Вы тут

Як праходзіць вакцынацыя падлеткаў ад COVІD-19


У Беларусі назіраецца зніжэнне захваральнасці на COVІD-19 ды іншыя рэспіраторныя інфекцыі, і медустановы паступова пераходзяць да работы ў звыклым рэжыме і аказання планавай дапамогі. Пятая хваля, якая доўжылася не менш за чатыры тыдні, нарэшце, пайшла на спад. У такі час якраз і рэкамендуецца зрабіць прышчэпку ад каранавіруса тым, хто яшчэ не паспеў. Актыўна працягваецца вакцынацыя падлеткаў. Яе можна прайсці як у навучальных установах, так і ў паліклініках па месцы абслугоўвання. Перыяд зніжэння захваральнасці, як нагадваюць медыкі, падыходзіць для прафаглядаў, у прыватнасці, выпускнікоў, каб атрымаць даведку для паступлення, бо ўрачы цяпер трохі менш загружаныя. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, як прышчапіцца ад каранавіруса ў школе і паліклініцы, атрымаць сертыфікат аб вакцынацыі і медыцынскую даведку для паступлення.


Без папярэдняга запісу, у любы час

— Вакцынацыя — найбольш эфектыўны сродак спецыфічнай прафілактыкі інфекцыйных хвароб. Яна фарміруе індывідуальную засцярогу, папярэджвае ўзнікненне захворвання і яго цяжкі ход, неспрыяльныя наступствы, — нагадвае намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 25-й сталічнай дзіцячай паліклінікі Людміла ЛАЗАРЧЫК. — Каранавірус небяспечны не толькі для дарослых, у дзяцей захворванне таксама можа праходзіць цяжка і патрабаваць шпіталізацыі. Акрамя таго, дзеці становяцца крыніцай хваробы для навакольных дарослых.

Як вядома, магчымасць прышчапіцца падлеткам ад 12 да 17 гадоў з'явілася ў снежні 2021 года, бо менавіта гэтая група дзяцей найчасцей уцягваецца ў эпідэмічны працэс. Для вакцынацыі выкарыстоўваецца інактываваная вакцына Vero Cell кітайскай вытворчасці. Прышчэпка робіцца са згоды бацькоў.

У Беларусі ўжо назапашаны пэўны вопыт у прымяненні дадзенай вакцыны ў дарослых. Як адзначае Людміла Лазарчык, у першую чаргу мэтазгодна зрабіць прафілактычныя прышчэпкі найбольш уразлівым катэгорыям дзяцей. Гэта тыя, хто мае парушэнні абмену рэчываў, у прыватнасці, лішнюю вагу, розныя хранічныя хваробы, паталогіі сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм. Дзецям, якія перахварэлі на каранавірус, таксама мэтазгодна прайсці курс вакцынацыі, але не раней за шэсць месяцаў пасля выздараўлення. Таксама рэкамендуецца прышчапіць дзяцей, якія цесна кантактуюць з тымі, каму вакцынацыя ў цяперашні час недаступная. Напрыклад, дзеці да 12 гадоў ці з супрацьпаказаннямі да вакцынацыі.

Перад правядзеннем прышчэпкі афармляецца інфармаваная згода бацькоў, дазвол на вакцынацыю дае ўрач пасля медыцынскага агляду, пры адсутнасці супрацьпаказанняў уводзіцца вакцына.

Для прышчэпкі дастаткова прыйсці да свайго ўчастковага ўрача-педыятра. Таксама можна на працягу ўсяго дня звярнуцца для агляду да ўрача, які замацаваны за прышчэпачным кабінетам.

— Можна нават не запісвацца, вакцынацыя ад каранавіруснай інфекцыі ў цяперашні час вельмі даступная. У некаторых выпадках можна прышчапіцца разам з бацькамі — мы вакцынуем і дарослых пры жаданні, — кажа намеснік галоўнага ўрача.

Пры гэтым, адзначаюць медыкі, ім хацелася б бачыць больш актыўную пазіцыю бацькоў: калі прышчапіліся самі, то і дзіця не пажадана пакідаць без прышчэпкі.

У школе: без чаргі і з аглядам урача

Зрабіць прышчэпку можна і ў навучальнай установе — школе ці каледжы. Гэта эканоміць час, бо не трэба лішні раз ісці ў паліклініку.

На базе 25-й дзіцячай паліклінікі абслугоўваецца 10 школ і адзін прафесійна-тэхнічны каледж, а гэта 11,5 тысячы дзяцей. Урачы паліклінікі замацаваныя за кожнай навучальнай установай, акрамя таго, у кожнай з іх ёсць медработнік. Яны інфармуюць класных кіраўнікоў і куратараў груп аб вакцынацыі. Тыя, у сваю чаргу, раздаюць інфармацыю ў пісьмовым выглядзе кожнаму падлетку. Бацькі маюць магчымасць азнаёміцца з правіламі вакцынацыі і парадкам яе правядзення.

Пры наяўнасці падпісанай інфармаванай згоды бацькоў перад прышчэпкай падлетка аглядае ўрач.

— Гэта вымярэнне тэмпературы, ціску, агляд слізістых насаглоткі, аўскультацыя лёгкіх — усё фіксуецца ў картках, — тлумачыць урач-педыятр, загадчыца педыятрычнага аддзялення на медыцынскім абслугоўванні дзяцей ва ўстановах адукацыі Марына ДАНЧАНКА.

Калі падлетак здаровы, урач дае допуск. Пасля прышчэпкі праводзіцца медыцынскае назіранне на працягу 30 хвілін. Пасля дзвюх прышчэпак можна заказаць сертыфікат, ён выдаецца на платнай аснове. Нават калі прышчапіліся ў школе, сертыфікат атрымаць можна толькі ў паліклініцы.

— Паліклініка, якая выканала вакцынацыю, выдае сертыфікат. Трэба звярнуцца з запытам, сертыфікат падрыхтуюць і выдадуць, — кажа Марына Данчанка.

Даныя пра вакцынацыю ўносяцца ў медыцынскую картку. Калі падлетак абслугоўваецца ў іншай паліклініцы, гэтая інфармацыя пасля кожнай прышчэпкі перадаецца туды.

— Школьныя медыцынскія кабінеты, згодна з загадам, аснашчаны ўсім неабходным, гэтак жа, як і працэдурны кабінет у паліклініцы. У кожным ёсць халадзільнікі, у іх устаноўлены тэрмометры, бо розныя вакцыны патрабуюць розных тэмператур захоўвання. Для выканання санэпідрэжыму праводзяцца кварцаванне, прыборка, праветрыванне згодна з графікамі. Ёсць аптэчка неадкладнай дапамогі пры магчымым развіцці непрадбачаных станаў. Вакцынацыя праводзіцца пры наяўнасці ўрача, бо толькі ён мае права прызначыць той ці іншы прэпарат пры развіцці, скажам, алергічнай рэакцыі, — тлумачыць Марына Данчанка. — Некаторыя бацькі хочуць прышчапіцца менавіта ў школе, каб не ісці ў паліклініку і не стаяць у чарзе, не кантактаваць з патэнцыяльна хворымі дзецьмі. Бо ў школе такі ж агляд урача і няма чаргі.

На наступны дзень пасля прышчэпкі школьная медсястра апытвае дзяцей наконт узнікнення пабочных рэакцый. Можа быць нязначны пад'ём тэмпературы, агульная слабасць, боль у месцы ін'екцыі. Аднак на практыцы ў падлеткаў такое сустракаецца рэдка.

Медыкі кажуць, што правяраць узровень антыцелаў перад прышчэпкай немэтазгодна. Імунітэт — комплексная сістэма, і толькі на антыцелы арыентавацца не варта. Пры жаданні, вядома, можна зрабіць гэты аналіз. Калі паміж прышчэпкамі падлетак захварэў, праз месяц пасля выздараўлення курс вакцынацыі пажадана завяршыць.

Лепш не чакаць да апошняга

Выпускнікам не трэба чакаць мая-чэрвеня, каб атрымаць даведку для паступлення. Адміністрацыя паліклінікі заклікае звяртацца па іх якраз цяпер, калі на прыёме не так шмат наведвальнікаў і ўсе вузкія спецыялісты вярнуліся да аказання планавай дапамогі ў поўным аб'ёме. Спачатку варта запісацца на прыём да ўчастковага педыятра ці падлеткавага ўрача. Яны вызначаць аб'ём неабходных абследаванняў і спецыялістаў, якіх выпускніку трэба наведаць.

— Даведка дзейнічае год, яе можна браць у любым месяцы, і потым летам свабодна рыхтавацца да экзаменаў, не хадзіць у паліклініку і не марнаваць час. Мы інфармуем выпускнікоў праз дырэктараў школ і медыцынскіх работнікаў, маецца адпаведная інфармацыя і на сайце паліклінікі, — кажа Марына Данчанка.

Але каб аформіць даведку, трэба ведаць спецыяльнасць, на якую падлетак будзе паступаць. Калі ён яшчэ не вызначыўся, то прайсці прафагляд можа цяпер, а пасля напісаць у даведцы абраныя спецыяльнасці. Нават калі даведка аформленая, але падлетак вырашыў, што пойдзе на іншую спецыяльнасць, яе могуць дапісаць пасля і заверыць пячаткамі.

Калі раней такія медагляды выпускнікі праходзілі цэлымі класамі, то з пагаршэннем эпідэмічнай сітуацыі яны былі адменены. Цяпер кожны выпускнік мусіць звяртацца па даведку індывідуальна, і трэба ўлічваць, што гэта зойме пэўны час: неабходна прайсці пяць урачоў-спецыялістаў, здаць аналізы і зрабіць кардыяграму. Калі ёсць хранічныя захворванні, могуць спатрэбіцца спецыяльныя абследаванні ці вузкія спецыялісты. Калі выпускнік выбірае ваенныя кірункі, то там больш шырокі агляд.

— Хачу звярнуць увагу на падаўжэнне даведак аб стане здароўя, якія выдаюцца ў месяц нараджэння, — кажа Марына Данчанка. — Такія даведкі, згодна з нарматыўнымі дакументамі, могуць быць падоўжаны толькі адзін раз. Калі яна выдадзена ў канцы 2020 года, а ў 2021 годзе была падоўжана на шэсць месяцаў, то цяпер трэба прыйсці ў паліклініку і ўзяць новую. На аснове такіх даведак фарміруюцца групы на ўроках фізкультуры, у некаторых дзяцей ёсць выключэнні прадуктаў харчавання, і яны маглі змяніцца. Магчыма, у тых, хто перахварэў на каранавірусную інфекцыю, з'явіліся нейкія новыя сімптомы. Пасля COVІD-19 пажадана зрабіць кардыяграму і праверыць работу сэрца, здаць аналізы, якія таксама могуць быць са змяненнямі. Нягледзячы на тое, што яны, хутчэй за ўсё, непрацяглыя, але ў дадзены перыяд дзіцяці трэба знізіць фізічную нагрузку. Мог пагоршыцца і зрок, і дзіця трэба перасадзіць бліжэй да дошкі. Цяпер у паліклініках няма вялікай колькасці хворых дзяцей, не ўсім трэба праходзіць шмат спецыялістаў, і такая даведка робіцца хутка.

Не ўсіх спецыялістаў трэба праходзіць і дзецям, якія толькі збіраюцца пайсці ў школу ці дзіцячы садок, іх пералік таксама вызначае ўчастковы педыятр. Не трэба чакаць піка медаглядаў, які паліклінікі праходзяць з мая да пачатку верасня, звярнуцца можна і цяпер.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: У школах і паліклініках, але са згоды бацькоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».