Вы тут

Зварот у рэдакцыю. Як да купленага ўчастка зямлі ўзяць дадатковы?


У рэдакцыю звярнулася Вольга Гусева з Уздзенскага раёна. Жанчына распавяла, што яе дзеці тры гады таму набылі ўчастак у вёсцы. У іх ва ўласнасці зараз знаходзіцца 15 сотак зямлі. Паміж домам і калгасным полем ёсць яшчэ сотак 10, якія сын рэгулярна абкошвае, каб не стаяў бур'ян. Ці рэальна і на якіх умовах можна афіцыйна аформіць на сябе той кавалак зямлі, каб пасадзіць агарод?


Фота: realt.by.

Па каментарый «Звязда» звярнулася да начальніка аддзела землеўпарадкавання Уздзенскага райвыканкама Алены Грэчкі.

— Каб атрымаць зямельны ўчастак для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі па-першае, трэба мець беларускае грамадзянства. Па-другое, быць зарэгістраваным на тэрыторыі сельсавета, якому належаць угоддзі. Калі гэтыя дзве ўмовы выкананы, то смела звяртайцеся да старшыні сельвыканкама з заявай. Калі зямля, на якую вы прэтэндуеце, свабодная, то вам яе выдзяляць.

Да нас часам звяртаюцца вяскоўцы, каб узаконіць свой «агарод», якім яны карыстаюцца шмат гадоў. Гэта 15—30 сотак зямлі, размешчаныя побач з домам. Такія ўчасткі ў асноўным перадаюцца ў пажыццёвае спадчыннае валоданне.

Вядома, можна выкупіць зямлю і ў прыватную ўласнасць. Але гэта абыдзецца значна даражэй. Сума залежыць ад кадастравага кошту ўчастка. Пры афармленні ж надзелу ў пажыццёвае спадчыннае валоданне грамадзянін плаціць толькі за афармленне дакументаў і рэгістрацыю ўчастка.

— Чым прынцыпова адрозніваецца прыватная ўласнасць і пажыццёвае спадчыннае валоданне? І які з двух варыянтаў больш выгадны для вяскоўца?

— Кожны для сябе вырашае сам. Розніца ў тым, што зямлю, якая знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, можна дарыць блізкім сваякам, прадаваць людзям, зарэгістраваным на тэрыторыі сельсавета, дзе знаходзіцца ўчастак, ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку. Любыя ж здзелкі з участкамі, якія знаходзяцца ў пажыццёвым спадчынным уладанні, забароненыя. Валодаць — валодайце, але прадаваць — не можаце.

Большасць вяскоўцаў, якія да нас звяртаюцца, не бачаць сэнсу набываць дадаткова надзел ва ўласнасць. Бо ўсё адно, калі зямля прызначана для вядзення падсобнай гаспадаркі — у прыватнай яна ўласнасці ці ў пажыццёвым спадчынным уладанні, — дом, гараж ці лазню вы там не пабудуеце. Там можна паставіць цяпліцу, ну, ці максімум навесік для захоўвання чагосьці. Ёсць такое паняцце, як мэтавае прызначэнне зямельнага ўчастка. Калі зямля выдзелена для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, значыць, там павінен быць жылы дом, калі для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі — то, калі ласка, садзіце пладовыя дрэвы, разбівайце градкі. Парушэнне мэтавага прызначэння можа быць падставай для адабрання зямлі нават з уласнасці.

Па аўторках з 9.00 да 13.00 ва Уздзескім сельсавеце вядзе прыём грамадзян спецыяліст па зямельных пытаннях. Туды можна пад'ехаць з пашпартам і дакументамі на дом і ўчастак, напісаць заяву і атрымаць кансультацыю па сваім пытанні.

— Летась маладая сям'я з Брэста купіла ўчастак з пабудовамі ў вёсцы, што на Міншчыне. Пакуль прыводзяць яго ў парадак, выразаюць старыя дрэвы, даводзяць да ладу хату. Але гаспадар ужо будуе грандыёзныя планы. Хоча паставіць цяпліцы і, магчыма, заняцца вырошчваннем буякаў. Дык вось ён цікавіцца, ці рэальна яму ў гэтай жа вёсцы дадаткова ўзяць зямлю ў арэнду?

— Памер участка, які прадстаўляецца для вядзення падсобнай гаспадаркі ў прыватную ўласнасць ці пажыццёвае спадчыннае ўладанне, не можа перабольшваць 1 гектар (з улікам угоддзяў, выдзеленых для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома ў гэтай жа вёсцы). Але дадаткова можна атрымаць у арэнду да трох гектараў зямлі ўключна тэрмінам да 99 гадоў. Гэта фактычна адзначае пажыццёвае карыстанне.

Калі чалавек зарэгістраваны ў Брэсце, яму сёння нельга ўзяць дадатковую зямлю ў арэнду ў іншым месцы. Але зараз рыхтуецца новы ўказ Прэзідэнта, які, як плануецца, будзе прыняты ўжо ў гэтым годзе. Там ёсць новы пункт, ён дасць права любому грамадзяніну Беларусі ўзяць зямлю для вядзення падсобнай гаспадаркі незалежна ад месца рэгістрацыі і пастаяннага месца жыхарства. Калі будуць прыняты гэтыя змяненні, то жыхар Брэста, Мінска, Узды таксама зможа арандаваць участак у любой вёсцы і вырошчваць там буякі ці штосьці яшчэ.


Ёсць варыянт — дамовіцца з суседам

«Да нашага невялічкага дома ў вёсцы прымыкае прасторная адкрытая тэраса. Жонка спіць і бачыць, што я гэтым летам ператвару яе ў веранду з вялікімі панарамнымі вокнамі. Я не супраць, але, наколькі ведаю, зрабіць гэта па законе мы не маем права, бо ад фундамента тэрасы да мяжы суседняга ўчастка — усяго паўметра. Ці ёсць нейкія варыянты вырашэння гэтага пытання?»

Уладзімір Д.

— Вы можаце правесці рэканструкцыю сваёй тэрасы — зашкліць яе і ўзвесці сцены — нават калі адлегласць ад прыбудовы да мяжы суседняга ўчастка, як у вашым выпадку, меншая за нарматыўную (на сёння нарматыў складае 3 метры). Але для гэтага абавязкова патрэбна натарыяльна завераная згода сумежнага землекарыстальніка, — тлумачыць Наталля Бушко, намеснік начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва, галоўны архітэктар Уздзенскага райвыканкама. — У тым выпадку, калі зямля належыць не фізічнай асобе, а сельсавету, згоду трэба атрымаць ад старшыні сельвыканкама. Натарыяльна завераны дакумент падавайце ў службу «Адно акно» райвыканкама разам з заявай аб дазволе на рэканструкцыю.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.