Вы тут

Алесь Бадак: Літаратура павінна быць адначасова і якаснай, і цікавай


Паўстагоддзя таму, 6 сакавіка 1972 года, у беларускай культурнай прасторы адбылася падзея — узнікла новае выдавецтва, на аснове рэдакцыі мастацкай і дзіцячай літаратуры выдавецтва «Беларусь».

З тых часоў у «Мастацкай літаратуры» пабачылі свет тысячы выдатных кніг, дэбютавалі сотні будучых вядомых аўтараў, цяжка пералічыць узнагароды кніжных форумаў свету... Напэўна, няма дому на Беларусі, дзе б не было кнігі з гэтага выдавецтва. Пра сённяшні дзень «Мастацкай літаратуры» чытачам «Звязды» распавядае дырэктар выдавецтва паэт Алесь Бадак.


— Як вы ўпершыню пазнаёміліся з выдавецтвам, як і калі прыйшлі сюды на працу?

— Мой першы візіт сюды адбыўся ў 1987 годзе. Я тады вучыўся на другім курсе філфака, пра ўласную кнігу яшчэ марылася як пра нешта завоблачнае. Але якраз незадоўга да гэтага стварылася Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Мы, зразумела, былі задзірыстыя, незадаволеныя тым, што «Мастацкая літаратура» мала ўвагі ўдзяляе маладым аўтарам. Гэтую крыўду «на плячах сваіх» і панеслі ў выдавецтва. Тагачасны дырэктар Валерый Грышановіч, які толькі што заняў гэтую пасаду, нас прыняў, уважліва выслухаў і спытаў: «Ну, а каго, як вы лічыце, варта выдаць»? Так я і апынуўся ў запаветным спісе і пачаў адзін за адным пісаць вершы, паколькі ранейшых для паўнавартаснага рукапісу элементарна не хапала. А ў якасці дырэктара я прыйшоў у выдавецтва ў сакавіку 2015 года, прычым гэта была другая прапанова з боку Міністэрства інфармацыі. Першы раз мне прапаноўвалі ў 2001-м, але тады якраз памёр мой бацька, мне ўвогуле нічога не хацелася, і я адмовіўся. Ды і калі другі раз прапанавалі, некаторыя калегі, якія зведалі на ўласным вопыце, што такое выдавецкі хлеб, адгаворвалі: кніжны рынак тады не толькі ў нас, але і ў той жа Расіі перажываў не лепшы час. Але я пагадзіўся, не ведаю, чаму... Не дзеля пасады, адназначна. Проста часам разумееш, што для таго, каб у цябе з'явіліся новыя сілы, патрэбна нейкая перазагрузка. Мне пашанцавала ў тым плане, што я прыйшоў у вельмі харошы калектыў сапраўдных прафесіяналаў, да людзей, якія вельмі любяць сваю працу.

— Ці змянілася ўяўленне пра выдавецтва, калі пабачылі яго знутры?

— Безумоўна, розніца вельмі вялікая: калі ты аўтар і калі выдавец, галоўны клопат якога прадаць кнігу, бо з кожнай кнігі трэба заплаціць падаткі, разлічыцца з друкарняй, плюс камуналка, зарплата... Аўтару пра ўсё гэта галава не баліць, і часцей за ўсё ён нават не здагадваецца, наколькі цяжкі сёння выдавецкі хлеб. Але гэта і пачэсная праца. І мы пастараліся зрабіць усё магчымае, каб сустрэць свой юбілей у належнай форме.

— Якія акцыі, праекты, асаблівыя выданні выдавецтва падрыхтавала да свайго юбілею?

— 4 сакавіка ў сталічным Доме прэсы адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная 50-годдзю «Мастацкай літаратуры» з удзелам і супрацоўнікаў, і аўтараў выдавецтва. А ўвогуле, асноўныя мерапрыемствы ў нас пройдуць у рамках Мінскай міжнароднай кніжнай выставы, якая адбудзецца ў канцы сакавіка. Наведвальнікі змогуць убачыць рарытэтныя выданні «Мастацкай літаратуры», сустрэцца з калектывам выдавецтва, з вядомымі аўтарамі. Шчыра кажучы, спачатку была ідэя выдаць да 50-годдзя які-небудзь юбілейны зборнік: напрыклад, прозы ці паэзіі. Своеасаблівае выбранае за 50 гадоў. Але, пагадзіцеся, за гэты час у «Мастацкай літаратуры» выйшла столькі цудоўных твораў, што трэба было б выдаваць вельмі аб'ёмны шматтомнік. Таму мы пайшлі іншым шляхам: сустракаем юбілей новымі кніжнымі праектамі, у якіх, спадзяёмся, будзе доўгае жыццё. Адзін з іх — праект «Народная бібліятэка», гэта якраз-такі выданне выбраных тамоў нашых класікаў: у каго адзін том, як у Багдановіча, у каго два — як у Купалы, Коласа, Быкава, Караткевіча. Перад тым, як скласці чарговы том, мы аналізуем попыт на канкрэтныя творы аўтара, што сёння больш запатрабавана чытачамі. Выданне можна назваць падарункавым, таму мы шмат думалі над яго прыцягальным знешнім афармленнем. Як і прагназавалі, такі фармат аказаўся даволі паспяховым, і, хто ведае, можа, у далейшай перспектыве зможам выдаваць такім чынам і нашых найлепшых сучасных пісьменнікаў.

— Ці зменшылася плынь аўтараў, якія нясуць рукапіс у выдавецтва? Хто ён, ваш сённяшні аўтар?

— Нясуць менш, але толькі таму, што сёння многія свае творы высылаюць па электроннай пошце. Раманы, аповесці, апавяданні, вершы... Прафесійныя аўтары і самадзейныя, але гэтак жа перакананыя ў сваёй таленавітасці. Маладыя і сталыя. Мне не раз даводзілася чуць, што выдацца ў «Мастацкай літаратуры» складана, там вельмі строгі адбор. Але я чуў і іншае... У аўтара пытаешся, чаму ён вырашыў прынесці рукапіс нам, калі да гэтага некалькі разоў выдаваўся ў прыватным выдавецтве і праблем з гэтым не было? А таму, адказвае, што ў вас выдацца прэстыжна. Таму наш сённяшні аўтар — той, хто працуе на прэстыж «Мастацкай літаратуры».

— Ці павінна выдавецтва выступаць пасрэднікам паміж чытачом і кнігай і як гэтую функцыю сёння найбольш плённа выконваць?

— Безумоўна, павінна, ды яно і выступае ў ролі пасрэдніка, інакш, не сумняваюся, кнігі прадаваліся б значна горш. У нас ёсць свой аддзел рэалізацыі, які пастаянна працуе з бібліятэкамі, кнігарнямі, інтэрнэт-крамамі, з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія займаюцца продажам кніг. У нас ёсць свой сайт, старонкі ў «Фэйсбуку», «Інстаграме», на YouTube. Але ў кожным бізнесе самае галоўнае наяўнасць тавару, які можа прынесці хуткі прыбытак і такім чынам стане падушкай бяспекі пры выданні кніг, затратных для выдавецтва. А такія кнігі, прычым часта далёка не самай горшай якасці, ёсць у кожным выдавецтве, у якой бы краіне свету яно не знаходзілася. І вось тут узнікае самая галоўная праблема... Які тавар у кніжным бізнесе прыносіць вялікі і хуткі прыбытак? Фэнтэзі, дэтэктыў, жаночы раман, кіберпанк, альтэрнатыўная гісторыя... Дзякуючы папулярнасці гэтых жанраў, кніжны рынак проста запаланілі кнігі аўтараў-аднадзёнак. Гэта, вядома, таксама шлях: паспрабаваць уціснуцца ў гэты спецыфічны рынак, зарабіць грошай на другаснай літаратуры, каб пасля ўкласці іх у літаратуру высокамастацкую. Але, па-першае, калі гэта магчыма ў нас, то чаму па сённяшні дзень, скажам, ніводнае наша прыватнае выдавецтва не паспрабавала зарабіць такіх лёгкіх грошай? А, па-другое, што было б, калі б, напрыклад, завод, які выпускае высакаякасную даўгавечную фарбу, у нейкі момант пачаў бы выпускаць і фарбу, якая трымаецца на сценах год, не больш? У многіх пакупнікоў адразу ўпаў бы давер да ўсёй прадукцыі гэтага завода. Так і з кнігамі. Таму мы ў сваёй выдавецкай дзейнасці ідзём тым шляхам, які выбралі нашы папярэднікі паўвека назад: літаратура павінна быць адначасова і якаснай, і цікавай. І калі аўтар гатовы ўзяць на сябе ўсе расходы на выданне сваёй кнігі, але тое, што ён прапануе, абсалютна бездапаможнае ў мастацкім плане, то мы яму адмовім. Праўда, дзеля справядлівасці, хачу сказаць, што такія аўтары, як правіла, звяртаюцца ў дробныя прыватныя выдавецтвы: там выдаць кнігу абыдзецца значна танней.

Яшчэ дадам, што пераважная большасць нашых кніжак выходзіць з пазнакай «Выданне ажыццёўлена па заказе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь» альбо «па заказе і пры фінансавай падтрымцы». Гэта кнігі, якія праходзяць экспертны савет, спецыяльна створаны пры нашым міністэрстве, а значыць, мусяць адпавядаць менавіта такім крытэрыям: павінны быць напісаны на высокім мастацкім узроўні і быць цікавымі. Таму і мы, са свайго боку, да таго, як сфарміраваць канчатковы план года і падаць яго на экспертны савет, папярэдні план рассылаем па бібліятэках, каб вывучыць попыт на тую ці іншую кніжную пазіцыю. А канчатковы план, у прынцыпе, і ёсць сацыяльна значная літаратура, вялікая частка якой мае пэўную фінансавую падтрымку Міністэрства інфармацыі, дзякуючы чаму яе кошт для пакупніка змяншаецца.

— Якія выданні «Мастацкай літаратуры» прапануеце пачытаць у Год гістарычнай памяці?

— Апошнім часам у выдавецтве выйшаў цэлы цыкл кніг, вельмі запатрабаваны бібліятэкамі: «25 апавяданняў пра...» Пра Бацькаўшчыну, каханне, прыроду. Дык вось сёлета мяркуем выдаць зборнік «25 апавяданняў пра Вялікую Айчынную вайну». Калі гаварыць пра паэзію, то сёлета нашу вядомую серыю «100 вершаў» мы прадоўжым зборнікам «100 вершаў пра беларусаў», у якім знойдуць сваё месца і прысвячэнні нашым знакамітым гістарычным асобам, і вядомым гістарычным падзеям, і проста беларусам як народу мужнаму, працавітаму, шчыраму...

— Калі пакінуць убаку «аднадзённую літаратуру», пра якую вы казалі, якія кнігі сёння асабліва папулярныя ў чытачоў? Як вы вызначаеце асаблівасці чытацкага попыту?

— У чытачоў беларускай літаратуры па-ранейшаму адзін з самых улюбёных жанраў — гістарычны. Разам з тым нельга сказаць, што не цікавіць сучаснасць. Калі ў творы ёсць інтрыга, калі ўзнімаюцца актуальныя праблемы альбо калі, як гэта сёння модна ў сусветнай літаратуры, аўтары спрабуюць у адным творы сумясціць разнажанравыя элементы ці, скажам, дзеянне вядзецца ў розных часавых прасторах і г. д... Адным словам, калі традыцыя і наватарства гарманічна дапаўняюць адно аднаго, то такая літаратура, як правіла, знаходзіць свайго чытача. Хоць калі мы гаворым пра кніжную запатрабаванасць, то трэба ўлічваць і ўзроставы фактар: старэйшаму пакаленню чытачоў больш падабаецца традыцыйная манера пісьма, яны больш актыўна набываюць беларускую класіку. Ну, а малады чытач хоча навізны — не толькі ў тэме, але ў аўтарскай манеры пісьма.

Я ўжо казаў, што ў нас вельмі цесныя сувязі з бібліятэкамі і мы вельмі добра ведаем, якая літаратура сёння імі запатрабавана. Але такія ж сувязі ў нас і з «Белкнігай», кнігарні якой працуюць па ўсёй Беларусі. Я магу вам сказаць, колькі экзэмпляраў і якіх кніг нашага выдавецтва было прададзена і якімі кнігарнямі, скажам, на мінулым тыдні. Уся гэтая інфармацыя суміруецца, аналізуецца і ўплывае на нашу далейшую выдавецкую палітыку.

— Якімі накладамі цяпер выходзяць беларускія кнігі?

— Сярэдні наклад сучаснай беларускай прозы складае прыкладна тысячу экзэмпляраў. Паэзіі — пяцьсот. Дзіцячая літаратура — тысяча — паўтары тысячы. Падкрэслю: сярэдні наклад, таму што шмат залежыць ад ступені вядомасці імя аўтара.

— Наколькі памяняўся знешні выгляд кнігі: якасць паперы, афармленне, фармат, дадатковыя функцыі?

— Наш прынцып — кніга павінна быць знешне прывабнай, каб яе не толькі хацелася ўзяць у рукі, але і каб пасля не хацелася вяртаць на паліцу — за кошт арыгінальных ілюстрацый, якаснай паперы. І разам з тым усё гэта не павінна ўдаражаць кнігу настолькі, што сярэднестатыстычны пакупнік не зможа яе набыць. Памятаю, калі задумваўся праект «Народная бібліятэка», я ўсё прасіў нашага мастака і дызайнера Міхаіла Дайлідава прыдумаць такое афармленне, каб кнігі глядзеліся «па-багатаму», але з улікам таго, што іх канчатковы кошт не павінен быць вялікі. Ён прапанаваў адзін варыянт, другі... І нарэшце атрымалася тое, што спадабалася ўсім: і нам, выдаўцам, і чытачам. Таму менавіта гэты праект мы сёлета ў першую чаргу падалі на Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі».

— Распавядзіце пра перакладныя кнігі... Ці часта выдавецтва іх выпускае, як выбірае, у чым значэнне такіх выданняў для беларускай культуры?

— Мы імкнёмся да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з нашымі замежнымі партнёрамі па кнігавыданню. Так, напрыклад, некалькі гадоў таму мы, дарэчы, першыя ў Беларусі, выдалі ў перакладзе на беларускую мову зборнік паўднёвакарэйскіх паэтаў «Шаўковы туман», а ў Паўднёвай Карэі ў гэты ж час выйшла кніга выбраных твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Вельмі цесныя адносіны ў нас з кітайскімі выдаўцамі, якія таксама будуюцца на ўзаемавыгаднай аснове. Не буду казаць пра ўсе кітайскія кнігі, якія выходзілі ў нас апошнім часам — гэта ўжо каля двух дзясяткаў выданняў. Скажу толькі пра апошняе. Сёлета павінен выйсці першы том Сі Цзіньпіна «Аб дзяржаўным кіраванні» ў перакладзе на беларускую мову. Усяго ж мы плануем да выдання тры тамы старшыні КНР. Дарэчы, самі кітайцы гэты праект называюць міжнародным, сэнс якога заключаецца ў тым, каб выдаць трохтомнік на розных мовах у розных краінах у аднолькавым афармленні. Раней яны пачалі ўжо рэалізоўваць падобны праект, які датычыцца мастацкай літаратуры Кітая. Цікавая ідэя, мне здаецца. Увогуле, падобнае супрацоўніцтва дапамагае абменьвацца многімі цікавымі ідэямі, а галоўнае, у выніку збліжае не толькі нас, выдаўцоў, але і цэлыя культуры.

— Што ж, чытачам ёсць на што звярнуць увагу... «Звязда» віншуе супрацоўнікаў «Мастацкай літаратуры» з пачэсным юбілеем і зычыць добрых аўтараў, удзячных пакупнікоў і яшчэ доўгіх гадоў творчага плёну на карысць беларускай культуры!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?