя, якія выкарыстоўваюцца для папярэджання захворванняў сэрца, звяртаем увагу на наяўнасць антысептыкаў і масак.

Аналіз сітуацыі на рынку лекавых сродкаў у раёне паказвае, што ў цэлым сітуацыя з цэнамі на лекі з пераліку застаецца дастаткова стабільнай. Больш за тое, фіксуецца прымяненне гібкіх сістэм фарміравання цэн праз зніжкі для пакупнікоў.

Падчас апошняга такога маніторынгу ў аптэчнай сетцы райцэнтра была зафіксавана наяўнасць практычна ўсіх пазіцыі з пераліку лекаў, якія карыстаюцца павышаным попытам у насельніцтва. Адсутнасць якога-небудзь лекавага сродку не мела масавага характару.

Між тым, адзначае кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна, у сельскіх населеных пунктах Ельскага раёна праводзіцца асобная пастаянная работа па аналізе пакупніцкай здольнасці людзей, даступнасці прадукцыі гандлёвых аб'ектаў, наяўнасці ў іх неабходнага асартыменту тавараў. Усё гэта ацэньваецца з пазіцыі забеспячэння дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва. Аксана Захарчанка ўпэўненая, што выкананне сацыяльных стандартаў сёння застаецца адной з найважнейшых задач дзяржаўнай падтрымкі людзей на вёсцы.

— У цэлым у раёне ў вёсках працуе 59 гандлёвых аб'ектаў, — заўважыла кіраўнік дэпутацкага корпуса. — Не можа не радаваць, што апошнім часам у сельскай мясцовасці новыя пункты гандлю адкрываюць індывідуальныя прадпрымальнікі — жыхары нашага раёна. Канкурэнцыя за пакупнікоў стымулюе забяспечваць сельскіх спажыўцоў шырокім, якасным асартыментам тавараў, таксама і развіваць больш гібкую цанавую палітыку.

Акрамя таго, не можа пакінуць па-за ўвагай дэпутат, новыя прыватныя пункты гандлю ўсё часцей адкрываюцца ў адрамантаваных аб'ектах нерухомасці, якія раней не выкарыстоўваліся. Для вёскі новыя крамы гарантуюць і дадатковыя рабочыя месцы для жыхароў, што таксама вельмі важна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».