Вы тут

Выстава «Шчыра ад душы», дзе усё зроблена ўласнымі рукамі


Як не спыняецца жыццё, так і цяга чалавека да прыгожага застаецца пастаяннай. Для адных заўважаць прыгажосць — гэта дар, для іншых — магчымасць па-новаму знайсці сябе альбо, наадварот, не згубіць сярод штодзённых клопатаў. Работы беларусаў, якіх аб'ядноўвае клуб мастацкай самадзейнасці «Прырода і фантазія», з'яўляюцца прамым таму пацвярджэннем. Убачыць іх можна на выстаўцы «Шчыра ад душы», якая днямі адкрылася ў сценах сталічнай бібліятэкі № 15 імя Цёткі.


Экспазіцыя не толькі дэманструе карціны, скульптуры і іншыя мастацкія творы, зробленыя рукамі ўдзельнікаў клуба, але яшчэ і дае магчымасць пазнаёміцца з архіўнымі фотаздымкамі, якія адлюстроўваюць гісторыю творчай суполкі. Дарэчы, сёлета клуб мастацкай самадзейнасці мінчан «Прырода і фантазія» адзначае 35-ы дзень нараджэння — гэта калі браць за кропку адліку 1987 год. Да таго часу згаданае аб'яднанне існавала і дзейнічала як секцыя «Прырода і творчасць». Першая выстаўка мастакоў-энтузіястаў прайшла восенню 1968 года ў абласным Палацы прафсаюзаў, а пасля іх работы ўжо можна было бачыць не толькі ў мінскіх залах, але і за межамі Беларусі, выстаўляліся ў Маскве і ў Германіі... Вакол клуба аб'ядноўваліся людзі розных узростаў і прафесій на адзінай аснове — любові да творчасці. І сённяшні кіраўнік «Прыроды і фантазіі» Аляксандр Ляйко — таксама прыклад такога чалавека. Аляксандр Аляксандравіч заўсёды адчуваў цягу да стварэння прыгожага. Як ён сам кажа, мабыць, тое перадалося ад маці, якая любіла і вышываць, і вязаць. Па прафесіі Аляксандр Ляйко цярміст-універсал, але яго заўсёды прыцягвала дрэва, яго карэньчыкі. Іх знаходзіў у лесе, на полі і потым ужо даваў і новае жыццё.

— Я далучыўся да ўдзельнікаў клуба ў канцы 90-х гадоў, калі мы належалі яшчэ да Беларускага аб'яднання аховы прыроды. А ў студзені 1991-га так склалася, што былы кіраўнік «Прыроды і фантазіі» адышоў ад справы, і паўстала пытанне, хто ўзначаліць клуб. Стэфанія Міхайлаўна Станюта (мы пазнаёміліся яшчэ ў 1984-м) прапанавала мне ўзяць адказнасць у свае рукі, — успамінае цяперашні кіраўнік «Прыроды і фантазіі» Аляксандр Ляйко. — Працавалі на энтузіязме, хоць да нас прыходзілі толькі сем чалавек. Памятаю, Стэфанія Міхайлаўна сказала: «Калі чалавек жадае несці іншым мастацтва, то як яму не дапамагчы?» Таму і тады, і цяпер для нас галоўным застаецца прасоўванне аматарскай творчасці.

З часам колькасць наведвальнікаў павялічвалася, але заставалася нязменнай адна акалічнасць: пастаяннага месца «прапіскі» ў клуба так, на жаль, і да сёння не з'явілася. Таму сёння ўсе майстры, якія падтрымліваюць сувязі з «Прыродай і творчасцю», не маюць магчымасці збірацца хоць перыядычна разам і дзяліцца тым, што ўмеюць рабіць сваімі рукамі. Каму тое патрэбна? Адказ залежыць ад таго, з чыёй пазіцыі глядзець. Калі тых, хто адчувае ў сабе патрэбу выказвацца творча і мець камунікацыю з аднадумцамі, то адказ, думаю, відавочны. А вось за астатніх казаць не вазьмуся, бо недарэмна ж гавораць, хто хоча — той дзейнічае, а як не, то шукае адгаворкі...

Вернемся ўсё ж да выстаўкі, якая зараз знайшла часовы прытулак у бібліятэцы № 15 імя Цёткі. Экспазіцыя не самая вялікая, але ёсць што паглядзець. Вядома, асаблівую ўвагу звяртаюць на сябе вырабы, што выйшлі з-пад рукі вялікай актрысы Стэфаніі Станюты. Біжутэрыю з прыродных матэрыялаў, драўляныя скульптуркі — гэта і многае іншае перадала пасля смерці Стэфаніі Міхайлаўны ў клуб яе нявестка Ірына Міхайлава-Станюта. І цяпер магчымасць убачыць іх ёсць, лічыце, у кожнага. А адкрываць новыя грані ў таленавітай асобе заўсёды цікава. Як і ў саміх сабе, калі натхніцца і пашукаць справу па душы.

— Сёння мы можам з удзельнікамі клуба сустракацца там, дзе праходзяць нашы выстаўкі. І гэта ў пэўнай ступені абнадзейвае, бо хачу зберагчы наш клуб, каб ён не знік, як тое здарылася ўжо з многімі падобнымі аб'яднаннямі, — дзеліцца Аляксандр Аляксандравіч. — У нас ёсць людзі, якія з ахвотай могуць вучыць жывапісу, алмазнай мазаіцы, вышыўцы бліскаўкамі і многаму іншаму. І мы ўсім рады.

І хочацца спадзявацца, што няхай пакуль і разрознена, але ўсе тыя, хто хоча тварыць ад душы, не пакінуць гэтую справу.

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.