Вы тут

Месца, дзе патрабуюцца нестандартныя падыходы: Сучасная навука чакае жанчын


У 1903 годзе Нобелеўскую прэмію па фізіцы (за сумесныя даследаванні радыяцыі) падзялілі адразу тры чалавекі: Анры Бекерэль, П'ер Кюры і Марыя Складоўская-Кюры. Марыя стала першай жанчынай — нобелеўскім лаўрэатам. І яна адзіны лаўрэат у гісторыі, які атрымаў Нобелеўскую прэмію ў дзвюх розных прыродазнаўчых дысцыплінах. У 1911 годзе за адкрыццё палонію і радыю Марыя Складоўская-Кюры была ўзнагароджана Нобелеўскай прэміяй па хіміі. Яна першы даследчык, які ўкараніў прынцыпы фізікі ў медыцыну, дыягностыку і лячэнне захворванняў. Такое спляценне медыцыны і фізікі прывяло да з'яўлення новай галіны навукі, якую сёння называюць медыцынскай фізікай. За ўсе гады існавання Нобелеўскай прэміі яе атрымалі 943 чалавекі, сярод іх толькі 59 жанчын. У прыродазнаўчых і эканамічных навуках жанчыны-лаўрэаты — увогуле рэдкасць. Часцей за ўсё заслугі жанчын адзначаліся Нобелеўскай прэміяй у літаратуры, медыцыне і прэміяй міру.


Фемінізаваная медыцына

Якое ж месца ў навуцы займаюць жанчыны сёння? За апошнія 15 гадоў сусветная супольнасць дасягнула значных поспехаў ва ўключэнні іх у навуку. Згодна са стратэгіяй Еўракамісіі па гендарнай роўнасці, адной з мэт з'яўляецца дасягненне прадстаўніцтва жанчын у навуцы на ўзроўні мінімум 40 працэнтаў.

З 2016 года, згодна з рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН, у свеце адзначаецца Міжнародны дзень жанчын і дзяўчынак у навуцы. Ён быў заснаваны для таго, каб пераадолець перашкоды і дапамагчы жаночай палове чалавецтва ісці ў нагу з прагрэсам, выбіраць для сабе найболей запатрабаваныя спецыяльнасці. На круглым стале, які прайшоў у Нацыянальнай акадэміі навук, абмеркавалі месца і ролю беларускіх жанчын у навуцы.

— На дадзены момант доля жанчын у агульнай колькасці даследчыкаў Акадэміі навук складае 48,9 працэнта, — паведаміла навуковы супрацоўнік Цэнтра маніторынгу міграцыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Алеся Салавей. — Сярод кандыдатаў навук жанчын — 44,5 працэнта, а сярод дактароў навук — крыху менш за 20 працэнтаў.

За апошнія 25 гадоў доля жанчын сярод даследчыкаў пастаянна ўзрастала. На дадзены момант найбольш фемінізавана медыцынская навука — там сярод даследчыкаў жанчын практычна 70 працэнтаў. Вельмі шмат іх у гуманітарных і сельскагаспадарчых навуках, а вось сфера тэхнічных навук стала яшчэ больш мужчынскай: калі ў 1997 годзе сярод вучоных жанчын там быў 41 працэнт, то ў 2020 годзе — толькі 28 працэнтаў. З вучонай ступенню кандыдата навук жанчын менш за ўсё ў тэхнічных навуках, хоць у некаторых сферах жанчын — кандыдатаў навук больш як 50 працэнтаў. Жанчын — дактароў навук менш за ўсё ў тэхнічных навуках (11,5 працэнта), прыродазнаўчых (18 працэнтаў) і сельскагаспадарчых (18,4 працэнта), а больш за ўсё — зноў-такі ў медыцыне.

Ідзём далей. Сярод аспірантаў НАН жанчын — большасць (яны пераважаюць ва ўсіх аддзяленнях, акрамя «фізікі, матэматыкі, інфарматыкі» і «фізіка-тэхнічных навуках»), сярод дактарантаў — ужо толькі 40 працэнтаў. У біялагічных навуках у дактарантуры доля жанчын складае 50 працэнтаў, а ў медыцынскіх — 100 працэнтаў. А менш за ўсё жанчын-вучоных у найвышэйшых эшалонах навукі: сярод членаў-карэспандэнтаў Нацыянальнай акадэміі навук — толькі восем, а сярод акадэмікаў — дзве: славуты генетык Любоў Хатылёва і мікрабіёлаг Эмілія Каламіец (на дадзены момант генеральны дырэктар Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання «Хімічны біясінтэз», дырэктар Інстытута мікрабіялогіі НАН).

Сям'я ці навуковая кар'ера?

Як заўважае Алеся Салавей, прафесійны статус жанчын-даследчыц у беларускім грамадстве фарміруецца пад уплывам не толькі дзяржаўнай гендарнай палітыкі — ён залежыць таксама і ад норм, каштоўнасцяў і гендарных стэрэатыпаў, якія яшчэ застаюцца ў навуковым асяроддзі. Так, даныя сацыялагічных даследаванняў пацвярджаюць, што адной з самых актуальных на сёння застаецца задача павышэння эфектыўнасці ўдзелу ў навуцы жанчын з улікам іх традыцыйнай ролі ў сям'і і асобасных памкненняў. Ці прысутнічае ў беларускіх жанчын-вучоных канфлікт паміж працай, сям'ёй і самарэалізацыяй?

Па звестках даследаванняў, праведзеных у 2017—2020 гадах, маладых жанчын прывялі ў навуку інтарэс да навуковай дзейнасці (64,8 працэнта), магчымасць самарэалізацыі (39 працэнтаў), размеркаванне (39 працэнтаў), рэкамендацыі выкладчыка (25,8 працэнта), жаданне быць карыснай сваёй краіне (17 працэнтаў), магчымасць кар'ернага росту (11 працэнтаў), магчымасць праверыць свае ідэі і гіпотэзы (8,8 працэнта), высокі заробак (так адказаў усяго 1 працэнт).

Большасць жанчын лічаць навуку сваім канчатковым прафесійным выбарам, незалежна ад таго, ці ёсць у іх вучоная ступень.

У жанчын-даследчыц цікавіліся іх меркаваннем адносна магчымасцяў мужчын і жанчын у кар'ернай дзейнасці ў НАН. Больш як 66 працэнтаў жанчын лічаць, што ў мужчын магчымасцяў для службовага росту больш, а 27 працэнтаў — што магчымасці роўныя. А вось што датычыцца прафесійнага росту, то 62,6 працэнта даследчыц думаюць, што магчымасці ва ўсіх роўныя. У плане заработнай платы меркаванні амаль падзяліліся: на думку 43,4 працэнта жанчын, у мужчын магчымасцяў больш, а 45 працэнтаў думаюць, што яны роўныя. 86,3 працэнта апытаных лічаць, што і ў жанчын, і ў мужчын роўныя магчымасці ў атрыманні вучонай ступені кандыдата навук, 65,9 працэнта лічаць, што шанцы роўныя і ў атрыманні вучонай ступені доктара навук.

А якія шанцы ў жанчын і мужчын у атрыманні акадэмічнага вучонага звання? У мужчын магчымасцяў больш — так адказалі 35,4 працэнта даследчыц, за роўныя магычымасці выказаліся 44 працэнты, не змаглі даць адназначны адказ на гэтае пытанне — 19,6 працэнта.

У кіраванні айчынным грантам у мужчын і жанчын — роўныя магчымасці (пра гэта заявілі 73,6 працэнта даследчыц), у кіраўніцтве замежным грантам за роўныя магчымасці выказаліся 65,3 працэнта, а 19 працэнтаў не змаглі даць адназначны адказ.

Прадметам даследавання сталі і каштоўнасныя арыенціры жанчын-вучоных. Высветлілася, што для даследчыц важная фінансавая самастойнасць (97,7 працэнта), самарэалізацыя ў якасці вучонага (77,4 працэнта), грамадскае прызнанне вынікаў навуковай дзейнасці (77 працэнтаў), апора на ўласныя сілы і дасягненні (89,1 працэнта), навуковая кар'ера (64,2 працэнта), наяўнасць вучонай ступені (57,4 працэнта). Але і сям'я ў іх не адыходзіць на другі план. Пра важнасць сямейных каштоўнасцяў і стварэнне ўласнай сям'і паведамілі 83,4 працэнта жанчын-вучоных, пра важнасць мацярынства і выхавання дзяцей — 87,3 працэнта.

Па словах Алесі Салавей, жанчын-вучоных у Нацыянальнай акадэміі навук можна падзяліць на пяць тыпаў. Самая шматлікая — група даследчыц, якія арыентаваны на спалучэнне навуковай кар'еры і сям'і (41,8 працэнта). А самая малаколькасная — група, дзе жанчыны арыентаваны толькі на сям'ю (9,6 працэнта). Толькі на навуковую кар'еру нацэлены 12,6 працэнта даследчыц. Ёсць жанчыны, якія арыентаваны на сям'ю і грамадскае прызнанне (21,3 працэнта), а таксама група арыентаваных на грамадскую актыўнасць плюс навуковую кар'еру (14,5 працэнта).

Самая цікавая прафесія ў свеце

Кандыдат тэхнічных навук Ірына Калтовіч больш як 12 гадоў працуе ў РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці» (Навукова-практычны цэнтр НАН па харчаванні), куды яна трапіла пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій. У 2015 годзе абараніла дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата тэхнічных навук, у 2018 годзе ёй было прысвоена вучонае званне дацэнта. Цяпер яна загадчыца сектара комплексных даследаванняў мясных прадуктаў у інстытуце. Паралельна з навуковай працай атрымала другую адукацыю ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка».

— Мяркую, што невялікае прадстаўніцтва жанчын сярод кандыдатаў і дактароў навук па тэхнічных дысцыплінах звязана з тым, што на тэхнічныя спецыяльнасці паступае невялікая колькасць дзяўчат, — разважае Ірына. — Напрыклад, у маёй ВНУ былі спецыяльнасці, дзе вучыліся практычна адны хлопцы. А на спецыяльнасці «Тэхналогіі харчовых вытворчасцяў» хлопцаў і дзяўчат у нас было прыкладна пяцьдзясят на пяцьдзясят.

За плённую працу ў Савеце маладых вучоных і высокія навуковыя дасягненні Ірына Калтовіч атрымала падзяку старшыні Прэзідыума НАН  Уладзіміра Гусакова. Фота instmmp.by

Дарэчы, паводле афіцыйнай статыстыкі, жанчыны складаюць толькі 26,7 працэнта сярод выпускнікоў беларускіх навучальных устаноў па спецыяльнасцях, звязаных з фізічнай навукай, тэхналогіямі, інжынерыяй і матэматыкай.

— Вучоны — незалежна ад таго, мужчына ён ці жанчына, — гэта асоба, — дзеліцца сваімі думкамі Ірына Калтовіч. — За гады работы ў структуры Нацыянальнай акадэміі навук я пераканалася, што прафесія вучонага самая цікавая ў свеце, таму што твой новы працоўны дзень ніколі не будзе падобны на папярэдні. Мы знаходзімся ў пастаянным пошуку, адкрываем новыя заканамернасці, усё жыццё самаўдасканальваемся, расцём. І ў нас не бывае так, каб ты прыйшоў у 9 гадзін раніцы на працу, а ў 6 вечара гарантавана пайшоў дамоў. Я ніколі не ведаю, калі мой працоўны дзень завершыцца.

Кіраўніцтва нашага інстытута ў роўнай ступені ўдзяляе ўвагу прафесійнаму росту як мужчын, так і жанчын-даследчыц: іх вучобе ў аспірантуры, абароне дысертацый. У нас створаны вельмі добрыя ўмовы для прафесійнага росту, ёсць магчымасць удзельнічаць у фарміраванні навуковых тэматык, выконваць гранты, удзельнічаць у замежных стажыроўках.

— Навука — проста надзвычай захапляльны занятак, — падтрымлівае маладую калегу доктар сацыялагічных навук, прафесар кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Інстытута кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання Святлана Лапіна.

Яна ўзначальвае клуб жанчын-вучоных пры грамадскім аб'яднанні «Беларускі саюз жанчын», створаны ў 2007 годзе, і запрашае далучацца да іх дзейнасці ўсіх, хто цікавіцца адпаведнай праблематыкай.

— Хачу запэўніць, што сучасная навука чакае жанчын, таму што ўсе вялікія адкрыцці сёння здзяйсняюцца на стыку навук, гэта міждысцыплінарныя і мультыдысцыплінарныя адкрыцці. Часта патрабуецца спалучаць неспалучальнае, зносіць перагародкі, а гэта вельмі характэрна для жанчын, якія прывыклі разбураць стэрэатыпы. У навуцы патрабуюцца нестандартныя падыходы, таму жанчынам там самае месца, — падкрэслівае Святлана Лапіна. — Дактароў навук у краіне 588, з іх толькі 120 жанчын. Нам трэба пашыраць сферу свайго ўзаемадзеяння з асяроддзем, ствараць свае навуковыя таварыствы. Мужчыны, якія прымаюць рашэнні, павінны ведаць, якія мы насамрэч разумныя. Жанчыны створаны для таго, каб рабіць свет лепшым...

Дарэчы, вядомы расійскі вучоны ў галіне нейранавукі і псіхалінгвістыкі доктар навук прафесар Таццяна Чарнігаўская сцвярджае, што мужчынскі мозг адрозніваецца ад жаночага тым, што паўшар'і галаўнога мозгу ў мужчын больш злучаны, чым у жанчын. А ў жанчын кожнае паўшар'е як бы само па сабе, але сувязі паміж аддзеламі ўнутры кожнага паўшар'я мацнейшыя, такім чынам, сацыяльнае жыццё мозгу больш разгалінаванае.

Ці задумваліся вы калі-небудзь, чаму жанчыны могуць весці аўтамабіль, размаўляць па тэлефоне і фарбаваць вусны адначасова? А ўсё таму, што мозг жанчыны адаптаваны да шматзадачнасці і хутка рэагуе на змену зададзеных мэт. Мозг мужчыны гэтым уменнем пахваліцца не можа: для пераключэння ўвагі мужчына затрачвае больш энергіі. Жанчынам уласцівая большая жыццёвая ўстойлівасць, у іх больш развітыя асацыятыўныя здольнасці. Яны больш эмацыянальныя і схільныя да гуманітарных навук. Праўда, геніяў сярод жанчын насамрэч мала. Атрымліваецца, што мужчыны разумнейшыя за жанчын? Таццяна Чарнігаўская кажа, што ў мужчын па жыцці іншыя задачы — экспансія. А ў жанчын — пераўтварыць тое, што трапіла ў рукі: паляпшаць, аптымізаваць, упрыгожваць. І, тым не менш, ёсць маса прыкладаў, калі жанчына брала на сябе адказнасць за род, племя, прадпрыемства і паспяхова яе выконвала.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».