Вы тут

Каваль Марыя Тарлецкая: Куй жалеза, любі яго горача


Марыя Тарлецкая​ перакананая: метал сам абраў яе і тым самым даў сур’ёзную перавагу. Жанчын-кавалёў у Беларусі адзінкі. І факт прыналежнасці да традыцыйна мужчынскай прафесіі па азначэнні прыцягвае ўвагу і выклікае цікавасць да яе работ.


Ад рамяства да мастацтва

Для мяне заўсёды заставалася цікавым і загадкавым: чаму адны людзі ўсё жыццё пакутліва шукаюць і часам так і не знаходзяць свой шлях, сваё месца і прызванне, а іншых нібы хтосьці настойліва вядзе да іх справы, нават не пакідаючы сумнення ў тым, чым яны павінны займацца?

Марыя Тарлецкая нарадзілася ў Мінску ў інтэлігентнай і дружнай сям’і. Бацька Аляксандр Аляксандравіч Калупаеў — радыёфізік, доўгія гады працаваў у БДУ, маці Людміла Іванаўна — біяхімік. У Марыі два дарослыя паспяховыя браты. У дзяцінстве дзяўчынка адзін час хацела быць касманаўтам. Алгебра і геаметрыя ёй не даваліся, затое ў Дзіцячай мастацкай школе мастацтваў № 1 імя В. К. Цвірко поспехі былі. Праўда, паступаць у Акадэмію мастацтваў пабаялася, палічыўшы свае шанцы нулявымі, выбрала факультэт эстэтычнай адукацыі БДПУ імя М. Танка.

— У педагагічным было лёгка вучыцца, — расказвае Марыя Тарлецкая. — Мяне заахвочвалі выкладчыкі, і я адчувала сябе перспектыўнай. Але трапіла на практыку ў школу і дакладна зразумела — гэта не маё, настаўніка з мяне не атрымаецца. На трэцім курсе кінула ўніверсітэт і пачала рыхтавацца да паступлення ў Акадэмію мастацтваў. Бацькі спачатку збянтэжыліся ад такога кроку, але потым падтрымалі. Экзамены здала ўдала і стала студэнткай факультэта дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Спецыяльнасць «мастацкая апрацоўка металу», па ўласным прызнанні, Марыя выбрала з духу супярэчнасці: хацелася вылучыцца, быць не такой, як усе. Чым часцей чула ад выкладчыкаў, што такі невялікі, як яна — са сваімі 48 кг вагі, каваль нікому не патрэбны, тым мацней хацела працаваць толькі з металам. З дзвюх дзяўчат на курсе да атрымання дыплома дайшла толькі Марыя. Гады ў акадэміі яна прыгадвае як цікавы, але няпросты перыяд. Мастацкая супольнасць ёй тады не адкрылася, псіхалагічна прыходзілася ў гэтым асяроддзі дастаткова цяжка. Але Марыя палюбіла жалеза. На яе погляд, гэта вельмі ўдзячны матэрыял, які шмат і доўга трывае, даруе памылкі, спалучае ў сабе ўпартасць і спагадлівасць.

— Заявак на мяне пасля заканчэння акадэміі не паступіла, — успамінае Марыя Тарлецкая. — Маючы свабодны дыплом, зарэгістравалася на біржы працы як ІП. Атрымаўшы бязвыплатную дапамогу на суму ў эквіваленце каля 400 долараў, купіла вуглашліфавальную машыну, 200 кг металу і арандавала кузню на заводзе «Кранмаш». Вывастрыла малаток, выкавала абцугі і ўзялася за працу.

Ужо праз год выпускніца Акадэміі мастацтваў заснавала ТАА «Артаб’ект». Сёння ў гэтага прадпрыемства два цэхі — у Любанскім раёне і ў Мачулішчах. Пад кіраўніцтвам Марыі больш за 30 супрацоўнікаў, выключна мужчын. За 16 гадоў свайго існавання «Артаб’ект», не звяртаючыся ні да якой рэкламы, зарабіў выдатную рэпутацыю і не адчувае недахопу ў заказах. У асноўным гэта прадметы інтэр’еру, агароджы, лесвіцы.

— Я лічу заказчыкаў суаўтарамі сваіх работ, — кажа мая суразмоўніца. — Чужы дом — не месца для майго самавыяўлення. Як прафесіянал, павінна выканаць любую пастаўленую задачу з улікам запыту. Але я стараюся растлумачыць, што трэба лічыцца з правіламі, якія дыктуе метал.

Яшчэ падчас вучобы ў акадэміі Марыя зразумела: наўпрост з металам мець справу складана, лепш выкарыстоўваць новыя тэхналогіі. Цяпер амаль усе свае работы Марыя на 90 % стварае ў ноўтбуку. У кузню прывозіць падрабязныя зборачныя чарцяжы, макет і шаблоны, рэзаныя лазерам нарыхтоўкі. Там арт-аб’ект куюць і збіраюць. Нейкія этапы фізічнага ўвасаблення сваёй задумы Марыя і сёння можа ўзяць на сябе. Але выконваць усю цяжкую працу няма неабходнасці: для гэтага ёсць надзейныя мужчыны. Шмат дарагіх яе сэрцу твораў створана сумесна з мастакамі-кавалямі Аляксандрам Штабніцкім і Сяргеем Дзялендзікам.

Нараўне з прыватнымі заказамі яна актыўна афармляе гарадскую прастору. «Кавальскія выцінанкі» Марыі Тарлецкай і Паўла Вайніцкага ўпрыгожваюць станцыю метро «Кавальская Слабада». Самалёты ў Новай Баравой, якія ўжо палюбілі дарослыя і маленькія жыхары гэтага мікрараёна, — сумесны праект Марыі Тарлецкай, Паўла Вайніцкага і Лідзіі Леснікавай. Яе работамі можна палюбавацца, наведаўшы пасольства Ватыкана ў Мінску, Дом міласэрнасці, Усіхсвяцкую царкву. У пяці абласных цэнтрах устаноўлены арт-аб’екты, прысвечаныя беларускай мове, выкананыя з яе ўдзелам.

— Выконваючы прыватныя заказы, я ўспрымала сябе як рамесніка, кіраўніка-вытворцу, — прызнаецца Марыя. — Там таксама заўсёды знаходзіцца месца творчасці, аднак мастаком сябе не лічыла. Але паступова ўсё больш рэалізоўвала ўласныя ідэі, увасабляла свае мастацкія выявы. Цяпер ужо большая частка майго часу гэтаму прысвечана.

За 20 гадоў сяброўства з металам Марыя Тарлецкая «выкавала» з сябе майстра са сваім вядомым почыркам. Яе работы ёсць у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у прыватных замежных калекцыях. Усе аўтарскія скульптуры Марыі Тарлецкай прадыктаваны пачуццямі: захапленнем, болем, гневам, спагадай і нясуць магутны эмацыянальны пасыл. Самая любімая яе скульптура заўсёды — апошняя. Цяпер гэта «Аўтапартрэт 2020-га», які атрымаў прыз глядацкіх сімпатый у верасні на фестывалі мастацтваў «Арт-Мінск-2021». Крызіс ідэй Марыі незнаёмы. Яе натхняюць людзі, адносіны, прырода, мастацтва. У час падарожжаў яна заўсёды звяртае ўвагу на дасягненні калег. У Італіі захаплялася барочнымі металічнымі лесвіцамі і агароджамі. У Вашынгтоне яе ўразілі арыгінальнасць арт-аб’ектаў, сучасны падыход да скульптур з металу.

Сіла слабых

— Думаю, у мяне некамфортны характар ​​і напэўна са мной бывае цяжка, — адзначае Марыя. — На шчасце, у мяне цудоўны муж: цярплівы, разумны, з пачуццём гумару. Антон паважае маю свабоду, час, асабістую прастору. Гэтым і тлумачацца нашы добрыя адносіны. А яшчэ ў нас ёсць бівер-ёрк Бірма — таксама крыніца станоўчых эмоцый, здольная хутка прывесці пачуцці, думкі, душэўны стан у гармонію.

Столькі гадоў маючы справу з жалезам, Марыя Тарлецкая, мяркую, не магла не запазычыць некаторыя яго якасці. Яна робіць уражанне моцнай, самастойнай, валявой асобы. Лёгка і паспяхова кіруе мужчынскім калектывам. Не ўяўляе жыцця без машыны. Не баіцца агнядышных печаў і распаленага металу. Але ў сваіх адносінах са светам, людзьмі, мастацтвам Марыя застаецца жанчынай. І, на шчасце, зусім не жалезнай.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота Алены і Ядвігі АДАМЧЫК і з архіва Марыі ТАРЛЕЦКАЙ

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?