Вы тут

Бацькаўшчына: У пошуках страчанага. Маладзечаншчына і ваколіцы


Калі весці гаворку пра Маладзечаншчыну, Маладзечна на старых паштоўках, то ў калекцыі знанага збіральніка гістарычнай памяці лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адрпаджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава прысутнічае нямала выяў з вобразамі гэтай старонкі. 


Маладзечна. Вакзал (пач. ХХ ст.).

Многія паштоўкі па часе нараджэння — ілюстрацыі ліхіх гадзін Першай Сусветнай... Даўно мне на вочы патрапілася кніга «Успаміны» расійскага кнігавыдаўца Міхаіла Васільевіча Сабашнікава. Гартаю яе старонкі. Падыходжу да раздзела «У час вайны»: «...Сярод з’яў нашага грамадскага жыцця, выкліканых вайною, асабліва вылучаліся ўзнікшыя тады самачынна арганізацыі дапамогі арміі — Земскі саюз, Гарадскі саюз, Земгор (аб’яднанне двух саюзаў), Ваенна-прамысловыя камітэты. Я прыняў удзел у рабоце „Саюза гарадоў“. Летам 1915 года я адправіўся на чале Сібірскага медыка-санітарнага атрада (Бурацкага — як называўся ён таму, што абсталяваны быў часткова на сродкі бурат) на фронт, у размяшчэнне 10-й арміі. Атрад там працаваў у раёне Шастакова, разгарнуўшы ў будынках гэтай эвакуіраванай чыгуначнай станцыі свой лазарэт». І далей: «Затым мы былі перасунуты на шлях Вількамір — Вільня. З падзеннем Коўна армія адступіла, і Вількамір быў пакінуты, і наш лазарэт развярнуўся ў Вільні, а з адступленнем з Вільні размясціўся ў Маладзечна».

Разам з Міхаілам Васльевічам у атрадзе служыў і яго сын — Сяргей. Два словы — да яго біяграфіі. Нарадзіўся ў 1898 годзе. Памёр у 1952 годзе. Актыўна дапамагаў бацьку ў выдавецкіх справах. З сярэдзіны 1930-х гадоў — тэхнічны кіраўнік выдавецтва «Сотрудник». 

Маладзечна. Замкавая вул. 1930-я гады.

Міхаіл Васільевч, ад прыроды чуйны да мастацкіх вобразаў, уважлівы да дэталяў, вельмі пільна аглядаўся ў літоўска-беларускае памежжа: «Я ехаў па шырокай раўніне, якая на гарызонце акаймлялася лесам. Сонца ўжо пераваліла далёка за поўдзень, калі я ўбачыў наперадзе характэрныя літоўскія могілкі, на ўзгорку, абнесеныя агароджай з валуноў, зарослыя старымі высокімі соснамі, сярод якіх, спабрнічаючы з імі ў росце, высіліся надмагільныя крыжы, знаёмыя нам па карцінах Чурлёніса. Направа ад могілак віднелася панская сядзіба, а ўдалечыні на гарызонце маячыла ўскраіна чарналесся, масіў якога мне трэба было перасекчы...» І яшчэ: " ...зазірнуў за агароджу могілак і ўбачыў на некалькіх помніках свежыя вянкі, букеты жывых кветак, пэўна, нядаўна пакладзеныя на магілы. Асаблівае замілаванне выклікалі маленькія букецікі, якія былі сабраны і пакладзены на магілы, несумненна, дзіцячымі рукамі. Колькі трэба мець самавалодання, каб пры паспешлівых уцёках наведаць дарагія магілы!"

На некаторы час Сабашнікаў пакінуў фронт. А ўжо «у лістападзе 1915 года, — успамінае кнігавыдавец, — я вярнуўся ў атрад. Я знайшоў яго ў Маладзечна. Ён даволі зручна размясціўся каля чыгуначнай станцыі, у двухпавярховым корпусе, побач з броварным заводам. Суседства гэта было крыніцай пастаянных хваляванняў і трывог...» 

Маладзечна. Праваслаўная царква (пач. ХХ ст.).

Давайце ж і мы, углядаючыся ў старыя паштоўкі, узгадаўшы ўражанні Міхаіла Сабашнікава, зазірнём у горад канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Нашым памагатым у гэтым падарожжы мог бы стаць і светлай памяці Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі. Доктар гістарычных навук, сапраўдны краязнаўца зямлі беларускай, ён нараджэннем з вёскі Дамашы, многія дзесяцігоддзі пражыў у Маладзечна. Працаваў у абласным краязнаўчым музеі. Збіраючы экспанаты, матэрыялы для яго, абыйшоў усе ваколіцы. Ды і шмат паездзіў па архівах і бібліятэках па-за межамі Беларусі. Напісаўшы гісторыка-публіцыстычныя нарысы пра Маладзечна, Вілейку, пра людзей, яркіх асоб, звязаных з гэтай старонкай, ён шукаў сляды знакамітых беларусаў у Расіі, Літве... Нельга не сказаць, што шмат каму з людзей нераўнадушных менавіта Генадзь Аляксандравіч даў пуцёўку ў краязнаўства. І зусім невыпадковым падаецца той факт, што ў 1989 годзе якраз Генадзь Каханоўскі стаў ініцыятарам і першым старшынёю Беларускага краязнаўчага таварыства... 

Сёння аблічча горада ў многім фарміруецца дзякуючы чыгуначнаму вакзалу. Але так было не заўсёды. Лібава-Роменская чыгунка прыйшла ў Маладзечна ў 1873 годзе. Тады і пачалося хуткаснае прамысловае развіццё паселішча. Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што і раней у Маладзечна меўся патэнцыял для эканамічных здзяйсненняў. Тут хапала і рамеснікаў, і гандаль ішоў як след. 

Маладзечна.1930-я гады.

А калі бы мы прайшліся старымі вуліцамі — па Мінскай, Віленскай, Замкавай (яна яшчэ называлася і Вілейскай), Гарадокскай, то абавязкова сустрэліся б з купкамі маладых людзей, якія не саромеліся ўслых чытаць вершы, умелі пажартаваць, ды і сур’ёзную філасофскую спрэчку здольнымі былі распачаць... Асабліва часта такое назіралася на Замкавай, дзе літарай «П» месціўся двухпавярховы будынак Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі... Генадзь Каханоўскі ў адной са сваіх кніг падкрэсліваў, што ўвесь комплекс будынкаў семінарыі аддзяляўся ад ваколіц каменнай сцяной. Складвалася ўражанне, што навучальная ўстанова ўяўляе сабой абарончую крэпасць. Хто тут толькі не вучыўся?!. Адзін з пачынальнікаў беларускай савецкай літаратуры Міхась Чарот, аўтар паэм «Босыя на вогнішчы», «Ленін», «Марына», «Чырванакрылы вяшчун» і многіх іншых твораў... Спявак Міхась Забэйда-Суміцкі, які выступаў на сцэне «Ла Скалы», іншых тэатральных пляцоўках (выступаў з партыямі на 16-ці мовах!). Грамадскі дзеяч, празаік, журналіст Андрэй Капуцкі (некаторы час напрыканцы 1920-х працаваў у газеце «Звязда»). Заходнебеларускі рэвалюцыянер, член Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Пятро Мятла... Дарэчы, аўтарам перабудовы семінарыі з паўразбуранага манастыра быў інжынер-архітэктар Івана Іванавіч Лявіцкі (1830 — пасля 1894)... З 1972 па 1884 гг. ён займаў пасаду віленскага губернскага інжынера, адначасова быў архітэктарам Віленскай навучальнай акругі. Іван Іванавіч — і аўтар перабудовы настаўніцкіх семінарый у Свіслачы, Полацку, Панявежы, мужчынскай гімназіі ў Віцебску... 

Маладзечна. Касцел 1930-я гады.

Сёння ў Маладзечна не так і шмат слядоў даўніны. Некаторыя архітэктурныя помнікі зніклі ў прасторы мінулых часін. Ды вуліцы горада (афіцыйна горада Маладзечна стала ў 1929 годзе), несумненна, помняць не толькі семінарыстаў, але і многіх ураджэнцаў паселішча. Знакамітасцяў тут заўсёды хапала!.. Мастак, графік Меер Аксельрод, высокі савецкі дзяржаўны дзеяч Кандрат Церах (у 1963 — 1965 гг. — дырэктар Маладзечанскага гархарчпрамгандлю; а ў 1986 — 1991 гг. — міністр гандлю СССР), спявак і кампазітар Юрый Антонаў... Маладзечна — і зараз горад талентаў, крыніца, якая шчодра выводзіць у вялікі свет яркіх асоб. Пэўна, прычынай гэтага і асаблівая сакральнасць старажытнага паселішча?..

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».