Вы тут

Цудадзейная саломка Наталлі Ярмоцык


Ужо не першы год у так званых Чырвоных казармах Бярозаўскага раёна працуе дзяржаўная ўстанова культуры «Дзіцяча-юнацкі спартыўны эстэтычны цэнтр», які шмат гадоў узначальвала Наталля Ярмоцык. Цяпер жанчына на пенсіі, але кіруе ўзорнай студыяй саломапляцення «Цудадзейная саломка», якую сама і стварыла.


Гэтым рамяством яна захапілася больш як дваццаць гадоў таму, калі муж праходзіў ваенную службу ў Брэсцкім гарнізоне. Наталля спецыяльна ўладкавалася працаваць на Брэсцкую сувенірную фабрыку. Праз пэўны час у калекцыі Наталлі можна было ўбачыць фігуркі жывёл, птушак, кветак, галаўных убораў, іншых вырабаў з саломкі. Так любімая справа стала прафесіяй.

Майстар вялікую ўвагу надае захаванню традыцый саломапляцення. Вывучае звычаі і абрады, у якіх выкарыстоўваліся саламяныя вырабы, праводзіць іх рэканструкцыю. Вывучае тэхналогію стварэння галаўных убораў, характэрных для вяскоўцаў. Пры пляценні капелюшоў выкарыстоўвае ў асноўным плоскую пляцёнку-рагожку. Капелюшамі Наталлі карыстаюцца фальклорныя калектывы Бярозаўскага, Драгічынскага і іншых раёнаў. А майстар працягвае займацца збіральніцтвам і захаваннем старадаўніх вырабаў з кручанай

саломы, якія сама рэстаўрыруе. Вывучае і посуд з саломы. На аснове народных традыцый стварыла сваю калекцыю посуду для ўжытку ў сучасных умовах.

Наталля актыўна прапагандуе сваё рамяство праз майстар-класы, удзельнічае ў раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках і конкурсах.

У 2014 годзе Наталля Ярмоцык стала членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, а ў канцы 2015 годзе ёй было прысвоена ганаровае званне «Народны майстар Рэспублікі Беларусь».

Натхненне рупліваму майстру дае малая радзіма — вёска з прыгожай назвай Людвінава ў Драгічынскім раёне, дзе захавалася бацькоўская хата. Родныя мясціны даюць ёй сілы для творчасці. Каб стварыць саламяныя дзівосы, яна спецыяльна сее на сядзібе жыта, жне яго сярпом, а потым перабірае кожную сцяблінку, каб размеркаваць па таўшчыні і нават па колеры.

І цярпліва вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак сакрэтам свайго майстэрства, развівае іх творчыя задаткі і эстэтычны густ, прывівае любоў і павагу да беларускага народнага мастацтва. І гэта дае вынікі. Яе выхаванцы неаднаразова бралі ўдзел у разнастайных конкурсах па саломапляценні.

Іван АСКІРКА

Фота аўтара

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».