Вы тут

Нарва зноў сабрала сяброў


Дзякуючы кіраўнікам суполкі “Сябры” з эстонскай Нарвы Людміле Аннус і Віктару Байкачову ў другі ўжо раз прайшла анлайн-сустрэча на платформе ZOOM, прысвечаная Дню роднай мовы


Янка Крук

Мова – гэта сродак зносінаў, і не толькі. Скарбонка мудрасці, народнага досведу, душа кожнага народа і самы геніяльны твор кожнага з іх… Код і ключ да разумення нацыі… Вечна жывая рака, што злучае мінуўшчыну, сучаснасць і будучыню. А таксама Зямлю і Неба… Шмат у роднай мовы розных вызначэнняў. Але ж яна, будзем шчырымі, жывая толькі тады, калі жыве ў нас. Калі мы не толькі ўмеем чытаць і пісаць – думаць у яе плыні, тварыць з ёй супольна, зносіцца ў ёй бязмежна. З апошнім, дарэчы, бываюць праблемы. Але ж для чытачоў нашых не сакрэт: сёння інтэрнэт-тэхналогіі значна пашыраюць магчымасці для зносінаў на адлегласці, перадачы інфармацыі. Не ўсе беларускія суполкі замежжа і ведаюць згаданую ZOOM-платформу для правядзення анлайн-сустрэч. А вось Віктар з Людмілай належным чынам тэхналогію асвоілі, а тым самым нібы крылы роднай мове надалі. Не аднойчы і мяне запрашалі да ўдзелу, ды не складвалася. На гэты ж раз – 19 лютага – вырашыў часова адмяніць дамашні мараторый на працоўныя справы ў выхадны і далучыцца да “Сяброў”. Ого, там вялікая каманда: больш за 40 чалавек з 10 краін! І ўявіць сабе цяжка, чаго б каштавала такая сустрэча недзе ў рэале.

Прысвечана была імпрэза Міжнароднаму дню роднай мовы (адзначаўся 21 лютага), ладзіла яе Нарвскае беларускае таварыства “Сябры” (Эстонія). Віктар Байкачоў узяў на сябе тэхнічную частку, а Людміла Аннус, за асобным кампом, была мадэратарам, вядучай. Давала слова гасцям, прадстаўляла ўдзельнікаў, падахвочвала некаторых анлайнаўцаў да размовы ці пытанняў. Ну а ў цэнтры ўвагі былі на гэты раз навукоўцы, фалькларысты, даследчыкі традыцыйнай беларускай культуры з Мінска Янка Крук і Аксана Катовіч. Шмат усяго цікавага расказалі яны пра тое, як менавіта мова спрыяе развіццю ўсёй нашай культурнай традыцыі, як зберагае народ і кожнага з нас ад згубных вятроў глабалізацыі, духоўнага апусташэння. Па сутнасці, назапашаныя за ўсю гісторыю народа веды закадаваныя менавіта ў роднай нашай мове, і ёю ж ажыўляюцца – пры ўсёй павазе да моваў прышлых і таксама ў нас запатрабаваных. Даследчыкі дзяліліся багатым досведам уласнага спасціжэння народнай душы, пранікнення ў таямніцы абрадаў, прыадкрывалі глыбінныя сэнсы звычаяў, ад якіх, бывае, толькі пустая форма ёсць у нашым часе. Віктару Байкачову падзяка за спасылку і відэазапіс: можна яго паглядзець і паслухаць: https://disk.yandex.ru/i/7Bw9q3RK3dF8PA

Аксана Катовіч

У анлайн-сустрэчы паўдзельнічалі беларусы Нарвы, прадстаўнікі беларускіх суполак у Эстоніі з Йыхві (БЭЗ), Тарту (“Спадкі”), Таліна (“Лёс”), Пярну (“Лад”). Далучыліся да цікавай размовы нашы ­супляменнікі з Беларусі, Літвы, Латвіі, Малдовы, Італіі, Арменіі, Украіны, Расіі ды Казахстана. Да нас звярнуліся з вітальнымі словамі першы сакратар Амбасады Беларусі ў Эстоніі Аляксей Зубко, дарадца аддзела культурнай разнастайнасці Мінкультуры Эстоніі Арцём Цяплюк, кіраўнік Круглага стала нацыянальна-культурных таварыстваў павета Іда-Вірумаа (Эстонія) Аляксандр Дусман, прадстаўніца Фонду інтэграцыі (Эстонія) Авэ Хярсінг, кіраўніца Нарвскага дома эстонскай мовы Ганна Фарафонава.

Напрыканцы сустрэчы Таццяна Макаранка з Нарвы, аўтар міжнароднага мастацкага праекта “Наш Шагал”, расказала пра яго сутнасць, запрасіла да ўдзелу юных мастакоў.

Віктар Байкачоў

Парадавалі, кранулі сваёй душэўнасцю і цеплынёй беларусы Томска, якія таксама былі на анлайн-сувязі. І песню беларускую пад гармонік заспявалі, і стол з пачастункамі накрылі. “Гэта зямлячка Любоў Адаскевіч такі нам сюрпрыз падрыхтавала: з дранікамі ды з беларускай песняй”, – патлумачыла пазней Людміла Аннус. Ураджэнка Наваградчыны даўно працуе ў Томску дырэктарам Муніцыпальнай бюджэтнай установы дадатковай адукацыі дзяцей – Дома дзяцінства і юнацтва “Факел”, да таго ж паспяхова кіруе Нацыянальна-культурнай аўтаноміяй беларусаў у Томскай вобласці. Праз Людмілу ды прылажэнне Вайбер выйшлі і з ёй на кантакт. “Дранікі пякла Святлана Мініна гэтым разам, пра сала паклапацілася Наталля Шаўлоўская, а Ірына Галкіна за гурочкі адказвала”, – з лёгкім гумарам паведаміла Любоў Аляксандраўна. І здымкаў наслала, і відэа, і спасылак цікавых… Як будзе больш часу, то разбярэм пошту ды падрабязней пра жыццё беларусаў у Томску раскажам.

Дзве з паловай гадзіны ў коле сяброў доўжылася размова. І нам сяброўскае сумоўе, прысвечанае Дню роднай мовы, зусім не здоўжылася. А на развітанне Янка Крук пажадаў усім: “Шчасця, долі, хлеба, солі, крынічнай вады – і ніякай бяды!”

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Нарва зноў сабрала сяброў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».