Вы тут

Пратаірэй Уладзімір Даўгаполаў: Бог не чакае ад чалавека цудаў


У праваслаўных завяршаецца першы тыдзень Вялікага посту, які распачаўся з Даравальнай нядзелі. Гэта і стала нагодай для размовы з магістрам багаслоўя, протаіерэем Уладзімірам Даўгаполавым, настаяцелем прыхода храма святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі ў горадзе Мінску. Але ў гутарцы мы закранулі і іншыя тэмы.


Пра выбар

— Айцец Уладзімір, чаму менавіта з даравання пачынаецца Вялікі пост? Гэта ж яшчэ і адна з галоўных умоў для прычасця. Чаму дараванне адно аднаму крыўды мае такое вялікае значэнне ў хрысціянстве?

— Вялікі пост — гэта шэсце, шлях да Пасхі, Свята святаў, калі мы ўспамінаем уваскрэсенне Хрыста пасля ўспамінання Яго распяцця. Насамрэч такім жа ўспамінам з'яўляецца любая Літургія: мы збіраемся разам, каб пераламіць Хлеб і падзяліць агульную Чашу, збіраемся ў выкананне Запавету Госпада і тым самым успамінаем Яго смерць і Уваскрэсенне. І гэта не ўспаміны пра мінулае, і не ўспаміны пра Чацвер, калі перад сваім распяццем Ён так некалі зрабіў разам са сваімі вучнямі. Гэта ўспамінанне пра будучае. Еўхарыстыя — гэта вобраз Шлюбнай вячэры ў Царстве Божым, якое ўжо тут патроху з'яўляецца, але ў пэўны момант чалавечай гісторыі з'явіцца ў поўнай сіле. Гэта адбудзецца пасля Другога прышэсця Хрыста і Страшнага суда, які Царква ўспамінае за тыдзень да пачатку Вялікага посту.

Калі гэта будзе вячэра ў Царстве Божым, то на яе трапяць тыя, хто там будзе. І адна з умоў трапіць у Царства Божае — дараванне. Чаму? Што такое дараванне? Гасподзь заклікае ў Царства Божае ўсякага чалавека. Бог са свайго боку зрабіў усё неабходнае, каб любы чалавек мог туды ўвайсці. Але ад нас залежыць, захочам мы гэта зрабіць або не. У прыватнасці, для некаторых людзей (гіпатэтычна, мы ў гэта верым) паўстане такі выбар, і яны могуць не захацець туды ўвайсці, бо ўбачаць, што Гасподзь ужо запрасіў у Царства Божае некага, хто ім прыкры або ненавісны. Чалавек, у сэрцы якога засталася непрыязнасць, варожасць, злосць да любога, хто жыве на зямлі, нават у Царстве Божым будзе пакутаваць. Бо там не будзе ні катэгорыі часу, ні катэгорыі прасторы. Як я кажу прыхаджанам: там не схаваешся па ізаляваных памяшканнях, па сваіх маленькіх утульных кватэрках ад людзей, якіх не любіш. Усе будуць побач. Таму нянавісць, крыўда на любога чалавека закрываюць для нас уваход у Царства Божае. Вось чаму такое важнае значэнне ў Царкве надаецца дараванню.

— Гэта зразумела, калі патрабуецца работа над сабой з тым, каб з раззлаванага або высакамернага стаць больш мяккім і добрым, больш цярпімым да іншых. Але ж тут размова пра крыўдзіцеля. Ён — злы, жорсткі, абыякавы... Ён здзейсніў зло ў адносінах да цябе. Ты нічога дрэннага не рабіў, проста не можаш яму дараваць. Атрымліваецца, што ён можа аказацца ў Царстве Божым, а ты — не. Так?

— Менавіта так. Бо для Бога мы ўсе — дзеці. Скажыце, вось у бацькоў могуць быць нелюбімыя дзеці?

— Мяркую, што не.

— Бог, якім мы Яго ведаем у хрысціянстве, — Любоў. Гэта адна з асноўных Яго якасцяў. Менавіта з-за любові Ён стварыў чалавека, а потым прыйшоў у гэты свет, каб памерці дзеля таго, каб любімае Яго стварэнне магло жыць. У Евангеллі шмат разоў падкрэсліваецца, што Бог любіць кожнага чалавека. І заклікае хрысціян быць такім ж дасканалымі, як і Ён. Гасподзь пасылае дождж і добрым, і злым... Гэтая якасць Бога нязменная. У незалежнасці ад таго, што робіць чалавек, Бог ёсць Любоў і жадае чалавеку дабра.

— Памятаеце, у Дастаўскага Іван Карамазаў заяўляе: «Не хачу я, нарэшце, каб маці абдымалася з катам, які разадраў яе сына сабакамі! Не смее яна дараваць яму!»? Неяк я пра дараванне разважала з калегамі, і адна з іх сказала: «Галавой я ўсё разумею, але і ўсведамляю, што ніколі не смагу палюбіць таго, хто паліў людзей у печах Бухенвальда, расстрэльваў у Курапатах паэтаў, здзекаваецца цяпер з людзей ва ўсякіх формах». І я не змагла з ёй паспрачацца. Ці магчыма ўсім дараваць?

— У абсалютным сэнсе — так. Гэта сапраўды так.

— Прывяду яшчэ адзін, канкрэтны і блізкі для мяне прыклад. Я перапісваюся з маці 7-гадовага хлопчыка, якога год таму забіў родны бацька. Па версіі следства, нешта пераключылася ў галаве мужчыны падчас алкагольнага ап'янення. Гэта здарылася ў Маскве, 3 сакавіка суд адхіліў іск, забойцу адправілі на прымусовае лячэнне... Калі нават такое трэба дараваць, то як гэта зрабіць? Ёсць у хрысціянства рэцэпт?

— Дараваць трэба любыя рэчы. Але, па-першае, Бог не чакае ад чалавека цудаў, Ён разумее, што чалавек — слабая істота, часам для даравання патрэбны гады. Па-другое, калі мы хочам дабіцца выніку ў сваіх маральных намаганнях, мы павінны дзейнічаць у супрацоўніцтве з Богам. Гэта якраз магчыма ў Царкве, бо Царква, як мы верым, — не проста нейкая рэлігійная арганізацыя, не проста чалавечая суполка. Гэта — богачалавечы арганізм, дзе Бог па сваёй ласцы, па сваім добраахвотным дары (які нічым не заслужаны, не адпрацаваны, які не зароблены чалавекам) кампенсуе нашы недахопы. І гэта, зноў жа, доўгі працэс. У Царкве гэта называецца пакаяннем — змяненнем самога сябе. Гэта тое, чым мы закліканыя займацца ўвесь час жыцця, а асабліва — у Вялікі пост.

Часам праз гады, праз дзесяцігоддзі, калі чалавек разумее, што ён сам не можа дасягнуць даравання, не можа дараваць крыўдзіцелю, ён адчуе, што Бог дае яму гэта як дар.

— Ён адчуе, што яго раптам адпусціла?

— Так. Адпускае — калі казаць простай мовай. Чалавек адчувае, што гэта не яго заслуга. Гэта не ён перапрацаваў у сабе, перахварэў у сабе. Бог проста сваёй ласкай дае яму гэты дар — дараванне.

— Ці можа чалавек, які яшчэ не атрымаў такі дар, падыходзіць да Чашы?

— Павінен. Бо Чаша — гэта не ўзнагарода пераможцу, а лекі для чалавека, які асэнсаваў сваю хваробу, свой грэх. І прагне вылечвання ад гэтай хваробы.

— Пра які грэх вы кажаце? Трэба шукаць у сябе нейкі грэх? Імкнуцца неяк яго ў сабе ўбачыць?

— Злосць і нянавісць да любога чалавека — гэта ўжо грэх.

— Гэта значыць, тое, што ты не можаш дараваць, — ужо грэх?

— Вядома. Ты шчыра кажаш Богу: я сам, сваімі сіламі гэта зрабіць не магу, разумею, што гэта дрэнна, але не магу з сабой справіцца.

Дазвольце такую аналогію: падчас прычасця мы ядзім Цела Хрыста і п'ём Кроў Яго. Праз гэта становімся адной жывой часцінкай, адзіным нейкім органам богачалавечага Цела — Царквы. Што бывае, скажам, з пальцам, калі ў яго перастае трапляць кроў і неабходныя рэчывы?

— Адмірае.

— Тое самае адбываецца з чалавекам, калі ён не сілкуецца Целам і Кроўю Хрыста. Духоўна ён пачынае паміраць. Пачынаецца распад яго асобы.

— Нарэшце, што значыць — дараваць? Ці дастаткова перастаць адчуваць нянавісць да крыўдзіцеля? Або трэба абавязкова яго палюбіць?

— Праграма максімум — палюбіць. Праграма мінімум — пагадзіцца на тое, каб гэтаму чалавеку было добра, каб ён быў шчаслівы. І каб вас гэта не чапляла, і каб вы не казалі Богу: «Чаму? Чаму Ты яго церпіш?»

— Цяжкая задача.

— Хрыстос ад нас гэтага патрабуе не беспадстаўна. Ён сам так рабіў. Ён прыйшоў загадзя да тых людзей, якія, як Ён ведаў, будуць Яго ненавідзець, здрадзяць Яму, будуць з Яго здзекавацца, заб'юць Яго. Але Ён пайшоў на гэта добраахвотна, бо ведаў, што гэта неабходна для іх выратавання. Ён сваё жыццё аддаў дзеля тых, хто Яго не чакаў, не любіў, не жадаў — каб яны маглі жыць вечна. Каб іх вылечыць.

— Праз уласны прыклад?

— Так. Таму Ён шчыра можа патрабаваць гэтага ад нас. Бо быў гэтакім жа чалавекам, як і мы. І з'яўляецца такім жа Чалавекам, як і мы. Гэта не патрабаванне нейкага бога, які недзе далёка, зусім не падобны на нас і патрабуе ад нас тое, чаго мы па сваёй прыродзе не можам дасягнуць.

— Значыць, Хрыстос дараваў усім, хто яго не прыняў?

— Мы памятаем, пра што Ён прасіў на крыжы: «Ойча! Даруй ім, бо яны не ведаюць, што робяць».

Пра страх

— Мы часта скардзімся на часы, у якія жывём, а потым здараецца нешта, і разумееш, што раней было ўсё добра. Вось і зараз: здаецца, што нядаўна ўсё было лепей. Але ж у хрысціянства асаблівае стаўленне да катастроф. Хрыстос заклікае людзей нічога не баяцца. Я правільна разумею?

— Хрыстос заклікае баяцца таго, хто, і таго, што можа забіць нашу душу. Д'ябла і граху. Грэх нас аддзяляе ад Бога, пазбаўляе вечнага жыцця, ён з'яўляецца тым тромбам, які перашкаджае кровазвароту і доступу да нас ласкі Божай. Д'ябал — той, хто стварае ўмовы, каб тромб утварыўся.

— А калі адбываюцца катаклізмы? Глабальныя катастрофы? Войны альбо пагроза вайны? Як па-хрысціянскі да гэтага ставіцца?

— Мяркую, спакойна. Магчыма, у мяне ёсць так званая прафесійная прывычнасць да падобнага. Святар, як лекар, павінен умець крыху абстрагавацца ад эмоцый, каб не губляць самавалодання і цвярозасці. Бо без іх немагчыма дапамагчы тым, хто пакутуе. Два, тры, чатыры, пяць гадоў таму ў маім жыцці таксама было вельмі шмат болю, смерці, хвароб. У жыцці людзей, з якімі я блізкі, адбываліся цяжкія катастрофы. Гэта здаралася з людзьмі, якія прыходзяць у храм, з якімі мы разам молімся.

Насамрэч у час, які мы лічым мірным і спакойным, шчаслівым, здараюцца аварыі, трагедыі, страшныя страты. У людзей хварэюць і паміраюць дзеці. Часам раптоўна. Год таму прыходзілася развітвацца з маленькай дзяўчынкай двух-трох гадоў, якая была з сям'ёй на дачы і патанула ў надзьмутым басейне. Як вы думаеце, для яе бацькоў зараз час горшы, чым пасля трагедыі?

— Наўрад ці.

— Вядома, калі пакутуе шмат людзей, болю больш. Калі боль нават аднаго чалавека — гэта боль усё Царквы, усяго грамадства, дыко казаць пра смерць, страты і пакуты ў час катастроф ці войн? Напэўна, без веры ў Бога ад такога болю можна страціць розум. Але наша вера ў тое, што жыццё чалавечае не заканчваецца, калі цела кладзецца ў зямлю, надае сэнс усяму, што адбываецца: усім пакутам, болю, нават смерці. Мы верым, што наша жыццё — проста пэўны этап. Смерці не пазбегне ніхто. І смерць заўсёды балючая. Важна толькі тое, як чалавек сваё жыццё пражыў. Я сведка таго, як людзі, якія нават мала гадоў пражылі, самі свяціліся святлом Божага Царства і вельмі многіх супакойвалі, суцяшалі, давалі надзею жыць і верыць, вучылі любові.

Пра сустрэчу

— Ёсць такая прымаўка: «Не прыйдзе трывога — не ўспомніш і Бога». Людзі часта прыходзяць у храм з-за страху перад нечым. Або каб атрымаць нейкую палёгку, збаўленне ад хваробы, ад складаных абставін. Студэнты перад экзаменамі бягуць ставіць свечку. Бацькі хрысцяць дзіця, каб абараніць ад нечага благога. Але ці правільна так адносіцца да Бога? Быццам бы ў краму п прадукты я табе свечку, а Ты мне — абарону ад усяго кепскага.

— Такі матыў распаўсюджаны, але я б не сказаў, што ён пераважвае. І ён можа быць добрай кропкай уваходу чалавека ў адносіны з Богам. Уявіце сітуацыю: дзіця з дзіцячага дома ўынаўляе сям'я. Што дзіця бачыць спачатку ў сваіх прыёмных бацьках? Навошта яны яму патрэбныя? Ён бачыць у іх тых, хто яго накорміць смачнай хатняй ежай, купіць рэчы, пра якія ён даўно марыў, але ў яго няма вопыту сямейных адносін. Гэтак жа і многія людзі, калі прыходзіць у храм, яны прыходзяць з нейкімі вельмі простымі просьбамі.

Ёсць і іншыя матывы. Прыходзяць тыя, у каго ўсё добра. Не ў тым сэнсе, што яны вельмі багатыя. У іх звычайнае, простае, добрае жыццё, але яны адчуваюць пустэчу. Нечага не хапае. Душа ўсім гэтым насыціцца не можа.

— Магчыма, гэта больш правільны матыў?

— Разумееце, з прычыны таго, што мы ўсе — унікальныя (Бог выдатны творца, цудоўны мастак і не стварыў людзей трох-чатырох відаў), у кожнага свой шлях да Бога. І казаць, што нейкі з іх няправільны, не лічу магчымым.

— А калі адбываецца сапраўдная сустрэча з Богам?

— У кожнага гэта адбываецца па-рознаму. Мне здаецца, што выдатныя адносіны — гэта калі чалавек любіць Бога і любіць іншых людзей. Калі ён нічога не чакае ад Бога, у той жа час жыве для Яго, дыхае для Яго, стараецца жыць у Яго прысутнасці — такім чынам, каб апраўдаць Яго любоў, Яго давер.

— Калі шчыра сам сабе ён можа сказаць: я люблю Бога?

— Так. І давярае Яму ў тым сэнсе, што ўсе абставіны жыцця, якія адбываюцца з ім, усе катастрофы, катаклізмы, прымае з даверам да Бога. Як малое дзіця давярае сваім бацькам. Малыя ведаюць: калі яны на руках у маці з татам, усё добра. Можна да іх прытуліцца, павярнуцца, і ўсе страхі адыдуць.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Здымкі Яўгена Пясецкага зроблены ў час вячэрняга богаслужэння ў храме прыхода Святой Роўнаапостальнай княгіні Вольгі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без штампа ў пашпарце: падводныя камяні «свабоднага» шлюбу

Без штампа ў пашпарце: падводныя камяні «свабоднага» шлюбу

Жанчыны ўступаюць у першы шлюб у 26,3 года, мужчыны — 28,6.

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.